Інфармацыя як дар: дзе пачэрпнуць духоўна і жыццёва карысныя веды?

Інфармацыя, інфармацыя, інфармацыя. Патрэбная і непатрэбная. Прыемная і не. Паток навінаў, ролікаў, артыкулаў, рэкламы настолькі буйны, што ён проста абрушваецца на чалавека, і настае момант, калі неабходна зрабіць выбар: ці неяк балансаваць на гэтай неабсяжнай інфармацыйнай хвалі, ці зусім «сысці на бераг» і адмовіцца ад медыя, ці проста навучыцца адрозніваць пшаніцу ад мякіны і мудра карыстацца інфармацыяй, якая становіцца тады ўжо не ярмом, але дарам. І на гэтай старонцы я хачу падзяліцца з вамі маёй асабістаю падборкаю рэсурсаў, якія дазваляюць мне развівацца і ўзрастаць (не толькі ў пабожнасці). Раскажу крыху пра тое, дзе можна здабываць веды, звязаныя з вучэннем Касцёла, і што дапаможа паглыбіць разуменне Святога Пісання.


«Трёхминутный катехизис»

Пачнём з асноваў. Калі чытаць тоўстую сінюю кнігу пад назваю «Катэхізіс Каталіцкага Касцёла» цяжка, дарэчы, як і набыць яе ў Беларусі (але ёсць Кампендый!), тады на дапамогу спяшаецца а. Йоганэс Шварц з Ліхтэнштэйна. Ён выпусціў цыкл маляваных мульцікаў працягласцю 3–4 хвіліны кожны, якія адказваюць на асноўныя пытанні, звязаныя з каталіцкім веравучэннем. Гэта ж колькі можна паглядзець серый «Катэхізіса» замест адной серыі «Гульні тронаў»!

«Предание.ру»

Як-небудзь, калі будзе гадзінка-другая, зайдзіце на старонку гэтага праваслаўнага партала і... толькі не больш за дзве гадзінкі! Гэта сапраўдная скарбніца мастацкай, філасофскай, псіхалагічнай і духоўнай літаратуры, якую можна спампаваць і чытаць; скарбніца музыкі; дапаможных матэрыялаў, разважанняў, што дапамогуць вывучаць Святое Пісанне (нават можна падпісацца на іх рассылку). Зноў жа, з усяго мноства цікавай інфармацыі неабходна выбраць толькі тое, што вас цікавіць, і прымаць «інфармацыйную ежу» дазіравана.

«Dominikanie.pl»

Зусім малады праект польскіх дамініканаў, якія на ўсе 100% выкарыстоўваць медыйныя тэхналогіі дзеля прапаведавання слова Божага. Цыклы відэа пра літургію, жанчын у Бібліі, кароценькія каментары да чытанняў з дня, цікавыя гісторыі для дзяцей і псіхалагічныя парады — гэтыя і шмат іншых серый ствараюць не толькі святары, але і свецкія католікі. Зразумела, youtube-канал Dominikanie.pl вядзецца па-польску, але ёсць на ім каментары да Евангелля на кожны дзень і з рускімі субтытрамі, праўда, гэта толькі адзін праект а. Войцеха Енджаеўскага — #ЕвангелиарийОР. Будзем спадзявацца, што субтытры з’явяцца і на іншых серыях відэа. А можа, хтосьці з вас хоча дапамагчы гэтай справе?

Наступныя тры рэсурсы я хачу вам параіць як крыніцу звычайнай жыццёвай мудрасці. А калі гэта мудрасць, то яе нельга аддзяліць ад праўды.

«S-t-o-l.com»

Для мяне «Стол» — гэта не проста грамадска-публіцыстычны медыяпраект, гэта сапраўднае месца сустрэчы. «Стол» ствараюць энтузіясты (бо праект існуе на валанцёрскіх пачатках), якія праз свае тэксты імкнуцца намацаць здаровую сувязь Царквы і грамадства, культуры і рэлігіі, знайсці адпаведнае месца хрысціянства ў гісторыі. Колькі напісана шматтомнікаў на гэтыя тэмы, скажаце вы. Але я, як чалавек, як частка Касцёла, шукаю гэтую сувязь і гэтае месца цяпер, у гэтую хвіліну і ў свеце, які мяне атачае сёння.

«Matrony.ru»

Гэта яшчэ адзін праваслаўны медыяпраект. Напісана, што ён створаны для жанчын, але, паверце, мужчынам там таксама знойдзецца што пачытаць: напрыклад, пра сямейныя адносіны, пра выхаванне дзяцей, псіхалогію ці пра сакрэты бюджэтнага рамонту. Можаце смела назваць мяне феміністкаю, але я лічу, што ўсё гэта — справы сямейныя, а не толькі жаночыя. Хочаце паспрачацца? Зробім жа гэта як адукаваныя людзі.

«Prolife-belarus.org»

Жыццё чалавеку дае Бог, жыццё — гэта першы і найвялікшы дар, які кожны з нас ад Яго атрымаў. Але сёння патрэбныя цэлыя Божыя войскі дзеля таго, каб сведчыць людзям пра годнасць зачатага жыцця, пра прыгажосць адносінаў паміж мужчынам і жанчынаю, пра дар бацькоўства і сям’і. Адным з такіх «войскаў» у Беларусі з’яўляецца дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы». На яго сайце можна знайсці шмат сведчанняў, інфарматыўных артыкулаў пра метады распазнавання плоднасці, цяжарнасць, роды, на тэму сям’і. Там жа можна сачыць за анонсамі семінараў па метадах распазнавання плоднасці, школе родаў. А можа, хтосьці захоча запрасіць актывістаў фонда выступіць з лекцыяй і прывезці выставы па абароне жыцця і сямейных каштоўнасцях?

А цяпер пераходзім ад тэорыі да практыкі і дзеяння. Купляем квіток і едзем адукоўвацца і развівацца.

Рэкалекцыйны дом св. Язэпа ў Оршы

Калі пасля цяжкага працоўнага дня ці ў пяць гадзін раніцы едзеш у Оршу, галоўнае — не пераблытаць цягнікі. А як ужо прыбылі, то сядаем на пяты аўтобус і едзем да вул. Савецкай. Там нас чакае Рэкалекцыйны дом з прыгожым скверам і шмат духоўнай працы. У Оршы праходзяць рэкалекцыі «Вінаграднік», «Назарэт», біблійны курс «Эмаўс», рэкалекцыі. За раскладам рэкалекцый на некалькі месяцаў наперад можна сачыць на сайце, там жа можна знайсці тэкставы варыянт лекцый мінулых «Вінаграднікаў».

Рух «Тэрыторыя адказнасці»

Гэта про-сямейны праект украінскіх пратэстантаў, створаны на базе Міжнароднай грамадскай арганізацыі «Асацыяцыя міласэрнасці „Эммануэль“». Чым яны займаюцца? Праводзяць кансультацыі, семінары і лекцыі на тэмы сям’і і сексуальнасці. Удзельнікі руху арганізуюць онлайн-школу кансультавання «Аднаўленне цэласнасці», у якой кожны жадаючы (у першую чаргу псіхолагі, душпастыры і сямейныя кансультанты) зможа атрымаць неабходныя веды і інструменты для дапамогі сабе і іншым у падтрыманні сексуальнага здароўя і чыстасці. Таксама яны арганізуюць унікальны курс «Як дапамагчы ЛГБТ-людзям аднавіць сваю тоеснасць у Хрысце». На сайце руху можна таксама знайсці шмат артыкулаў на тэмы сексуальнасці, сямейных адносінаў і выхавання дзяцей.

«Warsztaty kaznodziejskie». Спецыяльна для святароў!

І зноў польскія дамінікане радуюць нас сваімі ініцыятывамі. У г. Лодзь яны арганізуюць прапаведніцкія варштаты, дзе святары вучацца таму, як чытаць Біблію, каб яна была першаю натхняльніцаю ў абвяшчэнні Нябеснага Валадарства, паглыбляюць веды па гамілетыцы і шукаюць шляхоў для выкарыстоўвання сваіх талентаў і індывідуальных якасцяў у казаннях. Варштаты адбываюцца ў тры заезды, каштуюць нямала, але я, звычайная парафіянка, была б удзячная святару, які б ахвяраваў адной пілігрымкай у Еўропу дзеля сваёй паствы.

Канешне, гэта толькі кропля ў моры інтэрнэт-крыніцаў, з якіх мы можам чэрпаць духоўна і жыццёва карысную інфармацыю. Буду вельмі рада (як і ўся рэдакцыя часопіса «Ave Maria»), калі для вас месцам натхнення і новых ведаў з’яўляецца наш часопіс. Дзякуй, што чытаеце нас на паперы і на сайце.


Дар'я Ахламёнак

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла