«Вымаўляць дарэмна — вымаўляць без любові». Разважанні праваслаўнай верніцы пра другую Божую запаведзь

Калі мне задалі гэтае пытанне: «Як ты разумееш і выконваеш запаведзь “Не ужывай імя Пана Бога твайго дарэмна”?», я спецыяльна паспрабавала падумаць пра гэта. Калі казаць каротка і па сутнасці, то ўжываць Божае імя дарэмна азначае вымаўляць яго без любові.


Пустаслоўе не проста так называецца пуста­слоўем. Кожнае слова мы павінны прамаўляць з любоўю, каб яно «стварала». Бо калі гэта не так, то адразу пачынаецца руйнаванне: пустасловячы, адразу адчуваеш вакол сябе і ўнутры спустошанасць. А Божае імя тым больш нельга вымаўляць проста так! Цудоўны свяціцель Мікалай Сербскі пісаў пра гэта, задаючы пытанне:

«Чыё імя ты акунаеш у бруд? Няўжо імя Таго,
хто стварыў месяц і зоркі, і чыё імя
— надзея для кожнага чалавека?»

Дастаткова прамовіць імя Бога — і ўзнікае надзея, радасць, і чалавек ратуецца. Нельга прамаўляць яго без любові, без хвалявання. Здараецца, людзі нават замяняюць Божым імем… лаянку, усклікаючы нешта накшталт «Божа, змілуйся!» замест больш «моцных» выразаў — тады гэта святатацтва, але ж усім зразумела, што так рабіць нельга. Калі паразважаць глыбей, я думаю, што грэх супраць гэтай запаведзі — гэта калі ў сэрцы вельмі пуста, калі там няма святла, калі Бог не напаўняе нашыя словы любоўю і кожнае з іх выхалошчваецца, як і ўсё, што робіцца без Бога.

Наогул я лічу, што калі вымаўляць Божае імя вельмі часта, нават імкнучыся ўкладаць пачуцці і сэнс у свае ўскліканні, існуе небяспека, што з часам мы пачнем вымаўляць яго механічна. Нездарма ў Евангеллі раіцца не рабіць нічога напаказ. Езус гаворыць, каб мы маліліся Богу, увайшоўшы ў пакой і зачыніўшы за сабою дзверы, маліліся сэрцам. Вядома, звяртацца да Бога, заклікаць Яго — гэта вялікая помач, але я думаю, што малітва ў сэрцы — больш чутная, больш засяроджаная. Я ведаю па сабе, што, калі ставіцца да Божага імя або да малітвы з неахайнасцю, прамаўляць словы аўтаматычна, іх значэнне траціць свой сэнс, выхалошчваецца. Гэта датычыць не толькі словаў. Калі я стала працаваць пры Свята-Елізавецінскім манастыры, то заўважыла, што спачатку, калі выязджаеш на выставы, кожны абраз, кожны асвечаны прадмет бярэш у рукі акуратна, з павагаю, а пасля становіцца звычайным проста пазбіраць, пакідаць усё, як ёсць, калі спяшаешся — пабожнае стаўленне знікае…

Я вельмі баюся, каб так не сталася і з малітваю, з закліканнем Бога, лічу, што гэта трэба кантраляваць. Калі чалавек раз на пяць хвілін кажа то «Божа мой!», то «Слава Богу!», заўжды бачна, як гэта гаворыцца: з пачуццём і перажываннем ці механічна. Сэрца павінна быць настроеным на размову з Богам, але самі мы гэтага не можам зрабіць — трэба папрасіць гэтага ў Бога, і Ён дасць, напоўніць нас знутры. Тады ўсё, што мы гаворым, будзе гэтым асвятляцца, не будзе пустаслоўя, прывычкі, механічнасці.


Аляксандра Павяльчук,
праваслаўная верніца, супрацоўніца
Свята-Елізавецінскага манастыра ў Мінску

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла