Акт асабістага прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

«У Сэрцы Езуса трэба скласці
ўсю нашу надзею…»

У 1664 г. Пан Езус аб’явіўся св. Маргарыце Марыі Алякок і даў ёй зразумець, што прагне,  каб людзі любілі, ушаноўвалі і праслаўлялі Яго. Езус паабяцаў тым, хто будзе шанаваць і любіць Яго Найсвяцейшае Сэрца, шматлікія ласкі. Натхнёная гэтымі словамі, св. Маргарыта напісала «Petite consecration» — асабістае прысвячэнне Сэрцу Езуса, тэкст якога быў надрукаваны ў дзвюх кніжках, прысвечаных набажэнству да Сэрца Езуса.

Пасля смерці св. Маргарыты Алякок пра гэтую форму набажэнства забыліся, і толькі папа Пій ІХ дэкрэтам ад 22.06.1875 г., у двухсотую гадавіну аб’яўленняў, заахвоціў вернікаў да асабістага прысвячэння Божаму Сэрцу, зацвердзіўшы тэкст гэтага прысвячэння і ўдзя­ляючы поўны адпуст. Гэта быў адказ Папы на просьбу 525-ці біскупаў і многіх тысяч вернікаў прысвяціць увесь Касцёл Божаму Сэрцу Збавіцеля.

Папа Леў ХІІІ у энцыкліцы «Annum Sacrum» («Год святы») аб прысвячэнні людзей Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса» (яна была абвешчана 25 мая 1899 г. у сувязі з юбілейным 1900 годам) даў тэалагічнае абгрунтаванне культу Божага Сэрца і прысвячэння Яму. Ён заахвочваў вернікаў да гэтага культу і гаварыў пра асаблівыя Божыя ласкі для вернікаў. Паводле гэтай энцыклікі, акт прысвячэння  — гэта нашае прызнанне валадарства Хрыста над усім светам, а таксама сведчанне нашай любові да Езуса. Тады ж была зацверджана і Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Акт асабістага прысвячэння
Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

Я (імя), аддаю і прысвячаю сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса Хрыста — сябе самую (самога) і маё жыццё, мае ўчынкі, працу і цярпенні, каб з гэтага моманту шанаваць, любіць і праслаўляць гэтае Сэрца.

Цвёрда пастанаўляю належаць Яму цалкам і ўсё рабіць з любові да Яго, усім сэрцам адмаўляючыся ад усяго, што Яму магло б не падабацца.

Цябе, о Найсвяцейшае Сэрца, я выбіраю адзінаю сваёю любоўю, абаронцам майго жыцця, гарантыяй майго збаўлення, лекам на маю слабасць, выпраўленнем усіх памылак майго жыцця і прытулкам у хвіліну смерці маёй.

О Сэрца Езуса, поўнае дабрыні, будзь маім апраўданнем перад Богам Айцом і адхілі ад мяне Яго справядлівы гнеў.

О Сэрца, поўнае любові, на Цябе ўскла­даю ўсю маю надзею, бо з-за маёй схільнасці да зла я ўсяго баюся, але ва ўсім спадзяюся на дабрыню Тваю.

Знішчы ўва мне ўсё, што можа Табе не падабацца ці перашкаджаць Табе. Няхай Твая чыстая любоў пранікне ў маё сэрца так глыбока, каб  я ніколі не забыла (не забыў) пра Цябе, і каб ніколі Ты не адкінуў мяне, — прашу Цябе аб гэтым праз дабрыню Тваю.

Няхай імя маё будзе запісана ў Табе, бо я прагну, каб найбольшым шчасцем маім і радасцю было жыць і паміраць як Твой (Твая) верны (верная) слуга. Амэн.

Абяцанні, якія даў Езус Хрыстус праз св. Маргарыту Марыю Алякок тым, хто ўшаноўвае Яго Боскае Сэрца:

  1. Дам ім усе неабходныя ласкі.
  2. Згода і спакой будуць панаваць у іх сем’ях.
  3. Буду суцяшаць іх у кожным смутку.
  4. Буду для іх бяспечным прытулкам пры жыцці, асабліва – пры смерці.
  5. Удзялю шчодрае благаслаўленне ўсім іхнім пачынанням.
  6. Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы крыніцу бясконцай міласэрнасці.
  7. Абыякавыя душы стануць адданымі.
  8. Адданыя душы хутка дойдуць да вышыняў дасканаласці.
  9. Буду благаслаўляць дамы, дзе будзе знаходзіцца і ўшаноўвацца абраз Майго Сэрца.
  10. Святарам дам сілу зрабіць чулымі самыя зацвярдзелыя сэрцы.
  11. Імёны тых, хто будзе пашыраць гэтае набажэнства, будуць упісаны ў Маё Сэрца і застануцца ў Ім назаўсёды.
  12. Абяцаю ў шчодрай міласэрнасці Майго Сэрца, што ўсіх, хто на працягу дзевяці месяцаў у першыя пятніцы будзе прымаць святую Камунію, Мая ўсёмагутная любоў адорыць ласкаю шчырага пакаяння; што не памруць без Маёй ласкі і без cвятых сак­рамэнтаў; што Сэрца Маё станецца для іх бяспечным прытулкам у часіну смерці.

Святары раяць вернікам, якія прагнуць ушаноўваць Найсвяцейшае Сэрца Езуса на працягу дзевяці месяцаў:

  • у першую пятніцу кожнага месяца (на працягу 9 месяцаў) належыць годна прыняць св. Камунію як перапрашэнне за грахі і знявагі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якія чыняць грэшнікі;
  • да споведзі можна прыступіць у першую пятніцу або за некалькі дзён да першай пятніцы ці пасля гэтага дня;
  • пасля св. Імшы ў першую пятніцу месяца належыць прачытаць малітвы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса — літанію, малітву перапрашэння (гл. малітоўнік «Ойча наш», с. 380).

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла