Дарэмнае ўжыванне імя Божага ў прысягах і праклёнах

Айцец дамініканін Раман Шульц ОР разважае пра другую Божую запаведзь «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна»


У кнізе «З клопатам пра сумленне» ксёндз Эдвард Станек прыводзіць мноства прыкладаў з уласнага досведу, гаворачы пра тое, якая вялікая адказнасць ляжыць на тым, хто прысягае ў Божае імя: «У Новым Запавеце Хрыстус заклікае ўсіх сваіх вучняў, каб ніколі не звярталіся да прысягі. Наша слова павінна быць такое праўдзівае, каб самога прызнання, што мы хрысціяне, хапіла як доказу праўдзівасці гэтага слова. Тым не менш, на практыцы мы сутыкаемся з пэўнымі сітуацыямі, калі іншыя вымагаюць ад нас прысягі. У паўсядзённым жыцці бывае так з людзьмі слабой веры, якія спрабуюць падперці аўтарытэт свайго слова Божым імем. <…> У свеце, дзе хлусня з’яўляецца нормаю, трэба мець на ўвазе, што хтосьці можа прыкрыцца Богам, праігнараваць другую запаведзь толькі дзеля таго, каб дасягнуць свае ўласнай мэты. “Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна”. Грахом, які парушае другую запаведзь Дэкалогу, з’яўляецца таксама парушэнне клятвы, дадзенай Богу. Аднак, паколькі сітуацыі такія вельмі індывідуальныя, усіх зацікаўленых гэтаю тэматыкаю адсылаю да спаведніка. Несумненна адно: лепш клятвы не даваць, чым, даўшы яе, не выканаць. Таму перш чым прысягаць перад Богам, трэба заўсёды добра падумаць».

У Старым Запавеце, у 11-м раздзеле Кнігі Суддзяў, ёсць апісанне страшнай сітуацыі, калі Ефтай, правадыр ізраэльскага войска, пакляўся Богу: «Калі Ты аддасі аманіцянаў у мае рукі і я вярнуся з мірам ад аманіцянаў, тады ахвярую ва ўсеспаленне Пану першае, што выйдзе мне насустрач з варотаў майго дому» (Суд 11, 30–31). Насустрач Ефтаю выйшла ягоная дачка, і ра­дасць перамогі ператварылася ў трагедыю. Гэта стала вынікам легкадумнай клятвы, якая не падабалася Богу. Аднак бацька выканаў гэтую клятву і забіў найбліжэйшага яму чалавека. Варта падкрэсліць, што калі клятва неразважлівая, то яна не павінна накладаць на чалавека абвязкаў — не трэба яе выконваць.

Прыклад легкадумнай прысягі даецца і ў Новым Запавеце (Мц 14), ва ўрыўку, дзе кароль Ірад абяцае дачцэ Ірадыяды, што выканае любое яе жаданне.

У выніку гэтага бяздумна да­дзенага абяцання была сцятая галава Яна Хрысціцеля.

Трэба быць уважлівымі, каб легкадумна не паабяцаць Богу штосьці, што Яму зусім не даспадобы. Часам і з добрай інтэнцыяй можна неразважліва наклікаць няшчасце і беды на сябе і на іншых. Каб не стаць ахвяраю ўласных неабдуманых прысягаў або ахвяраў, якія не падабаюцца Богу, трэба паразмаўляць з духоўным кіраўніком або са спаведнікам, прыслухацца да мудрых парадаў.

Яшчэ адна сфера, на якую варта звярнуць увагу, разважаючы пра другую запаведзь Дэкалогу, — гэта праклёны. У Евангеллі Пан Езус вучыць нас, як трэба паступаць са злымі людзьмі, якія нас праклінаюць. Хрысціяне не павінны адказваць злом на зло. Зло можна перамагчы толькі дабром, малітваю, прабачэннем і благаслаўленнем. Бог зусім не жадае, каб Ягонае імя выкарыстоўвалася для праклінання, нават калі чалавек, якому яно паслана, — наш самы вялікі вораг.

…На аднаго каталіцкага святара ў Польшчы біскуп наклаў кару суспенсы пасля таго, як той атрымаў папярэджанне, што вучыць вернікаў неадпаведна навуцы Касцёла, але не змяніў сваіх паводзінаў. Біскуп быў вымушаны забараніць яму служыць і паведаміў вернікам пра гэтую сітуацыю. На ксяндза літаральна «палявалі» журналісты, але ён не жадаў размаўляць з імі і ў выніку аднойчы паступіў зусім не па-евангельску і насуперак Божай волі. Калі ў чарговы раз да яго прыехалі, каб зрабіць праграму, святар  папрасіў тэлежурналістаў пакінуць месца, дзе ён знаходзіўся і дзе была яго прыватная капліца. Тыя ж вялі запіс перадачы і закідвалі святара пытаннямі. Тады ён не вытрываў і пачаў адпіхваць празмерна дакучлівых журналістаў і іх камеры і ў гневе жорстка сказаў: «Я вас праклінаю ў імя Божае». Гэты выпадак, зняты на камеры, хутка разляцеўся па інтэрнэце, і вельмі многіх людзей засмуцілі словы ксяндза. Дапускаю, што гэта была ўнікальная сітуацыя, выкліканая тым, што ксёндз быў вельмі занепакоены сваім становішчам.

Чаму ж нельга нікога праклінаць, а тым больш у Божае імя? Таму што Бог — гэта Любоў, і праклён цалкам пярэчыць Ягонай волі. Бог — Слова, Той, які стаў чалавекам і аддаў жыццё за грахі кожнага з нас; які клапоціцца аб збаўленні злачынцаў, укрыжаваных з Ім побач; які любіць і гэтага святара, і назойлівых журналістаў, якія шукалі сенсацыі. Богу важнае збаўленне кожнага чалавека, дабро кожнага чалавека, яго шчасце, і таму Ён благаслаўляе ўсіх нас. Праклі­наць чалавека — азначае пярэчыць жаданню Бога. Бог — Айцец для кожнага чалавека, нездарма мы молімся да Яго словамі: «Ойча наш». Таму, калі нехта з Ягоных дзяцей (а гэта ўсе людзі ў свеце) замест благаслаўлення праклінае бліжніх, ён цалкам пярэчыць Божай волі.

Варта звярнуць увагу на тое, што калі нехта ўчыніў нам вельмі вялікае зло, можа з’явіцца і вялікая спакуса замкнуць сваё сэрца для ворага і нават праклясці яго. Але найбольшае зло чы­ніць не сам крыўдзіцель, а злы дух праз яго. Праклінаючы грэшніка, мы нішчым Божую ласку ў сабе саміх і сведчым, што не маем ні надзеі, ні любові. Складаную сітуацыю крыўды трэба аддаць у Божыя рукі, і Ён сам у патрэбны час рассудзіць усё справядліва, не выключаючы магчымасці навяртання для крыўдзіцеля. Бог жадае, каб мы глядзелі на ворага з любоўю, а з нянавісцю — на ягоныя памылкі, як казаў святы Аўгустын. Нянавісць да граху — гэта шанец для грэшніка, і гэта павінна выяўляцца ў нашай малітве за яго і ў зычэннях дабра, а не зла для нашых ворагаў. Нехта са святых казаў, што, прагнучы навяртання ворага, мы наўрад ці ўжо зрабілі ўсё, што можна было зрабіць. Таму варта больш маліцца за сваіх крыўдзіцеляў, нават ляжаць крыжам і пасціцца.

У Старым Запавеце, у 22–23-м раздзелах Кнігі Лічбаў, апісваецца, як кароль маавіцянаў жадаў падкупіць прарока Валаама, каб той пракляў ізраэльскі народ, які рыхтаваўся да бітвы. Але прарок, паслухмяны Божаму голасу, замест таго каб праклясці ізраэльцянаў, благаславіў іх. Гэта вельмі канкрэтны біблійны прыклад таго, як варта чыніць. Таму ніколі і нікога не праклінайма, тым больш у Божае імя. Бог любіць грэшнікаў і цярпліва чакае іх навяртання. Божае слова вучыць нас: «Благаслаўляце, а не праклінайце» (Рым 12, 14).


Айцец Раман Шульц ОР

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла