Час для малітвы і бліжняга

Няхай вялікая Любоў Бога,
якая ў бэтлеемскую ноч аб’явілася на зямлі,
вядзе нашыя сэрцы да Езуса,
як вяла сэрцы пастушкоў, мудрацоў, Юзафа і Марыі.

Св. Ян Павел ІІ


Словы Езуса: «прасіце, шукайце, стукайце» азначаюць: «будзьце трывалымі ў просьбе, у шуканні, у стуканні». Нашае жыццё, хочам мы гэтага ці не — штодзённая духоўная барацьба. Усцяж пагражае нам небяспека з боку нашага галоўнага непрыяцеля — д’ябла.

Мы часта чуем нараканні на недахоп часу. Тысячы людзей наракаюць на адсутнасць часу на малітву, на занятасць сям’ёю, на догляд хворых, на недахоп адпачынку для сябе. Падсвядома мы ўсе адчуваем, што так быць не павінна, бо «на карту» пастаўлены вельмі важныя справы — малітва, бліжні, Айчына, уласнае здароўе, урэшце — наша збаўленне! У вачах людзей і ва ўласных мы можам «выкруціцца» з-за недахопу часу, але ці «пройдзе» гэта перад Богам? Чыя ж гэта віна, што не маем часу? Можа, Бог стварыў вельмі кароткі дзень? Веруючы чалавек ведае, што, калі Бог даў столькі часу, то Ён ведае, што нам яго павінна хапіць на ўсе справы.

Чаму адны паспяваюць чы­ніць шмат дабра, шмат маліцца і ніколі не наракаюць на недахоп часу, а іншыя робяць няшмат, і часу ім пастаянна не хапае? Адказ вельмі просты: час заўсёды мае той, хто любіць. Закаханыя заўсёды знойдуць час для сябе, нават у вялікай працоўнай нагрузцы: яны здольныя арганізаваць спатканне, паразмаўляць, напісаць «смс». Муж, які любіць жонку, заўсёды знойдзе час для яе і наадварот. Бацькі — для дзяцей, сябры — для сяброў. Урэшце, Бог даў нам прыклад — знайшоў час, каб збавіць чалавека. Сам стаўся чалавекам, прынізіў сябе, пакутаваў ад несправядлівасці, каб даць нам магчымасць збаўлення. Толькі любоў здольная пераступіць мяжу часу і перамяніць яго ў вечнасць. Хто не любіць, той не мае часу ні для Бога, ні для бліжняга, ні нават для сябе. Калі ёсць любоў, то час памнажаецца ў нашых руках, як хлеб у руках Езуса, калі Ён карміў тысячы людзей. Гэты хлеб раздаваўся рукою Адвечнай Любові. Людзі, якія сапраўды любяць, здольныя адной гадзінаю свайго жыцця накарміць многіх...

У чарговы раз мы акунемся ў атмасферу
ўсімі любімага свята Божага Нараджэння.
Гэта, напэўна, самае сямейнае свята,
якое збірае за адным сталом усіх,
хто вельмі часта не мае для сябе часу.
Бог у чарговы раз хоча нагадаць нам, каб мы з любові,
Ягонай любові, чэрпалі для сябе матывацыю да ўзаемнай малітвы,
спатканняў, учынкаў любові, прабачэння, міласэрнасці.

Бог стаў Дзіцем, каб паказаць нам, што мы пакліканы да любові з маленства, з сямейнага агменю, каб з сям’і несці любоў у нашыя супольнасці, парафіі, месцы працы, у нашае грамадства. Бог прыйшоў на гэты свет у сям’і, каб благаславіць нашыя сем’і. Божае Нараджэнне — гэта свята сям’і: бацькоў, дзяцей, бабуляў, дзядуляў, братоў, сясцёр, сяброў, кожнага чалавека. Важна, каб мы, хрысціяне, жылі спадчынаю Евангелля, а не наступствамі савецкай ідэалогіі, якой, на жаль, яшчэ моцна прасякнутае наша грамадства. Калі Ленін прыйшоў да ўлады, ён адразу ліквідаваў касцёльныя сужэнствы, зняў з людзей адказнасць за выхаванне патомства, за сябе, за будучыню грамадства, растаптаў прынцыпы маралі і Божыя запаведзі, і плады мы бачым сёння ў нашым грамадстве.

Стварэнне сям’і — гэта вельмі сур’ёзны і адказны крок. Справа не толькі ў прыгожым вяселлі і добра ўмэбляваным памяшканні. Галоўнае, каб сужэнцы, бацькі ўсведамлялі сэнс сямейнага служэння і прысвячэння свайго жыцця, здольнасцяў, якасцяў і духоўнага багацця для сям’і. Гэта ўсё павінна падмацоўвацца штодзённаю малітваю — супольнаю і за сябе ўзаемна, моцным даверам Богу і сакрамэнтальным жыццём. Калі ў сям’і няма месца для Бога, яна губляе свой фундамент і крыніцу моцы, ператвараецца ў «гатэль» бяздушных эгаістаў. Якімі будуць нашыя сем’і, такім будзе і наша грамадства, такой будзе наша будучыня.

Сучасны свет вельмі часта намагаецца прынізіць вартасць хрысціянскіх каштоўнасцяў, сямейнай любові, вернасці, выхавання дзяцей. Таму для нас, хрысціянскіх сем’яў, важна прапагандаваць высакародныя прынцыпы Божай маралі, адказнасці за сябе і за жыццё бліжніх, за збаўленне кожнага чалавека.

Мае дарагія сябры! Калі бу­дзем збірацца пры вігілійным стале, калі будзем чытаць супольную малітву, дзяліцца аплаткаю і выказваць святочныя пажаданні і віншаванні, а таксама перапрашаць адзін аднаго, то важна памятаць пра самае галоўнае — пра тое, каб з чыстаю душою глядзець сабе ў вочы — люстэрка душы. Тады не толькі нашы целы, але і нашы душы стануць па-сапраўднаму блізкімі.

Няхай Божае Нараджэнне для ўсіх нас будзе не проста святам, але сапраўдным Нараджэннем Бога ў душы кожнага з нас, у жыцці нашых сем’яў, нашай Айчыны і ўсяго свету. Каб мы разам з пастушкамі абвяшчалі ўсяму свету: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям доб­рай волі!»


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла