Сведчанне актыўнага карыстальніка

Я — актыўны карыстальнік інтэрнэту з 2003 года, адзін з першых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі «Вконтакте» (сярод першых 100 тысяч зарэгістраваных акаўнтаў). Я зарэгістраваны ў 13-ці сацыяльных сетках і на мностве форумаў (хоць ужо даўно не карыстаюся некаторымі акаўнтамі). Вялікая частка майго грамадскага і сацыяльнага жыцця звязаная з інтэрнэтам, там завязалася шмат вельмі важных для мяне знаёмстваў.


Спачатку інтэрнэтам і сацсеткамі ў прыватнасці карысталася няшмат маіх рэальных сяброў, а пасля народ уцягнуўся ў гэта і кола рэальнай камунікацыі перамясцілася ў віртуальныя сеткі. З’явілася і новае кола знаёмстваў і сяброўстваў, калі сацсеткі пачалі набываць папулярнасць, пашырыліся магчымасці — можна абменьвацца імгненнымі паведамленнямі, дзяліцца спасылкамі, фотаздымкамі, музыкай, відэаролікамі… Крытычны момант залежнасці ад сацыяльных сетак — гэта калі ты, рыхтуючы пост, ужо прадчуваеш, якое задавальненне атрымаеш ад рэакцыі на яго, дзелішся допісам або здымкам і чакаеш каментарыяў і лайкаў, бо кожнае пастаўленае «сэрцайка» — імгненнае задавальненне і выкід дафаміну. Здаралася, што я цэлыя вечары праседжваў каля камп’ютара, абнаўляючы старонку і чакаючы, пакуль мне нешта напішуць, пракаменту­юць, лайкнуць.

Сацыяльныя сеткі падмяняюць сабою рэальную камунікацыю,
і губляецца сам навык камунікавання.
Я заўважыў, што прывык і ў жыцці размаўляць кароткімі фразамі,
нібы ў інтэрнэт-перапісцы.

Страчваецца здольнасць весці доўгі змястоўны дыялог, гутарка проста развальваецца на часткі. Здараецца, што, размаўляючы, я паралельна пачынаю адчыняць розныя інтэрнэт-спасылкі, без асаблівага сэнсу, проста аўтаматычна. На днях я быў у гасцях у сяброў, гутарка неяк не клеілася, і я пачаў несвядома гартаць стужку ў смартфоне. Гаспадыня дома сказала: «Сапраўды, раней стараліся, каб у доме быў вай-фай, а цяпер час ставіць інтэрнэт-глушылку…»

Наогул, я адчуваю ўпадак сілаў ад доўгага сядзення ў інтэрнэце. З’явілася звычка «спажываць» вялікую колькасць непатрэбнай інфармацыі; едзеш некуды і пачынаеш гартаць стужку: Facebook, сайт з цытатамі, прыколамі. Можна было б разгар­нуць кнігу, але кніга не прыносіць адразу столькі лёгкага «корму», у яе трэба ўдумвацца. А ў выніку — толькі стомленасць, як ад пустой размовы.

Жыццё нібы праходзіць міма, здаецца, іншыя людзі нешта робяць,
нечага дасягаюць, а ў цябе не хапае сілаў
на нечым усур’ёз засяродзіцца,
давесці справу да канца.

Вядома, бываюць і горшыя выпадкі, калі людзі завісаюць у онлайн-гульнях і гэтак далей, але я і цяпер шмат часу праводжу, гледзячы ў экран тэлефона. Калі ў жыцці мала сэнсу, сацсеткі забаўляюць, дзейнічаюць, як анэстэзія. Памятаю, калі ў дзяцінстве мне было адзінока, я сядаў чытаць. Гэта было і больш карысна і, па сутнасці, калі ёсць больш «чыстыя» крыніцы інфармацыі, як кнігі, час ідзе цікавей. Як толькі з’яўляецца прыстаўка або камп’ютар, якія не патрабуюць вялікіх інтэлектуальных высілкаў, ты выбіраеш іх, і пачынаецца дэградацыя. Так, я стаў добра разбірацца ў камп’ютарах, але не ганаруся гэтым. Гэта не параўнаць з тым, як быць доктарам або перакладчыкам, ёсць тысячы маладых людзей, якія ўмеюць тое ж, што і я, проста таму, што праводзяць за камп’ютарам больш часу, і гэта ніякая не заслуга.  

Аднойчы мне надакучыла гэтая залежнасць ад сацсетак, і я выдаліў усіх віртуальных сяброў. Ведаеце… гэта была такая свабода! Я літаральна адчуў, як маю свядомасць больш не звязва­юць гэтыя лічбавыя «вяровачкі», нібы Нэо, які толькі вырваўся з матрыцы і выйшаў у рэальны свет. Пасля я ўсё ж вярнуўся ў сацсеткі, завёў новыя знаёмствы і аднавіў некаторыя старыя, але абмяжоўваю колькасць падпісак на старонкі і інтэрнэт-сяброўстваў, у падарожжах імкнуся наогул адмовіцца ад сацсетак. Наогул, файна выйсці на вуліцу з тэлефонам, які прымае толькі званкі, без бясконцых інтэрнэт-апавяшчэнняў. Цяпер, дзякуючы сваім блізкім людзям, я залежу менш, але ўсё адно залежу і не ведаю, ці маю сілы самастойна з гэтым справіцца.


Генадзь М.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла