«Каб будаваць цывілізацыю любові…»

Дарагія чытачы, гэты вераснёўскі нумар нашага часопіса мы вырашылі прысвяціць тэме каталіцкай адукацыі, традыцыі якой у нашым Краі даўнія і багатыя. Як пісаў яшчэ на пачатку ХХ ст. кс. Адам Станкевіч, «асвета прыйшла ў Беларусь разам з хрысціянствам», і, адпаведна, найважнейшыя асяродкі гэтай асветы ўзнікалі пры касцёлах і кляштарах: езуіцкія калегіумы і піярскія школы, духоўныя семінарыі і акадэміі, дзе вучыліся многія вядомыя асобы, якія сталі гонарам айчыннай навукі, культуры і літаратуры. (Пра гісторыю каталіцкай адукацыі мы шмат пісалі ў квартальніrу «Наша вера»).


На жаль, як вядома, традыцыя хрысціянскай асветы на доўгія дзесяцігоддзі была гвалтоўна перарваная і толькі з духоўным адраджэннем пачала спакваля таксама адраджацца. Пра сённяшні стан каталіцкай адукацыі, пра яе дасягненні і праблемы пішуць нашы аўтары ў гэтым нумары. 

Каталіцкая адукацыя і яе развіццё былі адным з прыярытэтаў Пантыфікату святога папы Яна Паўла ІІ, які сам быў выдатным тэолагам і філосафам і заснаваў дзве новыя акадэміі: Папскую акадэмію грамадскіх навук і Папскую акадэмію абароны жыцця, запрасіўшы туды выдатных вучоных з усяго свету.

Прапануем вашай увазе невялікі фрагмент прамовы Святога Айца да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэсу каталіцкіх вучэльняў Еўропы, які адбыўся ў Рыме 28.04.2001 г. Тады, між іншым, Папа сказаў: «Гарантуючы навучанне на высокім узроўні, разам з тым каталіцкая школа павінна паказваць хрысціянскае бачанне чалавека і свету, якое давала б магчымасць маладым людзям весці плённы дыялог паміж вераю і розумам. Школа абавязана таксама перадаваць каштоўнасці, якія вучні павінны засвоіць, і праўды веры, якія яны павінны адкрываць, з усведамленнем, што ўсе чалавечыя каштоўнасці знаходзяць паўнату рэалізацыі і сваё паяднанне ў Хрысце. Значныя перамены ў сферы культуры, глабалізацыя кантактаў, рэлятывізацыя маральных каштоўнасцяў і разрыў сямейных сувязяў, які асабліва нас непакоіць, — усё гэта абуджае ў маладых людзях пачуццё небяспекі, што непазбежна ўплывае на іх стыль жыцця, працэс навучання і на бачанне ўласнай будучыні. Такая сітуацыя абавязвае еўрапейскія каталіцкія вучэльні даць грунтоўную выхаваўчую праграму, якая б дапамагла моладзі не толькі асягнуць псіхічную, маральную і духоўную сталасць, але таксама паспрыяла б дзейсна ўключыцца ў справу перабудовы грамадства і рупліва працаваць дзеля набліжэння Божага Валадарства. Тады маладыя людзі змогуць прыўнесці ў культуру аўрапейскага грамадства <...> скарб Евангелля, каб будаваць цывілізацыю любові, братэрства, салідарнасці і супакою».


Крыстына Лялько

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла