Ян Павел ІІ пра Зыгмунта Лазінскага: «Я жыву пад моцным уражаннем ад гэтай гераічнай асобы»

6 лістапада 1974 года арцыбіскуп Караль Вайтыла, прысутны на прэзентацыі кніжкі ксяндза Пятра Нарушэвіча «Sigismondo Łoziński eroico testimone di fede incomodo a molti, ma caro al Signore», так назваў слугу Божага: велічны біскуп, герой, святы, духоўны асілак, ахвярнае жыццё якога непарыўна звязана з Касцёлам і Божым людам. А потым будучы Папа прызнаўся: «Я сам з юнацтва жыву пад моцным уражаннем ад гэтай гераічнай асобы».


Праз адзінаццаць гадоў, 1 ве­расня 1985 года, падчас прыватнай аўдыенцыі папа Ян Павел II даў сваё благаслаўленне на тое, каб у чалавека, дэлегаванага біскупам У. Ендрушуком, была магчымасць даследавання дакументаў, якія тады яшчэ не былі агульнадаступныя. Верагодна, што падчас той жа аўдыенцыі Святы Айцец настойваў на тым, каб справа беатыфікацыі біскупа Лазінскага была паскораная. Папа сказаў тады вельмі важныя словы: «Асоба слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага паспрыяла таму, што я канчаткова вырашыў пайсці шляхам свайго святарскага паклікання і пасту­піць у духоўную семінарыю»1. Караль Вайтыла зрабіў гэты выбар восенню 1942 года, у дзясятую гадавіну благаслаўлёнай смерці слугі Божага.

Пра сваю моцную духоўную повязь з біскупам Лазінскім папа Ян Павел II расказаў таксама біскупу У. Ендрушуку 18 кастрычніка 1987 года. Падчас прыватнай аўдыенцыі Святы Айцец згадзіўся на апублікаванне інфармацыі пра ўплыў асобы слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага на яго святарскае жыццё. Ян Павел II таксама дадаў, што гэта адна з прычынаў, па якой ён жадае паскарэння працэсу беатыфікацыі.

26 студзеня 1988 года біскуп У. Ендрушук напісаў айцу Міхалу Мехееку OCD, рэлатару Кангрэгацыі па кананізацыі святых: «17 снежня 1987 г. Святы Айцец прыняў мяне на асабістай аўдыенцыі. <…> Зразумела, ён пытаў мяне таксама пра тое, на якой стадыі знаходзіцца справа беатыфікацыі слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Я сказаў, што, здаецца, усё ідзе да шчаслівага заканчэння. Папа паўтарыў, што для яго істотна, каб беатыфікацыйны працэс меў поспех2.

На наступны дзень падчас вячэры Святы Айцец у прысутнасці некалькіх біскупаў сказаў незвычайна важныя словы:

„Мы ўсе разам чакаем паспяховага заканчэння беатыфікацыйнага працэсу, бо гэты чалавек заслугоўвае таго, каб быць узнесеным да хвалы алтара“»3.

15 сакавіка 1988 года віцэканцлер курыі Драгічынскай дыяцэзіі так напісаў у лісце да Галіны Тхужэўскай: «Святы Айцец Ян Павел II сказаў нашаму біскупу, што падчас свайго Пантыфікату ён хацеў бы ўзнесці слугу Божага да хвалы алтара. Яго жаданне выклікана як агульнакасцёльнымі, так і асабістымі прычынамі. Папа абавязаны слузе Божаму сваім святарскім пакліканнем. Гэтыя словы Святога Айца з’яўляюцца для ўсіх нас нагодаю для радасці і надзеі на глыбокую зацікаўленасць асобаю біскупа Зыгмунта Лазінскага»4.

Духоўная повязь Караля Вайтылы са слугою Божым была ўвасобленая ў алейным партрэце, напісаным Данутай Саўнар у 1986 годзе па замове біскупа У. Ендрушука. На ім — папа Ян Павел II сядзіць ва ўрачыстым строі ў глыбокай задумлівасці. У левай руцэ ён трымае, верагодна, вышэйузгаданую кніжку «Sigismondo Łoziński eroico tes­ti­mone di fede incomodo a molti, ma caro al Signore». Гэтая карціна-сімвал была змешчаная ў галоўнай зале духоўнай семінарыі ў Драгічыне, пэўна, у мэтах выхавання будучых святароў, бо гэта партрэт ахвярнага верніка, клапатлівага душпастыра і цудоўнага выхавацеля семінарыстаў.

Адкуль жа Караль Вайтыла, які ўсё сваё дзяцінства жыў у Вадавіцах, а з 1938 года ў Кракаве, даведаўся пра слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, які памёр у Пінску 26 сакавіка 1932 года? Каралю тады было 12 гадоў, таму адказаць можна толькі гіпатэтычна.

У Кракаве жыў і займаўся апостальствам былы святар Пінскай дыяцэзіі ксёндз Казімір Дабжыцкі (1900–1976 гг.), які 1 лістапада 1924 г. прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Пасля заканчэння вучобы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ксёндз Казімір па згодзе тагачаснага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Букрабы ўступіў у 1934 г. у ордэн айцоў паўлінаў і прыняў імя Зыгмунт.

Айцец Зыгмунт Дабжыцкі жыў у кракаўскім кляштары паўлінаў на Скалцы і выкладаў маральную тэалогію ў вышэйшай духоўнай семінарыі, з энтузіязмам распавядаючы ўсім пра асобу Зыгмунта Лазінскага. Для ўмацавання і павелічэння сваёй апостальскай дзейнасці ён заснаваў «Кола сяброў святой памяці біскупа Зыгмунта Лазінскага ў Кракаве».

Кола распаўсюджвала звесткі пра асобу слугі Божага праз радыёпраграмы, раздавала абразкі з выяваю біскупа Лазінскага і яго жыццяпісам, з малітваю аб яго хуткай беатыфікацыі, а таксама з інфармацыяй пра спецыяльныя ўрачыстасці, прысвечаныя наступным гадавінам смерці слугі Божага, якія арганізоўвалі ў касцёле святога Арханёла Міхала і біскупа на Скалцы Станіслава ці ў студэнцкім касцёле, так званым калегіяце святой Ганны.

На ўрачыстасць, прысвечаную гадавіне смерці слугі Божага, запрашаліся знакамітыя асобы. Напрыклад, у 1938 годзе біскуп Станіслаў Роспанд, генеральны вікарый Кракаўскай архідыяцэзіі і член Камісіі біскупаў па справах беатыфікацыі і кананізацыі, быў запрошаны цэлебраваць Імшу; ксёндз прэлат Ян Масны — прапаведаваць; прафесара Скачыласа запрасілі як лектара, а спяваў на ўрачыстасці хор тэалагічнага інстытута ксяндзоў салезіянаў.

Пасля святой Імшы пад пра­шэннем для Апостальскай Сталіцы ў справе беатыфікацыі слугі Божага збіралі подпісы. Пад прашэннем, падрыхтаваным у 1938 годзе, падпісаліся арцыбіскуп Мітрапаліт Кракаўскі Адам Стэфан Сапега, дапаможныя біскупы Станіслаў Роспанд і Міхал Гадлеўскі, а таксама шмат іншых святароў і вернікаў.

У шостую гадавіну благаслаўлёнай смерці біскупа Зыгмунта Лазінскага Караль Вайтыла, атрымаўшы пасведчанне аб паўналецці і прайшоўшы вайсковую службу, у жніўні ці ў верасні 1938 г. пераехаў са сваім татам у Кракаў. Маці і брат тады ўжо не жылі. Набліжаўся пачатак навучальнага года — 1938/39, і Караль Вайтыла стаў студэнтам філалагічнага факультэта Ягелонскага ўніверсітэта.

Вайтылы, пераехаўшы ў Кракаў, пачалі зносіны з ксяндзом прэлатам Янам Масным, сваяком з Вадавіцаў, душпастырам касцёла святой Анны. Караль часта наведваў гэты касцёл: прыходзіў на літургію, удзельнічаў у сустрэчах студэнцкага душпастырства, гасціў у ксяндза Яна, які пасля смерці бацькі (у 1941 г.) стаў для Караля адной з самых блізкіх асобаў. 

Верагодна, што сустрэчы вадавічанаў, дзейнасць айца Зыгмунта і «Кола сяброў…» сталі для Караля штуршком да таго, каб захапіцца асобаю біскупа Зыгмунта Лазінскага і ўсталяваць з ім духоўную повязь. Яе вынікам стала канчатковае рашэнне хлопца прыняць дар святарскага паклікання і паступіць у духоўную семінарыю.

Што ж магло так захапіць Караля ў харызме слугі Божага і стаць шляхам ласкі яго паклікання?

Аўтар публікацыі не знайшоў іншых крыніцаў, неабходных для больш поўнага адказу на гэтае пытанне. Вядома толькі, што біскуп Караль Вайтыла падпісаў два пастуляцыйныя лісты, напісаныя ў Апостальскую Сталіцу ў справе беатыфікацыйнага працэсу слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Адзін з лістоў ён падпісаў як дапаможны біскуп разам з Апостальскім Адміністратарам Кракаўскай архідыяцэзіі арцыбіскупам Яўгенам Базякам (7 лютага 1961 года), а другі — з членамі кракаўскага капітула, бо кананічна ён належаў да іх кола (3 снежня 1961 года). Аднак гэта былі афіцыйныя справы, выкананне якіх прадугледжана кананічным правам.

Глыбока духоўны адказ на пастаўленае пытанне быў дадзены, як нам здаецца, у кнізе «Дар і Таямніца» і належыць да духоўнага скарбу святога Яна Паўла II.

Гэты скарб ён апісаў пасля канклава ў развітальнай прамове да Кракаўскай архідыяцэзіі: «Адкуль я мог ведаць, што ўсе (гады, праведзеныя ў Кракаве) будуць рыхтаваць мяне да абавязку, які Хрыстус даверыў мне выконваць 16 кастрычніка 1978 г. у Сікстынскай капэле? Аднак з перспектывы гэтага дня я павінен яшчэ раз успомніць усіх, хто мяне падрыхтаваў да гэтага, нават не ведаючы пра тое <...>. Усё гэта я нашу ў сваім сэрцы і ў пэўным сэнсе бяру з сабою <...>. Гэта ўсё неяк разам са мною паклікана на Пасад святога Пятра. Гэта ўсё з’яўляецца нейкаю неад’емнаю часткаю маёй душы, майго вопыту, маёй веры і маёй любові»5.

Цяпер нам трэба прасіць святога Яна Паўла II, каб маліў Бога, якога ён сузірае тварам у твар, аб хуткім узнясенні да хвалы алтара біскупа Зыгмунта Лазінскага. Так святы зможа скончыць справу, якую насіў у сваім сэрцы ўсё зямное жыццё.


 Кс. Станіслаў Паўліна fDP,
былы кусташ грабніцы слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага
ў пінскай катэдральнай базыліцы

 

  1. Wicekanclerz Kurii w liście do Haliny Tchórzew­skiej. — Archiwum diecezji Drohiczyńskiej, VII/SA/3.
  2. Archiwum Diecezji Drohiczyńskiej, IV/Mir/2.
  3. Тамсама.
  4. Archiwum Diecezji Drohiczyńskiej, VII/SA/3.
  5. Pieronek T., Zawadzki R.M. Wprowadzenie. W: Karol Wojtyła jako Biskup krakowski. — Kraków, 1988. — S. 7.
 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла