Споведзь – дарога да паўнаты жыцця

Тэма споведзі заўсёды актуальная і для вернікаў, якія прагнуць дасягнуць святасці на дарозе сакрамэнтальнага жыцця, і для тых, хто цікавіцца дактрынай і дзейнасцю Касцёла. Паколькі выпускі часопіса «Ave Maria» ў гэтым годзе прысвечаны Дэкалогу, паспрабуем практычна разгледзець асобныя праблемы сакрамэнту пакаяння і паяднання, што ў сваю чаргу, спадзяемся, дапаможа чытачам яшчэ больш плённа карыстацца дарам прабачэння, дадзеным нам Богам.


Сутнасць споведзі

Сакрамэнт пакаяння і паяднання – гэта поўная назва таямніцы, цэлебраванай Касцёлам, якую найчасцей называюць споведдзю. Маем тут на ўвазе і дзеянне Божай міласэрнасці, і наш асабісты чын. Кажам: іду да споведзі, святар спавядае, у споведзі адпускаюцца грахі і г.д. Для некаторых споведзь – гэта найперш вызнанне грахоў і выкананне пакуты. Хоць у звычайных размовах мы рэдка выкарыстоўваем поўную назву гэтага сакрамэнту, але варта ўсведамляць, што сутнасць споведзі вельмі багатая, а яе пазнаванне і свядомае практыкаванне вядзе да найпаўнейшых пладоў: перш за ўсё яно дае свабоду дзяцей Божых у Хрысце. Мэтаю і вынікам спове­дзі з’яўляецца паяднанне чалавека з Богам і супольнасцю, а таксама аднаўленне праўдзівага вобразу Бога ў чалавеку. Праз споведзь грэшнік праяўляе сябе ўмілаваным Божым дзіцём, г.зн. — чалавекам у поўні. Святы Ян Павел II піша, што паяднанне з Богам нараджае «далейшае паяднанне, якое выпраўляе іншыя, выкліканыя грахом разлады: пэнітэнт, які атрымаў прабачэнне, яднаецца з самім сабою ў глыбіні ўласнага «я», знаходзячы ўнутраную праўду; яднаецца з братамі, пэўным чынам ім пакрыўджанымі і зняважанымі; яднаецца з Касцёлам, яднаецца з усім стварэннем. З гэтага ўсведамлення пасля абраду паяднання ў пэнітэнце нараджаецца пачуццё ўдзячнасці Богу, да якога заахвочвае Касцёл, за атрыманы дар міласэрнасці (пар. Апостальская адгартацыя Reconciliatio et paenitentia 31, IV).

Кожны вернік, які спавядаецца, прагне, каб споведзь прынесла плён. У сувязі з гэтым мы паразважаем пра ўмовы добрай споведзі, спосабы яе правядзення, добрую падрыхтоўку і выбар адпаведнага спаведніка. Усё гэта вельмі важнае. Касцёл гаворыць пра пяць умоваў добрай споведзі (рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырая споведзь, сатысфакцыя Богу і бліжняму), пра якія мы больш падрабязна пагаворым у наступных выпусках часопіса. Аднак трэба разумець, што сутнасць споведзі ў сустрэчы з міласэрным Езусам, а сама споведзь – гэта сакрамэнт міласэрнасці. Часам можна пачуць меркаванне, што чалавек у сакрамэнце пакаяння і паяднання прыніжаецца перад Богам, бо стаіць у пакоры, выконвае пакуту, аналізуе сваё сумленне і г. д. Без пералічаных элементаў споведзь не была б поўнаю, аднак нельга празмерна экспанаваць асабістае намаганне верніка і канцэнтравацца на ім, забываючы пра найважнейшае — дар самога Бога, які прагне прабачыць, умацаваць і даць сябе, перш за ўсё ў святой Камуніі.

Хрыстус спавядае

Частка вернікаў, не пазнаўшы цалкам узнёсласці Божай любові да чалавека, якая праяўляецца таксама ў сакрамэнце паяднання, баіцца споведзі або карыстаецца ёю вельмі рэдка. Часта такі стан вынікае са страху перад вызнаваннем сваіх грахоў святару, які таксама з’яўляецца чалавекам. Для пераадолення страху перад святаром трэба ведаць, што згодна з вучэннем Касцёла і паводле яго Традыцыі святар, які здзяйсняе сакрамэнты, дзейнічае «in persona Christi» (даслоўна: у асобе Хрыста). Гэта азначае, што святар удзяляе сакрамэнты не ад свайго імя, але сам Хрыстус дзейнічае ў ім і праз яго; менавіта Хрыстус прымае, слухае і прабачае ў канфесіянале падчас споведзі, а святар служыць прыладаю Божай ласкі. Дапамагчы пераадолець страх перад споведдзю і ўбачыць яе веліч могуць словы Хрыста, які аб’яўляўся святой Фаўстыне Кавальскай: «Дачка, калі прыступаеш да святой споведзі, да гэтай крыніцы Маёй міласэрнасці, на тваю душу заўсёды сплываюць Мая кроў і вада, якія выплылі з Майго сэрца і ўзвышаюць тваю душу. Кожны раз, набліжаючыся да канфесіянала, з вялікім даверам цалкам пагружайся ў Маю міласэрнасць, каб Я мог выліць на тваю душу шчодрасць сваёй ласкі. Калі ты прыходзіш на споведзь, ведай, што Я сам чакаю цябе ў канфесіянале; Я толькі засланяюся святаром, але сам дзейнічаю ў душы. Тут мізэрнасць душы сустракаецца з Богам міласэрнасці. Скажы душам, што з гэтай крыніцы міласэрнасці [7] душы чэрпаюць ласкі толькі начыннем даверу. Калі іх давер будзе вялікі, Маёй шчодрасці не будзе межаў. Струмені Маёй ласкі заліваюць пакорныя душы. Ганарлівыя — заўсёды ў бядзе і ўбостве, бо Мая ласка адварочваецца ад іх да пакорных душаў» (Дз. 1602).

Абмыцца Крывёю Хрыста

Знакаміты спаведнік святы Ян Марыя Віянэй вучыў, што для прыняцця сакрамэнту паяднання патрэбны тры ўмовы: вера, якая дазваляе адкрыць Бога, прысутнага ў святары; надзея, якая дазваляе верыць, што менавіта Бог удзяляе ласку прабачэння; любоў, якая заклікае любіць Бога і шкадаваць, што мы Яго абразілі. Святы дадае, што ў той момант, калі святар удзяляе адпушчэнне грахоў, трэба думаць толькі пра тое, што кроў добрага Бога сцякае ў нашую душу, каб яе абмыць, ачысціць і нанова ўчыніць такою ж прыгожаю, як пасля хросту.

Вызнаванне грахоў перад святаром – гэта асабістая, далікатная і нават інтымная рэчаіснасць, і многім вернікам, незалежна ад узросту, складана спавядацца. Магчыма, што прычына ў слабой веры або занадта побытавым падыходзе да гэтай таямніцы, што ў сваю чаргу вядзе да пачуцця сораму, страху ці неразумення сэнсу споведзі, а не да радасці ад сустрэчы з Любоўю.

Паставіць Бога ў цэнтр

Празмернае акцэнтаванне чалавечага фактару ў сакрамэнце споведзі вядзе да замены месцамі Бога і чалавека. У такім стане вернік ставіць у цэнтр свайго жыцця не Бога, а сябе самога, у нейкім сэнсе сам займае месца Бога. Падобная сітуацыя ўзнікае не толькі падчас споведзі, яна закранае шмат іншых вымярэнняў нашага жыцця. Згадаем пра сучасных бажкоў, якія насамрэч знявольваюць чалавека, адбіраючы ў яго час, годнасць і нават матэрыяльны дабрабыт. Сучасныя дасягненні, такія як камп’ютар, інтэрнэт, смартфон, тэлевізар, дапамагаюць чалавеку ў яго дзейнасці, аднак толькі тады, калі карыстацца імі ра­зумна, як прыладаю. У іншым выпадку ўзнікае залежнасць ад іх, якая ў сваю чаргу вядзе да адварочвання ад Бога і бліжняга. Можна сказаць, што сёння гэтыя прылады становяцца свайго роду рэлігійнымі сімваламі, а чалавек аддае ім увагу, належную самому Богу. Дастаткова ўзгадаць празмернае імкненне набываць апошнія мадэлі вядомых марак, каб пахваліцца перад іншымі. Раней чалавек дбаў, каб вызначыцца найперш сваімі паводзінамі, веравызнаннем, светапоглядам, а сёння яго вартасць усё часцей падкрэсліваюць матэрыяльныя даброты.

Споведзь з грахоў супраць 1-й запаведзі

Першая запаведзь — «Не май іншых багоў, апроч Мяне», — ахоўвае належнае месца Бога ў жыцці чалавека.

Парушае яе той, хто:

  • адкідае Бога, пазбягаючы споведзі, і трывае ў смяротным граху;
  • дзёрзка грашыць, мяркуючы, што Бог і так прабачыць;
  • прымае святыя сакрамэнты ў стане смяротнага граху (святатацтва);
  • верыць у варажбу, забабоны ці гараскопы;
  • падвяргае небяспецы сваю веру праз грахоўныя сустрэчы, знаёмствы, літаратуру, праграмы ці інтэрнэт-старонкі;
  • не мае часу для Бога, не моліцца або моліцца абыякава, каб толькі споўніць абавязак;
  • не дбае пра развіццё веры, напрыклад, праз чытанне Святога Пісання, рэлігійных кніг і часопісаў, слуханне рэлігійных радыё ці тэлеперадач, прагляд каталіцкіх інтэрнэт-старонак;
  • паддаецца роспачы і адчаю.

Сучасныя бажкі – гэта таксама алкаголь, пагоня за грашыма, распуста, якія часта вядуць да граху і закрываюць дзеянне Бога. Пан Езус прадбачыў, што чалавеку будзе складана не гра­шыць, таму ўстанавіў сакрамэнт пакаяння і паяднання і даручыў апосталам паслугу яднання дзеля апраўдання і ўзмацнення людзей на дарозе асвячэння. Сакрамэнт пакаяння і паяднання – гэта сапраўдны цуд Божай міласэрнасці, які аднаўляе вернікаў ва ўсёй паўнаце. Дзеля плённай сустрэчы з міласэрным Богам неабходна таксама маліцца аб ласцы добрай споведзі. Далучаюся да гэтай малітвы як за сябе, так і за чытачоў гэтага разважання.


Айцец Аркадзь Куляха OCD
 духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі
імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў
у ордэн кармэлітаў босых.
Семінарыю пры ордэне скончыў у Кракаве,
дзе ў 1993 г.
атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Гудагаі і Нарачы.
Абараніў ліцэнцыят па маральнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла