Ці дапамогуць кіслотна-жоўтыя ружы ў збаўленні?

У Ціхім акіяне знаходзіцца востраў, які пачаў фарміравацца не так даўно — прыкладна 30 гадоў таму. Гэта прастора, дзе не жывуць ні людзі, ні жывёлы, на ім не растуць пальмы з какосамі, ды і зямлі на ім няма. Замест яе ваду пакрывае так званая «вялікая ціхаакіянская пляма» — пляма пластыкавага смецця, плошча якой больш за плошчу Францыі (ад 700 тыс. да 1,5 млн км2). Можа, калісьці там «зацвіце» і кіслотна-жоўтая кветка з магілы маёй бабулі?..


Памятаю мой шпацыр па могілках у Нарвегіі. Простыя, невысокія помнікі, каля многіх з іх стаяць вялізныя якары, амаль на кожнай могілкавай пліце сядзіць маленькая мядзяная птушачка памерам з вераб’я. Але што мяне ўразіла найбольш — гэта невялікія вяночкі, зробленыя з моху і аздобленыя разнастайным сухацветам, — проста і прыгожа. Памятаю, як я з’едліва прабурчэла: «Канешне, нам жа абавязкова трэба багатыя букеты са штучных кветак панатыркаць!» Проста розныя традыцыі, — скажаце вы. А я не згаджуся па дзвюх прычынах: па-першае, штучныя кветкі на могілках пачалі стракацець толькі ў 90-я гады, а па-другое, традыцыя — гэта не дадзенасць, гэта тое, што ствараецца і падтрымліваецца чалавекам, і ў яго ж руках — магчымасць яе змяніць. 

Дык што не так са штучнымі кветкамі? 

Па-першае, гэта іх склад. Сцябло штучных кветак зроблена з ПВХ. Гэта адзін з самых небяспечных відаў пластыку, і паліць яго ні ў якім выпадку нельга. Самі кветкі зроблены з поліэстэру. Для іх вырабу выкарыстоўваюцца танныя фарбавальнікі, шалёна-аранжавыя рамонкі хутка выгараюць, а кіслотна-ружовыя лілеі вымываюцца дажджом, таму праз паўгода яны апынуцца ў сметніцы. Такім чынам, кожны год дзясяткі, сотні тон пластыку, які не перарабляецца, апынуцца на звалцы. Так, можа стварацца ілюзія, што, паставіўшы прыгожую кветку, мы быццам бы выказваем нашаму памерламу большую любоў. Але ж пластыкавая траўка не толькі ў збаўленні не дапаможа, ды яшчэ і забрудзіць наваколле.

Па-другое, штучнымі кветкамі мы замяняем знакі, якія павінны сімвалізаваць нашу веру ў вечнае жыццё. Так, гаворка ідзе менавіта пра жыццё. Памятаю з дзяцінства, як вязуць па вуліцы труну з нябожчыкам у прычэпе машыны, ды з усіх бакоў яловыя лапкі ці бярозкі стаяць. Магчыма, нават тады мала хто змог бы растлумачыць сэнс гэтай традыцыі, не абмежаваўшыся словамі: «Так трэба», «Так прынята». А ўсё ж відавоча: елка, гэтае вечназялёнае дрэва, з’яўляецца сімвалам жыцця (менавіта таму яна ўпрыгожвае наш дом на Божае Нараджэнне). Смерць блізкага чалавека таксама павінна нанава абуджаць у нас веру ў вечнае жыццё, а мы як людзі, якім патрэбныя бачныя знакі, можам выказваць гэтую веру праз сімвалы жыцця: запаленыя свечкі, жывыя галінкі, кветкі. Тады ўзнікае пытанне, ці не падманваем мы саміх сябе, абстаўляючы магілу пластыкавай мярцвечынаю…

Як жа ўшанаваць памяць памерлых і не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю? 

А чаму б нам не пазычыць у нарвежцаў добрую традыцыю рабіць вянкі ці букеты на могілкі з прыродных матэрыялаў? Так, гэта патрабуе ад нас часу і фантазіі. Але, магчыма, такая маленькая ахвяра з нашага боку можа стаць для блізкага памерлага ў нейкім сэнсе збавеннаю. У каго ёсць зямля, той можа пасадзіць на ёй кусцік-другі кветак, якія прыгожа высыхаюць, і выкарыстаць іх для стварэння натуральнай кампазіцыі. Хто едзе ў лес па грыбы, можа пашукаць па дарозе прыгожыя галінкі, з якіх атрымаецца непаўторны вянок ці букецік. Прастаіць ён, магчыма, не паўгода, а значна менш, затое не пакіне пасля сябе пластыкавага следу.

У суседніх краінах ствараюць адмысловыя «духоўныя вянкі». І тут гаворка пойдзе, між іншым, пра фінансы. Я, дарэчы, доўгі час думала, што пах, які выдзя­ляюць штучныя кветкі, — гэта пах нябожчыка. Пасярод пакою — труна, з усіх бакоў — розных памераў вянкі, і гэта добра, калі людзі, што сабраліся вакол нябожчыка, не пачынаюць захапляцца прыгажосцю пластыкавых кампазіцый, ладкуючы своеасаблівыя спаборніцтвы па тым, у каго ён прыгажэйшы. А можа, і даражэйшы. І сапраўды, прыблізны кошт аднаго вянка — 40 рублёў. Паспрабуйце сёння адкласці гэтую суму грошай, а праз паўгода выкіньце купюру ў сметніцу. Калі ўнутры вас пачало ўзрастаць абурэнне, то падумайце, што прыблізна тое самае адбываецца з вянком, які мы набываем на пахаванне. Ён не іграе ніякай ролі ні для сям’і памерлага, ні для самога памерлага, не ўлічваючы, канешне, факту, што колькасцю вянкоў у нас прынята мерыць грамадскую значнасць памерлага і павагу ад сяброў… 

Што зрабіць, каб не змарна­ваць грошы і прынесці імі нейкую карысць? Я прапаную тры варыянты. Першы — гэта дапамагчы фінансава сям’і памерлага, таму што пахаванне сёння — нятанная справа. Другі —купіць жывыя кветкі. І трэці — самастойна ці ў складчыну з роднымі або сусе­дзямі ахвяраваць за памерлага святую Імшу, а, магчыма, і цэлую грыгарыянку. Гэта і называецца «духоўным вянком», які стане сапраўднаю дапамогаю для душы памерлага. 

*  *  *

Жывучы ў свабодзе дзяцей Божых, мы можам адмовіцца ад рэчаў і дзеянняў, якія не прыносяць плёну ні ў нашым жыцці, ні ў свеце, забыцца пра «так прынята» і «так трэба», а ўспомніць пра сапраўдную карысць, якую мы можам прынесці бліжнім (у тым ліку і прыродзе) нашым свядомым і сумленным стаўленнем да іх. 

Каб не быць галаслоўнай, я сама вырашыла зрабіць вянкі на магілы сваіх памерлых, выкарыстоўваючы прыродныя матэрыялы. Спадзяюся, тое, што ў мяне атрымалася, натхніць і вас на стварэнне hand-made (англ. зроблены сваімі рукамі) вянку. 


Дар’я Ахламёнак

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла