Чужы агонь не грэе. Сведчанне былога мармона

Разважаючы над першаю запаведдзю Дэкалога, я вяртаюся думкамі ў сваё сектанцкае, мармонскае мінулае. Не, я зусім не лічыў сябе ідалапаклоннікам, я лічыў, што веру ў Святую Тройцу і ўсё ж... я ім быў. Гэта была замаскаваная форма ідалапаклонства.


Св. Атаназій раздзяліў усе ерасі на дзве катэгорыі: паганскія і ерасі юдэйскага тыпу. З першай катэгорыяй усё зразумела — гэта адкрытая форма ідалапаклонства, якая часта выяўляецца ў політэізме і ў пакланенні чужому богу, сілам прыроды, у адмаўленні Бога, а то і наўпрост — у пакланенні д’яблу. Часцей за ўсё яе можна адразу заўважыць як, напрыклад, пакланенне Крышну. Аднак не варта недаацэнь­ваць схаваных формаў ідалапаклонства, якія праяўляюцца пад выглядам, напрыклад, белай магіі. Людзі вераць, што нейкая бабка робіць нешта добрае, лечыць, дапамагае. Часам яна выкарыстоўвае святыя рэчы, і тым не менш за ўсім гэтым стаіць д’ябал. Завуаліраваная форма «дапамогі» часам можа аказацца больш небяспечнаю за адкрытую з прычыны цяжкасці яе распазнання. Кажуць, што калі жабу кінуць у кіпень, яна адразу ж выскачыць, а калі пакласці ў халодную ваду і варыць на малым агні, то яна сама не заўважыць, як зварыцца.

Вось да такой асабліва небяспечнай формы ідалапаклонства належыць распаўсюджаны ў апошні час рух «Нью эйдж». Гэта не столькі сукупнасць разнастайных містычных плыняў, колькі ідэалогія. На першы погляд — гэта вегетарыянства, любоў да ўсяго натуральнага, усеагульнае братэрства і яднанне ўсіх рэлігій. Небяспека гэтай рэлігійнай ідэалогіі ў яе здольнасці прані­каць унутр іншых рэлігій, у тым ліку і хрысціянства. Нягле­дзячы на сваю будысцкую аснову, «Нью эйдж» мае ў сабе элементы розных рэлігій, але яна мае прэтэнзіі на тое, каб, аб’яднаўшы ў сабе ўсе рэлігіі, стацца рэлігіяй будучыні. Вызнаўцы «Нью эйдж» вераць, што эра Рыбы (Хрыста) заканчваецца і неўзабаве распачнецца эра Вадалея (антыхрыста). Вось яна — сапраўдная сутнасць фальшывага экуменізму: будаванне адзінай сусветнай рэлігіі. Сапраўдны экуменізм, якому навучае Другі Ватыканскі Сабор, — гэта дыялог з іншымі хрысціянскімі (і толькі хрысціянскімі!) канфесіямі з мэтаю вяртання заблукалых авечак ва ўлонне Касцёла, Містычнага цела Хрыста. І гэта зусім не спроба аб’яднацца і ўтварыць нешта сярэдняе. Такая спроба якраз і з’яўляецца ідэалогіяй «Нью эйдж». Таму вельмі небяспечна ў парыве экуменізму дазваляць у Касцёле пратэстанцкую духоўнасць. Каталіцкі Касцёл мусіць захаваць сваю ідэнтычнасць, ну а што датычыць нехрысціянскіх рэлігій, то тут неабходнае місіянерства.

А што ж тады ўяўляе з сябе другая катэгорыя паводле св. Атаназія — ерасі юдэйскага тыпу? Складана назваць гэта ідалапаклонствам. Гэта такая форма ерасі, калі людзі пакланяюцца адзінаму Богу, аднак не ў праў­дзе, бо адкідваюць Сына Божага. Святы апостал і евангеліст Ян пісаў у сваім Першым Пасланні: «Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць таму, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына. Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца» (1 Ян 2, 22–23). Д’ябал увесь час імкнецца знішчыць веру ў Боскасць Хрыста, бо толькі гэтая вера дае збаўленне. І першая яго спроба пачалася ўнутры выбранага народа Божага. Потым, у часы св. Атаназія, былі арыяне, якія не верылі ў тое, што Езус ёсць Богам, пасля прыйшоў іслам, і цэлыя рэгіёны Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу сілаю былі адрынутыя ад веры ў Сына Божага. У наш час такую пазіцыю займаюць сведкі Еговы. Усе гэтыя людзі вераць у адзінага Бога, але адкідаюць Хрыста, аднак «кожны, хто не мае Сына, не мае і Айца». Гэта не я, гэта св. Ян гаворыць.

Нашая пабожнасць без Хрыста сама па сабе не дае збаўлення і ніколі не будзе дасканалаю. Аднак ёсць і такія, хто сцвярджае, што вераць у Айца і Сына, і Святога Духа, але з’яўляюцца самымі сапраўднымі ідалапаклоннікамі. І я некалькі гадоў правёў у шэрагах Царквы Езуса Хрыста святых апошніх дзён (мармонаў), пакуль да мяне не пачало даходзіць, што гэта іншы айцец, іншы сын, і зусім не Святы Дух. Іх бог-айцец — гэта проста дасканалы чалавек з цела і крыві, які калісьці дасягнуў дасканаласці, а цяпер жыве на планеце Колаб і кіруе намі. Ён не можа быць адначасова ўсюды. Мы, дасягнуўшы дасканаласці, станем, як ён, і таксама зможам тварыць планеты. Такога бога рэальна не існуе — гэта ідал! Адпаведна іх сын — падробка Езуса, да таго ж ён шматжэнец. А які можа тады быць дух?

Насамрэч, толькі ведаючы сваю веру і трымаючыся яе, мы не трапім у сеткі схаванага ідалапаклонства. Вялікаю пасткаю з’яўляецца таксама фальшывы экуменізм. Нават і ў хрысціянскіх канфесіях. Я маю на ўвазе сітуацыю, калі паміж Касцёлам Хрыстовым, заснаваным на Пятры, і тымі, хто ад яго адышоў, не прызнаючы яго, ставіцца знак роўнасці. Памятаеце першую главу з Дзеяў Апосталаў, калі яны сабраліся для малітвы? З імі была Марыя, а на чале іх быў Пётр. Яны трывалі ў вучэнні апосталаў і ламалі хлеб. Вось так і выглядае Касцёл Хрыстовы. І Хрыста трэба прымаць цалкам. Па-першае, у Эўхарыстыі. Цалкам не прымае Хрыста той, хто адмаўляе Яго прысутнасць у постаці хлеба і віна. Не прымае Яго цалкам таксама і той, каму Марыя не Маці, а таксама і той, хто не прымае Яго містычнае Цела — Каталіцкі Касцёл. Адмаўляючыся ад Эўхарыстыі, ад Марыі і ад Касцёла, людзі не прымаюць Хрыста цалкам, і гэта ўжо не той Хрыстус — Сын Марыі, Ён абдзелены. Не тое каб яны былі ідалапаклоннікамі, але гэта чужы агонь для нас, і няма ў нас аніякай прычыны, каб арыентавацца на іх духоўнасць. Нельга ставіць знак роўнасці паміж імі і Хрыстовым Касцёлам, бо можна вельмі незаўважна прыйсці да фальшывых праяваў экуменізму.

Як піша папа Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе «Езус з Назарэта», з самага пачатку і ажно да ХХ ст. Касцёл заўжды стаяў на пазіцыях эклезіяцэнтрызму. Яшчэ св. Кіпрыян казаў: «Няма збаўлення па-за Касцёлам». Прывяду таксама спасылку з дакумента Lumen gentium Другога Ватыканскага Сабору, п. 14: «Касцёл неабходны для збаўлення, бо Хрыстус — гэта адзіны Пасрэднік і шлях збаўлення, і Ён прысутнічае для нас у сваім Целе, якім ёсць Касцёл... Таму не могуць збавіцца людзі, якія, ведаючы, што ён заснаваны Богам пры пасрэдніцтве Хрыста як неабходны, не жадаюць увайсці ў Касцёл ці заставацца ў ім»...

Дарагія браты і сёстры, трымаймася праўдаў каталіцкай веры.


Мікола Бадрусеў

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла