Ружанцовыя разважанні паводле папы Францішка. Балесныя таямніцы

Мы працягваем публікаваць ружанцовыя разважанні, узятыя з энцыклікі папы Францішка Laudato si’, прысвечанай клопату пра супольны дом. 


1. Малітва Езуса ў Аліўным садзе

«Усёмагутны Божа, які існуеш ва ўсім Сусвеце, а таксама ў найменшым Тваім стварэнні; Ты, які атачаеш сваёй чуласцю ўсё, што існуе, спашлі нам моц сваёй любові, каб мы клапаці­ліся пра жыццё і прыга­жосць. Напоўні нас спакоем, каб мы жылі як браты і сёстры і нікому не прычынялі крыўды» [Ма­літва за нашую зямлю ў канцы энцыклікі].

Праслаўляйма Пана за тое, што Ён не дазво­ліў нікому ўчыніць крыўды ў Аліўным садзе, але ахвяраваў сябе за нас...

 

2. Бічаванне Езуса

«Нягледзячы на гэта, Бог, які хоча супрацоўнічаць з намі і разлічвае на нашае супрацоўніцтва, можа атрымаць некаторае дабро ад зла, якое мы чынім, бо «Дух Святы мае неабмежаваную магчымасць дзеяння, уласцівую Божаму розуму, які можа вырашыць нават найбольш складаныя і незразумелыя сітуацыі чалавечага жыцця». Такім чынам Ён хацеў абмежаваць самога сябе, ствараючы свет, які патрабуе развіцця, дзе многія рэчы, якія мы лічылі злом, небяспекай або крыніцай цярпення, на самай справе з’яўляюцца часткай болю нараджэння, які абуджае нас супрацоўнічаць са Стварыцелем» [80].

Праслаўляйма Пана за тое, што зло, учыненае намі, Ён ператварае ў дабро…

 

3. Укаранаванне Езуса цернем

«Божа ўбогіх, дапамажы нам уратаваць пакінутых і забытых на гэтай зямлі, якія так шмат значаць у Тваіх вачах. Аздараві нашае жыццё, каб мы ахоўвалі свет, а не рабавалі яго, каб мы сеялі прыгажосць, а не забруджванне і знішчэнне» [Малітва за нашую зямлю ў канцы энцыклікі].

Праслаўляйма Пана за тое, што прыняў нялёгкую прыгажосць цярновага вянка...

 

4. Езус нясе крыж на Кальварыйскую гару

«Дакраніся да сэрца тых, хто шукае толькі прыбытку за кошт убогіх і зямлі. Навучы нас бачыць каштоўнасць кожнай рэчы, сузіраць яе ў захапленні, прызнаваць, што мы глыбока з’яднаныя з кожным стварэннем у нашым пілігрымаванні да Тваёй бясконцай святасці. Дзякуем, што Ты з намі кожны дзень. Просім, падтрымлівай нас у нашых змаганнях на карысць справядлівасці, любові і спакою [Малітва за нашую зямлю ў канцы энцыклікі].

Праслаўляйма Пана за барацьбу на Крыжовым шляху...

 

5. Укрыжаванне і смерць Езуса

«Святы Ян Павел II вучыў, што „праз цяжар працы ў еднасці з укрыжаваным за нас Хрыстом чалавек супрацоўнічае пэўным чынам з Божым Сынам у справе адкуплення чалавецтва“» [98].

Праслаўляйма Пана за смерць на Крыжы, якая адку­піла ўсё стварэнне...


 Працяг будзе

Паводле: час. «Królowa Różańca Świętego». 
Тэксты разважанняў узятыя з энцыклікі папы Францішка Laudato si’, 
прысвечанай клопату пра супольны дом 
(пераклад на беларускую мову Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў 
і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі).

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла