Унутраны Назарэт

Часам кажуць пра духоўнасць Назарэта, думаючы пра жыццё, якое па прыкладзе Святой Сям’і вядзецца ў таемнасці і прастаце. Аднак вобраз Назарэта можна разглядаць таксама ў кантэксце цяжкасцяў, якія выпалі на долю Езуса ў родных мясцінах.


Збаўца «меў клопат» з Назарэтам: у Евангеллі напісана, што Ён не мог учыніць там аніводнага цуду (Мк 6, 5), і яго блізкія нават меркавалі, што Ён псіхічна хворы (Мк 3, 21). Напружанне дасягнула свайго піку, калі падчас пропаведзі ў сінагозе Езус пачаў сведчыць пра тое, што Ён Месія, адначасова выкрываючы чэрствасць сэрцаў і розуму Яго слухачоў. Святы Лука апісвае ў Евангеллі, як Хрыста схапілі і хацелі скінуць з высокай скалы (Лк 4, 16–30). Землякі Езуса не ўспрымалі Добрую Навіну, Назарэт супраціўляўся...

Падобныя цяжкасці ў стасунках з блізкімі з дзяцінства можа перажываць кожны з нас — шмат дарослых людзей «адкрывае» ў сабе «назарэтанскія пачуцці». Часта сям’я не хоча прыняць пераменаў, якія адбыліся ў нашым жыцці, альбо супраціўляецца нашаму выбару, і тады бацькі становяцца апошнімі, хто нарэшце ўсведамляе, што мы змяніліся.

Мы часта не разумеем, што нашыя эмацыйныя рэакцыі і рашэнні моцна звязаныя з дзяцінствам — нашым «унутраным Назарэтам», які працягвае супраціўляцца Збаўцы.

Той, хто «пакінуў Назарэт», глядзіць спакойна на сваіх баць­коў; як чалавек дарослы, ён ужо нічога ад іх не чакае і не адпрэчвае ніякага досведу дзяцінства; нічога не даказвае, ні з чым не змагаецца; не ўцякае ад бацькоў і не залежыць ад іх. Гэта выглядае так, нібы дарослае дзіця глядзіць на сваіх бацьку і маці з перспектывы вечнасці, калі ўсе ўжо стаяць перад Панам, калі можна ўспрымаць іх як сваіх брата ці сястру, якія не горшыя і не лепшыя за дзяцей.

Іншыя, хоць ужо і сівеюць, але жывуць з «назарэтанскімі пачуццямі», бо трапляюць у пастку непрыяцеля. Вось тры галоўныя пасткі, якія не дазваляюць чалавеку эмацыйна адысці ад бацькоў.

1. Пастка слепаты (нежаданне бачыць памылкі бацькоў або глыбокае неразуменне іх правінаў)

Здараецца, што мы не ра­зумеем таго, што адбывалася ўнутры сямейных адносінаў, і не бачым фактаў такімі, якімі яны былі ў рэчаіснасці. Чаму? Па-першае, таму, што дзіця так доўга, як толькі можа, абараняе ў сабе ідэальны вобраз бацькоў. Па-другое, з маленства мы маглі выхоўвацца ў поўным паслушэнстве — бацькі фарміруюць у нас свой ідэальны вобраз, забараняючы ўсялякае супраціўленне. Часам яны спасылаюцца на рэлігію, скажаючы сэнс запаведзі «шануй бацьку свайго і маці сваю», якая ў такой інтэрпрэтацыі азнача-
ла б: «Не крытыкуй бацькоў, не супраціўляйся ім».

Вельмі часта ў сем’ях можна назіраць палярызацыю адносінаў, калі адзін з бацькоў успрымаецца як цалкам дрэнны, а другі як цалкам добры. На гэты пазітыўны вобраз «лепшага» з бацькоў варта звярнуць асаблівую ўвагу, бо менавіта «ідэалізацыя» і ёсць сутнасцю пасткі, пра якую ідзе гаворка.

Пастка слепаты пагражае і тады, калі адзін з бацькоў зрабіў дзіця давераным свайго болю і тайнаў. Ці можна гэта назваць знакам даверу і любові? Не! Баць­ка, які дзеліцца з дзіцём сваімі турботамі, толькі абцяжарвае яго.

Падобныя паводзіны ўласцівыя і надта клапатлівым бацькам, пазіцыя якіх агрэсіўная па прыродзе. Калі ўжо дарослае дзіця зразумее, што адбывалася ў рэчаіснасці, у ім з’явіцца хваля гневу, які назапашваўся шмат гадоў. Аднак гнеў часта суправаджаецца моцным пачуццём віны: як гневацца на бацьку ці маці, якія «прысвяцілі мне ўсё сваё жыццё»? Калі не будзе адблакавання, «назарэтанскія пачуцці» могуць яшчэ тужэй звязаць чалавека.

Трэба ўсвядоміць, што дзеці не маюць у адносінах да баць­коў доўгу, які трэба было б выплочваць усё астатняе жыццё. Некаторыя не разумеюць, што пачуццё віны з’яўляецца не рэакцыяй чуйнага сумлення, а «назарэтанскімі пачуццямі», прычына якіх крыецца ў неадпаведных адносінах у сям’і. Варта зразумець гэта і адважыцца сысці з дому, нават наперакор таму пачуццю, якое адразу не знікне як эмацыйная рэакцыя. Аднак розум, асветлены праўдаю, прывядзе да свабоды і дапаможа не паддацца націску. «Назарэт» трэба пакі­нуць — нават Езус зрабіў гэтак, каб плённа выконваць сваю місію.

2. Пастка шкадаванняў і няспынных спадзяванняў

Дзіця не адыходзіць ад бацькоў (эмацыйна, а часам і фізічна), увесь час наракаючы: «Чаму не дадалі мне любові?» Патрэба ў любові і прыняцці, не задаволеная ў сям’і, пераносіцца на іншыя адносіны ў жыцці: на сужэнца, дзяцей. Чалавек, які перажывае эмацыйную прагу, кружыць вакол бацькоў ці асобаў, якія іх сімвалізуюць, нібы над студняю, у якой няма вады.

Спачатку яго акружэнне стараецца адказаць на яго спадзяванні на любоў: муж будзе пастаянна выказваць свае пачуцці, дасылаючы смс-кі кожныя некалькі гадзінаў, калектыў будзе старацца парадаваць, выказаць зацікаўленасць і клопат, сябры абавязкова наведаюць. Але хутка аказваецца, што смс-ак замала, сюрпрызы «не такія», якія павінны быць, а наведванні занадта рэдкія. Праз пэўны час акружэнне знясіленае... Эмацыйны дэфіцыт паглыбляецца, і мы ўжо маем заганнае кола, якое раскручвае само сябе...

Да тае пары, пакуль «дарослае дзіця» не прызнаецца само сабе ў вельмі спецыфічных паводзінах і не возьме на сябе адказнасці за ўласнае жыццё, яно будзе адчуваць неспакой.

3. Пастка адчужэння бацькоў

Гэта, хіба, найбольш небяспечная з пастак, бо яна дае ілюзію самастойнасці. Калі яшчэ раз звярнуцца да вобразу студні, мы ўбачым дзіця, якое, паміраючы ад прагі, пагарджае нават тымі кроплямі вады, якія можна прыняць. Такія людзі жывуць так, нібыта хочуць крыкнуць сваім бацькам: «Бачыце? Даю сабе рады і без вас! Не патрабую вашай ці наогул чыёйсьці дапамогі і падтрымкі!»

Парадокс, але абаронная пазіцыя звязвае з бацькамі яшчэ мацней. У таго, хто трапіў у пастку незалежнасці, развіваюцца менавіта тыя рысы і памылкі адчужанага бацькі/маці, якія ён больш за ўсё ненавідзіць, ён несвядома носіць іх пастаянна ў сваіх думках часам да канца жыцця.

Можна маліцца аб прабачэнні бацькоў, аднак важна, каб гэтая малітва не вынікала з пазіцыі дзіцяці, якое выдае вердыкт: «Бацькі вінаватыя, а я велікадушна іх прабачаю». Наадварот, калі і была нейкая крыўда — бацькі білі, гвалцілі, адчужалі, пагарджалі патрэбамі дзіцяці, — то ёсць што прабачаць у сэнсе маральным. Але дзіця, нават дарослае, не павінна займацца асуджэннем бацькоў. Усё, што мы павінны зрабіць, — гэта прыняць добрае і адысці.

Калі дзіця перастае песціць свае прэтэнзіі і шкадаванні, а прымае тое, што можа прыняць, нават калі гэта толькі біялагічнае жыццё, яно пачынае сталець, пакідае «Назарэт», эмацыйна адасабляецца ад бацькоў і можа паглядзець на іх з усведамленнем: «Гэта мой тата. Гэта мая маці. Гэта было добра, а гэта было цяжка. Гэта было цудоўна, але вось гэта — жахліва».


Пераклад з польскай мовы Дар’і Ахламёнак
Паводле: «Rozwój. Jak współpracować
z łaską» Moniki i Marcina Gajdów.
Pro Homine, 2013.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла