«Мае надзеі апраўдаліся»

1–7 лютага каталіцкія біскупы Беларусі знаходзіліся з візітам «ad limina Apostolorum» у Ватыкане. Гэта быў чацвёрты візіт «да апостальскіх парогаў» у сучаснай гісторыі Беларусі. Упершыню ў такім візіце ўдзельнічалі маладыя беларускія біскупы Алег Буткевіч, Юрый Касабуцкі, Юзаф Станеўскі і Аляксандр Яшэўскі. Мы паразмаўлялі пра вынікі сустрэчы з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, салезіянінам Аляксандрам Яшэўскім. Гэтая размова была надрукавана ў новым, красавіцкім, нумары часопіса «Ave Maria», а цяпер мы публікуем яе і для інтэрнэт-карыстальнікаў.


— Ваша Эксцэленцыя, Вы ўпершыню прымалі ўдзел у візіце беларускіх біскупаў «аd limina Apostolorum». З якімі пачуццямі ехалі ў Вечны горад?

— Як малады біскуп, які шмат чаго ўпершыню перажывае ў сваім пастырскім служэнні, я з сапраўдным хваляваннем чакаў майго перашага візіту «аd limina Apostolorum» у Рым. Сур’ёзнасць і адказнасць, з якімі кожная дыяцэзія і кожны біскуп рыхтаваліся да гэтага візіту, дапамаглі мне лепей зразумець важнасць гэтай падзеі як для асобных дыяцэзій і біскупаў, так і для ўсяго Касцёла і грамадства нашай Краіны ў цэлым. Таму першае пачуццё, якое нарадзілася ўва мне, — гэта быць шчырым у сваіх выказваннях і адказах на пытанні, бо гэта фундамент дыялогу, распазнання сітуацыі, акрэслівання кірунку дзеянняў і вырашэння складаных сітуацый, асабліва ў касцёльнай рэчаіснасці. Другое — гэта быць адкрытым на кожнае слова Пантыфіка як Наступніка апостала Пятра. Трэцяе — гэта жаданне больш пазнаць Касцёл знутры, з самога яго сэрца: убачыць, як дзейнічае Рымская Курыя і, канешне, вучыцца быць пастырам.

— Перад візітам «аd limina Apostolorum» біскупы рыхтуюць справаздачы пра становішча ў дыяцэзіях і ва ўсім Касцёле ў Беларусі. Вы рабілі справаздачу ў Кангрэгацыі Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Як яна была ўспрынятая ў Ватыкане і якія канкрэтныя парады або пажаданні Вы атрымалі?

— Пра Рымскую Курыю, будучы яшчэ студэнтам у Рыме, я чуў шмат розных меркаванняў і выказванняў ад сваіх выкладчыкаў, якія неслі ў ёй сваё служэнне. Адно з іх тычылася дакладнасці і скрупулёзнасці ў вывучэнні розных пытанняў, дакументаў, а таксама адказаў Ватыканскіх міністэрстваў. Падчас «аd limina Apostolorum» яно пацвердзілася, бо кожнае міністэрства дакладна прааналізавала нашыя справаздачы і мела канкрэтныя прапановы, кірункі дзеяння, а ў некаторых былі і дырэктывы.

Кангрэгацыя Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця сапраўды высока ацаніла тое, што прадстаўнікі розных Інстытутаў кансэкравангага жыцця ўнеслі ў адраджэнне Касцёла ў Беларусі пасля жудасных часоў ваяўнічага атэізму, а таксама цяперашнія намаганні дзеля ўмацавання і развіцця Касцёла. Атрыманыя парады, якія патрабуюць з нашага боку далейшага разважання ў нашых мясцовых рэаліях, датычылі арганізацыі прынамсі этапу пачатковай фармацыі на тэрыторыі Беларусі, а не па-за яе межамі, а таксама разгляду магчымасці стварэння адзінага цэнтра фармацыі для некалькіх супольнасцяў кансэкраванага жыцця. Гэта паспрыяла б большаму ўкараненню харызмы ў пакліканых і лепшай анімацыі душпастырства пакліканняў.

— Ваша Эксцэленцыя, пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Вы адказваеце за пастырства кансэкраваных асобаў, якіх Вы вобразна называеце «хуткаю дапамогаю Касцёла». У чым, на Вашу думку, найперш заключаецца гэтая дапамога?

— Гледзячы на служэнне манаскіх асобаў у нашай Краіне, бачна, як яны аддаюць сябе на выключнае служэнне Богу і лю­дзям, наследуючы Езуса на шляху евангельскіх парадаў, і з’яўляюцца Яго нябачным сэрцам. Без іх сведчання і ахвярнага служэння цяжка ўявіць сабе цэласнасць жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Манаскія асобы пакліканы асаблівым чынам да таго, каб прымаць міласэрнасць і дзяліцца ёю з іншымі. Чысціня сэрца і рук, накіроўванне сваёй душы да вечнасці, жыццё ў свабодзе, якую дае праўда, нагадваюць пра тры евангельскія парады, якія праз складзеныя манаскія абяцанні сталі штодзённасцю. Менавіта з евангельскіх парадаў вынікае іх абавязак клапаціцца пра духоўнае і фізічнае жыццё асобаў, сярод якіх служаць манахі і манашкі, а таксама неабходнасць маліцца ў іх інтэнцыях за іх.

Манаскае жыццё ў Касцёле стала сапраўдным яго сэрцам і на працягу існавання Касцёла будзе нястомна біцца, падтрымліваючы яго жыццядайную сілу адданым служэннем, ласкай малітвы на каленях, ахвяраваным постам і нялёгкай працай. Будзе біцца далей дзякуючы выслуханым просьбам пацярпелых і бедных людзей і спяшаннем да іх з дапамогай.

— Якія праблемы кансэкраванага жыцця ў Беларусі Вас найбольш хвалююць і пра якія Вы гаварылі ў Ватыкане?

— Пасля распаду Савецкага Саюза, калі манаства ў Беларусі разам з Каталіцкім Касцёлам магло без перашкодаў развівацца, яно развіваецца выключна ў сектары vita activa, гэта значыць, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі прысутнічаюць выключна тыя манаскія супольнасці, як жаночыя, так і мужчынскія, якія актыўна рэалізуюць у свеце харызмы сваіх заснавальнікаў. Аднак пажадана, каб ужо сёння ў Беларусі пачалі развівацца і тыя жаночыя і мужчынскія манаскія супольнасці, якія ў сваёй працы робяць галоўны акцэнт на сузіральны (малітоўны) кірунак. У сектары vita contemplativa ў Беларусі на сённяшні день няма ніводнай манаскай супольнасці, і гэта першая праблема, якую я ўзгадаў.

Наступнае, што найбольш хвалюе, — гэта праблема пакліканняў. Пакліканняў на сённяшні дзень ва ўсіх інстытутах кансэкраванага жыцця яшчэ замала. Да таго ж ёсць негатыўная тэндэнцыя адыходу кансэкраваных асобаў з манаскага жыцця ў свет, вельмі часта пасля складзеных вечных абяцанняў. Цяжка вызначыць адназначную прычыну гэтай тэндэнцыі. Напэўна, спектр прычынаў вельмі шырокі, складаны і патрабуе глыбокага разважання кожнай манаскай супольнасці.

Яшчэ адной хвалюючай праблемай з’яўляецца той факт, што па невядомых прычынах дзяржаўныя ўлады не даюць магчымасці манаскім супольнасцям атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю, хоць заканадаўства нашай Краіны ў сферы рэлігійных арганізацый прадугледжвае, пры выкананні пэўных умоваў, іх дзяржаўную рэгістрацыю. Складаецца ўражанне, што такія цяжкасці вынікаюць з простага неразумення прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў спецыфікі манаскага жыцця і функцыянавання манаскіх ордэнаў і дзеяння яго членаў.

— У рамках візіту адбылася сустрэча з папам Францішкам. Аб чым асабіста Вы размаўлялі з Пантыфікам?

— Папа Францішак падчас асабістага спаткання задаваў пытанні паасобным біскупам, адказным за розныя сектары душпастырства ў Беларусі. Як сапраўдны манах езуіт, Папа пацікавіўся кансэкраваным жыццём у нашай Краіне, яго дасягненнямі і праблемамі. Менавіта пра ўсё тое, аб чым я ўзгадаў у папярэдніх Вашых пытаннях, я шчыра распавёў Пантыфіку. Ён быў вельмі задаволены плённым служэннем і развіццём манаства ў Беларусі. Папа падтрымаў неабходнасць клапаціцца аб тым, каб і сузіральны (малітоўны) кірунак манаскага жыцця прысутнічаў у Каталіцкім Касцёле на Беларусі, а таксама пажадаў большай адкрытасці нашага заканадаўства ў сектары дзяржаўнай рэгістрацыі манаскіх супольнасцяў. Менавіта манахі і іх служэнне ў сваіх уласных харызмах — гэта багацце не толькі для Касцёла, але таксама і для дзяржавы і нашага народа.

— Вядома, што занепакое­насць Папы выклікаюць цяжкасці з падрыхтоўкаю і падпісаннем канкардату паміж Апостальскім Пасадам і Рэспублікаю Беларусь. Ці дае надзею візіт «аd limina…» і сустрэчы беларускіх біскупаў у Дзяржсакратарыяце і з Папам на хутчэйшае вырашэнне гэтага пытання?

— Даць адназначны адказ на гэтае пытанне вельмі складана. Апостальская Сталіца са свайго боку ўжо даўно вядзе перамовы ў справе падпісання канкардату з нашай дзяржавай. Яна і надалей будзе працаваць у гэтым кірунку праз сваіх прадстаўнікоў, Апостальскіх Нунцыяў, а таксама праз Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе. Мы не губляем надзеі, што прыйдзе час і на падпісанне канкардату, а вось ці хутка? Вельмі хацелася б на гэта спадзявацца.

— Калі можна рэальна разлічваць на візіт Папы ў Беларусь?

— Рэальна — не ў гэтым годзе. Напрыканцы асабістай сустрэчы беларускіх біскупаў з Папам мы запрасілі яго ў Беларусь, і Пантыфік з вялікім энтузіязмам і ўдзячнасцю прыняў запрашэнне і прасіў перадаць вернікам нашай Краіны, што ён вельмі хацеў бы наведаць Беларусь, але, на жаль, у 2018 годзе гэта немагчыма, бо каляндар Яго Святасці ўжо распісаны і перапоўнены. Аднак Пантыфік выказаў надзею, што ў будучыні Яго візіт у нашу Краіну стане магчымым. Таму вельмі прашу ўсіх аб малітве ў гэтай інтэнцыі, а тых, ад каго залежыць візіт Папы ў Беларусь, аб пазітыўным адказе.

— Адразу пасля завяршэння візіту «аd limina…» ў некаторых каталіцкіх СМІ можна было прачытаць паведамленне пра тое, што (цытую даслоўна) «па выніках візіту „аd limina Apostolorum“ Касцёл Беларусі чакаюць змены». Ці маглі б Вы канкрэтызаваць гэтую інфармацыю?

— Кожны візіт «аd limina Apostolorum» нясе з сабою шмат новага, таму што Пантыфік і кіраўнікі розных Ватыканскіх міністэрстваў, пазнаёміўшыся з сітуацыяй Касцёла ў Беларусі, даведаўшыся пра адносіны дзяржавы і іншых канфесій з першых рук, далі канкрэтныя парады, акрэслілі кірункі дзейнасці і дырэктывы. Цяпер Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і паасобныя камісіі і рады, якія дзейнічаюць пры ёй, павінны пункт за пунктам прааналізаваць пачутае і дастасаваць яго да рэальнага жыцця і дзейнасці Касцёла.

— Якія надзеі асабіста Вы ўскладалі на гэты візіт і ці апраўдаліся яны?

— Так, безумоўна, мае надзеі і чаканні ад візіту «аd limina Apostolorum» апраўдаліся. У асобе папы Францішка я ўбачыў Айца і Брата, які вельмі ўважліва слухаў, а калі задаваў пытанні,  быў бачны і адчувальны яго клопат аб нашым Касцёле і верніках, а таксама тое, як шмат ён ведае пра Касцёл у Беларусі. Яго парады былі вельмі канкрэтнымі, напоўненымі глыбокай духоўнасцю і пастырскім досведам. Ад самага першага дня свайго Пантыфікату папа Францішак паказвае, што для яго чалавек — гэта канкрэтная асоба, і спосаб, якім ён прывітаў кожнага з нас, біскупаў, спосаб размовы, якую выбраў, і момант развітання з апошнімі словамі «калі ласка, маліцеся за мяне», пацвердзілі гэтую праўду.

У Ватыканскіх міністэрствах я ўбачыў не чарговых касцёльных чыноўнікаў, якія патрабуюць статыстычных дадзеных і паспяховых справаздачаў, а людзей, якія клапоцяцца аб развіцці ў Касцёле той дзейнасці і таго кірунку, за які яны адказваюць з поўнаю аддачаю і гатоўнасцю дапамагчы і служыць. Гэта сапраўды прафесіяналы свайго служэння і глыбока духоўныя людзі.

Мяне моцна ўразілі словы, пачутыя ад Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці папы Францішка кардынала П’етро Параліна, якія ў пэўным сэнсе, на мой погляд, характарызуюць ватыканскую дыпламатыю: «Мы павінны ставіцца да іншых лепш, чым яны ставяцца да нас». Сапраўды евангельскі падыход і сапраўднае сведчанне з сэрца Касцёла, з дома Святога Айца, які я таксама прымаю глыбока ў сваё сэрца і сваё жыццё.


Размаўляла Крыстына Лялько

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла