Часам трэба стаць пінгвінам...

Сястра Эліза Мык ОР прыехала з Польшчы ў Беларусь пагасціць у сясцёр дамініканак. Калі мне сказалі, што гэта яна з сёстрамі знялі відэа, як яны ідуць паходкаю пінгвінаў па калідоры, я даведалася, што гэты ролік дапамог сабраць вялікую суму грошай на новы дом для юнакоў з парушэннямі ў развіцці. Я сустрэлася з сястрой Элізай, каб пагаварыць пра «Дом хлопцаў» («Dom chłopaków») у Бранішэвіцах, пра яе досвед у служэнні і пра іншыя важныя рэчы, над якімі кожнаму з нас добра было б задумацца.


— Сястра Эліза, вашая супольнасць нядаўна атрымала ўзнагароду «Viventi Caritate» («Тым, хто жыве любоўю»). Раскажыце, калі ласка, пра сваю дзейнасць, якая была адзначана такім выдатным званнем.

— Патронам гэтай узнагароды з’яўляецца біскуп Ян Храпэк. Ён застаўся ў памяці людзей як той, хто заўжды з любоўю схіляўся над церпячым чалавекам. Для нас, сясцёр, вельмі важна было менавіта тое, што камісія адзінагалосна вырашыла ўзнагародзіць наш новы дом у Бранішэвіцах, дзе жывуць юнакі з рознымі адхіленнямі ў развіцці. Тое, што нам наогул удалося пабудаваць новы дом для такіх хлопцаў, — гэта цуд, бо ён быў пабудаваны менш чым за 2 гады. А калі мы пачыналі, то ў нас наогул не было грошай. Мы атрымалі папярэджанне ад пажарных, што праз два гады мусім пакінуць свой будынак, бо ён не адпавядае пажарнай бяспецы. Але з намі быў Пан Бог, якому мы цалкам даверыліся, бо для Яго 7 мільёнаў злотых — гэта нішто… Першы мільён мы збіралі вельмі доўга: мы стаялі кожную нядзелю ля касцёлаў. У пэўны момант мы сказалі Богу, што ў нас ужо няма сілаў. Цэлы тыдзень ты працуеш з дзецьмі, а ў адзіны вольны дзень, у нядзелю, даводзіцца стаяць пад касцёлам, а потым зноў увесь тыдзень праца. Гэта сапраўды быў вельмі цяжкі час, мы часта плакалі, былі сумненні, ці патрэбна наогул будаваць новы дом. А потым мы з сёстрамі сказалі Пану Богу, што мы жанчыны, а Ён — адзі­ны мужчына нашага жыцця, таму павінен паклапаціцца пра гэтых дзяцей. І неўзабаве нам на дапамогу прыйшлі СМІ. Нас заўважылі ў касцёле падчас збору грошай і запрасілі на радыё, потым — на тэлебачанне, на праграму да Яна Паспяшальскага. Стала відавочна, што праз СМІ грошы збіраюцца значна хутчэй. Аднойчы ў нас з’явілася смешная ідэя. Быў сусветны дзень пінгвіна, і мы жартам, ужо вельмі стомленыя, запісалі маленькі ролік, як сёстры ідуць паходкаю пінгвінаў па калідоры. Мы апублікавалі яго на Фэйсбуку з подпісам, дзе папрасілі павіншаваць нас з днём пінгвіна не кветкамі, а ахвяраваннямі на «Дом хлопцаў». У першы ж дзень было 100 тысяч праглядаў гэтага відэа! У Бранішэвіцы з’ехаліся самыя вядомыя СМІ! 

— Але ж для дамініканак гэта абраза, калі вас называюць пін­гвін­камі…

— Менавіта так! Мы вырашылі заняць такую пазіцыю: о’кэй, калі мы пінгвінкі, то павіншуйце нас! І людзям вельмі спадабалася нашае пачуццё гумару і самаіронія. Дзякуючы гэтаму роліку нас па-сапраўднаму заўважылі, мы змаглі расказаць, што будуем новы дом. Людзі былі ашаломленыя і захопленыя тым, што мы апякуемся хворымі дзеткамі, што хочам для іх стварыць добрыя ўмовы. У выніку з дапамогаю журналістаў мы вельмі хутка сабралі ўсю патрэбную суму і нават болей. Гэты выпадак дапамог многім людзям убачыць чалавечы твар Касцёла, убачыць, што мы нармальныя людзі. Мы думалі, што знойдзем вялікіх спонсараў, а ў выніку дом быў пабудаваны на малыя ахвяраванні вялікай колькасці людзей, многія з якіх — няверуючыя. 

— Раскажыце, калі ласка, пра гэты дом больш падрабязна. Колькі ён ужо існуе, хто там жыве? І як у гэты дом трапілі Вы самі?

— Дамініканкі ў Бранішэвіцах працуюць ужо 100 гадоў. Сёстры апекаваліся сіротамі Першай сусветнай вайны, потым займаліся сіротамі другой вайны. А калі насталі часы камунізму, дзяржава не хацела, каб Касцёл меў уплыў на здаровых дзяцей: іх забралі і прывезлі дзетак з адхіленнямі ў развіцці. І вось ужо 60 гадоў нашыя сёстры ў Бранішэвіцах апякуюцца хлопцамі і мужчынамі з рознымі парушэннямі: сіндромам Даўна, ДЦП, рознымі псіхічнымі адхіленнямі. Найстарэйшаму Юзафу — 68 гадоў, ён тут жыве 60 гадоў, а самаму малодшаму — 2 гады. Гэта пераважна пакінутыя бацькамі дзеці, але таксама часта і бацькі просяць дапамогі, бо самі не могуць даць дзецям магчымасцяў для развіцця. 

А як сталася, што я тут? Я заўсёды баялася такіх людзей... Калі прыйшла ў ордэн, то думала, што буду займацца фінансавай працай, стала вучыцца на эканаміста. Але, пакуль вучылася, мяне папрасілі дапамагаць у Бранішэвіцах. Ну і калі прыйшла, то так палюбіла гэтых дзяцей, што і засталася. І адукацыя эканаміста-маркетолага вельмі мне дапамагае. 


— Праца з людзьмі з парушэннямі вельмі спецыфічная, дыягназы настолькі розныя, што амаль да кожнага неабходны свой падыход. Раскажыце, калі ласка, крыху пра жыццё ў «Доме хлопцаў».

— Наш дом дзеліцца на 4 часткі, дзе жыве па 14 чалавек. Некалькі гадзін на дзень з дзецьмі займаюцца прафесіяналы: рэабілітолагі, медсёстры, спецпедагогі, псіхолаг і іншыя спецыялісты. Астатні час хлопцы праводзяць з апекунамі, якіх яны называюць па-рознаму: мамы, цёці… У іх спецыяльнай адукацыі можа і не быць, тут больш важнае сэрца, каб яны любілі дзяцей, каб дзеці мелі сапраўдны дом з цёплаю атмасфераю. Частка дзетак вучыцца ў спецшколе, а некаторыя — у нашай школе пры доме, дзе з імі займаюцца індывідуальна, бо дыягназ можа быць вельмі цяжкім. Але ўсю адукацыю аплочвае дзяржава. У індывідуальнай школе праграма падбіраецца для кожнага дзіцяці. Там мы вучым іх камунікаваць у залежнасці ад іх магчымасцяў. Напрыклад, калі дзіця не чуе і не бачыць, мы яго вучым проста дакрануцца да лыжкі, каб паказаць што ён хоча есці, і яму зараз жа прынясуць ежу. Дакранецца да мячыка — значыць зараз будзе гульня, і гэтак далей. Індывідуальная праца прыносіць вялікія плады. Некаторыя ў свае 20 гадоў упершыню паказалі, аб чым мараць, куды хацелі б паехаць… Але любоў — гэта самае важнае, што мы можам даць нават самым хворым з іх. Любячая мама без спецыяльнай адукацыі можа дасканала вывучыць сваё дзіця, каб запрасіць да яго найбольш патрэбных спецыялістаў.

— А як у вашай краіне рэагуюць на такія праблемы? Ці ёсць пазітыўныя змены ў грамадстве ў адносінах да людзей з адхіленнямі ў развіцці?

— Сітуацыя ў Польшчы з такімі дзеткамі паляпшаецца, бо свядомасць людзей змяняецца. Многія дзеці застаюцца ў сем’ях. Праблемы пачынаюцца, калі бацькі становяцца нямоглымі і ўжо не могуць самі займацца дзецьмі і моцна перажываюць за іх будучыню. Многія католікі перакананыя, што трэба пакідаць такіх дзетак у сям’і, але бацькі часта не могуць даць ім рады і просяць дапамогі. Многія хочуць трапіць менавіта да нас, бо наш дом стаў вельмі вядомым у Польшчы: людзі бачылі наш будынак, бачылі вельмі добрыя ўмовы, давяраюць нам. Але дом разлічаны на 56 асобаў, таму мы ўжо хочам пашырацца. Нават знайшоўся чалавек, які заплаціць за дабудову дома. Бог неверагодна паклапаціўся пра нас! Многія людзі кажуць: не праблема пабудаваць дом, а вось абсталяваць яго, утрымліваць! Але і тут Бог даў нам двух спонсараў, якія ахвяравалі столькі грошай, што абсталяванне ў нашым доме, можа, самае лепшае ў Польшчы. Мы дужа радыя, што нашы хлопцы ма­юць такія выдатныя магчымасці! А ўсё пачалося з таго, што мы сапраўды даверыліся Пану Богу. Гэта не нейкая дробная справа, дзе ты нібы давяраеш, але ўсё роўна думкі такія: выйдзе, а можа, і не выйдзе. А тут была такая сітуацыя: або дом будзе або не. Аднойчы ў вельмі цяжкі момант я спытала ў Бога, адкуль мы возьмем грошы? Адкрыла Пісанне, а там сказана: шукайце і знойдзеце… 

— Я бачу перад сабою вельмі шчаслівага чалавека, якога рэдка сустрэнеш. Што найбольш Вас радуе, сястра Эліза? 

— Неверагодна, якую прыгоду нам падрыхтаваў Бог! Заўсёды было вельмі шмат знакаў, што мы знаходзімся на правільным шляху. Хтосьці ў касцёле проста падыходзіў і казаў, што калі так цяжка, то гэта не значыць, што Бог не чуе, проста трэба яшчэ больш Яму даверыцца. І Бог здзей­сніў цуд! Ды так, што людзі, якія былі далёка ад Бога, сталі казаць, што нарэшце ўбачылі радасны Касцёл, самаіранічны, які можа з сябе пасмяяцца, а не такі важны, аўтарытэтны... Мы бачым навяртанні людзей. Мы бачым тых, хто ўвесь час шукаў Бога, а знайшоў менавіта праз гэтых дзяцей. Людзі выходзяць з дэпрэсіі, знаходзяць сэнс жыцця. Наш валанцёр Каміль прыехаў у дом на 5 дзён, а застаўся на цэлы год. З тых часоў, як хлопцы з’явіліся ў яго жыцці, яно стала радасным, без трывогі і такім, пра якое Каміль і марыў. І гэта далі яму тыя дзеці, бо ў хлопцаў унутраны свет вельмі чысты, нічым не папсаваны. Яны не павінны ганяцца за грашыма, у іх няма спаборніцтва, хто лепшы. Яны кожнага прымаюць вельмі шчыра, проста таму, што ён чалавек. Побач з гэтымі дзецьмі людзі адчуваюць сябе любімымі без умоваў. Не трэба ім нешта прывозіць, каб яны былі проста рады табе. Я ўжо не ўяўляю, як жыць без іх, бо сярод іх адчуваю сябе найбольш любімай.

 

— Што самае цяжкае ў працы з гэтымі дзецьмі і што самае прыемнае?

— Найцяжэй, калі яны пачынаюць хварэць і трэба найперш быць з хворым, а другі апякун мусіць быць з астатнімі дзеткамі. А самае прыемнае, калі хлопцы шмат смяюцца. Памятаю, як аднойчы Адрыян, у якога парушэнне слыху, мыў посуд. Падыходзіць да яго Марыюш і кажа: «Адрыян, пасунься!». Той не рэагуе. Гэты зноў: «Кажу табе, пасунься!». Нуль рэакцыі. Тады Марыюш закрычаў: «Адрыян, ты што, глухі?!». Як мы ўсе рагаталі! Яны наогул не бачаць сваіх слабасцяў або з іх смяюцца. 

Нядаўна мы пабудавалі ферму, дзе ў нас жывуць авечкі, козачкі, куры, хутка паселяцца альпакі. Хлопцы да іх прыходзяць, гла­дзяць, абдымаюць. Усё гэта частка тэрапіі. Мы возім іх па парку, некаторыя нават самі могуць круціць педалі і катацца. Хлопцы ходзяць на заняткі з глінаю, гуляюць у розныя гульні, і гэта таксама развівае іх. Часам мы вывозім іх на мора або ў горы, у горад, у кавярню, піцэрыю, каб яны змянялі свае ўражанні. 

— Сястра Эліза, ці можаце Вы сказаць беларускім католікам, чаму мы павінны звяртаць увагу на такіх людзей і аддаваць свае сілы ім?

— Маё асабістае адкрыццё ў тым, што ў іх таксама жыве Бог. Ксяндзы ніколі мне гэтага не казалі. Яны казалі, што Езус прысутны толькі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Калі мы будавалі дом, у мяне не было часу, каб нават проста памаліцца, і я, укленчыўшы, казала Богу: «Прабач, што не маю часу, каб пабыць з Табою на адарацыі». Аднойчы я адкрыла Святое Пісанне і прачытала: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці», «быў хворы, і вы адведалі Мяне». І я зразумела, што ў небе мы будзем ацэненыя па тым, што далі іншаму чалавеку, а не па тым, колькі часу мы правялі на малітве. І, можа, гэтыя словы здзівяць, але я думаю, што маліцца трэба ў першую чаргу, каб мець сілы даваць людзям любоў. Быць з Езусам на адарацыі трэба, каб потым ісці да Яго, прысутнага ў іншым чалавеку. Думаю, Бог гэтага хоча ад кожнага католіка. 

Я бачу, як Езус усміхаецца мне ў хлопцах. Я часта, калі прымала Гостыю, думала: як жа мне Цябе, Божа, абняць? Як Ты мяне можаш абняць? І Ён мне паказаў, што можа мяне абняць, і я магу Яго абняць, і Ён сумуе па мне, а я па гэтых дзецях сумую. Я паверыла Богу, што Ён прысутны ў гэтых людзях. Некаторыя сумуюць па Богу, а я не сумую, Ён побач са мною ўжо тут, на зямлі.


Гутарыла Вольга Качалка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла