Малітвы за дзяцей

Малітва бацькоў за дзяцей

Божа, у Тройцы Адзіны! Па сваёй волі і ласцы Ты даверыў нам дзяцей, якія належаць Табе. Просім за іх, каб Ты заўсёды апекаваўся імі.

Айцец Нябесны, сцеражы жыццё на­шых дзяцей, захоўвай іх здаровымі, абараняй ад дрэнных прыгодаў, каб яны падрасталі на Тваю хвалу і на радасць нам.

Сыне Божы, Езу Хрыстэ! Сцеражы веру нашых дзяцей і адары ласкаю вернасці Табе, не дазволь ім заблытацца ў жыцці.

Духу Святы, Божа! Асвятлі нашым дзецям шлях у іх абавязках і пакажы, як яны могуць служыць Богу і бліжнім. Дай ім сілы перамагаць спакусы і цяжкасці.

Божа, падтрымай нас, бацькоў, каб сваімі парадамі мы маглі дастукацца да іх сэрцаў, а словы нашыя каб пацвярджаліся добрым жыццёвым прыкладам. Дапамажы нам быць уважлівымі да нашых дзяцей і шукаць для іх толькі дабра. Абудзі і падтрымай у нас дух веры і вядзі нас і нашых дзяцей да сябе, каб у вечнасці мы маглі разам сузіраць Цябе, Бога ў Тройцы Адзі­нага. Амэн.

Малітва аб дапамозе ў выбары жыццёвай дарогі дзіцяці

Пане Божа, Ты дасканала ведаеш пра тое, што будзе лепш для нашага дзіцяці. Ты ведаеш, што прынесла б яму ў жыцці сапраўдную рэалізацыю і шчасце. Таму мы просім Цябе, каб Ты дапамог яму зрабіць важны выбар сваёй жыццёвай дарогі, каб гэты выбар адпавядаў Тваёй волі.

Асвяці яго розум і сэрца святлом Духа Святога, каб ён верна распазнаваў знакі і падказкі, якія Ты яму даеш, і каб не спрабаваў будаваць жыццё па-свойму і, што яшчэ горш, — не адышоў ад Цябе.

Пастаў каля яго Анёла Ахоўніка, каб ён сцярог яго ад дрэнных рашэнняў, якія могуць прывесці да заблытанага жыцця і згубы.

Анёле Ахоўнік нашага дзіцяці! Дапамажы яму правільна распазнаваць знакі, якія дае яму Бог. Няхай з Тваёю дапамогаю ён заўсёды ідзе ўслед за Божым пакліканнем і ніколі не адкідвае яго. Амэн.

Малітва за хворае дзіця

Пане Езу, калі Ты хадзіў па зямлі, Ты заўсёды адгукаўся на просьбы клапатлівых бацькоў і аздараўляў іх хворых дзяцей. Паглядзі на нашае дзіця і на яго цярпенне, дакраніся да яго сваёю рукою, каб да яго вярнуліся сілы і здароўе і каб яно магло з радасцю пражываць сваё дзяцінства. Да таго часу, пакуль нашае дзіця хворае, дапамажы яму цярпліва і мужна пераносіць усе немачы і пакуты, а нам, бацькам, дапамажы мудра і адважна падтрымліваць яго. Пасылай на наш шлях мудрых і адданых дактароў, а таксама добрых і зычлівых людзей, якія могуць дапамагчы нашаму дзіцяці знесці цяжар хваробы і хутчэй стаць здаровым.

Нашая Маці Марыя! Ты ведаеш, што значыць глядзець на пакуты свайго дзіцяці. Выпрасі для нас ласку цярплівага перажывання гэтага цяжкага часу і навучы нас мудра падтрымліваць нашае хворае дзіця. Маліся за яго аздараўленне і мужнасць у пераадоленні цярпенняў. Амэн.

Малітвы праз заступніцтва святой Монікі

Святая Моніка з’яўляецца прыкладам цярплівай і трывалай малітвы за дзіця і за мужа. Яна жыла ў ІV ст. і была маці святога Аўгустына. Св. Моніка на працягу доўгіх гадоў малілася за свайго сына, які згубіўся на жыццёвым шляху, і прасіла Бога аб яго навяртанні. Малітвы жанчыны былі пачутыя, і Аўгустын у будучыні стаў вялікім святым, доктарам Касцёла. Праз заступніцтва святой Монікі хрысціянскія жонкі і маці моляцца да Бога з просьбаю ўратаваць душы сваіх дзяцей і мужоў.

Малітва аб навяртанні дзіцяці

Звяртаюся да цябе, св. Моніка, дасканалы прыклад пачутай малітвы за дзіця, і прашу дапамогі і парады. У твае любячыя рукі аддаю сваё дзіця (дзяцей) ... , каб праз тваё пераможнае заступніцтва яно (-ы) магло (-і) атрымаць ласку шчырага і сапраўднага навяртання да Хрыста, нашага Пана. Таксама пакорна цябе прашу, каб ты выпрасіла ў Пана духа такой самай трывалай і нястомнай малітвы, якім Ён надзяліў цябе. Прашу аб усім гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва жонкі і маці

Божа, Ты ўбачыў шчырыя слёзы і просьбы св. Монікі і адказаў на яе малітвы навяртаннем яе мужа і сына. Надзялі мяне Тваёю ласкаю, каб я змагла маліцца да Цябе з такім жа шчырым запалам і так, як яна, выпрасіла збаўленне для сваёй душы і для душаў тых маіх блізкіх, за якіх я нясу адказнасць. Праз Хрыста, Пана нашага, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога. Амэн.

Малітва аб трываласці і дапамозе для хрысціянскіх маці

Святая Моніка, прыклад маці! Ты старанна змагалася за свайго заблукалага сына Аўгустына без пагрозаў, узносячы толькі свае малітоўныя заклікі да неба. Заступайся за мяне і за ўсіх сучасных маці, каб мы змаглі вучыць нашых дзяцей збліжацца з Богам. Навучы нас быць побач з нашымі дзецьмі, нават з тымі марнатраўнымі сынамі і дочкамі, якія згубіліся ў гэтым жыцці. Амэн.

З малітоўніка «Wszystkie nasze dzienne sprawy.
Modlitewnik dla rodzin», Katowice, 2009.

 

Малітва за дарослых дзяцей

Ты дазволіў мне, Пане, шчасліва гада­ваць маіх дзяцей. Яны ўжо дарослыя і мо­гуць абысціся без маёй апекі і старанняў. Мой Божа, хоць дзецям мая дапамога ўжо не так патрэбная, як раней, усё ж я хвалю­юся за іх болей, чым калі яны былі маленькія, таму што хачу для іх толькі дабра.

Пане, я баюся, бо не ведаю, ці змогуць мае дарослыя дзеці пад ціскам гэтага свету адкінуць ад сябе зло. Пане, я баюся, бо яны ідуць ужо сваёю дарогаю, і я не ведаю, куды яна іх прывядзе, што яны знойдуць на ёй, з чым яны сустрэнуцца.

Божа, пакіруй іх шляхамі, бо я ўжо не магу ісці перад імі. Пакажы ім мэту іх жыцця і шчасліва вядзі іх да яе. Стрымлівай іх прагненні. Навучы іх быць задаволенымі тым, што яны атрымаюць уласнаю сумленнаю працаю.

Асвяці іх унутраны запал, утаймуй парывы сэрца, згубныя для іх супакою і шчасця. Дапамажы ім згаджацца з Тваёю воляю, нават калі яна будзе супярэчыць іх жаданням. Сцеражы іх ад балючых расчараванняў, здрады і пераследу, але перш за ўсё сцеражы іх, Пане, ад страты веры і любові да Цябе, якую калісьці я пастаралася (-ўся) пасяліць у іх дзіцячыя сэрцы. Абарані ад расчаравання ў Тваім існаванні і Тваёй моцы, ад пагарды ўсім святым.

Дай ім жыццё можа і сціплае, але спакойнае і светлае. Захавай ад нястачы, нягодаў, няўдачаў і цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў, якія разбіваюць сэрца, адбіраюць сілы і мо­гуць падарваць давер да Тваёй міласэрнасці або нават збіць са шляху цнотаў. Дапамажы ім пад сваім дахам радавацца сямейнаму шчасцю, а іх дом няхай абмінаюць хваробы, людзі са злымі намерамі і ўсё, што прыносіць слёзы.

Благаславі іх працу і пачынанні. Дапамагай у цяжкасцях і барацьбе на жыццёвым шляху. Суцяшай у горы, падымай ва ўпадках. Дапамажы ім здабыць добрае імя сярод людзей, павагу і сяброўства. Няхай на працягу ўсяго жыцця яны будуць пабожнымі, шляхетнымі, праведнымі. Няхай не знойдзецца чалавека з крыўдаю на маіх дзяцей. Няхай ніякая віна ні перад кім не затрымлівае Тваіх ласкаў да іх. Пане, будзь побач з імі і з іх сем’ямі, заўсёды благаслаўляй іх — прашу Цябе аб гэтым праз заслугі Пана нашага Езуса Хрыста. Амэн.


Паводле: wobroniewiaryitradycji.wordpress.com

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла