Плыві на глыбіню. Пра рэкалекцыйны дом у Оршы

Цяжка пераацаніць ролю рэкалекцыйнага дома ў жыцці вернікаў. Гэта выразна адчулі ўсе мы, хто свойчас пачаў прыязджаць на розныя сустрэчы ў Оршу. Сустрэчы тыя адбываліся, дом рамантаваўся, касцёл — таксама… І калі нарэшце рамонт скончыўся, мы ўсе ўздыхнулі з палёгкай, бо цяпер ужо можна было спакойна прыехаць і застацца ў рэкалекцыйным доме на некалькі дзён — умовы для начлегу з’явіліся, мы ўжо не заміналі ні гаспадарам, ні адзін аднаму... Дзеля чаго ён увогуле патрэбны, гэты рэкалекцыйны дом? Як аказалася, для шматлікіх важных рэчаў.


Тут можна паўдзельнічаць у розных рэкалекцыях, якія арганізуюцца дзеля нас, у біблійным курсе «Эмаўс» і набыць новыя веды, можна, зрэшты, адбыць і прыватныя рэкалекцыі, калі ты на некалькі дзён адключаеш мабільнік, «забываеш» усе праблемы, якія перажываеш на працы альбо ў сям’і, і застаешся сам-насам з Богам… І, цалкам магчыма, што пасля тых дзён ты зірнеш на ўсе свае «невырашальныя сітуацыі» зусім іншымі вачыма… А зрэшты, на кожных рэкалекцыях можна атрымаць адказ на пытанні, якія цябе хвалююць, і ў выніку прыняць важнае рашэнне, што даўно мучыла цябе. Можна, нарэшце, новымі вачыма зірнуць на тое, што ты перажываеш, і зразумець штосьці важнае пра самога сябе. Што ж нас чакае ў новым навучальным годзе ў рэкалекцыйным доме ў Оршы? З гэтым і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да галоўнага арганізатара і натхняльніка ўсяго, што адбываецца ў гэтым доме, айца марыяніна Аляксандра Жарнасека.

— Айцец Аляксандр, мы неяк пісалі ўжо пра курсы і рэкалекцыі, якія перыядычна арганізуюцца ў рэкалекцыйным доме пры касцёле святога Юзафа ў Оршы. За гэты час адбыліся некаторыя змены. З восені ў вас, як і ў навучальных установах, таксама распачынаецца, так бы мовіць, новы навучальны год. На якія курсы, рэкалекцыі, сустрэчы вы запрашаеце цяпер вернікаў?

— Думаю, у гэтым «навучальным годзе» адбудуцца некаторыя змены. Гэта, так бы мовіць, вынік досведу ранейшай працы. Распачынаючы нашы курсы, я крыху браў прыклад з працы рэкалекцыйных дамоў у Польшчы, крыху сам стараўся распазнаць духоўныя патрэбы вернікаў. Думалася, што людзей павінна зацікавіць сямейная тэматыка, а таксама тэмы жаноцкасці і мужчынскасці, аднак час паказаў, што гэтыя тэмы не маюць вялікага попыту, і ў выніку я быў вымушаны адмяніць курс для жанчын «Эстэр», курс духоўнай барацьбы «Давід», курс для сем’яў «Бэтанія».

— Як думаеце, з чым гэта звязана?

— З аднаго боку, у людзей могуць быць фінансавыя складанасці або ім цяжка адпрасіцца з працы. Магчыма, некаторыя не валодаюць інфармацыяй. Але галоўная прычына, як мне падаецца, у іншым: айцы пустыні часта казалі, што лянота з’яўляецца пачаткам усялякага граху. Думаю, што гэта і ёсць наша галоўная праблема…

— Лянота?

— Так… Многія вернікі гатовыя паехаць хоць і на край свету дзеля таго, каб вырашыць нейкія свае праблемы, але пры ўмове, што там будуць «цуды-малітвы», якія ўсё вырашаць у імгненне вока. Калі ж у нас яны чуюць пра патрэбу сталай самастойнай працы, дысцыпліны, патрабавальнасці да ўласных дзеянняў, а, самае галоўнае, пакаяння і сур’ёзных зменаў у асабістым жыцці, то ў многіх адразу ж знікае запал.

Што тычыцца сямейнай тэматыкі, то многім здаецца, што тут усё натуральна «цячэ само сабой», нічога пазнаваць не трэба, і не трэба над гэтым працаваць: каханне прыходзіць само, сексам займацца вучыць не трэба, дзеці неяк там выхаваюцца… і гэтак далей. Многія, хто займаецца сямейнай тэматыкай у Касцёле, бачаць слабую зацікаўленасць вернікамі гэтай праблемай. Мала гэтай зацікаўленасці і сярод сярод духоўных асобаў. Тут трэба намаганне, праца, сур’ёзныя высілкі, а мы пакуль нават не перакананыя, ці нам гэта ўвогуле патрэбна. Вельмі сумна, але такая праўда.

— Скажыце, у Вас жа ёсць, мабыць, аднадумцы, з якімі Вы супрацоўнічаеце пры арганізацыі рэкалекцый ды курсаў?

— Аднадумцы нібыта і ёсць. Толькі зноў жа: цяжка, напрыклад, на рэкалекцыі сямейнай тэматыкі запрашаць некага, калі самі рэкалекцыі не выклікаюць зацікаўленасці ў вернікаў. Напачатку я імкнуўся запрашаць спецыялістаў, планаваў рабіць гэта і надалей, але гэта стала немэтазгодным. Можна сказаць, што адзіным маім верным аднадумцам і супрацоўнікам з’яўляецца Уладзіслаў Валаховіч, які, згодна са сваёй адукацыяй і пакліканнем, вядзе біблійны курс «Эмаўс».

— Ад старэйшых людзей даводзілася чуць, што няхай ужо, маўляў, вучацца ды пазнаюць штосьці там маладыя, а дзе ўжо нам новае шукаць! У вас жа ўзрост удзельнікаў не абмежаваны?

— Доля праўды ў гэтым, канечне, ёсць. Старэйшы чалавек можа заснуць і на адной канферэнцыі, а ў нас іх, як правіла, на курсе пяць альбо шэсць. Але зазначым, што Абрагаму не было позна пазнаваць Бога ў старасці. У нас даволі шмат тых старэйшых, якія шкадуюць, што пазнавата ім даводзіцца шмат карыснага даведвацца толькі цяпер. Пачуўшы нешта важнае для сябе, можна яшчэ перадаць гэта дзецям, сябрам, а можна перажыць глыбокае пакаянне перад Богам, што немалаважна!

— А яшчэ некаторыя пабойваюцца, што Вы там, можа, адзнакі выстаўляеце? Бо каму ж хочацца трапіць у троечнікі альбо двоечнікі?

— Былі такія думкі на біблійным курсе «Эмаўс». Ды ад гэтай ідэі мы адмовіліся ўжо на другім курсе, бо, калі ўлічыць нашу агульнанацыянальную здоль­насць не патрабаваць ад самога сябе, то мы пабаяліся, што страцім і тых слухачоў, якія з’явіліся.

— Якія курсы на дадзены момант засталіся?

— Плануем працягваць біблійны курс «Эмаўс», малітоўныя аднадзённыя сустрэчы «Вінаграднік», курс «Назарэт», у якім акцэнт робіцца на самастойную працу з Божым словам на ўзор ігнацыянскіх рэкалекцый. Яшчэ час ад часу будуць рэкалекцыі для старшакласнікаў — «Закхей». Такія ў нас планы. Але жыццё, як вядома, часам уносіць свае карэктывы. Калі будуць нейкія змены, паведамім праз інтэрнэт.

— Дзякуй, айцец Аляксандр! Поспехаў Вам і ўсім удзельнікам!

*  *  *

А цяпер звернемся да тых, хто на працягу амаль дзесяці гадоў паглыбляе свае адносіны з Панам Богам з дапамогаю рэкалекцый ды курсаў у Оршы. 

Галіна Атаназава, г. Полацк:

— Для мяне пабыць на рэка­лекцыях у Оршы — гэта як напіцца з крыніцы жывой вады. Часта атрымліваю тут адказы на пытанні, якія хвалююць. І гэта дае сілы смялей глядзець на праблемы, якія штодня перажываюцца. 

Людміла Папкова, г. Магілёў:

— У рэкалекцыйным доме ў Оршы на «Вінаграднік» і розныя курсы часта збіраецца мая вялікая хрысціянская сям’я. Удзяч­ная Богу, што Ён падараваў мне шчасце прыязджаць сюды і быць разам з маімі братамі і сёстрамі ў Хрысце. Разам маліцца, радавацца, праслаўляць Бога, вывучаць Божае слова, адкрываць жыццё ў Хрысце. Пан Бог сказаў, што Валадарства Божае пачынаецца ўжо тут, на зямлі. Для мяне адчыняць дзверы ў рэкалекцыйны дом у Оршы — гэта ўваходзіць у рэальнасць гэтага Валадарства. Каб зразумець гэта, трэба сюды прыехаць.

Барыс Хамайда, г. Віцебск:

— У рэкалекцыйным доме я акунуўся ў атмасферу сяброўства і Божай любові. Тут у мяне з’явілася шмат новых сяброў, чыё моцнае плячо і шчырае сэрца адчуваю і на курсах у Оршы, і падчас пілігрымак «Росіца-Будслаў», «Полацк-Росіца». А на курсах мне часам мала бывае проста праслухаць лекцыі ды разважанні святара. Тады праз нейкі час зноў вяртаюся да тэкстаў ужо на паперы. Думаю, што добра было б выдаць кнігу з тэкстамі, якія мы слухаем. Няхай бы і іншыя пачыталі…

Антаніна Гулько, г. Мінск:

— Для мяне рэкалекцыйны дом у Оршы — выключнае месца. Пераканана, што чалавек стварае месца, а не наадварот. Гэта я кажу пра айца Аляксандра. Дзякуй яму, што гэты дом зрабіўся домам прытулку для тых, хто шукае Бога. Увогуле я люблю цяпло, і фізічна мне бывае халаднавата ў Оршы. Але я палюбіла двухпавярховыя ложкі і начныя размовы з дзяўчатамі, надзвычай прыгожы прыкасцёльны сквер і смачныя аладкі, якімі нас тут частуюць. Заўжды мне хочацца прывезці сюды і сваю матульку, асабліва калі адчуваю, што маёй малітвы за яе малавата. Тут няма ні сенсацый, ні ажыятажу, заўсёды спакойна і па-свойску. І ёсць глыбіня. Тут мусіць пабыць кожны, хто шукае Бога. Хоць бы і для таго, каб пераканацца, што ёсць людзі, якія ўспрымаюць веру ўсур’ёз.

Галіна Арлова, г. Глыбокае:

— Я ўпершыню прыехала на сустрэчу «Вінаградніку» ў Оршу ў 2014 годзе. І з таго часу, калі толькі няма сур’ёзных пера­шкодаў, стараюся быць на гэтых сустрэчах. Ведаю: тут нас заўсёды чакаюць. Гэта вельмі важна — ведаць, што ты тут, як у родным доме. А яшчэ часам проста здзіўляешся, калі святар пачынае гаварыць пра тое, што цябе турбуе… Кожны тут можа пачуць штосьці вельмі важнае для яго. Трэба толькі быць адкрытым і гатовым прыняць тое важнае.

Ян Вярцінскі, г. Наваполацк:

— У Оршы я сустрэў лю­дзей жывой веры з розных куткоў нашай краіны.  Так хочацца змя­няцца да лепшага, браць у сваё жыццё тое светлае і добрае, пра што тут чуем! Мы — у дарозе. 

І пакуль маем такую магчымасць, трэба выкарыстоўваць яе. Галоўны вынік майго прабывання на рэкалекцыях: я не на словах, а сэрцам прыняў тое, што Бог — гэта Любоў. І яшчэ зразумеў, як Езус прагне ад нас святасці…

Сафія Логвінава, г. Орша:

— Вельмі рада, што ў нашай Оршы ёсць рэкалекцыйны дом. Гэта такая цудоўная магчымасць — узбагачаць сваю веру! Звычайна на сустрэчы «Вінаградніку» мы прыходзім разам з мужам і нашым сыночкам Давідам. Прагнем расці і мацнець у веры разам!

*  *  *

Дык для каго ж яны, шматлікія рэкалекцыі, малітоўныя сустрэчы, курсы ў рэкалекцыйным доме? Паслухаўшы тых, хто часта ўдзельнічае ў іх, падумалася, што найперш для тых, хто не баіцца выплысці на глыбіню. На тую глыбіню, да якой заклікаў нас сам Езус Хрыстус.


Адась Чаронка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла