Яшчэ раз пра любоў

 «На Ваша „ты“ сказаць Вам „ты“ не смею,
і калі позірк позіркам злаўлю,
як птушанё, спалохана нямею —
я не кахаю Вас… я Вас люблю»…

Як жа добра, выразна ў вершаваных радках Ніны Мацяш падкрэсленая напоўненасць гэтых пачуццяў — «кахаю» і «люблю». Сапраўды, Бог даў нам багатую на адценні мову, і кожнае слова, пастаўленае ў прыстойны кантэкст, уражвае сваёю прыгажосцю і трапнасцю. А які кантэкст непрыстойны? — запытаецца хтосьці. А вось гэты — «займацца любоўю». Нейкаму ж вясёламу цыніку прыйшто такое ў галаву, хоць абсалютна зразумела, што гэта не пра любоў. Напэўна, гэтаму цыніку не хапіла любові — абмінула, магчыма, не спраўдзіла спадзяванняў. Зрэшты, нам усім не хапае любові, але мы ўпарта чакаем яе ад кагосьці — вось з’явіцца, і тады, нарэшце…

Само па сабе слова «любоў» досыць манументальнае, велічнае, нават нерэальнае, але… ператварыце яго ў дзеяслоў «любіць», і яно напоўніцца рухам, дзеяннем — нашым рухам, нашым дзеяннем. Любоў — усюды… І нелюбоў — таксама.

… Раніца майго выходнага дня часам пачынаецца з таго, што суседзі сварацца, а потым… «зай­маюцца любоўю». Я ўключаю музыку — мой любімы Акуджава спявае пераважна пра любоў: «Давайте говорить друг другу комплименты, ведь это всё любви счастливые моменты…»

Гляджу ў акно — пажылая сужэнская пара з суседняга пад’езда напаўняе сэрца цеплынёю і лёгкаю тугою (у мяне такога ўжо не будзе!). Ён выходзіць у двор першым (відаць, пасля сняданку), а яна — пазней (відаць, прыбірала, мыла посуд). Яна накульгвае, кружыць каля яго — жэстам сталай любові папраўляе яму каўнер ці шалік, нешта страсае з пляча — абы дакрануцца, перадаць сваё цяпло, свой клопат, сваю любоў…

І яшчэ «пара» за вакном — мужчына з сабачкам. Мужчына худзенькі, дробненькі, з падкурчанаю рукою (відаць, не мае сям’і), і сабачка — мілы, кудлаты, «непрэстыжны», але адданы (не адбягае, не адыходзіць). Таксама — любоў… Ці — яе замяняльнік? Ці адна з праяваў любові…

Памятаю, як на споведзі, калі я слёзна наракала на сваю адзіноту і праз яе — на свае грахі, святар параіў мне завесці сабачку, а я абурылася. Пазней я зразумела, даведалася, што ён, святар, таксама быў вельмі адзінокі (хоць і з Богам), і яго зямною радасцю быў любімы сабачка — смешная, ласкавая такса… Трэба ж кагосьці рэальна гладзіць, ціскаць, песціць, клапаціцца, ушчуваць — любіць…

Найбольш выразныя праявы любові і нелюбові ў нашым транспарце — міжволі мусіш сузіраць і чуць, бо трэба ж ехаць, стоячы ці седзячы вельмі блізка. Як сказаў адзін жартаўнік: «Я да жонкі ніколі так не прыціскаўся»… Але… Вось маладая пара — таксама прыціснутыя людзьмі, і ім весела-хораша ад гэтага (пікавая гадзіна!), а ў вачах столькі ўзаемнай любові, столькі цеплыні, што міжволі думаеш: твар дадзены чалавеку для таго, каб «насіць» на ім вочы — люстэрка душы, і што «красота в глазах смотрящего»…

А вось зусім маладая маці, якая трымае на каленях зусім малую, у некалькі месяцаў, дзяўчынку — расчырванелае дзіця, відавочна, захворвае, капрызіць, моршчыцца і... зрыгвае маме  проста ў далонь, але ад гэтага нявіннага паху не брыдка, не гадка, і людзі міжволі глядзяць на іх, спачуваючы і замілоўваючыся, бо вакол іх нейкая чыстая, святая аўра — сучасная мадонна ў красоўках, з таннымі бранзалетамі на прыгожых тонкіх запясцях, з маленькім шчасцем (з любоўю!) на каленях… Юнак, які сядзеў насупраць, глядзеў на іх, літаральна раскрыўшы ад захаплення рот, — напэўна, ён ніколі не адправіць сваю каханую на аборт…

Гэтым летам 25-гадовая дачка маёй прыяцелькі «выйшла» ў акно з 15-га паверха — так яна развіталася з жыццём, у якім ёй, відавочна, не хапіла любові, і пакінула пасля сябе шлейф нелюбові. Што будзе думаць пра любоў яе сын, якому цяпер усяго восем гадоў? А другая мая прыяцелька ў свае 42 гады ўзяла з Дзіцячага дома кімсьці пакінутую (свядома, па дакуменце!) двухгадовую дзяўчынку — з хворымі лёгкімі, праплешынкамі на галоўцы, і дзяўчына ўжо падрасла, і яны вельмі любяць адна адну, жывучы ў аднапакаёўцы на бюджэтную зарплату і сімвалічную грашовую падтрымку ад дзяржавы, якая вельмі хацела б ліквідаваць дзіцячыя дамы — прытулкі нелюбові…

Так, нам усім не хапае любові. А хто рэальна любіў Езуса ў Яго зямным жыцці? Палічыце, назавіце… Хіба не зямная нелюбоў катавала Яго на крыжы? Дык чаму ж мы, створаныя з любові па Яго вобразе і падабенстве, бяздумна працягваем катаваць Яго, мімаходзь «адорваючы»
адзін аднаго нелюбоўю? Мы — такія малыя, такія пясчынкі, такія «з праху прах», але менавіта нашыя сэрцы, нашыя душы з’яўляюцца тым галоўным полем бою, на якім ідзе змаганне Любові і Нелюбові, Бога і д’ябла за дабро і зло, за святло і цемру. Дык ці такія мы малыя, калі ад кожнага нашага «так» Богу і «не» д’яблу залежыць, як будуць напаўняцца, вагацца гэтыя шалі?..


Зося Бараноўская

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней