Ружанцовыя разважанні паводле папы Францішка. Радасныя таямніцы

Тэксты разважанняў узятыя з энцыклікі папы Францішка Laudato si’, прысвечанай клопату пра супольны дом


1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі

«Езус кажа пра біблійную веру ў Бога Стварыцеля (гл. Мц 11, 25) i падкрэслівае асноўнае: Бог — гэта Айцец. Езус, размаўляючы са сваімі вучнямі, заахвочвае іх распазнаваць айцоўскія адносіны Бога з усімі стварэннямі і нагадвае з вялікай пяшчотаю, што кожнае з іх з’яўляецца важным у Яго вачах» [96].

Праслаўляйма Пана за тое, што Ён — наш Айцец…

 

2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

«<...> хто мае больш улады: пераможца забірае ўсё. Ідэал гармоніі, справядлівасці, братэрства і спакою, які прапануе Езус, з’яўляецца супрацьлегласцю такой мадэлі. Ён выказаў гэта адносна багацеяў свайго часу: „Кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою“ (Мц 20, 25–26)» [82].

Праслаўляйма Пана за пакорную службу Марыі…

 

3. Нараджэнне Езуса Хрыста

«Мы чакаем выпрацоўкі новага сінтэзу, які пераможа фальшывую дыялектыку мінулых стагоддзяў. Хрысціянства, застаючыся верным сваёй тоеснасці і атрыманаму ад Езуса Хрыста скарбу праўды, няспынна нанова фарміруе сваю думку і бясконца выказваецца нанова ў дыялогу з новымі гістарычнымі сітуацыямі, дазваляючы, каб нанова квітнела яго спрадвечная навізна» [121].

Праслаўляйма Пана за тое, што Езус нас пастаянна адраджае…

 

4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні

«Розныя аспекты нашай веры, прадстаўленыя на пачатку гэтай энцыклікі, дапамагаюць узбагаціць сэнс гэтага навяртання, напрыклад, усведамленне таго, што кожнае стварэнне адлюстроўвае ў сабе штосьці з Бога і змяшчае заклік, які павінна нам пераказаць, або ўпэўненасць, што Хрыстус прыняў гэты матэрыяльны свет, а цяпер, уваскрослы, жыве ў глыбіні кожнай істоты, акружаючы яе сваёй любоўю і напаўняючы яе сваім святлом» [221].

Праслаўляйма Пана за кожнае стварэнне, а таксама за туркавак, якіх Святая Сям’я прынесла як ахвяру для святыні…

 

5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

«Паводле хрысціянскага разумення рэчаіснасці, лёс усяго стварэння ўпісваецца ў таямніцу Хрыста, які прысутнічае ў пачатку ўсіх рэчаў: „Усё праз Яго і для Яго было створана“ (Клс 1, 16). Пралог Евангелля паводле святога Яна (1, 1–18) паказвае стваральную дзейнасць Хрыста як Божага Слова (Logos)» [99]. 

Праслаўляйма Пана за Яго Слова…


 Працяг будзе

Паводле: час. «Królowa Różańca Świętego».
Тэксты разважанняў узятыя з энцыклікі папы Францішка Laudato si’,
прысвечанай клопату пра супольны дом
(пераклад на беларускую мову Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі).

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла