Заўжды ў кантакце: праблема залежнасці ад сацыяльных сетак

Вядома, малюнкі, якія вы бачыце, — гэта толькі жарт, спроба ўявіць, як маглі б выглядаць евангельскія падзеі ў нашыя дні. І сапраўды, сёння немагчыма ўявіць сацыяльнае жыццё асобы без сацыяльных сетак. Паводле дадзеных на верасень 2017 г., Facebook налічваў ужо 2 мільярды актыўных карыстальнікаў, якія заходзілі ў свой акаўнт прынамсі раз на месяц, Youtube — 1,5 мільярды, Instagram — 700 мільёнаў, Twitter — 328 мільёнаў.


Так, сацсеткі зрабілі немагчымыя раней рэчы цалкам рэальнымі. Знайсці прыяцеляў дзяцінства, якія цяпер жывуць у Аўстраліі, размаўляць з сябрамі і роднымі на другім канцы свету, не баючыся патраціць на размову ўвесь свой заробак, знаходзіць патрэбную і цікавую інфармацыю і сапраўды блізкіх па духу людзей, дзяліцца прыгожымі фотаздымкамі і важнымі падзе­ямі, расказаць пра цікавыя мерапрыемствы, кнігі і кіно, урэшце не быць у адзіноце, калі вельмі патрэбная кампанія, а выйсці з дому немагчыма… 

Я асабіста вельмі ўдзячная вынаходнікам і распрацоўшчыкам за знаёмствы з вельмі дарагімі мне людзьмі, за магчымасць атрымліваць навіны з усяго свету і ведаць, як жывуць мае сваякі за мяжою, практыкаваць замежныя мовы не толькі паводле артыкулаў у СМІ і гэтак далей.

Адны толькі плюсы? Хацелася б, але не. У сучасную псіхалогію, напрыклад, увайшлі паняцці «кібер-булінг» і «фэйсбук-дэпрэсія» (зразумела, гэта тычыцца не толькі названай сацсеткі). Паводле даследаванняў, з 1500 апытаных карыстальнікаў Facebook  і Twitter  62% пастаянна адчува­юць уласную непаўнавартасць, а 60% — зайздрасць ад параўнання сябе з іншымі юзерамі.

Можна з поўнай упэўненасцю гаварыць пра сур’ёзную небяспеку залежнасці ад сацыяльных сетак, залежнасці, блізкай па цяжкасці да хімічнай, як алкаголь і наркотыкі, бо яна цесна звязаная з узроўнем у крыві дафаміну, гармона задавальнення і ўпэўненасці. Залежнасць ад сацсетак (або інтэрнэт-залежнасць у цэлым) мае ўсе прыкметы іншых залежнасцяў: занядбанне рэальнага асабістага жыцця, эскапізм, моцны ўплыў на настрой і самаадчуванне, нежаданне думаць пра нешта іншае, цяжкі сіндром адмены… Сацсеткі не даюць нам перажываць імгненнае шчасце ад простых рэчаў, мы прызвычайваемся да падзеяў, у рэшце рэшт мы пачынаем хутка прагортваць уласнае жыццё, як стужку навінаў на смартфоне, нічога не перажываючы напоўніцу.

Варта адзначыць, што людзі, якія выкарыстоўваюць сацсеткі паводле іх прамога прызначэння — як хуткі і зручны сродак сувязі, не перажываюць гэтага негатыўнага ўплыву і не становяцца залежнымі ад іх. Небяспека ўзнікае тады, калі яны выкарыстоўваюцца дзеля дасягнення эмацыйнага пад’ёму — як найлепшы спосаб падбадзёрыць сябе, узняць настрой, а таксама як спосаб сцвердзіць сябе, умацаваць сваю пазіцыю і стварыць вобраз паспяховага чалавека, здабыць папулярнасць — карацей кажучы, калі сацсеткі выклікаюць зайздрасць. Усё гэта ў сваю чаргу і вядзе да дэпрэсіі.

Неабходна памятаць: сацсеткі не з’яўляюцца праўдзівым адбіткам рэальнасці! Тое, што мы бачым у стужцы навінаў, найчасцей малюе аднабаковую і гратэскавую рэчаіснасць. Гэта не толькі рэчаіснасць «ружовых акуляраў», справа больш сур’ёзная. Нягледзячы на ілюзію сацыяльнай папулярнасці, актыў­насць у сацсетках размывае і нават зні­шчае рэальныя сувязі з людзьмі. Больш інтэрнэт-сяброў не можа зрабіць нас больш таварыскімі, а віртуальная камунікацыя не мае такога тэрапеўтычнага эфекту для чалавека, як рэальная сустрэча з сябрам, магчымасць выгаварыцца або проста пабыць побач, абняцца. У адрозненне ад іншых індывідуальных заняткаў, якія не выклікаюць у чалавека пачуцця ізаляванасці, сацсеткі змушаюць вастрэй адчуваць уласную адзіноту. Шукаючы ратунку, людзі больш часу праводзяць у сацсетках, але, парадаксальна, гэта толькі пагаршае ў іх адчуванне адзіноты (нават калі яно і не адпавядае рэальнасці).

Сацсеткі правакуюць нас параўноўваць сябе з іншымі лю­дзьмі і весці жыццё «на публіку». Здаецца, што ўсе жывуць цікавей, чым ты, і ты сам імкнешся паказаць сваё жыццё лепшым, чым яно ёсць, замест таго, каб рэальна змяняць яго да лепшага. Ізноў зайздрасць, ізноў дэпрэсіўны стан і адчуванне адзіноты…

Я зусім не хачу сказаць, што сацсеткі — гэта дрэнна, гэтак жа, як само па сабе не можа быць дрэнным віно або прапісаны доктарам моцны абязбольваючы сродак, а зусім наадварот. Справа ў тым, як імі карыстацца.
К. С. Льюіс некалі сказаў пра любоў, што яна становіцца дэманам, як толькі становіцца для нас богам. Гэта датычыць не толькі любові: усё, што мы ўчыняем уласным бажком замест жывога сапраўднага Бога, адразу ператвараецца ў нашых дэманаў. Сацыяльная актыўнасць абарочваецца адкінутасцю і ізаляцыяй, віртуальнае знішчае рэальнае.

Паспрабуйце даць самім сабе шчыры адказ, згаджаючыся або не згаджаючыся з наступнымі сцвярджэннямі:

  • Часта, як толькі ў мяне з’яўляецца вольная хвілінка, я правяраю, колькі паведамленняў мне прыйшло, колькі новых лайкаў з’явілася, або проста гартаю стужку навінаў.
  • Заходзячы ў кавярню, я найперш правяраю, ці ёсць у ёй вай-фай.
  • Кожны дзень я абавязкова пошчу прынамсі 2–3 фота ў інстаграм або раблю некалькі допісаў і перапостаў у сацсетках.
  • Я даўно не чытаў (-ла) сапраўднай кнігі і заўважаю, што мне цяжка засяродзіцца, каб прачытаць доўгі тэкст.
  • Я даволі часта прашу парады на сваёй старонцы ў сацсетцы, напрыклад, калі з’яўляюцца сімптомы нейкай хваробы, магу найперш апісаць іх там і спытаць у фрэндаў, што мне рабіць.
  • Мне вельмі крыўдна, калі мой пост або фота атрымлівае мала лайкаў, асабліва, калі яго ігнаруюць мае найбліжэйшыя сябры.
  • Здаралася нават, што мы сварыліся з гэтай прычыны.
  • Часта, жадаючы пасябра­ваць з некім у сацсетках, я саромеюся адразу прапанаваць сяброўства, а найперш лайкаю як мага больш пастоў і фота­здымкаў, каб прыцягнуць увагу гэтай асобы.
  • Мы вельмі даўно бачыліся з некаторымі блізкімі мне людзьмі, хоць і жывём у адным горадзе (мястэчку, вёсцы). Найчасцей мы перапісваемся ў сацсетках, я і так амаль усё ведаю пра іх жыццё, гэтага цалкам дастаткова. 
  • Я магу гадзіну і больш выбіраць і рэдагаваць фота для сацсеткі, магу зрабіць некалькі дзясяткаў здымкаў, каб выбраць адзін. Я ніколі не адзначаю сябе на чужых фота, калі я недастаткова сабе падабаюся на іх, а магу наогул папрасіць іх выдаліць.
  • Не маючы доступу да інтэрнэту, я даволі хутка, ужо праз гадзіну-дзве, пачынаю нервавацца. А калі я цэлы дзень не магу праверыць свае акаўнты, то настрой псуецца надоўга.

Калі вы згадзіліся прынамсі з паловаю гэтых сцвярджэнняў, варта сур’ёзна задумацца і пераасэнсаваць сваё стаўленне да віртуальнага жыцця, а таксама нагадаць сабе, што гэта — не рэальнасць: сацсеткі не вызначаюць вас і іншых людзей як асобаў, і жыццё хрысціяніна не павінна засяроджвацца на іх.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла