Бяссрэбранікі яшчэ існуюць!

Культ багацця і здабывання грошай любой цаною вельмі заўважна пануе ў сённяшнім свеце. Варожасць паміж роднымі і блізкімі людзьмі, забойствы, вой­ны — усё гэта ў асноўным справа мамоны. І як жа прыемна сустрэць сёння чалавека, якога смела можна назваць бяссрэбранікам. Знаёмцеся: Андрэй Фёдаравіч Неўгін.


Дванаццаць гадоў таму гэты чалавек атрымаў у Мінску доўгачаканую новую кватэру, абставіў мэбляй і... аддаў зусім незнаёмай дзяўчыне — сіраце з малым дзіцем на руках. Так здарылася, што гэта дзяўчына, Алеся, пасля Дзіцячага дома і прафесійна-тэхнічнага вучылішча засталася не толькі без жылля, але нават і без прапіскі. У 18 гадоў яна нарадзіла дзіця, але ісці з немаўляткам не было куды. Дактары Мінскага абласнога раддома, дзе ляжала Алеся, звярнуліся ў нашу рэдакцыю з просьбай аб дапамозе для яе. Сумесна з легіянерамі Марыі мы дапамагалі, хто як мог: бралі Алесю з сынам да сябе пажыць, уладкоўвалі на нейкі час да знаёмых. І вось Божы Провід паслаў няшчаснай дзяўчыне Андрэя Неўгіна. Гэты чалавек не проста пасяліў яе ў сваёй кватэры, але зрабіў усё магчымае, каб прапісаць яе. Алеся пачала атрымліваць на дзіця ад дзяржавы матэрыяльную дапамогу, але гэтых сродкаў не заўсёды хапала, і Андрэй Фёдаравіч аддаваў дзяўчыне амаль усю сваю сціп­лую пенсію, а сам жыў у бацькоў у вёсцы Азярышча пад Мінскам.

Натуральна запытацца: «А як яго бацькі да гэтага ўсяго адносіліся?» На здзіўленне многіх, яны падтрымалі сына. Ніна Данілаўна і Фёдар Дзмітравіч самі гадаваліся ў Дзіцячым доме і добра ведалі смак сірочай долі. Але і потым іх жыццё не было лёгкім. У 1960 годзе яны ажаніліся. Давялося самім будаваць дом. Ніна бралася за самую цяжкую працу нават падчас цяжарнасці. Па маладосці не думала, што гэта вельмі небяспечна. І вось аднойчы, калі тэрмін цяжарнасці быў 6 месяцаў і 3 тыдні, яна адчула рэзкі боль у жываце, а потым у яе адышлі каляплодныя воды. Аднак, пакуль прыехала хуткая, пакуль у бальніцы пачалі выклікаць роды, прайшлі амаль суткі. У Ніны была двойня. Дзеці без вады ва ўлонні маці задыхаліся. Нараджэнне Андрэя было вельмі пакутным: ён ішоў упоперак і, калі дактары яго цягнулі, яны вывіхнулі сустаў нагі. Хлопчык нарадзіўся вагою ў 1 кілаграм 300 грамаў. У яго два разы спынялася сэрца, але ён выжыў. Яго брацік, які важыў пры нараджэнні 1 кілаграм 800 грамаў і быў, на першы погляд, больш мацнейшым, памёр праз тыдзень.

З маленства ў Андрэя кепскі дыягназ — ДЦП. Пазней адзін не вельмі прафесійны ўрач вызначыў у яго хваробу Літля. Што гэта такое, ні Андрэй, ні яго бацькі не ведалі. Высветлілася гэта пазней, калі хлопец паступаў у БДУ на гістарычны факультэт: нягледзячы на паспяховую здачу экзаменаў, яму двойчы моўчкі вярталі дакументы. Андрэй пачаў падрабязней цікавіцца сваім дыягназам, і аказалася, што хвароба Літля — гэта разумовая адсталасць. На жаль, ніхто з дактароў не ўзяў на сябе смеласці зняць гэты недарэчны дыягназ, нягледзячы на Андрэеў выдатны атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы.

Доўгі час Андрэй працаваў на складзе аддзела капітальнага будаўніцтва пры Акадэміі навук. З 2006 года яго жыццё цалкам змянілася — вельмі шмат сілы і сродкаў аддаваў, каб дапамагаць Алесі. Дзяўчына з вельмі параненай душою ад самага сірочага маленства не заўсёды магла гэта ў той час ацаніць, таму нерваў Андрэй «спаліў» нямала. Шукаючы любові і шчасця, Алеся давяралася мужчынам, якія яе выкарыстоўвалі. Так яна нарадзіла яшчэ траіх дзяцей: у 2008 годзе — дачушку Кацю, а пазней сыноў-двайнятаў Андрэя і Даніка, якім сёння па 5 гадоў. Дзеці ўсе ахрышчаныя ў касцёле, як і сама Алеся, якая мае каталіцкія карані. Хрысціў дзяцей ксёндз Генадзь Кухарэвіч, які шмат зрабіў і робіць для гэтай сям’і. Хросны бацька ў Каці — Андрэй Фёдаравіч. З часам дзяўчынка стала называць яго дзядулем, як і ўсе Алесіны дзеці. Сама ж Алеся неяк сказала:«Дзякуючы Андрэю Фёдаравічу і яго маме Ніне Данілаўне мае дзеці маюць дзядулю і бабулю, а я маю бацькоў. Гэтыя людзі сталі для нас радней за родных».

Чатыры гады таму Алеся атрымала кватэру. Андрэй Фёдаравіч, любімы дзядуля, як называюць яго дзеці, — самы дарагі і заўсёды чаканы госць у гэтай сям’і. На ўсе канікулы і выходныя дні ён забірае старэйшых дзяцей Мікіту і Кацю да сябе ў Азярышча (па чарзе, бо з двума адразу цяжка спраўляцца), па-ранейшаму дапамагае матэрыяльна, бо ведае, што для шматдзетнай сям’і капейка ніколі не будзе лішняй.

Назіраючы вось ужо 12 гадоў за лёсам Алесі, усё больш разумееш, які Бог міласэрны, доўгацярплівы і шматміласцівы! Ён, сапраўды, як напісана ў Бібліі, дапамагае сіротам і ўдовам, а робіць гэта праз самых лепшых сваіх дзяцей тут, на зямлі. Сярод гэтых выбраных і наш сённяшні герой — Андрэй Неўгін.


Галіна Калевіч

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла