Знайдзіце трошкі часу на святочныя ўпрыгожванні

Шаноўныя чытачы! Вось і набліжаецца свята Божага Нараджэння. У гэты перадсвяточны перыяд мы, мажліва, так занятыя рознымі справамі, працаю, вырашэннем нейкіх пытанняў і праблемаў, што амаль не хапае часу, каб пабыць разам, паразмаўляць і нешта сумесна зрабіць. Прапануем вам зрабіць некалькі святочных упрыгожванняў, даволі простых у выкананні і не затратных у фінансавым плане. Іх можна лёгка падрыхтаваць разам, дарослым і дзецям, каб прынесці ў дом святочны настрой і яшчэ больш адчуць надыход радаснага свята Божага Нараджэння.


Елачкі-падсвечнікі

 

Нам спатрэбяцца: каляровая папера (лепш шчыльная) альбо кардон, чайныя свечкі, нажніцы (можна вялікія і малыя), аловак.

Калі вы захочаце зрабіць некалькі падсвечнікаў, то лепш адразу зрабіць елку-трафарэт. Намалюйце елачку так, каб па шырыні яна была большая за свечку, выражце, прыкладзіце трафарэт да каляровай паперы, абрысуйце і зноў выражце.

Далей:

  1. на адваротны бок выразанай елкі пастаўце свечку і абрысуйце контур;
  2. потым унутры круга намалюйце яшчэ адзін, меншы, і лініі, як паказана на фота (гэта для таго, каб вам было лягчэй выразаць);
  3. выражце меншы круг, разрэжце лініі і загніце канцы паперы на адваротны бок. Елачкі можна ўпрыгожыць выразанымі кружочкамі альбо зорачкамі. Устаўце свечкі ў зробленыя елачкі.

 

Увага! Выконвайце правілы пажарнай бяспекі! Не пакідайце запаленыя свечкі без нагляду! Не давайце запалкі дзецям!

Упрыгожванне на святочны стол

Каб надаць сталу больш святочны выгляд, можна выразаць пад сталовыя прыборы «елкі» з папяровых сурвэтак, каляровай паперы альбо лямцу, а потым, склаўшы папалам, прарэзаць у іх лініі і ўкласці прыборы.

 

Елачкі ў тэхніцы арыгамі

Можна выбраць любую паперу (белую, каляровую, упаковачную), любога памеру (залежыць ад таго, якога памеру елкі вы хочаце).

Выразаем з паперы квадрат. Складваем яго па дыяганалі, потым складваем бакі квадрату, толькі на адваротны бок (гэта палегчыць працу ў далейшым).

 

Бяром супрацьлеглыя вуглы і загібаем унутр. Прыціскаем зверху рукою.

 

Бяром правую верхнюю частку папяровай фігуры і загінаем да цэнтру. Тое самае робім з левай часткаю. Пераварочваем нашу загатоўку на адваротны бок і паўтараем дзеянні з астатнімі часткамі.

 

Атрыманыя трохвугольнікі трэба загнуць унутр — для гэтага ўкладваем вялікі палец унутр кожнага загнутага трохвугольніка і загінаем да цэнтру. Паўтараем з кожнай часткаю.

 

Наша загатоўка атрымліваецца вось такой формы, як на фота. Адразаем ніжнюю частку.

 

У атрыманай нарыхтоўцы маецца восем складак — 4 справа і 4 злева.

 

Нажніцамі робім разрэзы з кожнага боку, не даходзячы да сярэдзіны фігуры.

 

Цяпер трэба зрабіць згіны на кожным разрэзе, як паказана на фота. Захопліваем толькі адну складку і робім згіны толькі на ёй. Тое самае робім з астатнімі складкамі.

 

Наша елачка гатовая!

 

Такія елачкі можна зрабіць для ўпрыгожвання святочнага стала, а таксама паставіць на працоўным месцы.


Падрыхтавала Эльвіра Палінеўская
Фота Віталія Палінеўскага

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла