Гэтая нялёгкая любоў

Цяжкія падлеткі. Пачуўшы гэтыя словы, мы найчасцей адразу напружваемся, насцярожваемся і адразу чакаем нейкай непрыемнасці для сябе. Найчасцей нам бачыцца хлапчына з цыгарэтай у зубах, пляшкай піва альбо і чаго мацнейшага. Ён, вядома ж, дрэнна вучыцца, у яго поўны набор усяго адмоўнага. Тое ж самае і з дзяўчынаю: паліць, размаляваная ва ўсе магчымыя колеры, з пірсінгам альбо татуіроўкай, альбо з адным і другім…


І вельмі часта гэтае ўяўленне спраўджваецца. На жаль. Але ці азначае гэта, што нам трэба адгароджвацца ад гэтых людзей, замыкацца ад іх у сваіх утульных, спакойных, добрапрыстойных дамах?

Санаторый у Браславе

У гэтым санаторыі для хворых на сухоты папраўляюць сваё здароўе старшакласнікі з Віцебшчыны. Дыягназы іх хваробаў у большасці не зусім адпавядаюць назве санаторыя, бо сюды прыязджаюць хлопцы і дзяўчаты з самымі рознымі адхіленнямі здароўя. А калі ўлічыць, што абсалютна здаровых дзяцей цяпер амаль няма, то нейкія праблемы могуць з’явіцца амаль у кожнага хлопца ці дзяўчыны. Вядома, захварэць можна і ў самай звычайнай сям’і, дзе бацькі пільна сочаць за здароўем сваіх дзяцей. Але ўсё ж, згадзіцеся, рызыка захворвання для дзяцей з гэтак званых праблемных сем’яў, якіх цяпер называюць яшчэ сацыяльна небяспечнымі, нашмат большая. Таму няма нічога дзіўнага, што значная частка жыхароў санаторыя паходзіць менавіта з няпоўных, праблемных сем’яў, альбо з сацыяльных прытулкаў, дзіцячых дамоў. Зразумела, што менавіта гэтыя падлеткі могуць ствараць у санаторыі складаныя сітуацыі.

Санаторый не пустуе ў кожную пару года, але крыўдаваць на яго прысутнасць у горадзе браслаўчанам не выпадае: тэрыторыя санаторыя агароджана, за падлеткамі пастаянна сочаць выхавацелі ды іншы персанал, і настаўнікі з браслаўскіх школаў праводзяць тут свае ўрокі.

Жыццёвыя гісторыі тых, хто тут бывае, найлепш ведаюць тыя, хто тут працуе. Часам гэта звычайныя гісторыі, у якіх ёсць месца дабру і любові, але часам яны вельмі балючыя. Бывае, што хлопец альбо дзяўчына прыязджаюць сюды з вялікімі душэўнымі ранамі, нанесенымі самымі блізкімі людзьмі. Бо калі падлетак, напрыклад, расце ў сям’і, якая «стаіць на ўліку», то з гэтага выцякаюць і ўсе наступствы. Чакаць ад яго, што ён будзе ветлівы, што будзе шанаваць законы грамадства і жыць па іх, не даводзіцца, хоць выключэнні, вядома, бываюць. Але гэта выключэнні. І гэта, як ні дзіўна, добра разумеюць самі падлеткі. Невыпадкова ж нядаўна яны, разважаючы пра дабро і зло, прыйшлі да высновы, што дабро нараджае новае дабро, а зло, адпаведна, – новае зло. Такая, на іх думку, уласцівасць дабра і зла.

Сястра эўхарыстка Ганна Мізавец казала мне нядаўна, як яе ўразіла гэтае глыбокае разважанне падлеткаў з санаторыя. А яны тлумачылі гэта вельмі проста: калі табе, напрыклад, зробіць нехта штосьці добрае, то ты ж абавязкова будзеш яму дзякаваць, а можа, і таксама захочаш зрабіць для таго чалавека штосьці прыемнае. І наадварот: калі чалавеку ўчыняць нейкую «падлянку», то наўрад ці захоча ён змоўчаць – разбушуецца… І народзіцца тады новая злосць, а то і помста…

Дабро здольнае множыцца

Кожную суботу а 10-й гадзіне адбываюцца сустрэчы сястры Ганны з падлеткамі. Кожную суботу сястра Ганна спяшаецца на тыя сустрэчы, старанна пад­рыхтаваная да новай размовы. Тэмы іх самыя розныя. Ці ўмеем мы будаваць адносіны з лю­дзь­мі? Як навучыцца выходзіць з канфліктных сітуацый? Што такое агрэсія і як яе перамагаць у сабе? Ці варта падтрымліваць зносіны з агрэсіўнымі людзьмі? Хто для мяне з’яўляецца аўтарытэтам?

Размовы адбываюцца ў клубе санаторыя. Падлеткі прыходзяць на іх разам з выхавацелямі.

Католікаў сярод падлеткаў звычайна бывае няшмат, але гэта зусім не перашкаджае размове, бо сястра Ганна ад самага пачатку не ставіць перад сабою задачы абавязкова прывесці юнака альбо дзяўчыну ў касцёл. Яна, як і яе папярэдніца – сястра Таццяна Гмыза, якая да нядаўняга часу, калі служыла ў Браславе, наведвалася ў санаторый, бачыць сваю задачу ў тым, каб сеяць у гэтыя зраненыя, змучаныя бязвер’ем душы зернейкі дабра, веры, любові. Проста сеяць. З надзеяй на тое, што некалі, магчыма, тыя пасевы прарастуць, а потым і закаласяцца. Адны – буйнымі каласамі, другія – меншымі. Магчыма, штосьці зусім не прарасце, а змарнее пад злоснымі залевамі ды сцюжамі. Але ж гэта не азначае, што мы не павінны сеяць! І гэтая сяўба часта адбываецца ў часе вось такіх агульных сустрэчаў.

На гэтых сустрэчах ніхто не чытае разумных лекцый: яны праходзяць у выглядзе нязмушанай гаворкі, часта ў форме нейкай гульні. А абмяркоўваюцца самыя розныя і вельмі нават важныя пытанні, тыя, якія хвалююць маладых людзей, нават калі яны самі пра гэта і не кажуць.

Вядома, не ўсе з іх ахвотна і адразу ўключаюцца ў размову. Некаторым для таго, каб пераадолець бар’ер недаверу і насцярожанасці, патрэбны пэўны час. Ды толькі іх, маўклівых, ніхто не змушае абавязкова выказвацца, удзельнічаць у гульнях, разгадваць прапанаваныя загадкі. Чалавеку часам патрэбны нейкі час, каб асвоіцца з новай абстаноўкай, паверыць у тых людзей, з якімі ты сустракаешся, перастаць падазраваць іх у няшчырасці. Для многіх з нас патрэбны час, каб растаяў лёд недаверу ў новых для нас абставінах, а што ўжо казаць пра падлеткаў...

Няпроста гэта – паверыць

Адна справа, калі дзіця падрастае ў сям’і, якая будуецца на ўзаемнай любові паміж маці і татам, бацькамі і дзецьмі. Весці гаворку пра Божую любоў з дзецьмі з такіх сем’яў найпрасцей. І зусім іншае, калі пачынаеш гаварыць пра Бога і Яго любоў з тымі, хто штодня чуе ў сваёй хаце абразы, лаянку — гру­басць. Для многіх з іх любоў можа раўняцца цішыні і спакою ў хаце, ды толькі гэтыя цішыня і спакой такія рэдкія…

Таму сустрэчы сясцёр эўхарыстак з жыхарамі санаторыя нельга назваць звычайнымі катэхетычнымі заняткамі. Сястра Ганна распавядае ім пра Божую любоў ненавязліва, каб не адштурхнуць сваіх суразмоўцаў. Але, абмяркоўваючы нейкую жыццёвую сітуацыю, яна прывядзе раптам прыклад з Бібліі. І тады на тую складаную жыццёвую сітуацыю можа зусім неспадзявана праліцца Божае святло...

А з некаторымі трэба часам пагутарыць асобна – і раз, і другі, і трэці. Пагутарыць, а пазней, ужо ў кляштары, памаліцца за гэтага чалавека, даверыць яго Таму, Хто можа змяніць ягонае сэрца…

Няпроста гэта – любіць

Прывязе часам нейкага хлапчыну альбо дзяўчыну сацыяльны педагог у санаторый і з палёгкай уздыхне: «Ну, хоць на нейкі час пазбавімся ад гэтага „ўрагану“». А «ўраган» той пачынае буяніць у санаторыі, бо такая ўжо ягоная пазіцыя – буяніць усюды, без выключэння. Ды праз колькі дзён убачыць, што ворагаў жа тут нібыта і няма… Але ўжо ёсць новыя знаёмыя, якія маюць у сваім багажы шмат такога, што і ён. Некаторыя з іх, магчыма, стануць пазней ягонымі сябрамі.

Мяне па-добраму здзівіла, калі і сястра Ганна, і выхавацелі санаторыя літаральна ў адзін голас казалі мне пра тое, якія гэтыя дзеці дружныя. Што яны ўмеюць сябраваць, не байкатуюць тых, хто асабліва не імкнецца ўжывацца з усімі, не наладжваюць ім разборак. Думаю, што тут ужо спрацоўвае тое добрае насенне, пасеянае ў душах гэтых хлопцаў і дзяўчат. Не, самі яны яшчэ і цяпер далёка не залатыя, але тое насенне, якое ўжо паціху пачынае «праклёўвацца», дае свае вынікі. Яны проста не могуць ужо выказваць адкрытую пагарду да іншага чалавека. А гэта ўжо плён, і не малы.

…Часам можна пачуць выраз: «Выйсці з зоны ўласнага камфорту». Гэта здараецца, калі трэба пакінуць свой утульны дом і пайсці туды, дзе той утульнасці і блізка няма, калі праз сілу прымусіш сябе схіліцца над тым чалавекам, які не выклікае ў цябе асаблівай павагі; калі прымусіш сябе падаць руку таму, хто табе не вельмі прыемны. Наш уласны камфорт – гэта неабавязкова багата забяспечанае матэрыяльнае жыццё. Наш камфорт можа быць даволі сціплым — ён можа быць проста ўтульным, ціхім, непрыкметным. І раптам яго пакінуць? Выйсці з яго? Дзеля чаго і каго?!

Магчыма, калі мы зможам адказаць сабе на гэтыя пытанні, нашае хрысціянства стане не сумнаватым мармытаннем бясконцых малітваў, а зайграе зусім нечаканымі фарбамі. Гэта, мабыць, адбудзецца толькі тады, калі мы прымем рашэнне любіць кожнага чалавека, якога Бог ставіць на нашым шляху. І асабліва тых, каго любіць цяжка. Любіць без выключэння. Як наказаў нам Той, Хто за такую любоў не завагаўся аддаць жыццё за нас, якіх любіць Яму было, напэўна ж, таксама вельмі няпроста...


Ірына Жарнасек

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла