«Пастаў наперад малітву» Каментар св. Яна Залатавуснага да ўрыўка з Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў

І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу (Клс 3, 17).


<…> Калі мы будзем так чыніць, то там, дзе заклікаецца Хрыстус, не знойдзецца месца нічому агіднаму, нічому нячыстаму. Ці ясі, ці п’еш, ці жэнішся, ці адпраўляешся ў дарогу, — усё рабі ў імя Божае, гэта значыць заклікаючы Бога на дапамогу. Бярыся за справу, памаліўшыся перад гэтым да Бога.

Хочаш штосьці сказаць? Пастаў наперад малітву. Бо мы ў пачатку сваіх лістоў таксама ставім імя Пана. Дзе ёсць імя Божае, там усё шчасліва. Калі імёны консулаў змацоўваюць граматы, то тым больш — імя Хрыстова. Ці, можа, Павел заклікае нас усё казаць і рабіць па-божаму <…>. Ясі? Дзякуй Богу і будзь гатовы рабіць гэта й пасля. Спіш? Дзякуй Богу з гатоўнасцю чыніць гэтак і надалей. Ідзеш на плошчу? Рабі таксама. [Няхай не будзе] ў гэтым людской марнасці і нічога зямнога; усё чыні ў імя Пана, і ўсё будзе ў цябе шчасліва.

На чым ні застанецца адбітак імені Божага, усё выйдзе шчасліва. Калі ж яно выганяе дэманаў і лечыць хваробы, то тым больш яно аблягчае здзяйсненне справаў. І што азначае: «Што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам»? Такім чынам ён звяртае ўвагу альбо на таго, хто аддае загады, альбо на таго, хто чыніць падобна.

Паслухай, як Абрагам у імя Божае пасылае свайго нявольніка. У імя Божае Давід забіў Галіафа. Цудоўнае і вялікае імя Яго. Потым і Якуб, пасылаючы дзяцей сваіх, кажа ім: «Хай Усемагутны Бог мой дасць, каб [чалавек] пашкадаваў вас» (пар. Быц 43, 14). Хто чыніць гэтак, мае ў памочніках Бога, без якога не адважыўся б нічога рабіць.

Такім чынам, ушанаваны закліканнем [Бог] вяртае хвалу чалавеку, дорачы поспех у справах. Заклікай Сына, дзякуй Айцу; заклікаючы Сына, ты заклікаеш і Айца, а дзякуючы Айцу, ты дзякуеш і Сыну. Будзем вучыцца выконваць гэта не толькі словамі, але і ўчынкамі. Гэтаму імені няма роўных; яно заўжды цудоўнае: «Алеек разліты, — гаворыцца, — імя тваё» (пар. ПП 1, 3). І хто вымавіў яго, той раптам напоўніўся прыемным водарам.  

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней