Ліст да Адама. З дзённіка несвятой…

Прывітанне, Адам. Пэўна, няма сэнсу прадстаўляцца, думаю, ты ведаеш мяне. Веру, што молішся за мяне. Ведаеш, мне наогул здаецца, што з таго моманту, як ты пазнаў вялікае прабачэнне і вярнуўся ў сэрца, у самы гарачы агонь Божай любові, ў поўным усведамленні таго, якія вялікія наступствы займеў твой грэх, ты молішся за нас старанней за самага вядомага сваімі цнотамі святога. А я, усё яшчэ затойваючы на цябе крыўду, не звяртаюся да цябе як да свайго вернага нябеснага апекуна.


Адам, дапамажы мне адкрыць Адама ў сабе, каб успомніць, як душа твая любіла Пана ў раі. Дазволь мне пазнаць тваю свабоду, якая здзяйснялася ў Богу, які ёсць самаю дасканалаю свабодаю. Ён учыніў з зямлі ўсіх звяроў палявых і ўсіх птушак нябесных і прывёў іх да цябе, каб убачыць, як ты назавеш іх.

І ты назваў імёнамі сваімі ўсялякую жывёлу, птушак нябесных і ўсялякіх звяроў палявых… каб праз называнне пазнаваць іс­насць усяго створанага. Адам, як жа ты называў тады Стварыцеля, які ва ўсёй магчымай паўнаце дазваляў табе пазнаваць сябе і прабываць у сабе? Як мы прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!», так ты… якога Духа Бог удыхнуў у цябе? Да таго як ты назваў Яго няўдалым Творцам, да таго як Ён стаў для цябе Суддзёю, голасу якога ты палохаўся і перад абліччам якога ты адчуваў страх і сорам, як ты называў Яго?

Адам, ці бачыў ты ў райскім садзе найлепшага, найвыдатнейшага Садоўніка, якога мы сёння называем Езусам — Богам, які збаўляе? Кім Ён быў для цябе? Як ты любіў называць Яго?

А, можа, і зусім не было патрэбы неяк звяртацца да Таго, у кім ты існаваў, нескажоны вобраз якога насіў у сабе... Можа, гэтага сапраўды было дастаткова — перажываць вашую, такую натуральную і неўяўляльна глыбокую еднасць, камунію…

Што здарылася, Адам? Што здарылася? Ты адвёў свае вочы ад Таго, Хто адзіны варты сузі­рання. Гэта не ты, Адам, скаштаваў грэх, гэта ён паглынуў цябе, не дазваляючы ўжо не тое што называць, апісваць Пана, але зваць Яго, клікаць яго ва ўсёй прастаце твайго, калісьці чыстага, райскага сэрца. Адам, дапамажы мне адкрыць Адама ў сабе, каб успомніць, як душа твая сумавала па Пану ў адхлані…

На візантыйскіх іконах Уваскрасення Хрыста Яго Змёртвыхпаўстанне, Яго першы крок выйсця з адхлані, становіцца тваім, Адам, з Еваю збаўленнем. Хрыстус сваімі рукамі з ранамі ад крыжовай мукі моцна трымае вашыя рукі, каб ужо ніколі іх не адпусціць. А ты, Адам, пэўна ніколі не забудзеш таго моманту, калі, упаўшы перад Ім на калені, ты са сваёй глыбокай цемры працягнуў Яму, спрадвечнаму Святлу, сваю руку, тую самую, якую калісьці працягнуў да граху. У тую хвіліну, Адам, для цябе і для мяне Ён стаўся Збаўцам, Богам, Эмануэлем! Разам са святлом зышоўшага да цябе Езуса адусюль павеяла такімі знаёмымі табе і такімі жаданымі водарамі раю, у змрочнай пячоры адхлані падзьмула прахалодаю райскага дня, якою так любіў і любіць хадзіць твой Створца, — ты адчуў, што вяртаешся дамоў.       

І не было словаў, не было назваў — толькі Езус, жыццё, якое здзейсніла самыя глыбокія жаданні твайго стомленага сэрца...

Ці ж магу я сказаць прыгажэй за таго, хто напісаў старажытную гамілію ў Святую і Вялікую суботу?

«Што здарылася? Сёння глыбокая цішыня ахінула зямлю. Глыбокая ціша і пустэча. Глыбокая ціша, бо Валадар спіць. Зямля спалохалася і сціхла, таму што Бог заснуў у целе і абудзіў тых, хто адвеку спаў. Бог памёр у целе і ўзрушыў адхлань.

Ён ідзе шукаць першага чалавека, быццам згубленую авечку; наведаць тых, хто сядзіць у змроку смяротнага ценю; каб вызваліць ад пакутаў нявольніка Адама разам з нявольніцай Евай ідзе іх Бог і Сын.

Пан ідзе да іх, трымаючы пераможную зброю крыжа. Калі праайцец Адам убачыў Яго, усклікнуў да ўсіх, б’ючы сябе ў грудзі ад здзіўлення: „Мой Пан з усімі“. І Хрыстус адказаў Адаму: „І з духам тваім“. Узяўшы яго за руку, падняў яго, кажучы: „Прачніся, які спіш, уваскрэсні з мёртвых, і Хрыстус асветліць цябе.

Я Бог твой, які дзеля цябе стаў тваім сынам. Дзеля цябе і дзеля тых, хто павінен нарадзіцца ад цябе, Я кажу цяпер і загадваю сваёю ўладай тым, што ў кайданах: выйдзіце; тым, хто ў цемры: няхай вам заззяе святло; тым, хто спіць: устаньце.

Табе, Адам, наказваю: прачніся, які спіш. Я стварыў цябе не дзеля таго, каб ты сядзеў скаваны ў адхлані. Устань з мёртвых: Я — Жыццё памерлых. Устань, справа Маіх рук; устань, Мой вобраз, які створаны на Маё падабенства. Устань, выйдзем адсюль, бо ты ўва Мне, а Я ў табе, мы адна непадзельная асоба.

Дзеля цябе Я, твой Бог, стаў тваім сынам; дзеля цябе Я, Пан, прыняў постаць слугі; дзеля цябе, Я, які па-над небам, сышоў на зямлю і пад зямлю; дзеля цябе, чалавека, я стаў як бездапаможны чалавек, але свабодны між памерлых; дзеля цябе, які выйшаў з райскага саду, Я быў аддадзены юдэям у Аліўным садзе і ўкрыжаваны ў садзе.

Паглядзі на Маё апляванае аблічча, якое Я прыняў дзеля цябе, каб вярнуць табе твой першапачатковы дух. Паглядзі на сляды ад удараў на Маім твары, якія Я цярпеў, каб аднавіць Мой вобраз у тваім знявечаным абліччы.

Паглядзі на Маю спіну, зраненую бічаваннем, якое Я цярпеў, каб зняць цяжар тваіх грахоў, ускладзены на тваю спіну. Паглядзі на Мае рукі, моцна прыбітыя цвікамі да дрэва дзеля цябе, які калісьці працягнуў свае рукі да дрэва.

Я спачыў на крыжы, і меч працяў Мой бок дзеля цябе, які заснуў у раі і з боку якога была створана Ева. Мой бок аздаравіў боль твайго боку. Мой сон абу­дзіў цябе ад сну адхлані. Мой меч зламаў меч, які завіс на табою.

Устань, пойдзем адсюль. Вораг вывеў цябе з райскай зямлі.

А Я прывяду цябе ўжо не ў рай, але пасаджу на нябесны трон. Табе забаронена было прыступаць да дрэва, якое было вобразам жыцця, а Я, Жыццё, злучыўся з табою. Я паставіў херубімаў, якія будуць ахоўваць цябе як слугі, а цяпер зраблю, каб херубімы пакланяліся табе як Богу.

Ужо гатовы нябесны трон, чакаюць падрыхтаваныя слугі, абсталявана вясельная зала, пастаўлены стравы, аздоблены вечныя шатры і святліцы, скарбы дабротаў адкрыты і Нябеснае Валадарства падрыхтаванае спрадвеку“». 

Адам, шчаслівая твая віна, якую знішчыў такі вялікі Адкупіцель! Ты даеш мне зразумець, Адам, што менавіта дзякуючы сваёй нясвятасці я магу пазнаваць Бога як Збавіцеля і Адкупіцеля, што доўг майго граху ўжо заплачаны, што мой Стварыцель — сама Міласэрнасць.
Маліся за мяне несвятую, Адам…   


Несвятая

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла