Бездараж

Апавяданне Ірыны Жарнасек


— Ці можа быць што горшае ад снегу з дажджом? — маркотна запытаў Андрэй, узіраючыся на дарогу праз лабавое шкло.

 Ці то ў самога сябе пытаў, ці то ў іх, Алены з Васільком, якія ад таго моманту, як селі ў машыну на задняе сядзенне, так і не падавалі голасу. Алена на мужава пытанне адно ўздыхнула. А што тут скажаш? Непагадзь.

— Добры гаспадар у такое на­двор’е… — зноў прабурчэў Андрэй, і Алена зноў перамоўчала, адно мацней прытуліла Васілька. 

Вядома, не для паездак гэткі дзень, а толькі што ж рабіць, калі вось гэтак усё выходзіць? Як толькі ім у дарогу, так і ўсчалася непагадзь. Мінулы раз выпраўляліся ў гэтую ж дарогу — машына сапсавалася. Адно і радасці было, што недалёка ад Глыбокага ад’ехаліся. А сёння во машына нібы спраўная, дык спачатку дождж заліваў шыбы, а цяпер яны ўперамежку са снегам шчыруюць. І як на тое — гэтыя віскатлівыя «дворнікі» па шкле прарэзліва так, са свістам скрыгочуць… Васілёк задзёр галаву і, звёўшы да пераносся бровы, знізу ўверх неяк надта пільна паглядзеў на Алену.

— Што, мой харошы? — прытуліла яна сына. — Што, маё сонейка? Вось заедзем з табой, мая ластавачка, да доктара, а доктар нам і дапаможа. І будзем мы з Васільком здаровенькія!

— Каб жа дапамог той… гм… доктар, — буркнуў пад нос Андрэй, і ў ягоным голасе Алена не пачула той надзеі, якая так патрэбная была цяпер. Яна нізка схілілася да сына, прыціснула ягоную галоўку да вуснаў і ціха, але ўпарта, больш сама сабе, чым камусьці, прашаптала:

— Абавязкова дапаможа, абавязкова.

Андрэй змоўчаў. Але па тым, як рэзка таргануліся ягоныя плечы, Алена адчула мужаву нязгоду. Нязгоду і ўпартасць. Яны, мужчыны, хіба што, усе такія — упартыя, з жанкамі ня­згодныя. Ды калі б гэта тычылася яе самой, ці ж бы Алена настойвала любым коштам? Але гэта патрэбна Васільку! А дзеля яго Алена гатовая хоць на край свету, немаведама ў якую бездараж — ці то на машыне, ці то  пешкі… Толькі б знайсці які паратунак. Дык во і кідаюцца яны па свеце — шукаюць таго паратунку. А хто ж, калі не яны?! Зноў прытуліла Васількову галоўку да сасмяглых вуснаў, шапнула: 

— Усё, сынку, для цябе, усё для цябе.

На пад’ездзе да Лепеля неба крыху праяснела — хмары нібы рассунуліся і слабыя промні святла нібы пакрысе пачалі прабівацца на зямлю. Мінаючы возера, Алена загледзелася на ягоную шэрую воглую роўнядзь.

— Улетку тут прыгожа, — прамовіла мройліва.

— Улетку… — паныла азваўся Андрэй. — Вось улетку і рабілі б гэткія вандроўкі.

Нічога не адказала, толькі мацней прыціснула да сябе Васілька. Хіба ж магчыма чакаць таго лета ды бязрадна глядзець на сынаву нямогласць? На гэтую невыносную ціхасць, быццам ён не трохгадовы хлопчык, а старэнькі дзядулька. Яна нават не ведала, як назваць тое, што адбываецца з яе сынам. Дакладней, што не адбываецца. Бо для яе, здаецца, найбольшай радасцю было б, калі б Васілёк пачаў дурэць, сваволіць, нават калі б ён капрызіў, чагосьці патрабаваў. Але гэткая ціхасць?!. Невыносна! Як жа будзеш тут чакаць? Добра яшчэ, што спагадныя людзі падказалі адрас бабкі, якая жыве недзе тут, за Лепелем. Яна, кажуць, вельмі шмат каму дапамагла. А калі дапамагла шмат каму, то дапаможа і іхняму Васільку! Абавязкова дапаможа.

У яе думкі ўварваўся прарэзлівы тэлефонны званок. Колькі казала, каб Андрэй змяніў мелодыю свайго тэлефона, каб не гэтак нахабна ён гарлаў — не слухае. Упарты. Ох, які ўпарты!

— Алё! Алё! — крычаў Андрэй у тэлефон, і нарэшце яго пачулі, бо ён патлумачыў камусьці: — За рулём я! У дарозе, кажу! Ажно за Лепелем ужо, ага… Дык а скажы ты гэта маёй жонцы, яна ж калі што ўздумае… Ага… Сына вязем, ага! Падказаў ёй нехта новы адрас, дык і каламажымся. Алена? Побач. Чуе, а як жа! А няхай слухае, — засмяяўся, — упартая гэткая! 

Алена таксама ціха засмяялася: не, яе Андрэй нязлосны — хоць і без вялікай ахвоты, але ж паслухаўся во, узяў адгул ды едзе шукаць для Васілька паратунку. Не, добры ў яе муж, няма чаго Богу грашыць, добры.

— Алё! Дзе ты там?.. — крычаў зноў Андрэй. — Сувязь тут, каб на яе… ды знікае, кажу… Калі вернемся? А хто ж яго? Як вылечымся, — чмыхнуў і кпіна ў ягоным голасе зусім не спадабалася Алене. — Увечары, можа, вернемся, — зноў крыкнуў Андрэй. — Га? Што? Бліжэй? Тых, што бліжэй, яны ўжо ўсіх аб’ехалі, цяпер во за далёкіх узяліся. Ну а раптам? Хто ж тут што ведае? — Андрэеў голас памякчэў. — Усё ж хочацца спа­дзявацца… Што? На Бога? Ну дык, як кажуць, на Бога спадзявайся, але ж і сам варушыся. Што-што? А-а-а… Дык яно гэтак і ёсць, калі падумаць: Богу — свечка, а чорту — агарак. Гэтак яно во і выхо­дзіць. Ладна, у мяне паваротка тут. Паваротка, кажу, крутая. Будзь здаровы!

На павароце машыну раптам рэзка крутнула, і яна ў адно імгненне апынулася на стрэчнай дарожнай паласе. Алену з Васільком кінула так, што Алена балюча ўдарылася скроняй аб дзверцы. 

— А-ах! Куды цябе!.. Халер-ра… — Андрэй рэзка вывернуў руль, іх з Васільком зноў кінула, цяпер ужо яны паляцелі на Васількоў бок. Алена захінула сабой сына, ратуючы яго ад удару. Нарэшце Андрэй так-сяк вывеў машыну на правы бок дарогі, выцер узмак­рэлы лоб, азірнуўся:

— Як вы там? Жывыя?

Алена адно кіўнула, не могучы выціснуць з сябе ні слова ад сполаху. 

— Ну а ты, герой, як? — гукнуў Андрэй да сына і сам жа адказаў: — Адзін ты не спужаўся… Табе ўсё хоць бы што!

Ад шашы да хаты, што тулілася да шэрага хмызняку і над якой пахмурна навісала старая разлапістая яліна, давялося ісці пешкі — гэткая гразкая была дарога да той хаты. Ды й не дарога нібы, а дзве брудныя каляіны, якія зрабіў, мабыць, трактар. Андрэй нёс Васілька, выбіраў, куды на цвярдзейшае ставіць ногі. А гэтага цвярдзейшага было так мала, што Андрэевы ногі, мабыць, ужо цалкам прамоклі. Алена ж хоць у ботах, а Андрэй у чаравіках… Але ж не скардзіцца во. Калі ж яна скончыцца, гэтая дарога?

Андрэй раптам спыніўся і павярнуўся да Алены:

— Назад як пойдзем? Шарэць хутка пачне. Ні ліхтарыка з сабой, ні… Гэткая бездараж!

— Неяк дойдзем, — ціха прамовіла Алена, папраўляючы на Васільку чырвоную, з белым усмешлівым зайцам, шапку, што з’ехала яму набакір.

І яны зноў паволі мясілі рудую, слізкую гліну — набліжаліся да некалі пафарбаванай у жоўты колер хаты, якая цяпер, аблезлая ды мокрая, была больш падобная да гэтай гразкай дарогі. Ім напярэймы выбег і забрахаў чорны калматы сабака. Яны прыпыніліся, чакаючы, калі на ягоны брэх хто выйдзе з хаты. Ды ніхто не з’яўляўся, і Андрэй пачаў сам угаворваць сабаку:

— А гэткі ж ты ўжо асэсар! Не злуйся, мы — добрыя людзі. 

Сабака аціх, але як толькі «добрыя людзі» крануліся ісці, зноўку заліўся грозным брэхам. Нарэшце дзверы ганку расчыніліся і хрыплы, прастуджаны голас гукнуў:

— Рэкс! Чаго цябе там забіра­іць? Марш у будку!

Сабака яшчэ павурчэў, але ўсё ж пацёгся кудысьці за вугал, дзе, мабыць, была тая будка.

— Добры дзень, — павітаўся Андрэй.

Кабета ў шэрай хусце, рудой старасвецкай плюшаўцы, падпярэзанай мужчынскім рэменем, адно махнула рукой і, прыгнуўшыся, пасунулася ў хату. Андрэй зірнуў на Алену. Тая таўханула яго ўбок:

— Ідзі ўжо.

Пайшлі. На парозе іх сустрэла пытанне:

— Чаго пазнюрамі ездзіце? Кажу ж, па захадзе сонца я не прымаю. 

Андрэй моўчкі паставіў Васілька на падлогу, Алена пачала расшпіляць на ім палітончык. У прыцемку хаты і сапраўды выглядала ўжо на вечар. 

— Дык а да захаду яшчэ цэлая гадзіна. Цяпер толькі тры. Якраз гадзіна міласэрнасці! — апраўдвалася Алена. — Здалёк мы, ажно з-за Глыбокага, ды і дарога во гэткая нялёгкая.

Старая нічога не адказала, адно захінулася за посцілку пры печы і там закашлялася. Чутно было, як яна піла штосьці, бразгала посудам, плёхала вадой ды зноў доўга кашляла.

— Холадна ў вас, — паспачувала Алена, азіраючыся, — ажно пара ідзе клубамі. Можа печку затапіць? 

— Я сцюжы не баюся, — адказала старая, — гэта вы там у сваіх гарадах усяго баіцёся, а мы тут… Ні сцюжы, ні гарачыні…

Кабета не сказала, хто гэтыя «мы». Апроч яе, нікога ў хаце не чутно было. Алена перацепнула плячыма, азірнулася на Андрэя, але той адвёў позірк убок. Увесь яго выгляд нібы казаў: я тут збоку прыпёку, а таму й не цікава мне, каму тут холадна, а каму горача. 

Кабета прынесла старую вялізную кнігу, разгарнула яе на стале пры вакне ды павярнулася да Алены:

— Што, малец твой хворы?

— Ага ж, хворы, — кіўнула Алена. — Такі ён во ціхі, маўклівы…

— Ну гэтак, — перапыніла яе старая і схілілася над кнігай. 

Алена ўздыхнула:

— Можа ўключыць святло?

У адказ старая зноў закашлялася, выцерла даланёй рот, шмарганула рукой па плюшаўцы, потым выцягнула з кішэні анучку і доўга сморкалася. Алена прысела да Васілька, які так і стаяў на падлозе, безуважны да ўсяго, што адбывалася ў хаце. Абняла яго, прытуліла да сябе. Нарэшце старая суцішылася і вымавіла праз сілу:

— Пеўня твой малец спужаўся.

Алена ўскінула голаў:

— Якога пеўня? У нас няма курэй.

— А я адкуль ведаю, якога? — незадаволена прахрыпела старая. — Ці я пасвіла твайго дзіцёнка? Сама не ўгледзела, а той певень і напужаў мальца.

Андрэй нарэшце не вытрываў:

— Ды ён ад нараджэння гэткі! Пры чым нейкі певень?

Старая закерхалася, у грудзях у яе штосьці клекатала ды віравала, нібы ў таго бусла, калі ён схопіць вялізную жабу ці вужа, а потым ускідвае голаў — не можа пракаўтнуць. Змаглася. Выцерла твар анучкай і зноў схілілася да кніжкі. Алена павяла позіркам па сцяне. 

— Не шукай, што ўключыць, — апярэдзіла яе старая, — абрэзалі мне аглаеды электрыку. Да захаду сонца прыязджаць трэба! — і зноў сагнулася над кнігай: — Пеўня зарэж… 

— Лямпы таксама не маеце? — папытала Алена. — Ні свечкі? А-а… чаму вы свечку не паліце, калі моліцеся?

—А хто тут моліцца? — чмыхнуў Андрэй.

Старая выпрасталася — спадылба зірнула на Алену, потым на Андрэя. Алене здалося, што ім скажуць зараз штосьці страшнае, нядобрае, і яна ўся сціснулася, гатовая абараняцца. Што яна там вычытала ў сваёй кнізе? Але старая адно пажавала вуснамі і зноў успёрлася на стол — навісла над кнігай:

— Пеўня зарэж, — загадала тонам, якому не магло быць пярэчанняў, — не маеш свайго — зарэж суседчынага ці на базары купі. Але каб у пер’і быў. Каб увесь быў у пер’і! Сама рэж яго — нікога не прасі. Чуеш? Абскубеш і будзеш курыць пер’ем малога. Да захаду сонца рабі гэта. А вантробы ўсе збяры… 

Цяпер ужо закашляўся Андрэй. Алена азірнулася на яго, потым павярнулася да старой. Яна быццам нема пыталася штосьці то ў мужа, то ў гэтай дзіўнаватай жанчыны. 

— …вантробы збяры… — вяла сваё старая, — высушы іх і змялі на муку…

— Алена, пайшлі! — крыкнуў Андрэй, ды так гучна, што яна ажно злякнулася. Дзіўна, але ёй і самой ужо хацелася як найхутчэй пайсці адсюль. Выратаваў Васілёк: ён пераступіў з нагі на нагу і падаў Алене руку. Яна неяк разгублена, нясмела ўзяла яе, і Васілёк першы патупаў да дзвярэй — павёў за сабой маці. 

— Куды? — керханула старая. — Вады яшчэ во загавару — парашок без вады не памагаіць, — зрабіла націск на «іць», — адзін парашок не па-ма-гаіць! Ды на вакно вунь, каторае на ўсход, грошы, бацька, пакладзі. Не на гэтае, а на тое, што на ўсход! 

Андрэй палез у кішэню.

«Матка Боска па полі ішла, па полі ішла, траву рвала, траву рвала, за плячо кідала… За правым плячом зелянела пшаніца, за левым плячом журчэла крыніца… — голас старой сцішыўся і цяпер ужо чуліся толькі асобныя словы: — … пшаніцу збяру… у роў… у глухі… хмызам… попелам…». 

— Усё! Досыць! — Андрэй кінуў скамечыную паперчыну на акно і падхапіў Васілька на рукі: — Пайшлі, сын!

Алена не пярэчыла. 

—Забярыце ж ваду! — гугніла старая наўздагон ім. — Бутэлькі сваёй нат не ўзялі, багацеі гэткія! А ехалі па ваду! Вунь за які свет ехалі!

Андрэй ад парога павярнуўся і ўжо не сказаў, а выразна загадаў:

— Алена! Не смей нічога адгэтуль браць: ні вады, ні пеўня, ні ягонага пер’я, ні якой яшчэ трасцы! Не смей!

І выйшаў за дзверы. Алена дагнала яго:

— Іду ж я ўжо, іду-у… 

Да машыны прабіваліся моўчкі. Андрэй ступаў шырока і зусім не глядзеў пад ногі, не звяртаў увагі на тое, як чмякала ды адскоквала ад ягоных чаравікаў гразь. Ды і што можна ўбачыць, калі змрок спавіў ужо й дарогу? Нарэшце выйшлі. Паставіў Васілька на зямлю, сам палез у машыну — пачаў праграваць яе. Алена тым часам спусціла Васільку штонікі, прыгаворвала:

— Пасікай во… Палягчэе…

— Палягчэе, — бурчэў Андрэй. — Каб той певень ды… бацькам гэткім!.. Каб паразумнелі! Чапляемся да хлопца, як дурні да плоту! Ну во гэткі ён, гэткі —  не любіць зубашчэрыць! Чаму ўсе павінны рагатаць? Чаму ўсім трэба быць аднолькавымі?

Алена зашпіліла Васільку штонікі, азірнулася ў той бок, адкуль яны толькі што прыйшлі, але хаты ўжо не ўбачыла — змрок праглынуў і хату, і хмызы, і высозную яліну. Быццам і не было нічога. Падхапіла Васілька на рукі, пасадзіла ў машыну, сама села побач.

Машына кранулася з месца, выхопліваючы сваім жоўтым святлом дарогу з цемры, і дарога шпарка пабегла ім насустрач. 

Нейкі час ехалі моўчкі, потым Алена ўздыхнула:

— Андрэй… Ну, прабач ты мне…

Андрэй маўчаў.

— Так і будзеш дзьмуцца ўсю дарогу?

Муж і на гэта нічога не адказаў, ды Алена чамусьці падумала, што ён ужо, мабыць, адыходзіць, ужо менш злуецца на яе, бо ён жа ўсё разумее… 

— Ведаеш, — азірнуўся і перапыніў жончыны думкі Андрэй, — гэта мы ў яго, — хітнуў галавой на сына, — у Васілька, мусім прасіць прабачэння за такія штукарствы! 

Алена ўсхліпнула і моўчкі абняла сына.


Ірына Жарнасек

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла