Кожнага з нас Бог вучыць пашане

Думаючы пра Божую запаведзь «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна», міжволі згадваеш пра яе шматграннасць. З аднаго боку — літаральнае разуменне: нельга раскідвацца направа-налева іменем свайго Стварыцеля і Адкупіцеля. Але сёння ў кантэксце гэтай запаведзі мне хочацца пагаварыць пра пашану да Бога. Як гэта: шанаваць Бога як Валадара майго жыцця? Праз якія канкрэтныя дзеянні, словы, чыны выказваць гэтую пашану? І дзе мяжа паміж «панібрацтвам» і залішнім страхам перад Богам? Падзяліцца сваімі думкамі я папрасіла ўдзельнікаў супольнасці «Сіён» у Мінску.


 

Вераніка Скрабатун, 26 гадоў, архітэктар

— Для мяне неабходнасць пашаны да Бога, еднасці, блізкасці з Ім і ў той жа час усведамлення Яго велічы найбольш адкрываецца на малітве. У чарговы раз я задумалася над маім шанаваннем Бога зусім нядаўна, на Эўхарыстыі. Я прыйшла на сустрэчу з Хрыстом, такім блізкім, які заўсёды са мною, які ведае ўсё, што адбываецца ўнутры мяне, а я — у сваіх мітуслівых думках...  Але гэтым разам падчас перамянення, калі айцец узнёс Гостыю, а потым келіх, мяне, як ніколі, кранулі словы: гэта Цела і Кроў. Вось Ён — Хрыстус, не абстрактная Любоў, а рэальнае Цела і рэальная Кроў. Я тут жа проста ўявіла Хрыста, якога ўзносяць над алтаром як Ахвяру… Мяне вельмі ўразіў той момант, я ўсёю сабою зразумела, што Пан Езус быў забіты, была прынесеная Яго Ахвяра за мяне...

Апошнім часам я больш разважаю пра маю пашану да Бога. Думаю, як я малюся, у якой позе, у які час. Думаю, што я кажу Богу на малітве, што магу сабе дазволіць падчас малітвы. Я не знайшла нічога лепшага, як проста спытаць у Бога, як да Яго маліцца. Раней вечарам сядаеш на ложак і неяк там молішся, размаўляеш з Богам. Але ў пэўны момант мне стала некамфортна так маліцца. Калі Хрыстус — канкрэтная Асоба, Бог, Творца, Пан неба і зямлі, дык што ж я тут сяджу такая, малюся засынаючы? І я вызначыла дома месца, а таксама канкрэтны знак — запаленую свечку, якая азначае, што Бог побач, што цяпер я чуваю на малітве, каб не ўцяклі мае думкі, бо менавіта цяпер той час, калі я сустракаюся з Богам на малітве, трывае маё прабыванне ў Яго прысутнасці, велічнага Стварыцеля. Што яшчэ важна: я стала падчас такой сустрэчы крыху спыняць свае эмоцыі, бо гэта проста эмоцыі. Бо калі ты шчыра адкрываешся Богу, з цябе выходзяць накопленыя перажыванні, ты, магчыма, плачаш… Але часам такая пастава на малітве можа звесціся да размовы з самой сабою, са сваімі эмоцыямі. А ўяўляючы рэальнага Бога побач, ты не «падаеш» у гэты драматызм, а атрымліваеш сапраўдны супакой. Хаця, канешне, бывае па-рознаму. І, напэўна, у мяне яшчэ будуць зусім іншыя перажыванні Божай велічы і малітвы...

Анастасія Дула, 31 год, інжынер

— Калі я разважаю пра веліч Бога, найчасцей мае думкі можна акрэсліць словамі цудоўнай песні: «Хто Ты, о Госпадзе, а хто я такі? Хто Ты такі, а хто я?..» У галаве часта столькі эмоцый, думак, і гэта ўсё я абмяркоўваю з Богам, падмяняючы Яго нейкім «суразмоўцам» — антрапалагічным вобразам, прыпісваю Яму чалавечыя якасці. І тут няма месца сапраўднай пашане, бо я дазваляю сабе з Богам сварыцца, «высвятляць адносіны», спрачацца, указваць, як Яму дапамагчы мне: вымольваю тое, што, як мне здаецца, найбольш мне патрэбна. Я нібы шукаю метад, каб уздзейнічаць на Пана Бога, «падкупіць» Яго, шукаю логіку ў сваім жыцці і спрабую ўпісаць Бога ў тую логіку. І гэтае «панібрацтва» — калі ставіш Бога на адной ступені з сабою — вялікі падман, ад якога пасля шмат непатрэбных пакутаў, расчараванняў і ўрэшце страху. Да таго ж гэта самая сапраўдная пыха — рабіць з Бога «чараўніка» з магічнай палачкай. І калі я зноў і зноў вяртаюся да думкі: «Хто Ты, Божа? Твае сцежкі — не мае, Твае думкі — не мае», — то нараджаецца давер да Яго. Праўда ў тым, што Бог ёсць Любоў, якая мацнейшая за смерць. І няма ніводнай перашкоды, каб не быць у гэтай Любові. Гэта нібыта выйсці па-за межы штодзённасці і сказаць: «Я з Табою, Божа, што б ні адбывалася, бо я існую праз Цябе». Божая любоў — гэта не шкляны купал ад непагоды для кволай кветачкі,  гэта вада для каранёў, якая дазволіць кветачцы стаць моцнай і вытрымаць любую непагадзь.

Сяргей Вільчэўскі,30 гадоў, інжынер

— Павага да Створцы, на маю думку, — гэта павага і да таго, што Ён стварыў, і да таго, каго Ён стварыў. Мяне, напрыклад, у гэтым кантэксце вельмі захапляе сяброўства. Веру, што жаданне сябраваць задумаў Бог, і я за гэта Яго сапраўды паважаю. Бо не паміж усімі людзьмі Бог задумаў паўстаць моцнаму сяброўству, таму магчымасць сябраваць з’яўляецца цудам. Але ў сяброўстве вельмі цяжка прызнаць першынство Бога, заўсёды хочацца самому трымаць усё ў сваіх руках. Быў перыяд у маім жыцці, калі мне хацелася канчаткова расставіць усе кропкі над «і»: з кім сябраваць, а з кім не. Часам я хацеў даказаць некаторым людзям, што магу быць для іх добрым сябрам, але натыкаўся на неразуменне... На гэтым шляху я, вядома ж, пацярпеў фіяска, але атрымаў два ўрокі. Першы: сяброўства — гэта не штосьці нязменнае, гэта непрадказальнае дзейства, у якім лепш рухацца ў такт, як у танцы, прычым ты не ведаеш, якая музыка будзе наступнай. Другі ўрок — гэта тое, што нашыя сімпатыі і антыпатыі, асабліва ад першага ўражання, — гэта як крывое люстэрка, а можа, нават і маскарад! Бог чакаў маёй пакоры, і я сказаў: «Езу, давяраю Табе быць валадаром маіх адносінаў, маіх сяброў і знаёмых. З кім мне сябраваць — вырашаць Табе». З таго часу ў маім жыцці пачалося нешта вельмі цікавае... Думаю, вось за такія цуды, за створаныя для нас Богам рэчы, Яго варта бясконца паважаць. А сапраўды шанаваць Бога дапамагае тое, што ты вызнаеш Яго як адзінага Валадара твайго жыцця, тваіх адносінаў і бачыш, якія добрыя плады з гэтага вынікаюць.


Падрыхтавала Вольга Качалка

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла