Не марнаваць часу

Ян адораны Богам шматлікімі здольнасцямі, якія ён стараецца выкарыстоўваць напоўніцу: ён выходзіць насустрач натхненням свайго сэрца і з Божаю дапамогаю і благаслаўленнем аддае свае сілы на добрыя справы.


Пра Яна я даведалася выпадкова. Пачула, што ёсць такі 16-гадовы юнак, міністрант у мінскай катэдры, які не так даўно стаў адным з пераможцаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі на хрысціянскую тэматыку. Аказалася, што Ян ужо з 5-га класа прымае ўдзел у алімпіядах, канферэнцыях, конкурсах, праводзіць навуковыя даследаванні. Жыццё паказвае, што сучасныя падлеткі — неверагодна цікавыя людзі, таму я вырашыла даведацца, што натхняе хлопца на такую актыўнасць у навуковым жыцці. Выявілася, што Ян адораны Богам шматлікімі здольнасцямі, якія ён стараецца выкарыстоўваць напоўніцу: ён выходзіць насустрач натхненням свайго сэрца і з Божаю дапамогаю і благаслаўленнем аддае свае сілы на добрыя справы.

Ян нарадзіўся ў Мінску ў каталіцкай сям’і Аляксандра і Вікторыі Астражынскіх. З дзяцінства бацькі стараліся выхоўваць яго па-хрысціянску: вадзілі ў касцёл, на ўрокі рэлігіі. Яшчэ малым хлопчыкам Ян ужо прыслужваў каля алтара як кандыдат у міністранты, а сёння кожную нядзелю і ў святы ходзіць на святую Імшу і служыць міністрантам. Маці Яна, Вікторыя, расказ­вае, што сама была яшчэ той самай першай моладдзю мінскай катэдры, якая малілася ў іншых пакоях святыні, право­дзіла першыя начныя чуванні. Таму жанчына з самага пачатку атуляла сына сваёй нястомнай малітвай, аддавала яго ў рукі Езу­са. Хлопца з маленства знаёмілі з беларускай мовай, яго любімым часопісам быў «Маленькі рыцар Беззаганнай». Сёння Ян успамінае, што свядома прымаў Першую Камунію, усведамляў, што гэта Хрыстовае Цела. Ян моліцца штодня разам з маці, і на пытанне, ці падабаецца яму гэта, кажа: «Малітву нельга мераць катэгорыямі „падабаецца” ці „не падабаецца”. Гэта проста трэба прыняць, бо малітва — гэта штосьці надзвычай важнае ў жыцці, што не паддаецца ніякім адзнакам, супольная малітва з роднымі — гэта частка майго жыцця».

Хлопец вучыцца цяпер у 11-м класе, выбірае будучую прафесію — найбольш прывабліваюць яго тэхнічныя спецыяльнасці і медыцына. Яшчэ ў 7-м класе Ян захапіўся фізікай, спачатку хацеў стаць вучоным, а потым наогул лётчыкам. На сённяшні дзень Ян можа пайсці без экзаменаў у Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт дзякуючы выйгранай міжнароднай інтэрнэт-алімпія­дзе па фізіцы. Але, нягледзячы на тое, што хлопца вабяць тэхнічныя кірункі, ён вельмі сур’ёзна цікавіцца літаратуразнаўствам: пачынаючы з 5-га класа, ён правёў некалькі навуковых даследаванняў па літаратуры. «Удзел ва ўсіх канферэнцыях, навуковых конкурсах — гэта водгук маёй душы. Фізікі ў душы — лірыкі. Мяне вабіць літаратура, бо яна закранае вельмі важныя аспекты нашага жыцця. Вялікую ролю ў маёй навуковай зацікаўленасці адыграла мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Уладзіленаўна Дарган. Пачынаў я з даследавання казак, а потым заняўся творчасцю асобных пісьменнікаў. Апошнім маім захапленнем стала творчасць Рыгора Папараці. Я пачаў шукаць інфармацыю, даследаваць яго творы, яго жыццёвы лёс. Гэты чалавек прайшоў праз рэпрэсіі, праз забарону пісаць, і яго імя было забытае. Я вырашыў адрадзіць памяць пра яго, бо сёння яго творы „жывуць“ у архіве-музеі, але архіва-музея недастаткова. Варта, каб ведалі пра яго мы, беларусы. Мяне ніхто не прымушае, не падштурхоўвае займацца літаратуразнаўствам, хоць мне і дапамагаюць і маці, і настаўніца, усё ж я проста адгукаюся на тое, што прыцягвае маё сэрца», — тлумачыць Ян.

Як і многія падлеткі, Ян задаваўся важнымі пытаннямі. На пытанне пра сэнс жыцця на гэтай зямлі адказ Ян бачыць у тым, каб навучыцца чаму-небудзь, калі праходзіш праз выпрабаванні і праблемы разам з Богам і становішся мацнейшым, мудрэйшым. «Перад кожнай канферэнцыяй і конкурсам я звяртаюся па дапамогу да Бога. І Бог чуе мае малітвы, я гэта бачу і адчуваю», — кажа хлопец.

У Яна ёсць вельмі добрая рыса: тое, што ён робіць, стараецца рабіць як найлепш. Многія людзі бяруцца за многія рэчы і не могуць асіліць іх, таму радуе, што з самага пачатку жыццёвага шляху гэты хлопец выхаваў у сабе звычку даводзіць справы да канца, прыкладваць намаганні.

Ян паглыбляецца не толькі ў прадметныя школьныя навукі, але і ў хрысціянскае разуменне свету. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Галаўнёва Ірына Барысаўна падказала хлопцу пра канферэнцыю, якую праводзіць Інстытут тэалогіі святых Кірыла і Мяфодзія пры БДУ. Ян правёў даследаванне і выступаў з дакладам «Хрысціянскія каштоўнасці ў сучаснай свецкай адукацыі». «Мне здаецца, што гэта вельмі важная тэма. Шмат можна ка­заць пра любоў, самаадданасць, дапамогу, міласэрнасць, але дзе, у якіх сферах у сучасных маладых людзей праяўляюцца гэтыя каштоўнасці? Маёй асноўнай мэтай было расказаць, дзе ў межах адукацыйнага працэсу можна ўдзельнічаць, каб навучыцца гэтым каштоўнасцям. Я разглядаў дзейнасць маёй гімназіі і вучняў на розных канферэнцыях, навуковых конкурсах і алімпіядах, якія звязаны з хрысціянствам, з хрысціянскімі каштоўнасцямі. Гэта і Міжнародны конкурс „Лесвіца“, розныя алімпіяды, звязаныя з рэлігіяй і культурай, напрыклад, конкурс „Мінску — 950. Духоўнасць і традыцыі“. Калі я ўдзельнічаў у гэтых мерапрыемствах, то радаваўся, што ёсць такія людзі, якія не толькі вераць у Бога, але будуюць з Ім адносіны», — дзеліцца сваім досведам Ян.

Як і многія сучасныя маладыя людзі, Ян задумваўся, ці не па­чаць здымаць якія-небудзь відэаролікі па фізіцы. «Мне хацелася выкарыстоўваць свае веды для іншых, дапамагаць, дзяліцца сваім вопытам, напрацоўкамі, — кажа Ян і сціпла дадае: — Цяпер я праектую сайт, дзе чалавек можа задаваць свае пытанні. Я планую зрабіць асобнае аб’яднанне, каб людзі дапамагалі адзін аднаму сваімі ведамі і досведам. Магчыма, мой праект будзе няўдалым, але вельмі хочацца аб’яднаць вопыт людзей і ім дзяліцца».

Слухаючы Яна, я бачыла перад сабою дзейснага, неабыякавага хрысціяніна. Сёння ён дзейнічае праз тыя сферы, што сустракаюцца на яго шляху, заўтра ён, магчыма, зацікавіцца іншымі рэчамі, але я веру, што ва ўсіх сферах гэты чалавек не будзе стаяць на месцы. Думаю, што прычына вялікіх пладоў працы Яна — гэта намер не здабыць славу, а выкарыстаць таленты, якія яму даў Бог. Успамінаецца, як у Евангеллі Езус адказваў юдэям: „Айцец Мой дзейнічае дагэтуль, і Я дзейнічаю“ (Ян 5, 17). Ці ж не такім павінен быць наш хрысціянскі погляд на штодзённае жыццё — дзейнічаць?

А як жа Ян адпачывае? Тут таксама хаваецца сакрэт яго прадуктыўнасці, бо для юнака найлепшы адпачынак — змена дзейнасці. Ён даволі прафесійна іграе на фартэпіяна, бо выдатна скончыў музычную школу, удзельнічае ў шахматных турнірах, сустракаецца з сябрамі. Але дэвіз Яна — не марнаваць часу.

Думаю, найбольш важнае ў жыцці гэтага хлопца тое, што ён перажывае падзеі свайго жыцця з Богам, у малітве, і цалкам гэта ўсведамляе. «Апошнім часам я стаў разумець, што проста паўтараць малітву — гэта не добра. Трэба да Бога звяртацца асэнсэнсавана. Я стараюся хадзіць у прысутнасці Божай, проста дзякаваць за пражыты дзень, што дае не толькі ежу, але і пэўных людзей, пэўныя падзеі. Цяжка перадаць словамі ўдзячнасць Богу, якой напоўненая душа, усведамленне Яго любові. І, канешне, вельмі важная роля маіх бацькоў, бабуль і дзядуль у маім жыцці, я ім таксама бязмерна ўдзячны», — кажа Ян.

Вельмі радасна бачыць такіх людзей, неабыякавых, якія стаяць цвёрда на нагах, якія ведаюць, чаго хочуць ад жыцця. Яны стараюцца ўдумліва пражываць жыццё, таму што гэты час дадзены нам не надоўга і марнаваць яго нельга.

P.S. У канцы нашай з Янам сустрэчы я даведалася ад яго маці, што яе сын наогул мог не нара­дзіцца. Спачатку раннюю цяжар­насць памылкова дыягнаставалі... як паліп, які трэба выдаліць. Жанчына малілася ўсю ноч, бо баялася рабіць выскрабанне (усё ж гэта траўматычная аперацыя), але знайшла ў сабе сілы адмовіцца. А потым, як даведалася, што гэта дзіця, то непрыемнасці з большай сілай сталі сыпацца на сям’ю: хлопчыку яшчэ ва ўлонні маці дыягнаставалі цяжкі парок сэрца і несумяшчальныя з жыццём асаблівасці развіцця. Але Вікторыя з мужам не сумняваліся, што дзіця яны будуць нараджаць. І на свет з’явіўся Ян...


Вольга Качалка
Фота аўтара

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла