А мы смяёмся...

Віталік і Віка Грышкевічы — шчаслівыя маладыя сужэнцы, удзельнікі гурта «Рыбы», выхоўваюць сына Якуба і чакаюць другое дзіця. Яны ажаніліся досыць рана, ды і наогул для сучаснага свету іх сям’я «нестандартная», бо Грышкевічы знарок пасяліліся ў вёсцы, будуюць там дом і ставяцца да жыцця крыху прасцей, чым прывыкла да таго большасць людзей. Я вырашыла паразмаўляць са сваімі сябрамі і пачуць іх меркаванне пра многія няпростыя пытанні.


— Часам каханне прыходзіць, калі яго не чакаеш. А калі яно ўзнікла паміж вамі? Якую гісторыю вы будзеце расказваць дзецям?

Віталік: Мы з Вікаю пазнаёміліся на рэкалекцыях для падлеткаў, калі мне было 18, а ёй амаль 15. Не магу сказаць, што адразу ў яе закахаўся, хутчэй, выдзеліў з усіх і нават не па нейкіх якасцях — проста ў ёй было штосьці, што мне спадабалася. Пасля вяртання дадому я пазваніў ёй і прапанаваў замуж.

Віка: Канешне, я ўспрыняла гэта як жарт, бо Віталік умее добра пажартаваць. Наогул, мне здаецца, што мы звярнулі адно на аднаго ўвагу з-за пачуцця гумару.

Віталік: І пасля гэтага я 4 гады дабіваўся Вікі рознымі спосабамі. У гэтых адносінах я перажываў нават пэўны крызіс, бо не бачыў узаемнасці. Паступова мянялася акружэнне: я вучыўся ў Мінску, а яна — у Любліне. Я называю той перыяд часам барацьбы за Вікіна сэрца, як знешне, так і ўнутрана, бо я захоўваў вернасць свайму жаданню быць з ёю. У апошні год вучобы я падумаў, што трэба канчаткова вырашыць: быць з Вікаю ці не. Праўда, я кожны дзень маліўся Ружанец. Таму не магу сказаць, што рашэнне зрабіць прапанову было толькі маёй ідэяй: упэўнены, што менавіта Бог дапамог рашыцца на гэта.

Віка: Ды і сама прапанова была вельмі нечаканаю. Калі мы з Віталікам яшчэ сябравалі, то пра вернасць не дамаўляліся, але мне было прыемна, што чалавек пра мяне думае, добра да мяне ставіцца. Ён прыехаў у Люблін, пазваў кудысьці праехацца на машыне, і мы ехалі-ехалі, ужо нават за горадам былі, і тут ён спыняецца і просіць памаліцца з ім Ружанец, а я нічога не разумею. Мы сядзім на капоце, молімся, а потым ён дорыць мне спачатку кеды, а потым пярсцёнак — гэтак «прапанаваў» руку і нагу. Я разумела, што да мяне больш ніхто так добра не будзе ставіцца, ніхто так не будзе ка­хаць, таму я згадзілася. І ўжо пасля прапановы стала адкрываць у сабе глыбокую прывязанасць да Віталіка. Мне было яшчэ толькі 19, але я нічога не баялася побач з Віталікам і цяпер не баюся.

Віталік: І менавіта пасля прапановы змянілася ўсё: мы адчувалі вялізнае Божае благаслаўленне, рашэнні сталі прымацца лёгка, Віка вярнулася ў Беларусь, мы зладзілі заручыны — склалі адно адному абяцанні.

Віка: Гэта былі абяцанні чысціні і вернасці, а таксама мы аддалі свае сэрцы Богу, бо перад шлюбам ужо было вельмі цяжка стрымацца ад спакусы сексуальных адносінаў, а складзеныя абяцанні вельмі дапамаглі.

— А вы не задумваліся, што менавіта жаданне сексу магло стаць прычынаю вашага рашэння ажаніцца?

Віталік: Перад вяселлем мы з Вікаю вельмі перажывалі, каб секс ні ў якім разе не быў прычынаю шлюбу. А цяпер я ра­зумею, што, хутчэй за ўсё, на 90 працэнтаў так і было, але адначасова лічу, што гэта нармальна.

Віка: Так, гэта ж нармальна — жадаць чалавека цалкам, усяго і імкнуцца да гэтага. Мне таксама здаецца, што не трэба ставіцца да сексу як да нейкай ганебнай рэчы, нібыта гэта не сур’ёзная, нявартая прычына, каб рана ажаніцца. Вось пацярпіце, скончыце вучобу, заробіце грошай... А чаго цярпець, калі можна адразу пажаніцца, а потым разам і грошы зарабляць, і давучвацца?

Віталік: Тым больш, калі Бог благаслаўляе нас на сексуальнае жыццё, значыць Ён дапускае, што ў нас могуць быць дзеці, бо чалавечае жыццё пачынаецца менавіта ў выніку сексу. Важна таксама разумець, што секс у некаторай ступені — гэта намаганне, старанне ашчаслівіць сваю каханую і каханага.

— Сярод сучаснай хрысціянскай моладзі пануе перакананне, што ранні шлюб — гэта нешта несур’ёзнае, неабдуманае. Што б вы на гэта адказалі са свайго вопыту?

Віталік: Уяві сабе цэментны раствор. Калі змешваеш кампаненты раствору — пясок, цэмент і ваду,— сумесь спачатку вадкая, з ёю лёгка працаваць. З кожным днём раствор становіцца ўсё больш цвёрдым. У жыцці адбываецца штосьці падобнае. Калі я ўступаю ў дарослае жыццё, ува мне змешваюцца пэўныя «кампаненты»: асабістыя якасці, выбар прафесіі, інтарэсы, вобраз чалавека, якім я хацеў бы стаць, і іншае. Пакуль гэтыя «кампаненты» знаходзяцца яшчэ ў падатлівым стане, іх лёгка змяняць. Чым старэйшым я станаўлюся, тым больш угрунтоўваецца мой унутраны і знешні свет. Таму я за тое, каб ствараць сем’і яшчэ маладымі, калі яшчэ лёгка нешта змяняць у сабе.

Віка: Мне здаецца, што нават з практычнага пункту гледжання так будзе лягчэй абоім — працаваць над сабою, пазнаваць адно аднаго, прывыкаць. Мне здаецца, што вучыцца можна і будучы замужам, і фінансава пачынаць з нуля лепш разам, бо ўдваіх на­шмат лягчэй, чым аднаму, хаця гэта ўсё вельмі індывідуальна.

— Што самае галоўнае ў каханні паміж мужам і жонкаю?

Віталік: Думаю, што фізіялагічна амаль усе мужчыны падыходзяць усім жанчынам. Таксама і на душэўным ўзроўні ёсць шмат жанчынаў, з якімі мне было б камфортна жыць. А вось у духоўным плане Віку я бачу як тую, з якою Бог даў мне магчымасць тут, на зямлі, адчуць Нябеснае Валадарства. Калі я павянчаўся з Вікаю, калі аддаю сваё жыццё ёй, то ў гэтым пакліканні Бог хоча адарыць нас максімальна, наколькі гэта магчыма. Пры гэтым глыбіня адносінаў залежыць не ад характару чалавека, якому ты даручыў сябе, а ад тваіх адносінаў з Богам. Мне здаецца, што ў адносінах з Вікаю я гэта і перажываю — штосьці падобнае да Нябеснага Валадарства. Толькі ў Небе гэтае шчасце будзе ў разы памножаным.

Віка: Разважаючы пра каханне ў шлюбе, я часта вяртаюся да словаў апостала Паўла, які сказаў, каб мужы любілі жонак, як сваё цела. Ведаеш, калі муж любіць жонку, як сваё цела, то вельмі лёгка падпарадкоўвацца яму ва ўсім. Чаму я адчуваю сябе бяспечна з Віталікам, чаму давяраю яму, чаму згаджаюся з яго рашэннямі? Таму што перажываю яго каханне і любоў да мяне як да свайго цела.

— А якія вы бачыце цяжкасці для сучасных сем’яў?

Віка: На жаль, кожны часта думае толькі пра сябе...

Віталік: Так, і я лічу, што гэта эгаізм. Многія кажуць, што лягчэй жыць аднаму, а гэта няправільна. Мы якраз і жэнімся для таго, каб нам было лягчэй жыць. Жонка — гэта першы памочнік, а не вораг. Паўнавартасна жыць — гэта імкнуцца зрабіць так, каб побач са мною людзі былі шчаслівымі. І найперш гэтым чалавекам з’яўляецца жонка. Калі я такі добранькі для ўсіх, а мая жонка плача па начах, то гэтая «дабрыня» — пустое.

І дзе­ці шчаслівыя, калі шчаслівыя іх бацькі. Таксама вялікая праблема — гэта існаванне нейкіх «няпісаных законаў» сямейных адносінаў, якія сядзяць глыбока ў нас і часта робяць толькі горш. Напрыклад, што менавіта жонка павінна мыць посуд, гатаваць, а муж — рыдлёўкаю грошы заграбаць. Бог не загадвае нам гэтак жыць. Трэба пагаварыць, высветліць, каму якую работу лягчэй рабіць, і раздзяліць абавязкі. Так, у нашай сям’і Віка займаецца хатняю гаспадаркаю, але толькі таму, што я будую дом, працую і проста фізічна не магу займацца праннем. А калі б не будаваў дом, то мыў бы і гатаваў.

— Як вашыя адносіны з Богам уплываюць на важныя рашэнні ў сям’і, на прыярытэты?

Віталік: Бог давярае мне многія рэчы, і я адчуваю, што Ён радуецца майму выбару. Бог дае мне сілы, Ён можа на мяне спа­дзявацца. Мы добра разумеем, што ў нашай сям’і першае месца займае Бог. Калі сутыкаемся з няпростымі пытаннямі: колькі дзяцей мець, дзе жыць, чым зарабляць грошы, то жывыя адносіны з Богам дапамагаюць глядзець на ўсё гэта мірна. Няма ў нас грошай — ну нічога, заўтра з’явяцца. Мы ж стараемся жыць так, каб не панікаваць, не баяцца. Калі Віка зацяжарыла хутка пасля вяселля, нам сталі казаць: вы такія маладыя, вам яшчэ рана дзяцей... І калі мы з вышэйшаю адукацыяй пераехалі са сталіцы жыць у вёску, увесь свет крычаў, што гэта ненармальна, што так ніхто не жыве, што трэба пажыць для сябе. А мы смяёмся з гэтага! Я ўдзячны Богу за такі дар, што мы можам смяяцца. Вядома, што страхаў яшчэ хапае. Напрыклад, Віка перажывала, што зацяжарыла другім дзіцём, калі яшчэ цалкам не акрыяла ад першых родаў. Я тым часам спяшаюся яе падтрымаць, бо сапраўды, калі Бог даў дзіця, то, па-першае, які ж вялізны Ён мае да нас давер, а па-другое, Ён — Творца ўсяго, у Яго руках маё жыццё, жыццё Вікі, жыццё кожнага нашага дзіцяці, то чаго тады перажываць? Такі давер да Бога дапамагае. Калі ты аддаешся Яму і не кантралюеш усё на свеце, то гэта проста кайфовае жыццё! Многія кажуць, нават нашыя сябры ў «Рыбах», што гэта пафігізм, а я лічу, што гэта не пафігізм — мы гэтак давяраем Богу.

Віка: Сутнасць жа ў тым, каб нават цяжкія моманты ў жыцці перажываць шчасліва, і цярпенне тады не цярпенне, і пасля ты бачыш вялікія плады гэтага даверу. Людзі мучаюцца, не ведаючы што рабіць. У іх страх, спрэчкі, сваркі, а мы не дазваляем гэтага сабе, таму што не бачым у сварках сэнсу, мы хочам быць шчаслівымі!

— Дзякуй, сябры, за гутарку! Думаю, важна як мага часцей казаць пра адносіны ў сучасных хрысціянскіх сем’ях, каб людзі больш давяралі Богу, а не сваім страхам...



Размаўляла Вольга Качалка
Фота з архіву Грышкевічаў

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла