Клайв Стэйплз Льюіс. Чатыры віды любові. Сяброўства

Сяброўства нараджаецца з кампаньёнства, калі двое або больш таварышаў заўважаюць, што разумеюць нешта аднолькава, маюць агульныя зацікаўленасці або нават густы, якіх іншыя людзі з імі не падзяляюць, і якія да гэтага моманту кожны лічыў толькі ўласным і адзіным у сваім родзе скарбам (або ярмом). Часта сяброўства пачынаецца з падобнай фразы: «Што? І ты таксама? Я думаў, што я адзін такі».


Можна ўявіць, што сярод старадаўніх паляўнічых і ваяроў з’яўляліся час ад часу (адзін на стагоддзе? адзін на тысячагоддзе?) тыя, хто бачыў нябачнае для іншых вачэй: што алень не толькі ядомы, але і прыгожы, паляванне — радасць, а не толькі неабходнасць; тыя, хто марыў, што багі могуць быць не толькі магутнымі, але і святымі. Але пакуль гэткія чулыя людзі паміралі, не знайшоўшы сабе роднасных душаў, мне здаецца, нічога з іх здольнасцяў не вынікала. Мастацтва, спорт, духоўныя пастулаты не маглі яшчэ нарадзіцца. Адбылося гэта толькі тады, калі двое падобных асобаў знаходзілі адзін аднаго, калі, або з невымернымі цяжкасцямі і малазразумелым мармытаннем або ў некалькіх словах і надзіва хутка, яны дзяліліся сваім светапоглядам, і менавіта тады нарадзілася сяброўства. <…>

Цяпер сяброўства ўзнікае гэтак жа. Зразумела, для нас гэты агульны занятак, з якога вынікае таварыства, а пасля і сяброўства, неабавязкова павінен азначаць фізічную актыўнасць, як паляванне або вайна. Аб’яднаць можа агульнае веравызнанне, вучоба, прафесія, нават агульныя забавы. Усе, хто дзеліць з намі гэтыя заняткі, — нашыя кампаньёны, але адзін або двое ці трое з іх, калі падзяляюць з намі яшчэ нешта, могуць стаць нам сябрамі.

У падобнай любові, па словах Эмерсана,
«Ты мяне любіш?» азначае «Ты бачыш гэтую самую праўду?»,
або прынамсі «Для цябе важная гэтая самая праўда?».

Чалавек, згодны з намі ў тым, што нейкае пытанне, малазначнае для іншых, для яго мае вялікае значэнне, і таму ён можа стаць нашым сябрам. Неабавязкова нават, каб адказ на гэтае пытанне для нас быў аднолькавы.

Заўважце, што сяброўства больш індывідуалізаванае і на менш сацыяльна значным узроўні паўтарае будову кампаньёнства, якое і было яго асноваю. Кампаньёнства ўзнікала паміж людзьмі, злучанымі агульнай дзейнасцю: паляваннем, вучобаю, маляваннем, ды чым заўгодна. Сябры таксама робяць нешта разам, але нешта больш індывідуальнае, не такое распаўсюджанае, займаюцца справаю, якую не так лёгка акрэсліць. Яны застаюцца паляўнічымі, але здабыча іх нематэрыяльная, яны супрацоўнічаюць, але праца іх, прынамсі цяпер, не мае значэння для свету, яны падарожнічаюць разам, але падарожжа іх незвычайнае. Мы малюем сабе закаханых тварам да твару, але сяброў — поруч, іх вочы глядзяць наперад.

Вартыя жалю людзі, якія проста «хочуць мець сяброў», бо яны ніколі не будуць іх мець. Самая галоўная ўмова сяброўства — гэта зацікаўленасць нечым іншым, апроч сяброў. Там, дзе на пытанне «Ты бачыш тую самую праўду?»  вам адкажуць «Не, я нічога не бачу, але праўда мяне не цікавіць, я проста хачу сябраваць», сяброўства не ўзнікне ніколі, хоць гэта можа і не пера­шкодзіць прыязна ставіцца адзін да аднаго.

У падобным выпадку сябраваць «няма пра што»,
а сяброўства абавязкова павінна быць «пра нешта»,
нават калі гэта проста захапленне
гульнёю ў даміно або белымі мышамі.
Тыя, у каго нічога няма, нічым не могуць падзяліцца,
тыя, хто нікуды не йдзе, не могуць знайсці сабе спадарожнікаў.

Калі ж два чалавекі, якія апынуліся разам на адным патаемным шляху, належаць да розных полаў, сяброўства, якое ўзнікае паміж імі, вельмі хутка, часам нават у першыя паўгадзіны, змяняецца каханнем. І наогул, калі яны не брыдкія адно аднаму ў фізічным плане, і калі адзін з іх ці абое ўжо не закаханыя ў некага іншага, можна ўпэўнена сказаць, што раней ці пазней гэтыя двое пакахаюць адно аднаго. І наадварот, закаханасць можа зрабіць людзей сябрамі. Але гэта зусім не сцірае межаў паміж двума відамі любові, а наадварот, робіць іх яшчэ больш выразнымі. Калі чалавек, які стаў спачатку ў самым глыбокім і поўным сэнсе слова вашым сябрам, пасля паступова або раптоўна ператварыўся ў каханую асобу, вы, напэўна ж, не захочаце дзяліць вашае каханне ні з кім іншым. Але без ценю рэўнасці падзеліцеся вашым сяброўствам. Нішто так не ўзба­гаціць каханне, як адкрыццё, што каханы або каханая могуць натуральным чынам, глыбока і шчыра ўвайсці ў кола вашых сяброў. Цудоўна адчуць, што вы ўдваіх не толькі з’яднаныя каханнем, а можаце ўтраіх, учацвярых або ўпяцёх быць спадарожнікамі ў адных прыгодах, падзяляць аднолькавы светапогляд.

Суіснаванне сяброўства і кахання можа дапамагчы нашым сучаснікам зразумець, што сяброўства — таксама любоў і мае такое ж вялікае значэнне, як каханне. Уявіце, што вам пашанцавала закахацца і ажаніцца з сяброўкаю або выйсці замуж за сябра. І ўявіце, што вы можаце выбраць два варыянты развіцця падзеяў: «Або вы абое перастанеце кахаць адно аднаго, але заўжды будзеце разам шукаць аднаго Бога, адну прыгажосць, адну праўду, або страціце ўсё гэта, затое на працягу жыцця застанецеся палкімі закаханымі, перажываючы ўсе захапленні, вабноты і жарсці кахання. Выбірайце». Якую долю мы выберам? Пра які выбар не пашкадуем? <...>

У коле сапраўдных сяброў кожны чалавек проста з’яўляецца самім сабою, выяўляе сябе толькі як асобу. Нікога не цікавіць яго сям’я, прафесія, становішча ў грамадстве, даход, нацыянальнасць або мінулае. Зразумела, што вы так ці інакш пра ўсё гэта даведаецеся. Але выпадкова. Гэтыя акалічнасці будуць патроху выяўляцца дзеля нейкага прыкладу або правядзення аналогіі, паслужаць прэамбулай для анекдота, але самі па сабе яны не маюць значэння. У гэтым каралеўская годнасць сяброўства.

Мы сустракаемся як валадары незалежных дзяржаваў,
за іх межамі, на нейтральнай тэрыторыі,
вольныя ад кантэксту ўласнага жыцця.

Гэты від любові па сутнасці не звяртае ніякай увагі не толькі на нашую цялеснасць, але і на тое, у што яна «загорнутая»: сям’ю, працу, мінулае і сувязі. Дома, будучы проста Пітэрам і Джэйн, мы маем яшчэ і сацыяльную ролю: мужа або жонкі, брата або сястры, кіраўніка, калегі, падначаленага. Але з сябрамі ўсё інакш. Сяброўства вызваляе і агаляе розум. У каханні агаляюцца целы, у сяброўстве — асобы.

У гэтым (зразумейце мяне правільна) заключаецца тонкая адвольнасць і безадказнасць гэтага віду любові. Я не абавязаны быць нічыім сябрам, і няма ў свеце чалавека, абавязанага быць маім. Ніякіх прэтэнзій, ні ценю неабходнасці. Сяброўства не з’яўляецца неабходным, таксама як філасофія, мастацтва і сам сусвет (у Бога не было неабходнасці ствараць яго). Яно не патрэбнае для жыцця, але гэта адна з тых рэчаў, без якіх не патрэбнае жыццё.

Кажучы пра сяброў, якія ста­яць побач, плячо да пляча, я падкрэсліў абавязковае адрозненне гэтай паставы ад паставы закаханых, якія ўяўляюцца нам тварам да твару. Я выкарыстаў гэтае параўнанне толькі каб паказаць адрозненне паміж імі. Агульныя зацікаўленасці або светапогляд, якія яднаюць сяброў, зусім не змушаюць іх заставацца абыякавымі і безуважнымі адзін да аднаго. Наадварот, менавіта ў сяброўскім асяродку ўзнікае ўзаемная любоў і ўзаемнае веданне. Нікога мы не ведаем так добра, як «старога сябра». Кожны крок у супольным падарожжы выпрабоўвае, з чаго ён зроблены, і гэтыя выпрабаванні нам цалкам зразумелыя, бо мы самі праз іх праходзім. І калі раз за разам мы бачым трываласць металу, з якога выкаваны сябра, наш давер, павага і прызнанне расцвітаюць у вельмі моцную і ўпэўненую любоў ацэнкі. Калі б мы з самага пачатку больш цікавіліся самім сябрам, а не тым, «пра што» мы сябруем, мы б ніколі не даведаліся пра яго так шмат і не палюбілі б яго так моцна. Вы не адкрыеце ў чалавеку ваяра, паэта, філосафа або хрысціяніна, проста гледзячы яму ў вочы, як каханай, лепш змагайцеся побач з ім, чытайце разам з ім, спрачайцеся і ма­ліцеся.


Клайв Стэйплз Льюіс
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле: «C. S. Lewis, The four Four Loves», 1958

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла