Пра любоў у вучэнні Касцёла

Любоў — сутнасць хрысціянскага веравучэння, паколькі ўсё яно цалкам паходзіць з Любові і вядзе да Любові як канчатковай мэты. Нездарма ўводзіны ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла падагульняе пастырскі прынцып, сфармуляваны ў «Рымскім катэхізісе», зацверджаным яшчэ Трыдэнцкім Саборам у XVI ст.: «Адзіная мэта вучэння і яго выкладання павінна быць у любові, якая ніколі не скончыцца. Бо можна колькі заўгодна прадстаўляць, у што трэба верыць, на што спадзявацца і што рабіць, але перадусім трэба паказваць любоў нашага Пана, каб усе зразумелі, што кожны сапраўды хрысціянскі акт цноты не мае іншай крыніцы, акрамя любові, ані іншай мэты, як толькі любоў»1.


Само існаванне чалавека мае сваёю крыніцаю любоў: «Ён існуе толькі таму, што Бог з любові стварыў яго і заўсёды захоўвае; а жыве цалкам паводле праўды, калі добраахвотна прызнае гэтую любоў і давяраецца свайму Стварыцелю»2. Такім чынам, галоўнае пакліканне чалавека ў тым, каб «ведаць і любіць Бога»3.

Перш за ўсё, любоў — гэта дар Бога, які нас любіць.

«Бог ёсць любоў» (пар. 1 Ян 4, 8. 16), і любоў — гэта першы дар, які змя­шчае ў сабе ўсе іншыя. «Любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Святым, дадзеным нам» (пар. Рым 5, 5). Паколькі мы памерлі з-за граху або прынамсі былі цяжка ім параненыя, першы плён дару любові ў нас — гэта адпушчэнне нашых грахоў. Гэта — еднасць Святога Духа (пар. 2 Кар 13, 13), што ў Касцёле вяртае ахрышчаным страчанае праз грэх падабенства Божае. Такім чынам, дар любові становіцца для нас «задаткам», «першым плёнам» нашай спадчыны (пар. Рым 8, 23: 2 Кар 1, 21). Гэтая спадчына — само жыццё Найсвяцейшай Тройцы, якое заключаецца ў тым, каб любіць так, як «Ён палюбіў нас» (пар. 1 Ян 4, 11–12). Такая любоў — гэта пачатак і аснова новага жыцця ў Хрысце, якое стала магчымым дзякуючы таму, што мы прынялі моц Святога Духа (пар. Дз 1, 8). Дзякуючы гэтай моцы Святога Духа дзеці Божыя могуць прыносіць плады, першым з якіх з’яўляецца любоў4.

Прыняўшы любоў як дар, мы, у сваю чаргу, пакліканыя таксама прынесці плён любові, якая становіцца ў нас цнотай.

Цнота — гэта выпрацаваная звычка пастаянна рабіць дабро, што дазваляе нам не толькі рабіць добрыя справы, але і даваць з сябе найлепшае, усімі сваімі духоўнымі і пачуццёвымі сіламі імкнучыся да дабра, ідучы за ім і выбіраючы яго ў канкрэтных учынках. Святы Грыгорый з Нісы лічыў, што мэта цнатлівага жыцця ў тым, каб прыпадобніцца да Бога5. Цнатлівы чалавек адчувае шчасце, калі захоўвае вернасць цнотам. Ён робіць дабро ў выніку свайго вольнага выбару, каб такім чынам з’яднацца з Божаю любоўю. Святы Аўгустын сцвярджае, што жыць добра — гэта не што іншае, як любіць Бога ўсім сваім сэрцам, усёю душою і ўсімі сваімі справамі6. Усе ж чалавечыя цноты грунтуюцца на так званых «тэалагальных» цнотах: веры, надзеі і любові, якія даюць слабому і грэшнаму чалавеку здольнасць удзельнічаць у Божай натуры (пар. 2 П 1, 4). Такім чынам, тэалагальныя цноты адносяцца непасрэдна да Бога як Найвышэйшага Дабра і робяць хрысціянаў здольнымі жыць у еднасці са Святой Тройцай, а іх пачатак, прычына і мэта — сам Бог, Адзіны ў Тройцы7.

Паколькі любоў паходзіць ад Бога і вядзе да Бога, яна разам з верай і надзеяй з’яўляецца тэалагальнай цнотай, дзякуючы якой мы любім Бога больш за ўсё дзеля Яго самога, а нашых бліжніх — як саміх сябе дзеля любові да Бога. Езус абвясціў любоў «новай запаведдзю» (пар. Ян 13, 34). Палюбіўшы сваіх «да канца» (пар. Ян 13, 1), Ён паказвае любоў Айца, якую ад Яго атрымлівае. Любячы адзін аднаго, вучні пераймаюць любоў Езуса, якую яны таксама атрымалі. Таму Езус кажа: «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові» (пар. Ян 15, 9). І яшчэ: «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (пар. Ян 15, 12). З’яўляючыся пладом Духа і выкананнем Закону, любоў захоўвае запаведзі Бога і Хрыста Ягонага: «Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй» (пар. Ян 15, 10). Хрыстус памёр з любові да нас, калі мы былі яшчэ «ворагамі» (пар. Рым 5, 10), і заклікае нас, каб мы таксама, як і Ён, любілі нашых ворагаў (гл. Мц 5, 44), каб, падобна да міласэрнага самараніна, сталі бліжнімі нават для самых далёкіх (гл. Лк 10, 27–37), каб любілі дзяцей (гл. Мк 9, 37) і бедных, як і Ён сам (гл. Мц 25, 40–45)8.

Любоў у апостала Паўла

Непараўнальны вобраз любові даў святы апостал Павел у Першым пасланні да Карынцянаў: «Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць» (пар. 1 Кар 13, 4–7). Калі «любові не маю, — кажа далей Апостал, — то я — нішто». Любая год­насць, служэнне і нават цнота без любові не прыносяць чалавеку «ніякай карысці» (пар. 1 Кар 13, 2–3). Любоў — найвышэйшая з усіх цнотаў, яна — першая з тэалагальных цнотаў: «А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў» (пар. 1 Кар 13, 13). Таму менавіта любоў ажыўляе і натхняе практыкаванне ўсіх цнотаў. Яна з’яўляецца «повяззю дасканаласці» (пар. Клс 3, 14), формаю цнотаў, якія яна выяўляе і парадкуе ў іх узаемасувязі; яна — крыніца і мэта іх хрысціянскага ажыццяўлення. Цнота любові ўмацоўвае і ачышчае нашу чалавечую здольнасць любіць, узвышаючы яе да звышнатуральнай дасканаласці Божай любові. Маральнае жыццё, натхнёнае любоўю, дае хрысціяніну духоўную свабоду Божага дзіцяці. Ён ужо не становіцца перад Богам са страхам, як нявольнік, ані як найміт, які чакае платы, а як сын, які адказвае на любоў Таго, хто «сам першы палюбіў нас» (пар. 1 Ян 4, 19). Плады любові — гэта радасць, супакой і міласэрнасць. Любоў патрабуе дабрыні і братняй заўвагі; яна з’яўляецца добразычлівасцю, нараджае ўзаемнасць і застаецца бескарыслівай і шчодрай. Любоў — гэта сяброўства і еднасць. Вось што кажа святы Аўгустын: «Завяршэнне ўсіх нашых справаў — узнёслая любоў. Гэта — мэта: менавіта за ёй мы спяшаемся, менавіта да яе імкнемся, а дасягнуўшы, менавіта ў ёй мы знойдзем супакой»9.

Папскія дакументы

У ХХІ ст. вучэнне пра любоў паглыблялі папа Бэнэдыкт XVI і папа Францішак. Сваю першую энцыкліку Deus caritas est (з лац.: «Бог ёсць любоў»), абвешчаную ў 2006 г., папа Бэнэдыкт XVI прысвяціў хрысціянскай любові ў яе міжасобасным, грамадскім і звышнатуральным вымярэннях. У ёй Святы Айцец падкрэсліў, што любоў да Бога неаддзельная ад любові да бліжняга і ўтварае з ёю адну Хрыстову запаведзь. Бэнэдыкт XVI жадаў паказаць любоў у яе розных праявах, таму напачатку засяродзіўся на больш глыбокім раскрыцці самога паняцця любові: эрас — цялеснае вымярэнне кахання, агапэ — безумоўная любоў, здольная на самаахвярнасць, і карытас — міласэрная любоў. «У сённяшняй тэрміналогіі пад любоўю часта разумеюць штосьці вельмі далёкае ад таго, што думае на гэты конт хрысціянін. Аднак я хацеў паказаць, што гаворка ідзе пра той самы „рух“, які мае шмат вымярэнняў. Эрас — дар кахання паміж мужчынам і жанчынай — паходзіць з той самай крыніцы дабрыні Творцы, што і наступныя магчымыя праявы любові, якая адмаўляецца ад сябе дзеля іншага чалавека. Я хачу паказаць, што эрас пераходзіць у агапэ ў той меры, у якой два чалавекі сапраўды кахаюць адно аднаго, калі адзін з іх ужо больш не шукае сябе і сваёй уласнай радасці, прыемнасці, а перадусім шукае дабра другога. Такім чынам эрас ператвараецца ў каханне шляхам ачышчэння, паглыблення; потым адкрываецца на сваю сям’ю, на больш шырокую сям’ю грамадства, сям’ю Касцёла, сям’ю свету. Я таксама спрабую паказаць, што найбольш асабісты акт любові, што паходзіць ад Бога, які сам ёсць любоў, павінен таксама быць актам касцёльным, у тым ліку і арганізацыйна. Калі праўда тое, што Касцёл выяўляе любоў Бога, якой Бог адорвае свае чалавечыя стварэнні, то павінна таксама быць праўдай тое, што асноватворны акт веры, які Ён стварае, аб’ядноўвае Касцёл і дае надзею на вечнае жыццё. Прысутнасць Бога ў свеце стварае таксама касцёльны акт, гэта значыць, што Касцёл як супольнасць, таксама структурна павінен любіць. Тое, што мы называем Карытас, — гэта не толькі арганізацыя, падобная да іншых дабрачынных структураў, а неабходнае праяўленне больш глыбокага акту асабістай любові, якую Бог абудзіў у нашых сэрцах. Гэта — адлюстраванне таго акту, якім Бог з’яўляецца і дзейнічае, робячы нас падобнымі да сябе»10.

Да тэмы любові папа Бэнэдыкт XVI яшчэ раз звярнуўся ў энцыкліцы Caritas in veritate (з лац.: «Любоў у праўдзе»), абвешчанай у 2009 годзе. У ёй Святы Айцец перадусім нагадаў, што любоў у праўдзе — гэта асноватворная рухаючая сіла сапраўднага развіцця кожнай асобы і ўсяго чалавецтва, без чаго немагчымае ні ўсталяванне справядлівасці, якая з’яўляецца асновай любові, ні дасягненне супольнага дабра. «Гэтая сіла бярэ свой пачатак у Богу — спрадвечнай Любові i абсалютнай Праўдзе. <…> Таму абарона праўды, прадстаўленне яе з пакорай i перакананнем, а таксама сведчанне аб ёй у жыцці з’яўляюцца патрэбнымі i неад’емнымі формамі любові, бо яна „радуецца разам з праўдай“ (1 Кар 13, 6)»11.

Апошнім дакументам Касцёла на тэму любові стала паслясінадальная апостальская адгартацыя Святога Айца Францішка Amoris laetitia (з лац.: «Радасць любові») пра любоў у сям’і. Гэтая адгартацыя набыла асаблівае значэнне ў кантэксце Юбілейнага году Міласэрнасці, які Касцёл перажываў з 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 года. Папа назваў гэты дакумент «прапановай для хрысціянскіх сем’яў, якая заахвоціць іх цаніць дары сужэнства і сям’і, а таксама падтрымае моцную і поўную любоў і такія каштоўнасці, як велікадуш­насць, зацікаўленасць, адда­насць і цярплівасць; <…> заахвоціць кожнага быць знакам міласэрнасці і блізкасці там, дзе сямейнае жыццё рэалізуецца недасканала або не праходзіць у згодзе і радасці»12.

Між іншым, у адгартацыі ідзе гаворка пра сітуацыю асобаў, якія перажылі разрыў сужэнства: «Асветлены позіркам Езуса Хрыста, Касцёл „з любоўю звяртаецца да тых, хто прымае ўдзел у яго жыцці няпоўным чынам, прызнаючы, што ласка Бога дзейнічае таксама і ў іх жыцці, даючы ім адвагу здзяйсняць дабро, клапаціцца з любоўю адно аб адным і служыць супольнасці, у якой жывуць і працуюць“.
У адгартацыі падкрэсліваецца, што любоў у сям’і — гэта супольны шлях, па якім разам ідуць сужэнцы, і што «няма ніводнай дасканалай сям’і, сфармаванай раз і назаўсёды, бо ёй патрэбна паступовае развіццё сваёй здольнасці любіць»13.

1 Пар. ККК, 25; пар. таксама: Catechismus Romanus. Уступ, 10.
2 Пар. ККК, 27; пар. таксама: ІІ Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 19.
3 Пар. ККК, 31.
4 Пар. ККК, 733–736.
5 Пар. S. Gregorius Nyssenus. Orationes de beatitutinibus, 1: PG 44, 1200 D.
6 Пар. S. Augustinus Hipponensis. De moribus Ecclesiæ Catholicæ, 1, 25: PL 32, 1330.
7 Пар. ККК, 1803–1804. 1810–1812.
8 Пар. ККК, 1822–1825.
9 Пар. S. Augustinus Hipponensis. In epistulam Iohannis ad Parthos tractatus, 10, 4. Пар. таксама: ККК, 1825–1829.
10 Пар. Benedetto XVI. Udienza generale, 18 gennaio 2006.
11 Бэнэдыкт ХVІ. Энцыкліка Caritas in veritate аб інтэгральным чалавечым развіцці ў любові і праўдзе, 1.
12 Апостальская адгартацыя Amoris lætitia Святога Айца Францішка пра любоў у сям’і, 5.
13 Пар. тамсама. С. 325.


Дыякан Мікола Гракаў

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла