Як не паставіць сябе на месца Бога. З дзённіка несвятой…

23.11.2017 г.

Больш не магу маўчаць. Неабходна кудысьці выліць мой крык. Гэтая гісторыя пачалася прыкладна год таму, хаця, калі быць шчыраю, яна цягнецца з дзяцінства. Што ж такога здарылася год таму? Была, здаецца, пятніца, вечар. Раніцаю наступнага дня я мусіла вяртацца на вучобу. Я прыходжу дадому з вячэрняй Імшы і даведваюся, што мяне шукаў мой дзед, які жыве па суседстве. Збіраюся і іду да яго. З ганка адчуваю лунаючае ў паветры напружанне і незадаволенасць.

— Прывітанне, дзядуля, — ветліва кажу я, хаваючы затоеную яшчэ з дзяцінства боязь і дыстанцыю ў адносінах з ім.
— Чаму гэта я апошні даведваюся пра тое, што ты заўтра едзеш?
— Вось якраз збіралася вечарам прыйсці да цябе, — пачынаю апраўдвацца я.

Мой дзед (мне было заўсёды вельмі цяжка называць яго дзядулем) падтрымліваў мяне матэрыяльна падчас вучобы. Хоць я ўжо не адчувала патрэбы ў яго грошах, разумела, што, калі я адмоўлюся ад іх, гэта будзе крыўдаю для яго.

— Сядай, — чую я паўзагадны тон.
Я села, ён сеў насупраць.
— Унучка, дык раскажы мне, што ты будзеш рабіць пасля вучобы. Якія ў цябе планы?

Гэтае пытанне мне даводзілася чуць на працягу трох гадоў прыкладна раз у месяц (кожны раз, як вярталася дадому). Цяпер тыя ж самыя словы прагучалі інакш. У памяці ўсплыў адзін эпізод апошняй нядзелі: выходзячы з двара, я сустрэла дзеда. Ён спытаў:

— Унучка, куды ж гэта ты так рана?
— У касцёл, — сказала я і па­ста­ралася як мага хутчэй знік­нуць з поля яго зроку, каб паз­бег­нуць лішніх пытанняў, калі не абразаў, з боку дзеда, кан­ве­ер­най ахвяры праславутага марк­сізму-ленінізму. «Религия — опиум для народа» — гэтых ведаў было дастаткова, каб адкідаць і ганьбіць усё, што звязана з Бо­гам.

Дык вось, на пытанне пра мае планы я сапраўды не мела адказу. «Зрабіце нараду, і яна рассыплецца, скажыце слова, і яно не споўніцца, бо Бог з намі» (пар. Іс 8, 10).

— Унучка, мне цябе шкада, — пачаў дзед. Я насцярожылася, — упала ты ў гэтае сярэднявечча…
Я ўстала і накіравалася да выхаду:
— Прабачце, мне трэба ісці. Да пабачэння.
— Вярніся. Ты яшчэ «зарплату» не забрала!
У амаль зачыненыя з іншага боку дзверы я адказала:
— Дзякуй, не трэба…

Гэта рэакцыя (не ведаю, пра­вільная ці не) стала вынікам многіх спробаў майго сямейнага акружэння паказаць, што я жыву няправільна, веру ў «лухту» і што трэба было б ужо сысці з нябёсаў на зямлю. «Вер у што хочаш, а дзеці павінны быць…», «Ты любіш і прабачаеш, таму што ў цябе нічога няма», «Не кажы больш, што ты была ў касцёле, тату гэта не падабаецца» — так казалі самыя блізкія, чыё непрыняцце маёй веры я дагэтуль вельмі востра перажываю.

«Калі б нават бацька і маці пакінулі мяне, то Пан прыме мяне» (Пс 27, 10) — мне бліжэй гэтыя словы…

Пасля бяссоннай ночы, з блытанінаю ў галаве, абвінавачваючы то сябе, то дзеда ва ўсім, што здарылася, я паехала. Пазней, калі прыязджала на выходныя да бацькоў, дзед не размаўляў са мною і толькі кідаў на мяне халодныя позіркі. «Я не магу несці адказнасць за чужую пыху» — думала я.

Той год я часта ўспамінала дзеда і разважала над словамі Езуса: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 23). Толькі цяпер прыходзіць разуменне, што я не хачу, каб крыўда, якую дзед трымае на мяне, была адной з перашкодаў на яго шляху, можа, вельмі глыбокіх і абсалютна несвядомых пошукаў Бога. Я не хачу.

28.11.2017 г.

Сёння я горача малілася, просячы Пана, каб праліў сваё святло на ўсё, што здарылася. Я і цяпер не бачу сваёй віны. Ці павінна я бачыць яе? Бачу адзінае: мой учынак пакрыўдзіў, абразіў майго бліжняга, хоць і вельмі далёкага. Гэта маленькая перамога Езуса, які паказаў, што сапраўдная размова з Ім не можа пачынацца словамі: «Пане, як Ты лічыш?». Бог не лічыць, у Ім — «усе скарбы мудрасці і пазнання» (Клс 2, 3).

02.12.2017 г.

Прыехала на выходныя да бацькоў. Востра адчула, што павінна пераадолець сябе і пайсці да дзеда. Схадзіла. Дзед прапанаваў пасля лазні выпіць з ім. Я адмовілася. Ён пайшоў у гасціную, мы з бабуляю — таксама. Ён сеў на крэсла, мы з бабуляй — на канапу. Ён уключыў тэлевізар грамчэй, а мы з бабуляю стараліся пачуць адна адну. Я лавіла на сабе ўсё той жа халодны позірк.

05.12.2017 г.

Сёння зноў горача малілася за сябе і за свайго дзеда. Езус добры. Пан даў мне адчуць унутранае святло — Ён паказаў, як мая просьба аб прабачэнні можа быць збавеннаю для дзеда і нават, у першую чаргу, для мяне. Я не нясу адказнасці за чужую пыху, але нясу адказ­насць за сваю любоў.

08.12.2017 г.

Калі ў наступны раз паеду да бацькоў, пайду прасіць прабачэння.

13.12.2017 г.

Ішла сёння ў краму і думала, ці не будзе маё перапрашэнне хлуснёю. Як звычайна кажуць, асабліва маленькія дзеці: «Прабач, я больш так не буду». А я разумела, і дагэтуль разумею, што, калі б сітуацыя паўтарылася, я павяла б сябе дакладна таксама. Ці ёсць сэнс прасіць прабачэння?

14.12.2017 г.

Успомніла пра любоў. Калі паеду да бацькоў, пайду да дзеда.

22.12.2017 г.

17:16. Я ў бацькоў. Дома нікога няма. Ведаю, што бабуля таксама пайшла. Трэба ісці да дзеда. Вось так заўсёды: калі прыходзіць асабліва важны момант, з’яўляюцца найбольш недарэчныя апраўданні і страхі!

20:11. Трэба было бачыць, як я абувала боты і тут жа здымала: «Пачакаю, пакуль бабуля прыйдзе», «А калі ён не прыме мяне?..», «Пайду пазней…». Не, пайшла. Я горача прасіла Духа Святога аб Яго прысутнасці ў маім «прыніжэнні». Я не памятаю, колькі разоў я зрабіла знак крыжа перад тым, як адчыніла дзверы дзедавага дома. Я пастукалася, адчыніла дзверы…

— Добры вечар, а я да вас у госці.
— Ну захадзі, будзем гасціць цябе… Толькі я пайду печку ў лазні пагляджу.

Я засталася адна. Зноў прасіла Духа Святога, каб Ён дапамог Божаму парадку размовы.

Прыйшоў дзед, у той жа момант вярнулася бабуля. Дзед сеў, уключыў тэлевізар грамчэй, а мы зноў пачалі размаўляць з бабуляй. У пэўны момант я ўстала:

— Мне ўжо час ісці, але я хацела штосьці сказаць. Дзядуля, я ведаю, што пакрыўдзіла і абразіла цябе. Прабач мне, калі ласка.

— А я і не трымаў нічога, — усміхнуўшыся, сказаў крыху збянтэжаны дзед. У маіх вачах з’явіліся слёзы. Я падышла да яго, абняла, развіталася і пайшла, у сэрцы выхваляючы Пана. Сапраўды, сапраўды кажу, Ты, Пане, вялікі Бог, Ты збавіў маё сэрца.

Я добра ўсведамляю, што гэта гісторыя не маёй смеласці, а гісторыя Бога, які доўга і цярпліва ваюе з маёю пыхаю. З Богам жыць цяжка, цяжка настолькі ўпарта ўглядацца ў Яго, каб не мець іншых багоў перад Яго абліччам, а галоўнае — самой не стаць богам. Гэта цяпер я разумею, як цяжка мне было прызнацца самой сабе, што я, пабожная каталічка, магла абра­зіць такога жорсткага чалавека, як мой дзед. Менавіта я — яго, а не наадварот.

19.01.2018 г.

Сёння я тэлефанавала дзеду на мабільны тэлефон, каб павіншаваць яго з днём нараджэння. Пасля некалькіх доўгіх гудкоў пачуліся кароткія. Ён не ўзяў трубку.

З Богам жыць цяжка, але без Бога жыць немагчыма.


Несвятая

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла