Трэцяя Божая запаведзь у Святым Пісанні і ў вучэнні Касцёла

Трэцяя Божая запаведзь сфармуляваная наступным чынам: «Памятай святы дзень святкаваць» (пар. Зых 20, 8; Дрг 5, 12). Гэта адна з дзвюх запаведзяў (разам з чацвёртай), якія наказваюць штосьці зрабіць, у адрозненне ад іншых, пададзеных у выглядзе забаронаў.


Дзень шабату

У Святым Пісанні Старога Запавету гаворка пра дзень шабату (суботу) ідзе ў сувязі са стварэннем свету: «Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго. Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе працы свае, а сёмы дзень, шабат, для Пана Бога твайго; не рабі ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні твой нявольнік, ні твая нявольніца, ні жывёла твая, ні чужынец, які знаходзіцца ў брамах тваіх. Бо за шэсць дзён учыніў Пан неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, і на сёмы дзень адпачыў. Таму благаславіў Пан дзень шабату і асвяціў яго» (пар. Зых 20, 8–11). У сувязі з гэтым сёмы дзень тыдня — гэта «субота спакою, прысвечаная Пану» (пар. Зых 31, 15).

Акрамя таго, гэты дзень Біблія звязвае з успамінам вызвалення Ізраэля з егіпецкай няволі: «Памятай, што і ты быў нявольнікам у зямлі егіпецкай і што Пан Бог твой вывеў цябе адтуль моцнаю рукою і распраўленым плячом, таму і наказаў табе Пан Бог твой святкаваць дзень шабату» (пар. Дрг 5, 15). Пан устанавіў для Ізраэля шабат, каб ён захоўваў яго як знак непарушнага Запавету: «Няхай сыны Ізраэлевы захоўваюць шабат, святкуючы шабат у роды свае, як вечны запавет» (пар. Зых 31, 16). Шабат для Пана — гэта святы дзень, прызначаны для праслаўлення Бога, Яго справы стварэння і збаўчых дзеянняў дзеля дабра Ягонага выбранага народа. «Захоўвай дзень шабату, каб ён быў святым, як загадаў табе Пан Бог твой» (пар. Дрг 5, 12).

Справы Бога — гэта ўзор для дзеяння чалавека. Калі Пан «адпачыў і прабываў у спакоі» на сёмы дзень (пар. Зых 31, 17), значыць і чалавек таксама павінен адпачываць і даць магчымасць адпачыць іншым людзям, асабліва бедным. Субота становіцца вельмі важным перапынкам у штодзённай працы і дае адпачынак, асцерагаючы ад працы дзеля працы і культу нажывы, як сведчаць пра гэта гістарычныя кнігі Святога Пісання (гл. Нм 13, 15–22; 2 Кр 36, 21)1.

Як бачым, асноўныя патрабаванні да святкавання святога дня — пакланенне Богу і адпачынак — ясна сфармуляваныя ўжо ў Старым Запавеце.

Езус і шабат

Евангелле апавядае пра мноства выпадкаў таго, як Езуса абвінавачвалі ў парушэнні закона шабату, які быў вельмі важны ў рэлігійным жыцці Ізраэля: «Тады некаторыя з фарысеяў казалі: „Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат“» (пар. Ян 9, 16). Падкрэслім, што Езус ніколі не парушаў святасці гэтага дня. Вось што піша евангеліст Марк: «Ён [Езус] адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў» (пар. Мк 1, 21), што сведчыць пра пашану Езуса да святога дня.

Больш за тое, Сын Чалавечы не толькі не парушаў закона шабату, а, наадварот, падкрэсліваў яго значэнне для чалавека: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату» (пар. Мк 2, 27). Поўны міласэрнасці і спачування, Езус лічыць законным у суботу рабіць дабро, а не зло, ратаваць душу, а не губіць яе абыякавасцю жорсткіх сэрцаў, схаванай пад нібыта вернасцю закону (пар. Мк 3, 4–5). Сваімі справамі і вучэннем Сын Чалавечы паказвае, што шабат — гэта дзень міласэрнасці Пана і сапраўднага праслаўлення Бога: «Калі чалавек прымае абразанне ў шабат, каб не парушыць Закон Майсееў, чаму гневаецеся на Мяне, што Я ў шабат аздаравіў усяго чалавека?» (пар. Ян 7, 23)2. І, цытуючы прарока Осію (гл. Ос 6, 6), робіць выснову: «Калі б вы ведалі, што азначае: „Міласэрнасці хачу, а не ахвяры“, не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — гаспадар шабату» (пар. Мц 12, 7–8).

 Дзень Пана

Як сведчыць Святое Пісанне, Езус уваскрос з памерлых «у першы дзень тыдня» (гл. Мц 28, 1; Мк 16, 1–2; Лк 24, 1; Ян 20, 1). Гэта, безумоўна, звязана з першым днём стварэння свету. Як «восьмы дзень», што ідзе пасля суботы, ён азначае новае стварэнне, якое распачалося з уваскрасення Хрыста. Для хрысціянаў ён стаў першым з усіх дзён, першым з усіх святаў, Днём Пана — ἡ κυριακὴ ἡμέρα (па-грэцку), dies Dominica (на лаціне) — нядзеляй.

Пра асаблівае значэнне ня­дзелі для першых хрысціянаў піша святы Юстын: «Мы збіраемся ўсе разам у дзень Сонца [старажытная назва нядзелі, якая захавалася, напр., у англ. мове: Sunday. — Рэд.], таму што гэта першы дзень [пасля юдэйскай суботы, але таксама першы дзень], калі Пан Бог, вызваліўшы з цемры матэрыю, стварыў свет, і таму што ў той самы дзень Езус Хрыстус, наш Збаўца, уваскрос з памерлых»3.

Нядзеля як святочны дзень, асаблівым чынам прысвечаны Богу, замяніла для хрысціянаў суботу, бо праз Пасху Хрыста дапаўняе духоўную праўду шабату і абвяшчае вечны супакой чалавека ў Богу. Таму св. Ігнацый з Антыёхіі кажа, што «тыя, хто жыў паводле старога парадку рэчаў, атрымалі новую надзею, не захоўваючы больш шабату, а святкуючы Дзень Пана, у які нашае жыццё атрымала благаслаўленне ад Яго і ад Яго смерці»4. Святкаванне нядзелі дазваляе нам рэалізаваць у жыцці маральнае правіла, натуральным чынам «упісанае» ў чалавечае сэрца: «вонкава, бачным спосабам, публічна і рэгулярна ўшаноўваць Бога, каб захоўваць памяць пра тое вялікае і ўсёабдымнае дабро, якое Ён здзейсніў для людзей»5, — гаворыць св. Тамаш Аквінскі.

Такім чынам, святкаванне нядзелі — гэта выкананне трэцяй Божай запаведзі, рытм і дух якой яно працягвае ў штотыднёвым праслаўленні Творцы і Адкупіцеля свайго народа. Нядзеля, якую так разумеюць і перажываюць вернікі, становіцца нібы «душою» астатніх дзён. Менавіта ў такім сэнсе можна ўспрыняць словы вялікага пісьменніка хрысціянскай старажытнасці Арыгена, які сцвярджаў, што сапраўдны хрысціянін «заўсёды жыве ў дні Пана, заўсёды святкуе нядзелю»6. Пра гэта нагадаў усяму Касцёлу святы Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце Dies Domini — «Дзень Пана», абнародаваным 20 гадоў таму.

Абавязковыя святы

Нядзельнае святкаванне Дня Пана і святая Імша ў гэты дзень знаходзяцца ў самым сэрцы жыцця Касцёла. Кананічнае права прадпісвае вернікам абавязкова ўдзельнічаць у св. Імшы або ў сам святочны дзень, або напярэдадні вечарам, у вігілію:

  • ва ўсе нядзелі, калі паводле апостальскай Традыцыі праслаўляецца Пасхальная таямніца; 
  • ва ўрачыстасць Нараджэння Пана (25 снежня);
  • ва ўрачыстасць Ахвяравання Пана (6 студзеня);
  • ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана (чацвер пасля шостай Велікоднай нядзелі);
  • ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (чацвер пасля ўрачыстасці Найсв. Тройцы);
  • ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі (1 студзеня);
  • ва ўрачыстасць Яе Беззаганнага Зачацця (8 снежня);
  • ва ўрачыстасць Яе Унебаўзяцця (15 жніўня);
  • ва ўрачыстасць св. Юзафа (19 сакавіка);
  • ва ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла (29 чэрвеня);
  • ва ўрачыстасць Усіх Святых (1 лістапада)7.

Хрысціянскі абавязак кожнага верніка ўдзельнічаць у гэтыя дні ў св. Імшы адносіцца да сутнасці трэцяй Божай запаведзі. «Ты не можаш маліцца дома таксама, як у касцёле, дзе сабрана шмат людзей і дзе ўскліканне да Пана ўзносіцца адным сэрцам. Тут ёсць штосьці большае: саюз духа, згода душаў, повязь любові, малітвы святароў»8, — падкрэслівае св. Ян Залатавусны. Невыкананне гэтага абавязку з’яўляецца цяжкім грахом, калі не выклікана сур’ёзнай прычынаю (напр., хваробаю ці неабходнасцю дагля­даць немаўля або цяжкахворага), па якой святар можа вызваліць верніка ад яго выканання9.

Але што рабіць, калі няма фізічнай магчымасці трапіць у такі дзень на святую Імшу? Кананічнае права ў такіх выпадках наказвае вернікам прысвяціць адпаведны час малітве самастойна або ў сямейным коле, а калі гэта магчыма — на сходзе некалькіх сем’яў10.

Ці можна працаваць у святы?

Як кажа нам Святое Пісанне, «скончыў Бог у сёмы дзень працу сваю, якую зрабіў, і на сёмы дзень адпачыў ад усёй працы сваёй, якую зрабіў. І благаславіў Бог сёмы дзень, і асвяціў яго, бо ў той дзень адпачыў Бог ад усёй сваёй працы, якую рабіў падчас стварэння» (пар. Быц 2, 2–3).

Таксама і чалавечае жыццё праходзіць у рытме працы і адпачынку, якія змяняюць адно другое. Святкаванне Дня Пана спрыяе таму, каб усе людзі мелі час для адпачынку і дабравольна выбраных заняткаў, дастатковы для таго, каб прысвяціць сябе сямейнаму, культурнаму, сацыяльнаму і рэлігійнаму жыццю11.

У сувязі з гэтым першы касцёльны наказ, які абавязвае вернікаў у нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у св. Імшы, таксама наказвае не рабіць неабавязковай працы. Кананічнае права ўдакладняе, што ў гэтыя дні вернікам неабходна ўстрымлівацца ад працы або дзейнасці, якія перашкаджаюць належнаму ўшанаванню Бога, радасці, уласцівай Дню Пана, выкананню ўчынкаў міласэрнасці і неабходнаму адпачынку для цела і духу12.

Сямейныя абавязкі або справы, якія прыносяць вялікую грамадскую карысць, з’яўляюцца законнай падставаю для таго, каб не падыходзіць літаральна і фармальна да прадпісання адпачынку ў святочныя дні. Аднак варта сачыць за тым, каб гэтыя законныя і слушныя прычыны не прыводзілі да звычак, шкодных для рэлігіі, сямейнага жыцця і здароўя. Акрамя таго, хрысціяне, якія маюць дастаткова вольнага часу, павінны памятаць пра сваіх братоў, якія маюць такія самыя правы і патрэбы, але не могуць адпачываць з-за беднасці і галечы. Таму ў духу сапраўднай, а не ўдаванай хрысціянскай пабожнасці нядзеля традыцыйна прысвячаецца добрым справам і пакорнаму клопату пра хворых, інвалідаў, старых. Хрысціяне таксама асвячаюць гэты дзень, дорачы сваёй сям’і і блізкім час і ўвагу, што бывае складана зрабіць у іншыя дні тыдня. Нядзеля — гэта час для роздуму, маўчання, чытання і разважання, якія спрыяюць узрастанню духоўнага і хрысціянскага жыцця13.


Падрыхтаваў дыякан Мікола Гракаў

 

1Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2168–2172.
2Пар. ККК, 2173.
3Пар. Св. Юстын. Apologiae 1, 67.
4Пар. Св. Ігнацый з Антыёхіі. Epistula ad Magnesios, 9, 1.
5Пар. Св. Тамаш Аквінскі. Summa theologiæ II–II, 122, 4.
6Пар. Арыген. Contra Celsum, VIII, 22: SC 150, 222–224. Пар. таксама: Ян Павел ІІ, Папа. Апостальскі ліст Dies Domini, 83.
7Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1246, § 1; 1247; 1248, § 1.
8Пар. Св. Ян Залатавусны. De incom­pre­hen­sibili Dei natura seu contra Anomæos, 3, 6: PG 48, 725 D.
9Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1245.
10Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1248, § 2.
11Пар. ІІ Ватыканскі Сабор. Апостальская канстытуцыя Gaudium et spes, 67, § 3.
12Пар. Codex Iuris Canonici, кан. 1248.
13Пар. ККК, 2184–2186.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла