Сем нядзеляў на тыдні. З дзённіка несвятой…

Сем пятніцаў на тыдні — мне здаецца, гэта не па-хрысціянску, бо на муках і крыжы жыццё не закончылася, а толькі пачалося, сапраўднае, Божае.  Таму я здзяйсняю ў сваім жыцці рэвалюцыю і ўводжу сем нядзеляў на тыдні! А што я магу зрабіць, калі мне мала святкаваць уваскрасенне Пана і разам з тым сваё ўласнае ўваскрашэнне раз на тыдзень. Я веру, што пакліканая прымаць плады Божага жыцця кожны дзень.


Хачу жыць, няспынна памятаючы пра тое, што «вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення». Што гэта азначае? Як я магу напаўняць гэтымі словамі маю штодзённую рэчаіснасць у канкрэтных учынках прыняцця Божага збаўлення? Пастараюся ўпарадкаваць усё тое, чым спрабую жыць (ключавое слова — спрабую), у некалькіх пунктах.

1. Божае слова

Калі я не чытаю Бібліі, я не ведаю Бога. Я магу вызнаваць веру ў Езуса, але я не пазнаю Яго без Яго слова. Ён ёсць блізка, але не з’яўляецца блізкім мне, калі я не чытаю Пісання, якое, як кажа сам Езус, сведчыць пра Яго. Безумоўна, я як частка Касцёла пакліканая да паслушэнства і разважання над тым словам, якім Касцёл дае нам карміцца кожны дзень, ствараючы камунію паміж братамі і сёстрамі ў Хрысце па ўсёй зямлі. Больш за тое, чытаючы Біблію, і я асабліва адчуваю гэта ў малітве псальмамі, я дакранаюся да скарбніцы духоўнага вопыту тых, каму на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адкрываўся Пан. Той самы Пан, якога я імкнуся пазнаваць сёння. Для мяне гэта надзвычайная, невыказная таямніца! «Пане, хто Ты, а хто я? Хто Ты, а хто я? Калі буду ведаць гэта, буду ведаць усё». Гэта не я прыдумала, гэта святы Францішак Асізскі. Прызнаюся, я падгледзела ў яго гэтую малітву і ў яе святле вучуся чытаць слова Божае, адкрываючы такім чынам тое, кім з’яўляецца Ён і кім з’яўляюся я.

2. Суд і навяртанне

Я і цяпер пры ўзгадванні пра Божы Суд адчуваю пэўную трывогу, якая ўвайшла ў маю ментальнасць разам з вобразам Бога ка2та, Бога міліцыянера, Бога халоднага і нячулага. Памятаю, як некалькі гадоў таму я прачытала гэтыя словы: «А суд у тым, што святло прыйшло ў свет», «святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека». Чым далей я ад Езуса, святла, тым я «бязгрэшней». Чым бліжэй я да святла, тым мацней яно асвятляе мяне, тым выразней я ўсведамляю, хто Ён, а хто я. Прашу аб пакоры, каб быць шчыраю перад маім Сябрам, каб не хаваць мой бруд перад тым Святлом, якое мяне не асудзіць. Хрыстус можа ўвайсці толькі ў тое, у што я дазволю Яму ўвайсці. Як жа мне патрэбна пакора, каб расказаць Езусу пра мае пачуцці, мае адносіны, пра мяне, і запрасіць Яго, бо Ён так даўно стаіць каля дзвярэй і стукае.  

3. Радавацца, як дзіця

Некалькі гадоў таму я атрымала ласку навяртання і адразу зрабіла вялікую памылку, пачаўшы чытаць працы вялікіх святых, тых, якія цярпелі дзеля Хрыста. Яшчэ не перажыўшы ў паўнаце Божую любоў і Божую чуласць (а гэта заданне на ўсё жыццё), я паверыла ў такога бога, які патрабуе ад мяне ахвяры, жадае, каб я цярпела дзеля яго «для збаўлення душаў бедных грэшнікаў». Якая ж гэта была памылка! Нават калі Хрыстус і пакліча мяне калі-небудзь да гэтага, то толькі тады, калі я навучуся радавацца дзеля Яго. Радавацца, як дзіця! Я столькі разоў спявала: «Бог ёсць Любоў», але толькі цяпер, гледзячы на вялікае, якое ўчыніў мне Усёмагутны, пачынаю адкрываць, як моцна Ён жадае ў першую чаргу майго шчасця. А шчасце — у простым, дзіцячым даверы да Айца. Пане, хто Ты, а хто я? «Вось я няшчасны і бедны; але Бог рупіцца пра мяне».

4. Свабоднае паміранне

Пакуль што гэты пункт з’яўляецца вялікім абяцаннем Пана ў маім жыцці. Усё больш мяне кліча таямніца Баранка, безабароннага і адначасова свабоднага. «Ніхто не адбірае яго [жыццё] у Мяне, але Я сам аддаю яго». А я? Чаму я дапамагаю, чаму тэлефаную родным, чаму раблю падарункі? Чаму? Часта гэта матывавана пачуццём віны, доўгу ці страху. Аднойчы я хачу ўчыніць гэта з любові. Цяпер мае паводзіны не адпавядаюць той свабодзе Божага дзіцяці, якою Пан напоўніў чалавечую натуру ў моманце стварэння. Але мая нелюбоў — гэта не прычына замкнуцца ў сабе. Гэта нагода прасіць аб ласцы свабоды, і я прашу аб ёй.

5. Даваць уваскрашэнне ў сэрцы

Так, я не Бог, але магу даваць іншаму чалавеку ўваскрашэнне, калі жыву з Богам. Судзячы па пладах, пакуль я толькі час ад часу наведваю Яго. Што я маю на ўвазе пад словамі «да­ваць уваскрашэнне»? Я не ўмею прымаць іншага чалавека. Калі штосьці ідзе не па-мойму, у сэрцы я пачынаю асуджаць. Калі мяне раняць, крыўдзяць, я часта, робячы выгляд, што нічога не здарылася, затойваю крыўду, раздзіраю раны, што не даюць забыцца пра зло (а зло трэба называць злом), якое зрабіў мне іншы чалавек. Я адгароджваюся ад свайго крыўдзіцеля. Ён памірае для мяне ці, хутчэй, я «забіваю» яго ў сваім сэрцы. Прабачэнне, прыняцце рэчаіснасці магчыма толькі ў Богу. Чаму? Сёння мне далёка нават да Пятра, які пытаецца: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус сам дае адказ на маё пытанне, чаму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзясят сем разоў». Давер да чалавека, можа, і не вернецца, але ў Езусе Хрысце я аднойчы змагу прабачыць.

6. Эўхарыстыя

«Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае». Я буду жыць вечна. Я буду жыць вечна! Мне дадзена вечнае жыццё! Я прымаю Таго, каго Айцец палюбіў яшчэ перад існаваннем свету. Толькі ў веры, толькі ў Духу Святым я паволі вучуся прымаць гэтую праўду, якую ўваскрослы Езус абвяшчае мне пры распаленым вогнішчы і пакладзеным на ім хлебе, кажучы: «Хадзіце ж, снедайце». І тады я ўжо не адважваюся спытацца ў Яго: «Хто ты?», бо ведаю, што гэта Пан.

Я не хачу чакаць смерці, каб спазнаць збаўленне. Я хачу свядома прымаць гэты дар (а гэта дар, за які неабходна бясконца дзякаваць) і паволі (!) станавіцца саўдзельніцаю ўваскрашэння. Сапраўды, нядзеля — асаблівы дзень для Касцёла і ўсяго чалавецтва, нават калі яно і не здагадваецца пра гэта. Але перажываць збаўленне і спрабаваць жыць радасцю ўваскрашэння я паклікана кожны дзень. А пакліканне — гэта не патрабаванне, але абяцанне, выкананне якога стала магчымым дзякуючы Яго жыццю сярод нас.


Несвятая

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла