Мы ўсе — пілігрымы

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла сярод добрых учынкаў хрысціяніна запісана: «Прыняць у дом падарожных». Кожны пілігрым мог бы падпісацца пад гэтымі словамі і пацвердзіць, як гэта важна, калі перад табою, здарожаным пілігрымам, гасцінна адчыняць дзверы і запросяць у дом, каб ты мог адпачыць і набрацца сілаў на далейшы свой шлях…


Мары пілігрыма

Пра што марыць пілігрым, выпраўляючыся ў свой шлях? Ну, вядома ж, самае галоўнае ягонае жаданне, каб Пан Бог прыняў ахвяру пілігрымавання, каб выслухаў малітвы, спаслаў чаканыя ласкі. За што мы найчасцей молімся ў часе пілігрымавання да святых месцаў? За нашых родных і блізкіх, за тое, каб прымірыў Пан Бог тых, хто жыве ў нязгодзе, каб паслаў ласку веры тым, хто яе не мае, здароўе — хворым, вызваленне — зняволеным, радасць — тым, хто ў журбе… Іх шмат, нашых просьбаў да Пана Бога. І так хочацца, каб высілак дарогі, на які мы адважыліся, дзеля якога, магчыма, адмовіліся ад некалькіх дзён прыемнага адпачынку і замянілі яго на цяжар пыльных дарог са спёкаю, дажджом, смагаю ды мазалямі на нагах, каб усё гэта не было дарэмным. Зрэшты, пілігрым верыць у тое, што ягоная дарога не можа быць дарэмнай, і калі яна нават не прынясе жаданай карысці тым, за каго мы яе ахвяруем, калі мы не атрымаем таго, чаго просім, то ўсё адно для кагосьці малітвы нашых дарог пойдуць на карысць.

У любым выпадку час пілігрымавання не будзе змарнаваны. З такімі альбо падобнымі думкамі мы, пілігрымы, звычайна выпраўляемся ў нашыя пілігрымкі: хто — у Будслаў, хто — у Росіцу, хто — у Тракелі, Бялынічы, Лагішын, Наваградак, Вільню… А некаторыя з нас за лета адолеюць і не адну пілігрымку.

Жаданы кубак вады

Мары і жаданні на самым пачатку пілігрымавання звычайна ў нас вельмі прыгожыя і высакародныя. А пра што мы марым у першы ж дзень, калі сонечнага цяпла й святла апоўдні над нашымі галовамі робіцца так шмат, што ад яго не захіне ўжо ні твой капялюш, ні нават прылеплены на нос ліст трыпутніку? Мы тады марым пра кубак вады з вясковай студні, бо тая, што плёхаецца ў нашых пластыкавых бутэльках, ужо ледзь не закіпае і наталіць смагу яна можа толькі на некалькі хвілінаў. Пакуль п’еш, здаецца, што і наталяешся, а як скончыш, то зноў, здаецца, піў бы ды піў. І таму, калі раптам у такія хвіліны ты ўбачыш наперадзе прыдарожны крыж, каля якога тоўпіцца купка людзей, ты адразу нават неўпрыкмет для самога сябе выпростваеш плечы і прыспешваеш крок — адкуль толькі сілы раптам возьмуцца! Бо ўжо вялікім альбо й не надта вялікім вопытам ты навучаны: калі каля прыдарожнага крыжа стаяць людзі, цябе чакае такі жаданы, няхай сабе і кароткі, адпачынак, а галоўнае — цябе чакае той жаданы кубак сцюдзёнай, чыстай, найсмачнейшай у свеце вады!
Часам да гэтага кубка з вадою знойдзецца і акраец хлеба альбо якога іншага печыва. І гэта ўжо радасць для нашых наймалодшых пілігрымаў. Звычайна маці, якія ідуць разам з дзецьмі ў пілігрымках, не могуць надзівіцца са сваіх сыноў-дачок, бо ў іх раптам прарэзваецца такі апетыт, што ўсё на тых сталах пры крыжах імгненна знікае. Нам, дарослым, таксама тое-сёе можа перапасці, але, зразумела, што ў апошнюю чаргу, бо ўсё лепшае ў нас, як вядома, — дзецям! Ды мы не скардзімся і не наракаем. Выпіўшы той жаданы кубак вады, а на адыход і яшчэ адзін, не павернецца язык наракаць на лёс. Не, што ні кажыце, а вада са студні — вялікая сіла. А калі яна яшчэ пададзена табе ў адпаведную хвіліну, ты адчуваеш сябе самым шчаслівым чалавекам у свеце.

Таму дзякуй вам, дарагія людцы, усе, хто хоць аднойчы падаў нам гэты кубак вады! Дзякуй за ваш высілак і жаданне прыйсці да крыжа, цярпліва чакаць пры ім ды выглядаць з-пад рукі, калі ж нарэшце з’явяцца тыя пілігрымы.

А аднойчы, калі мы цэлы дзень ішлі пад праліўным дажджом, нас на адным такім прыстанку сустрэлі… з цэлым бітонам гарачай гарбаты! Во дзе была прыгода: ідзеш сабе мокры ўвесь, ад дажджу ўжо й захінацца няма сэнсу, а табе раптам падаюць кубак гарачай — пара над ім уецца — гарбаты! І ты зноў адчуваеш сябе самым шчаслівым чалавекам у свеце… Для шчасця нам, аказваецца, трэба не так ужо і шмат.

На змярканні дня

Дзень пілігрыма. Ён і доўгі бывае, але калі сонца пачне хіліцца да захаду, гэты ж самы дзень здасца табе раптам кароткім, нібы адно імгненне. Ты ўдзячны за ўсё. Ты задаволены ўсім. І цяпер ты марыш толькі аб адным — як найхутчэй прыняць гарызантальнае становішча. І па вялікім рахунку ўжо не так і важна, дзе гэта адбудзецца: у палатцы, на сенавале, на ложку ў прыветных гаспадароў ці на падлозе на разасланым матрасе.

Але да таго, як гэта адбудзецца, ты марыш яшчэ памыцца!.. О, вада для пілігрыма — гэта такая радасць і такі ратунак!.. Таму кожная лазня, якую натопяць гаспадары, што прымуць пілігрымаў у свой дом, — гэта шчасце! Вось… зноў шчасце… Ну а няма лазні, то памыцца нават з міскі з падагрэтаю вадою таксама не найгоршы варыянт. І калі ты змыеш з сябе пыл свайго пілігрымскага дня, ты адчуеш сябе раптам такім адноўленым, чыстым і… добрым да ўсіх на свеце!.. А асабліва да тых, хто паклапаціўся, каб ты вось так памыўся, падабрэў ды ўбачыў, як шмат ёсць добрага вакол цябе і для цябе.

Новы дзень, падораны нам

Мы пераначавалі, адпачылі і нараніцы новага дня зноў выпраўляемся ў далейшы шлях. Зноў гучыць гітара і мы спяваем:

Сённяшні дзень, сённяшні дзень
Бог падараваў, Бог падараваў!
Узрадуемся, узрадуемся
І суцешымся ў ім!..

Мы радыя кожнаму дню, нам адведзенаму. Прымаем яго як падарунак, зусім намі не заслужаны, але як падарунак Таго, Хто першы палюбіў нас. А яшчэ мы перакананыя, што Ён гэтак жа моцна любіць таксама і ўсіх тых, каго мы сустракаем на сваім шляху. Яны таксама спазналі Ягоную любоў, бо інакш хіба маглі б гэтак шчодра, бескарысліва дзяліцца той любоўю з намі, пілігрымамі?

Пілігрымуем разам

Не адзін раз даводзілася чуць, як ці то гаспадыня, што нас прыняла на начлег, ці то жанчыны каля прыдарожнага крыжа, ці то проста чалавек, які, убачыўшы пілігрымку, выйшаў на дарогу, зняў шапку ды, перажагнаўшыся, прывітаў нас, як хтосьці з іх бедаваў, што вось сам не можа з нейкае прычыны таксама пайсці разам з намі: ці то здароўе не дазваляе, ці то пражытыя гады трымаюць, ці з працы ніяк не вызваліцца.

Дарагія нашы сябры! Мы ўсе разам з вамі пілігрымуем па нашай зямлі. Канчатковая наша мэта — вядома, Нябеснае Валадарства. Але пакуль жывём на зямлі, пакуль мераюць яе, нашу зямельку, нашыя ногі, то хтосьці з нас вырушыць раптам на некалькі дзён, каб выключным чынам, з раніцы да вечара прайсці той шлях з малітвай у разважанні над сваім жыццём і жыццём тых, хто побач з намі. Адны вырушаць у такі шлях і пойдуць ім, а іншыя… пададуць ім кубак вады, кавалак хлеба ды яшчэ й да хлеба тое-сёе знойдзецца, а хтосьці расчыніць дзверы свайго дома перад падарожнымі, каб прыняць іх на начлег. І таму мы ўсе разам ідзем у гэтай нашай агульнай пілігрымцы. З малітвай на вуснах. З жаданнем паслужыць бліжняму. З любоўю да гэтага бліжняга і разуменнем ягонага абранага шляху.
Заўсёды ў нашых пілігрымках мы дзякуем Пану Богу за тых, хто нас сустракае на нашым шляху. Мы молімся ў вашых патрэбах. Асабліва тады, калі вы просіце аб гэтым. Мы даручаем нашыя і вашыя дні Таму, Хто здольны змяніць штосьці ў іх, перайначыць, Хто здольны пакіраваць нашымі днямі і нашымі шляхамі. Мы молімся за вас і просім вашай малітвы за тых, хто выбіраецца ў пілігрымаванне да святых месцаў. Каб не былі тыя дні змарнаваныя. Каб высілак пілігрымскіх дарог з кожным днём набліжаў нас да Таго, Хто з’яўляецца канчатковай мэтай нашага пілігрымавання.

Таму да новых сустрэчаў на нашых пілігрымскіх шляхах!


З малітваю — пілігрымшчыца Ірына Жарнасек
Фота Веранікі Скрабатун

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла