«Для святасці мы маем усе сродкі». Інтэрв'ю з біскупам Казімірам Велікасельцам

Гэты нумар часопіса прысвечаны святасці і тым, хто гэтую святасць ужо асягнуў, — святым. Мы ўдзячны Божаму Провіду за магчымасць паразмаўляць сёння з тым, каго многія называюць чалавекам малітвы, пакоры і аскезы, чалавекам ціхай мудрасці, моцнай веры і гарачага жадання дзяліцца гэтай вераю з іншымі. Усе гэтыя якасці — добры прыклад іншым на дарозе да збаўлення, а значыць і на дарозе да святасці. Наш суразмоўца — дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыя Казімір Велікаселец, які нядаўна адзначыў дзве знамянальныя даты свайго жыцця — 35 гадоў святарства (3 чэрвеня) і 20 гадоў біскупскай сакры (24 чэрвеня).


— Ваша Эксцэленцыя, калектыў нашай рэдакцыі шчыра віншуе Вас з гэтымі значнымі падзеямі Вашага жыцця. Жадаем Вам моцнага здароўя, нястомнай апекі Маці Божай і ўсіх Вашых святых апекуноў. Удзячны таксама Пану Богу за ўсе тыя дары і ласкі, якімі Ён Вас шчодра надзяліў. Дзякуем, што знайшлі час на размову.

— Я, дарэчы, толькі што вярнуўся з Чэнстаховы, дзе цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі падзякі Пану Богу за дар святарства для мяне і маіх сакурснікаў, якім 3 чэрвеня 1984 года ў Рызе кардынал Юлій Вайводс удзяліў сакрамэнт святарства. Нас было тады шэсць дыяканаў:  трое — з Украіны, двое — з Беларусі і адзін — з Латвіі. Я таксама дзякую Пану Богу за маіх бацькоў, якія перадалі мне сваю веру. Мне было тры гады, калі ў 1948 годзе наш парафіяльны касцёл у Шэрашэве зачынілі, а ксяндза адправілі ў вязніцу. Нягледзячы на ваяўнічы атэізм, у нашай хаце заўсёды праводзіліся маёвыя, чэрвеньскія і ружанцовыя набажэнствы, а ў часе Вялікага посту — Крыжовы шлях. Мы слухалі па радыё трансляцыю святой Імшы з Польшчы, з Лондана, з Парыжа. Гэта пакрысе фарміравала маю веру, але вельмі хацелася быць у касцёле. І вось у Гродне, падчас маёй службы ў войску, адзін прыяцель сказаў, што ў Вільні дзейнічае аж 9 касцёлаў. Я вырашыў, што абавязкова паеду ў Вільню. Пасля службы так і зрабіў. Працаваў простым рабочым на будоўлі, але затое кожны дзень быў на святой Імшы. Потым адчуў пакліканне да святарскага служэння. Шлях гэты быў складаны — тры гады чакаў дазволу савецкіх уладаў на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю, два разы па гэтай справе ездзіў у Маскву. Сёння я дзякую Пану Богу за ўсе гэтыя перашкоды, якія толькі больш умацоўвалі маё жаданне быць святаром, бо тое, што цяжэй да­стаецца, заўсёды больш цэніцца.

— Як біскуп Вы сёння працуеце ў Гомелі, адкрылі там новую парафію і былі яе першым пробашчам, пачалі будову касцёла. Як сёння жыве гэта парафія, што новага ў ёй адбываецца?

— 16 лістапада мінулага года, у свята Маці Божай Вастрабрамскай, я асвяціў новую капліцу ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. Закладзены таксама фундамент пад будаўніцтва касцёла. Сёння пробашч гэтай парафіі — айцец Леанард Адушкевіч з кангрэгацыі айцоў паўлінаў. Да гэтага ён узначальваў парафію ва Украіне, у Марыупалі. Сам ён родам з Беларусі. Па нашай просьбе генеральны настаяцель гэтай кангрэгацыі накіраваў айца Леанарда да нас. Вядома, што будаўніцтва касцёла вельмі складаная справа: патрэбна шмат малітвы. Айцец Леанард увёў такую малітоўную практыку, як я калісьці ў Брэсце, — штодня за гадзіну да святой Імшы адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з Ружанцовай малітвай і Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Гэта вялікая дапамога ў вырашэнні ўсіх праблемаў як для парафіі, так і для кожнага з нас.

— Гэты нумар нашага часопіса прысвечаны святасці і святым. Ваша Эксцэленцыя, а што для Вас святасць і ці рэальна ў сучасным свеце быць святым?

— Святасць — гэта галоўная мэта жыцця кожнага чалавека. Так павінна быць. Ад святасці залежыць уся наша дзейнасць, бо кожны талент патрабуе чысціні. У псальмах сказана, што грэх, здзейснены чалавекам, забірае ў яго сілу розуму. Хрыстус сказаў, каб шукалі найперш Валадарства Божага, а ўсё астатняе будзе дадзена. Для святасці мы маем усе сродкі. Хрост! Ён здымае з дзіцяці першародны грэх, а даросламу чалавеку падчас гэтага сакрамэнту прабачаюцца ўсе грахі. Споведзь! Памятаем, як Езус сказаў пра неабходнасць споведзі: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 23). Эўхарыстыя (Цела і Кроў Езуса Хрыста) — самы галоўны дар, у якім знаходзіцца сам Бог, найвышэйшая святасць. Прымаючы яго, мы напаўняемся Богам.

Памятаем, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз і на сваё падабенства. Бог — гэта абсалютная мудрасць, любоў і святасць. Мы таксама маем мудрасць, любоў і святасць, але каб гэта ўсё ў нас праяўлялася, патрэбна дзеянне Святога Духа, патрэбна нашая малітва. Калі мы молімся, Святы Дух напаўняе нас сваімі дарамі і моц Усявышняга нас ахінае. Чалавек, які не моліцца альбо мала моліцца, раней ці пазней паддасца спакусе ўчыніць грэх.

Біблія нам гаворыць і пра іншыя сілы — дэманічныя. Менавіта злы дух быў віноўнікам падзення нашых прабацькоў Адама і Евы і, як наступства, усяго іх патомства. Каін забіў свайго брата Абэля. Па сённяшні дзень гэта адбываецца. Бачым, колькі злачынстваў і войнаў у свеце. Ёсць, на жаль, людзі, якія служаць злу. Іншыя людзі служаць Пану Богу, нават ідуць на пакутніцкую смерць дзеля Божай праўды. Ведаем шмат такіх прыкладаў у гісторыі хрысціянства, адзін з іх — прыклад святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. У 1940 годзе ён знаходзіўся ў камеры смяротнікаў у брэсцкай турме. Калі пачалася вайна, мясцовыя жыхары выбілі дзверы і вызвалілі яго. Ён мог з’ехаць з гэтай краіны за мяжу, але застаўся са сваёю пастваю. Пасля вайны савецкія ўлады, замест таго каб дзякаваць Богу за перамогу над ворагам, яшчэ з большаю сілаю пачалі знішчаць святыні, а святароў высылаць у Сібір. Так ксёндз Казімір Свёнтэк зноў трапіў за краты ўжо ў Сібіры. Туды ж былі сасланы і ксёндз Вацлаў Пянткоўскі, які потым рыхтаваў нас да святарства, ксёндз Міхал Варанецкі — пробашч з Ружанаў (маёй радзімы) і шмат іншых.


— Ведаем, што кроў мучанікаў мае ў вачах Бога вялікую моц. Магчыма, дзякуючы іх пакутам, мы сёння маем магчымасць быць у Касцёле.

— Так! Памятаю гадоў 15 таму ў Кіеве праходзіў з’езд прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла з усёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Маліліся ў інтэнцыі падзякі Пану Богу за рэлігійную свабоду. Разважалі, як і адкуль прыйшла да нас гэтая воля. У канцы ўсе аднадушна прызналі: гэтую ласку мы атрымалі дзякуючы малітвам і пакутам папярэдняга пакалення вернікаў. Якая ж вялікая адказнасць ляжыць на ўсіх нас, каб выкарыстаць яе для евангелізацыі як мага большай колькасці людзей!

— Ваша Эксцэленцыя, прыклад якога святога найбольш дапамагае Вам у жыцці?

— Найперш — Маці Божая. Гэта Яна дапамагла мне ў Вострай Браме распазнаць сваё пакліканне. Малюся пастаянна да святога Юзафа — ён апякун усіх працуючых. Яго дапамога вельмі патрэбна сёння ў будаўніцтве касцёла ў Гомелі. Даўно, калі я быў міністрантам у касцёле Святога Духа ў Вільні, ксёндз з Польшчы Павел Бекеш расказаў мне пра слугу Божага Зыгмунта Лазінскага, даў мне пачытаць яго біяграфію, даў яго абразок, а таксама малітву да яго. Мне ў сэрца вельмі запала ўсё, што я даведаўся пра гэтага нашага славутага земляка, і я пачаў да яго маліцца. Ездзіў спецыяльна ў Пінск да яго гробу. Ён мне вельмі дапамог і цяпер дапамагае. У цяжкіх справах малюся да Юды Тадэвуша і Рыты Касія. Малюся таксама да Марыі Магдалены. Вельмі люблю святога Яна Віянэя, які з’яўляецца ўзорам святасці для нас, святароў. Вось толькі адзін факт з яго жыцця: аднойчы ў Арс, дзе служыў ксёндз Ян Віянэй, прыехаў нядобразычлівец, каб сабраць на яго кампрамат, але пасля сустрэчы з ім ён напісаў: «У гэтым святару я ўбачыў Аблічча Бога!» Дапамажы, Пане Божа, каб і пра нас так гаварылі людзі.


Размаўляла Галіна Калевіч
Фота: catholic.by

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла