Словы любові. З дзённіка несвятой…

Я звычайная, найзвычай-ней-ша-я. Часам мне здаецца, што я святая, а потым гляджу на сябе ў люстэрка — і святасць заканчваецца. Там, у адлюстраванні, бачу пражыты дзень. І што ў ім?..

11.12.2017 г.

23:13. Прыйшла з працы. Адчуваю на вуснах нейкую горыч. Звычайна камень вісіць на душы і, дарэчы, спадае адтуль у адпаведны час, а мне ён цісне ў патыліцу, нагадваючы пра сённяшнюю размову. Здавалася б, звычайная працоўная балбатня, але з надта непрыемным прысмакам граху. Колькі разоў я казала сабе — не ўлазь у абгаворы, не можаш высмейваць людзей. Але і жарт аказваецца смешным, і брыдоты пра чалавека — праўдаю. «Сапраўды, гэта ж праўда! Пра якія абгаворы ідзе гаворка?» — адразу ж хочацца сябе апраўдаць.

Як бы гэта ні гучала цынічна, але ў дадзеным выпадку пытанне Пілата «Што такое праўда?» гучыць больш дарэчна. Праўда — не я і не тое, як я лічу, і не тая рэчаіснасць, у якой функыянуе іншы чалавек. Праўда — Езус, Ён жа — дарога і жыццё, Ён жа — Любоў. І калі сказаная мною праўда не нясе любові, то што ж гэта за праўда?

Часам еду ў метро, гляджу на зусім незнаёмых мне людзей, тоўстых ці худых, панурых ці шчаслівых, з заклапочанымі ці абыякавымі тварамі, і намагаюся ўсёю сваёю існасцю ўвайсці ў Божую рэчаіснасць, дзе кожны з іх — мой брат і мая сястра. У нас жа адзін Айцец, Айцец Нябесны. Сёння, калі я вярталася дадому, думка гэтая пачала ва ўсёй гэтай маёй існасці свярбець: «Чаму ж ты, даражэнькая, не раскажаш Тату ўсю „праўду“ пра Яго няўдалых дзяцей?» Трэба было б яшчэ да гэтага дадаць: «Дзякую Табе, што я не такая, як мой калега, дзякуй, што я не паводжу сябе, як тая мая сястра…» А Татачка лю­біць кожнага з іх. Я гэтаму бязмерна радуюся. Я таксама бясконца шчаслівая, што Ён ведае мяне і адкрывае перада мною Праўду, якая мяне асвячае і ачышчае, але ніколі не асуджае. Ён вучыць мяне наследаваць Яго. 

Тады што ж прымушае мяне станавіцца драпежніцаю — абгрызаць, прытаіўшыся, косці майго брата і маёй сястры? Страх стаць «паршываю аўцою», якая «не ўдзельнічае ў жыцці калектыву, сям’і»? Добра, будзеш аўцою. З Пастырам. Цябе будзе пасвіць Праўда, і ты будзеш ведаць Яе голас. Голас гэты — Любоў. Тады ты, як Ён, ціхі і пакорны сэрцам, у кожным сваім бляянні будзеш мець любоў. Не прыкра салодкую, не дагаджаючую, не тую, што пазбягае канфліктаў, а тую, што пачынаецца з голасу Пана, твайго Стварыцеля і Збаўцы, у адказах на твае просьбы і пытанні: «Татачка, як мне сказаць майму пробашчу, што ён пастаянна блытае колеры арнатаў? Сказаць так, каб не абразіць яго і самой пазбегнуць пыхі…», «Дух Святы, укладзі ў мае вусны Твае словы, каб я магла правільна сказаць свайму дзіцяці, што парнаграфія — гэта зло. Без Тваёй дапамогі ён проста будзе стаяць з сіняю попай у куце … калі не на гаросе…»

Калі б гэты дзённік пісала святая, то ў гэтым моманце пачалася б малітва. А ў нас, несвятых, прынята спачатку самотна пабоўтацца ў сваіх грахах, а да Пана звярнуцца потым, яшчэ не цяпер.

Выключаю святло — і спаць.

 

12.12.2017 г.

22:11. Прыйшла з працы. Сёння я паспрабавала нічога не казаць. Нешта з гэтага нават атрымалася. Раніцаю я малілася словамі 141-га псальма: «Пастаў, Пане, варту на вуснах маіх і захавай браму маіх вуснаў». Але… ці ёсць розніца паміж «паставіць браму» і «зачыніць» яе? Вялікая розніца. Варта павінна перагароджваць шлях таму, хто ідзе са зброяю, «поўнаю смяротнай атруты» (Як 3, 8). Брама вуснаў маіх павінна быць адчыненая для слова любові. Вельмі лёгка (гэта лёгка!) перастаць абгаворваць іншых, але як жа цяжка не асудзіць тых, хто працягвае гэта рабіць! Маўчанне любові да аднаго павінна перайсці ў слова любові, якое выкрывае грэх…

02:08. Заснеш тут… Вось што я знайшла: «Таму, калі хтосьці будзе схіляць цябе да асуджэння каго-небудзь, скажы яму: я не магу сказаць нічога дрэннага пра яго; я баюся, што ён, можа, не такі. Ніколі не кажы дрэннага пра іншых, нават у думках, і тым больш — перад іншымі. Не наракай на яго і перад Богам. Калі даведаешся, што дрэнна аб ім адгукаюцца, абарані яго; скажы: гэта словы эмоцыяў, а не чалавека; гневу, а не сябра; раз’юшанасці, а не душы» (Ян Хрызастом).

Я ўжо ўявіла сабе, як заўтра на працы заяўлю: «Гэта словы раз’юшанасці, а не душы…» Вось тая прастора любові да брата, дзе павінна распачацца самая вялікая праца! Калі ў бачанні Пан сказаў Ананіі ісці да аслеплага Саўла, каб ускласці на яго рукі, Ананія адказаў Богу: «Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека…» «Ідзі, бо гэты чалавек — Маё выбранае начынне», — адказаў Езус. Маё выбранае начынне…

Мяне Бог таксама калісьці паклікаў да сябе... І, можа, я не столькі выбранае Ім начынне, колькі тая, каго Ён пасылае. Мая сястра, мая сяброўка, мой калега, бабуля ў махеравым берэце, з якой я суседнічаю на касцёльнай лаўцы — у першую чаргу ў іх я павінна бачыць майго брата і сястру, сына і дачку Таты. Гэта не проста словы пабожнасці, гэта Божая рэчаіснасць, у якой Ён запрашае мяне патануць усёю сваёю існасцю. Ён наставіў вакол мяне свае выбраныя начынні не як музейныя экспанаты, Ён давярае мне напаўняць іх, а ім — мяне. Мае бліжнія, у адрозненне ад святога Паўла, верагодна, не бачылі Езуса, прадказаўшага мой прыход. Тым лепш, я буду ўскладаць на іх рукі ў таемнасці — такою будзе мая малітва.

А слова… мой Бог дазваляе несвятой насіць у сваім целе і вуснах Яго святое слова, каб я дзялілася ім, любячы брата. А любоў — гэта праўда, Яго праўда, іншай няма. Любоў не заўсёды лагодная — часам праўда вострая і балючая, але ў ёй няма асуджэння… 

Здаецца, цяпер павінна пачацца малітва.

Выключаю святло…
+


Несвятая

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла