Чаму мы молімся да Сэрца Езуса?

«Нярэдка даводзіцца чуць, што, маўляў, католікі моляцца да розных частак цела, напрыклад, да Сэрца Езуса. Што нам, католікам, на гэта адказваць?» На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.


Адзін з найбольш папулярных традыцыйных абразоў, якія можна сустрэць у дамах беларускіх католікаў, — гэта выява Езуса Хрыста або Найсвяцейшай Панны з прамянеючым Сэрцам. А ў каталіцкіх набажэнствах ёсць літаніі і малітвы, скіраваныя да Сэрца Езуса, Крыві і Ранаў Хрыстовых, і можна нават паўдзельнічаць ва ўрачыстасці і велічнай працэсіі Божага Цела. Такая тэрміналогія і сімволіка, скіраваная да «частак цела», можа кагосьці бянтэ­жыць, але яна мае вельмі глыбокія біблійныя і хрысціянскія карані.

Галоўная задача (і рацыя існавання) хрысціянскіх сімвалаў і традыцый у тым, каб дапамагаць нам яшчэ глыбей перажываць сустрэчу з Богам, але не засланяць Яго. Пры гэтым кожны практыкуючы вернік ведае, што ўзаемаадносіны з Панам — гэта сустрэча з неймаверна пераўзыходзячай нас (трансцэндэнтнай) рэчаіснасцю. Тое, што хоча сказаць і растлумачыць нам Бог, настолькі вялікае і настолькі пераўзыхо­дзіць нашыя людскія здольнасці пазнання і разумення, што гэта немагчыма выказаць звычайнымі чалавечымі словамі, тэрмінамі і паняццямі. Таму Святое Пісанне і Касцёл (асабліва ў літургіі і малітоўнай практыцы) часта прыбягаюць да мовы сімвалаў, каб і такім чынам выказаць звышнатуральную рэчаіснасць і бязмежжа нашых ўзаемаадносінаў з Богам. 

Нашае чалавечае мысленне і пазнанне збудаванае так, што многія складаныя рэчы мы разумеем лягчэй, калі яны ўвасобленыя ў вобразах. Нездарма нашае штодзённае жыццё перапоўнена выявамі і знакамі: дарожнага руху, сімваламі ў публічных месцах і гандлёвых цэнтрах, значках на побытавых прыладах і тэхніцы. Як жа проста яны адсылаюць нас да разумення сэнсаў і зместу таго, для чаго прызначаны!

Свет Бібліі і духоўнай рэчаіснасці настолькі пераўзыхо­дзіць нашае звычайнае зямное ўяўленне і вопыт, што няма іншага выйсця як толькі адлюстраваць яго ў спецыфічнай рэлігійнай сімволіцы. За тысячы гадоў гісторыі фармавання біблійнага свету з яго непаўторнымі вобразамі, а таксама за дзве тысячы гадоў досведу хрысціянства ў Касцёле выпрацаваўся свой адметны набор знакаў, з дапамогаю якіх перадаецца багацце нашых адносінаў з Богам.

Біблійныя сімвалы — гэта спосаб перадаць невыказнае ў словах пры дапамозе адмысловай выявы, алегорыі, аналогіі ці параўнання. Вобраз выразней і прасцей перадае сэнс нейкай таямніцы, чым велізарны тэкст, пры дапамозе якога трэба было б апісваць тую ці іншую праўду пра Бога, чалавека ці свет. Таму, асабліва ў старажытных культурах, дзе фармаваўся тэкст Святога Пісання, вельмі шырока выкарыстоўвалася разнастайная ўніверсальная (зразумелая для карыстальнікаў кожнай эпохі) мова сімвалаў.

Існуюць такія біблійныя сімвалы, для якіх выкарыстаныя вобразы са зразумелага кожнаму свету прыроды (вада, дрэва, сонца, месяц, дарога, святло, цемра і да т.п.). Але існуюць таксама сімвалы, якія выкарыстоўваюць параўнанне з перажываннямі чалавека, сферамі яго душы і цела. Напрыклад, для падкрэслівання нашай залежнасці ад матэрыяльнага свету Святое Пісанне выкарыстоўвае сімволіку цела (гл. Быц 3, 16; Рым 8, 5–10), а калі хоча паказаць вышэй­шасць чалавека сярод стварэнняў і здольнасць да звышнатуральнага жыцця, выкарыстоўвае сімволіку душы і духа (гл. 1 Кар 2, 15; 1 Ян 3, 24). Калі жадае паказаць эмацыйнасць чалавека, звяртаецца да вобраза «нырак» (гл. 1 Міх 2, 24). Калі хоча паказаць здольнасць сягаць у далячыні, прагу пазнавання і адкрыццяў, то адсылае нас да сімволікі «вока» (гл. Сір 14, 8–10). Моц жыцця, смяротнасць і ахвярнасць біблійная сімволіка перадае з дапамогаю вобраза «крыві» (гл. Быц 9, 3–6; Лев 17,14).

Адным з найбольш шырокіх і шматгранных біблійных сімвалаў з’яўляецца «сэрца». Даследчыкі Святога Пісання заўважаюць, што гэта найчасцейшы біблійны сімвал (858 разоў толькі ў Старым Запавеце). У большасці выпадкаў «сэрца» азначае розум, глыбінныя задумы, памяць або сумленне (гл. Дрг 29, 3; 1 Вал 3, 9–12; Ер 17, 1; 2 Кар 3, 2–3; Ос 2, 16). Атаясамленне сімволікі «сэрца» з дзейнасцю чалавечага розуму, які кіруе воляй і пачуццямі, адсылае да такой важнай у Святым Пісанні сферы як мудрасць. Нездарма пра «сэрца» найчасцей у Бібліі гаворыцца менавіта ў кнігах аб мудрасці (гл. Пс 90, 12; Прып 16, 1; 24, 30).  

Сэрца чалавека ў біблійнай сімволіцы — гэта месца найглыбейшых перажыванняў і пачуццяў (гл. 1Сам 2, 1; Іс 7, 2; Прып 15, 13; Пс 25, 17; Пс 27, 14). Але таксама сэрца — гэта крыніца найбольш глыбінных маральных рашэнняў, ацэнак і задумаў. Менавіта чысціня сэрца ў Святым Пісанні — гэта ўвасабленне чысціні намераў, сумлення, празрыстасці перад людзьмі і Богам. Ад стану сэрца (глыбіннага настаўлення) залежыць грэшнасць або свя­тасць асобы (гл. Пс 27, 3; Езд 36, 25; 1 Сам 1, 13). 

У Новым Запавеце сам Езус працягвае навучанне Старога Запавету і заклікае дбаць аб чысціні сэрца: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8; гл. таксама Мц 15, 18–20). Найсвяцейшая Панна Марыя глыбока перажывае і разважае «ў сэрцы сваім» усё, што адбываецца з Езусам (гл. Лк 2, 19. 51). І Яе сэрца было працята «мечам» болю і пакутаў падчас Мукі Сына, што прадказваў ёй старац Сімяон (гл. Лк 2, 35). Як бачым, і кнігі Старога Запавету і Новага Запавету напоўненыя сімволікаю сэрца як сімвала глыбінных перажыванняў, розуму, задумаў і намераў. Таму тэалогія і сімволіка сэрца ў Касцёле мае глыбокія біблійныя абгрунтаванні. 

Асаблівае значэнне ў хрысціянстве набыла тэалогія сэрца пад уплывам разважанняў над неспасцігальнасцю Божай Любові, увасобленай у таямніцы Хрыстовай Мукі, якая прынесла збаўленне чалавецтву (гл. Дрг 4, 29; Эф 3, 17; ККК, 2518). Тут можна ўзгадаць сцэны з Евангелля, дзе Езус сам паказвае на сваё Сэрца: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29), але перадусім мы схіляемся над вучэннем аб святых сакрамэнтах, містычнаю крыніцаю якіх стала прабітае дзідаю жаўнера Сэрца Езуса, распятага на крыжы (гл. Ян 19, 34). Выплыванне Крыві і Вады з Сэрца Збавіцеля — гэта акумуляцыя надзвычай багатай біблійнай сімволікі, добра зразумелай людзям, якія разважаюць над Святым Пісаннем. Яна выразна адлюстроўвае адданне жыцця, ахвяраванне, апраўданне і ачышчэнне.

Багацце каталіцкай тэалогіі Сэрца Хрыстовага звязана не толькі з непасрэднымі словамі Езуса, падзеямі з Яго жыцця, біблійным вучэннем, але таксама і з містычнымі перажываннямі многіх святых. На папулярызацыю малітоўных практыкаў, звязаных з Найсвяцейшым Сэрцам Езуса, найбольш паўплывалі містычныя візіі святой Маргарыты Марыі Алякок (1647–1690). Яе містычныя перажыванні і размовы з Езусам, правераныя і пацверджаныя Касцёлам як згодныя з Божым Аб’яўленнем, былі сканцэнтраваныя на таямніцы Божага плану збаўчай любові і міласэрнасці. У адной з містычных візіяў святая Маргарыта ўбачыла Хрыста, з грудзей якога незямным бляскам ззяла Яго Боскае Сэрца і які сказаў: «Вось Сэрца, якое так узлюбіла людзей, што нічога не шкадавала аж да цалкавітага вынішчэння, каб даць ім Любоў… Яно прагне ўзбагаціць людзей незлічонымі Божымі скарбамі». Пераказаныя містычкаю аб’яўленні ў многім сталі імпульсам для росквіту тэалагічных разважанняў і народнай пабожнасці, у якіх услаўляецца таямніца Божай любові. Разважанні над містычнымі аб’яўленнямі, дадзенымі св. Маргарыце, прывялі з цягам часу да ўстанаўлення свята Найсвяцейшага Сэрца Езу­са ў пятніцу пасля ўрачыстасці Божага Цела (1856 г.). У сувязі з тым, што гэтая ўрачыстасць найчасцей прыпадае на чэрвень, менавіта гэты месяц ператварыўся ў перыяд асаблівага ўслаўлення Бога за Яго поўнае любові Сэрца. Адсюль узнікла традыцыя збірацца ў чэрвені на сумесныя набажэнствы, падчас якіх спяваецца Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. 

Як бачым, у каталіцкай пабожнасці традыцыя праслаўлення Хрыста праз узгадванне Яго Крыві, Цела і Сэрца — гэта глыбока біблійная сімвалічная традыцыя, якая знайшла свой жывы працяг у містычным досведзе многіх святых і адлюстравалася ў старадаўніх набажэнствах і малітвах Касцёла. Неабходна толькі глыбей пазнаваць гэтае багацце, каб яго разумець і ўмець ім карыстацца дзеля ўласнага збаўлення і збаўлення іншых людзей.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла