Каб не будаваць дарэмна... Сведчанні пра трэцюю Божую запаведзь

Польская народная мудрасць сцвярджае: «Niedzielna praca w nic obraca». Каментуючы гэта выслоўе, духоўныя людзі гавораць, што здараецца гэта не таму, што Бог адразу карае сваіх дзяцей за непаслухмянасць Яго запаведзі «памятай дзень святы святкаваць»; Ён проста не благаслаўляе такую працу, а без Божага благаслаўлення, як вядома, толку мала.


Узгадаем, як далікатна Пан Бог у Бібліі праз прарока Ісаю нагадвае сваім дзецям аб той ласцы, якую можна атрымаць, выконваючы Яго 3-ю запаведзь: «Калі дзеля шабату стрымаеш сваю нагу, каб не рабіць сваіх справаў у Мой святы дзень; калі назавеш шабат асалодаю, святым і шанаваным днём Пана, і праславіш Яго, пакінуўшы свае шляхі, свае справы і размовы, — тады знойдзеш у Пану сваю асалоду. І Я ўзвяду цябе на зямныя вышыні, і накармлю цябе спадчынай Якуба, твайго бацькі, бо так сказалі вусны Пана» (пар. Іс 58, 13–14).

Пра досвед выканання і невыканання гэтай Божай запаведзі сведчаць сёння некаторыя нашыя чытачы.

Тэрэза Шчарбінская (г. Мінск):

— 15 гадоў таму, перад вяселлем сваёй дачкі, я вырашыла зрабіць рамонт у кватэры. Тэрміны былі сціслыя, бо знаёмы майстар, які ўзяўся за гэтую працу, збіраўся ў адпачынак па пуцёўцы. Добра ведаючы 3-ю запаведзь Бога, я пайшла на кампраміс са сваім сумленнем і дазволіла майстру і сабе працягваць рамонт у нядзелю. Увечары, калі я выходзіла з ліфта з вялізным мехам старых шпалераў, каб выкінуць іх у сметніцу, пачула за спінаю рэзкі гук, які мяне моцна напалохаў; да таго ж на лесвіцы не было святла. Страх у душы быў такі моцны, што я спатыкнулася і праз 5–6 прыступак паляцела ўніз. Вельмі моцна збілася і сур’ёзна пашкодзіла звязкі ў назе. А пасля рамонту першы ж моцны дождж заліў столь і сцены адноўленай кватэры. Нас і раней залівала, бо жывём на апошнім паверсе, а з дахам шмат гадоў былі праблемы. Нарэшце, як запэўнілі нас у ЖЭСе, дах адрамантавалі, таму мы са спакойнай душою і ўзяліся за рамонт. Атрымалася, што ўсё дарэмна! Больш за тое, заліло нават той пакой, які ніколі да гэтага не залівала. Як тут не пагадзіцца з тым, што напісана ў 127-м псальме: «Калі Пан не будуе дом, то будаўнікі працуюць дарэмна»?

Ірына Руткевіч (г. Мінск):

— Колькі разоў заракалася не рабіць сур’ёзнай працы ў нядзелю, бо мела ў жыцці пэўны досвед адносна гэтага. Але аднойчы склалася амаль безвыходная сітуацыя: купіла я на «Куфры» мэблю для ўнукаў, і забраць яе сказалі тэрмінова, у суботу альбо ў нядзелю. Мой сват паабяцаў прывезці мэблю ў суботу, але ў канцы дня патэлефанаваў і сказаў, што зможа толькі ў ня­дзелю. У мяне не хапіла рашучасці адмовіцца ад гэтай дапамогі.

У выніку мэбля падчас разбірання была сур’ёзна пашкоджана, а потым, калі загружалі ў машыну, паляцелі на зямлю дзверцы з люстэркам і разбіліся. Атрымалася, што за рамонт гэтай і без таго не новай мэблі давялося аддаць у некалькі разоў больш, чым магла б заплаціць за грузавое таксі, але не ў нядзелю!

Яніна Балянава (г. Маладзечна):

— Мне хутка споўніцца 78 гадоў. Як і многія з нас, я — дзіця савецкай сістэмы з яе атэістычнай ідэалогіяй. Нас вучылі, што Бога няма, а значыць няма і Яго запаведзяў. Мала хто прытрымліваўся таго, каб не працаваць у ня­дзелю, і я ў тым ліку. Але, дзякуй Богу, час змяніўся і ў 90-я гады я прыйшла да веры. Якое ж гэта было шчасце! Душа, спрагненая, нібы сухая глеба, усмоктвала ўсё, што звязана з Богам і з нашай каталіцкай верай. Вядома ж, я старалася выконваць усе Божыя запаведзі, але з запаведдзю не працаваць у нядзелю было складана: я маю дачу і, калі прыязджаю на яе ў выходныя дні, то заўсёды ёсць вялікая спакуса нешта рабіць. Знаходзіла сабе апраўданне, што я, працуючы на зямлі, адпачываю. Да таго ж чула ад некаторых вернікаў, што, калі раніцою ў нядзелю быў на святой Імшы, то потым можна смела працаваць. І вось аднойчы знаёмая жанчына расказала мне пра сваю паездку ў Меджугор’е, дзе аб’яўляецца Маці Божая. Узгадала, што Багародзіца прасіла сваіх візіянераў перадаць жыхарам вёскі, каб тыя не працавалі ў нядзелю на сваіх зямельных участках. Гаварыла, што сваёй непаслухмянасцю людзі абражаюць Бога і што такая праца не мае Божай ласкі. Наадварот, калі людзі будуць выконваць Божыя запаведзі, то Усёмагутны створыць неабходныя ўмовы і спрыяльнае надвор’е для добрага ўраджаю.

Мяне гэтае сведчанне вельмі кранула, і я вырашыла ні ў якім разе не працаваць у нядзелю. І, сапраўды, ураджай не стаў горшы, наадварот, палепшаў. Суседзі па дачы здзіўляюцца, а некаторыя пытаюцца, якою малітваю я малюся, што ў мяне ўсё так квітнее. Я заўсёды адказваю: «Не працую ў нядзелю!»

Аляксей Мацуль (г. Мінск):

— Шчыра прызнаюся, што я не вельмі практыкуючы католік, таму, калі мяне ў нядзелю знаёмая запрасіла дапамагчы прыстасаваць да сцяны ў яе кватэры новы тэлевізар, я згадзіўся. Гэтая знаёмая — вельмі пабожная каталічка, таму ніякіх згрызотаў сумлення я не адчуваў. Гаварыў сабе: «Яна лепш ведае, што робіць». Праца была не вельмі складанаю, але здарылася так, што тэлевізар упаў са сцяны і разбіўся. Мне было вельмі няёмка, і я прапанаваў жанчыне аплаціць рамонт, але яна мяне перапрасіла і сказала, што нам нельга было гэтага рабіць у ня­дзелю. Для мяне гэта быў таксама патрэбны ўрок.

Дзмітрый Варвашэвіч (вёска Рудня Дзяржынскага раёна):

— Я да веры прыйшоў дзякуючы маёй жонцы Ганне, якая паходзіць з вельмі пабожнай каталіцкай сям’і. Маем чацвёра дзетак, пабудавалі свой дом, у нас вялікая гаспадарка, але ніколі, як бы складана і цяжка ні было, у нядзелю не працуем. Мы добра разумеем: усё, што маем у жыцці, усё што зарабілі, маем не дзякуючы сабе, а толькі дзякуючы ўсёмагутнаму Богу. Таму стараемся быць Яму паслухмянымі, а выходны дзень выкарыстоўваць для яшчэ большага знаёмства з нашым Створцам праз Святое Пісанне, праз рэлігійную літаратуру, праз сустрэчы з сябрамі з суполкі «Equipes Notre Dame». Нядзеля — гэта дзень вялікай перамогі Бога над злом, дзень, калі Езус Хрыстус выратаваў мяне ад вечнай смерці, і я хачу Яму дзякаваць, у тым ліку і сваёю паслухмянасцю Божым запаведзям.


Падрыхтавала Галіна Калевіч

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла