Эўхарыстычнае здарэнне ў Сакулцы

Кожны дзень на ўсіх алтарах свету здзяйсняецца найбольшы з магчымых цудаў — цуд перамянення хлеба і віна ў сапраўдныя Цела і Кроў Езуса Хрыста. Аднак, прымаючы святую Камунію, мы можам дакранацца да іх дзякаючы сваёй веры, бо нашым пачуццям даступныя выключна постаці хлеба і віна, якія ў працэсе кансэкрацыі застаюцца фізічна нязмененымі. Якое ж значэнне для нашай веры мае эўхарыстычнае здарэнне ў Сакулцы?


Гісторыя здарэння

Гэта было ў нядзелю, 12 кастрычніка 2008 года, адразу пасля беатыфікацыі слугі Божага кс. Міхала Сапоцькі. Падчас святой Імшы, якая цэлебравалася ў парафіяльным касцёле св. Антонія ў Сакулцы, у 8:30, падчас удзялення святой Камуніі ў аднаго са святароў на прыступку алтара выпаў кансэкраваны Камунікант. Святар спыніў удзяленне святой Камуніі, падняў Яго і, згодна з літургічным прадпісаннем, паклаў у vasculum — невялікую пасудзіну з вадою, што стаяла звычайна каля табэрнакулюма і служыла святару для абмывання пальцаў пасля ўдзя­лення святой Камуніі. Эўхарыстычны Камунікант павінен быў растварыцца ў гэтай пасудзіне.
Пасля святой Імшы, усведамляючы, што кансэкраваны Камунікант будзе растварацца пэўны час, сястра Юлія Дубоўская, сакрыстыянка з Кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак, якія служылі пры парафіі, па даручэнні ксяндза каноніка Станіслава Гнядзейкі, пробашча парафіі, пераліла змесціва vasculum у іншую пасудзіну і паставіла яе ў сейф, што знаходзіўся ў сакрыстыі касцёла. Ключы ад сейфа мелі толькі сястра і пробашч.

Праз тыдзень, 19 кастрычніка, у місійную нядзелю, сястра Юлія, прыспешаная пытаннем проба­шча пра стан Камуніканта, зазірнула ў сейф. Адмыкаючы яго, яна адчула лагодны пах прэснага хлеба. Калі ж сястра адкрыла пасудзіну, яна ўбачыла чыстую ваду, у якой раствараўся Камунікант, а пасярэдзіне яго — выпуклую плямку насычанага чырвонага колеру, якая нагадвала згустак крыві ў форме маленькай часцінкі цела. Вада ў пасудзіне была неафарбаваная.

Сястра адразу ж паведаміла пра гэта пробашчу, які прыйшоў разам з мясцовымі святарамі і місіянерам, кс. Рышардам Гуроўскім. Усе былі здзіўленыя і ўражаныя тым, што ўбачылі.

Гэтае здарэнне захоўвалася ў таямніцы, але ўлічвалася важ­насць здарэння, таму што яно датычылася кансэкраванага Хлеба, які моцаю словаў Хрыста з Вячэрніка з’яўляецца Яго сапраўдным Целам. Цяжка было вызначыць, у выніку чаго змяніўся выгляд фрагмента Камуніканта — арганічнай ці хімічнай рэакцыі або якога-небудзь іншага дзеяння.

Пра здарэнне неадкладна паведамілі Мітрапаліту Беластоцкаму арцыбіскупу Эдварду Азароўскаму, які прыбыў у Сакулку разам з канц­лерам курыі, ксяндзамі прэлатамі і ксяндзамі прафесарамі. Усе былі глыбока ўзрушаныя ўбачаным. Арцыбіскуп даручыў пільна захоўваць Камунікант, чакаць і назіраць за тым, што далей будзе з Ім адбывацца.

29 кастрычніка пасудзіну з Камунікантам перанеслі ў капліцу Божай Міласэрнасці на плябаніі і змясцілі ў табэрнакулюме. На наступны дзень, згодна з рашэннем арцыбіскупа, Камунікант з бачнаю на Ім плямкаю вынялі з вады і паклалі на маленькі карпарал, а затым змясцілі ў табэрнакулюме. Там Камунікант захоўваўся тры гады, пакуль 2 кастрычніка 2011 года Яго ўрачыста не перанеслі ў касцёл. На працягу першага года гэтае здарэнне захоўвалася ў таямніцы. Разважалі, што рабіць далей, бо гэта быў Божы знак, які трэба было расчытаць.
Да паловы студзеня 2009 года фрагмент змененага Камуніканта натуральным чынам засох і выглядаў як запечаная кроў. З таго часу ён не змяніў свайго выгляду.

У студзені 2009 года арцыбіскуп даручыў правесці патамарфалагічныя даследаванні Камуніканта, а 30 сакавіка таго ж года склікаў Касцёльную камісію для разгляду гэтых з’яваў. У Вялікі чацвер, 9 красавіка 2009 года, згодна з рашэннем Яго Эксцэленцыі, касцёл св. Антонія Падуанскага ў Сакулцы атрымаў статус Калегіяты. Тады ж быў скліканы Калегіяцкі капітул Найсвяцейшага Сакрамэнту. У яго склад увайшлі святары Беластоцкай архідыяцэзіі — пробашчы і тыя, хто будаваў новыя касцёлы. Харызмаю капітула з’яўляецца клопат пра культ і пашырэнне хвалы Эўхарыстычнага Хрыста — захоўванне Эўхарыстыі.

Асаблівыя эўхарыстычныя ласкі

З часу пашырэння навіны пра эўхарыстычнае здарэнне, перш чым часцінка Цела Пана была выстаўленая для ўсеагульнай адарацыі, ад вернікаў пачалі прыходзіць паведамленні пра асаблівыя знакі Божага дзеяння — ласкі, спазнаныя дзякуючы малітве ў сакульскай Калегіяце. Гэтыя ласкі былі звязаныя ў тым ліку з цудадзейнымі аздараўленнямі і выратаваннямі ў выпадках, калі чалавеку пагражала смерць. Варта згадаць хаця б пра некаторыя з іх.

Вясною 2009 года полька, якая ўжо 30 гадоў жыла ў Швецыі, моцна захварэла. У маі яна здзейсніла пілігрымку ў Сакулку, дзе прасіла аб святой Імшы ў інтэнцыі аздараўлення. Калі ў кастрычніку ёй прапанавалі аперацыю, яна доўга і горача, як ніколі дагэтуль у жыцці, малілася да Езуса Эўхарыстычнага аб ласцы здароўя, узгадаўшы пра эўхарыстычнае здарэнне ў Сакулцы і цэлебраванай там святой Імшы ў інтэнцыі яе аздараўлення. Праз некалькі дзён жанчына выздаравела.

Мастачка, якая шмат гадоў служыла сваім талентам Касцёлу (аўтарка праекту капліцы ў сакульскай плябаніі), нечакана даведалася, што яна смяротна хворая. У Вялікую пятніцу 2009 года ўрачы зрабілі аперацыю, ратуючы пацыентку ў апошнюю хвіліну. Пачуўшы пра эўхарыс­тычнае здарэнне, жанчына папрасіла аб магчымасці ўбачыць Камунікант. Пасля сустрэчы з Гостыяй яна пачала адчуваць у сэрцы вялікі ўнутраны супакой і ўпэўненасць, што нават калі здарыцца штосьці дрэннае, для яе гэта ўжо не будзе мець вялікага значэння. Тая хвіліна, калі мастачка глядзела на Гостыю, назаўсёды змяніла яе погляд на Эўхарыстыю падчас перамянення і выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. Мастачка верыць, што сваім выздараўленнем абавязаная Езусу Эўхарыстычнаму, тым больш што ў інтэнцыі яе аздараўлення ў калегіяцкім касцёле цэлебраваліся святыя Імшы.

У ліпені 2009 года ў Калегіяце адбылася святая Імша ў інтэнцыі аздараўлення дзіцяці, у якога дыягнаставалі цяжкую хваробу. Пасля правядзення чарговых даследаванняў прыкметы ранейшага дыягназу не пацвердзіліся.

Рэстаўратар, які вёў працу па падрыхтоўцы капліцы для выстаўлення часцінкі Цела Пана, летам 2010 года разам з сям’ёю трапіў у цяжкую аўтамабільную аварыю. Машына была цалкам знішчаная, але ўсе выжылі, атрымаўшы толькі невялікія цялесныя траўмы. Рэстаўратар перакананы, што Маці Божая ўратавала яму жыццё дзякуючы таму, што ён займаўся падрыхтоўкаю капліцы. Пан Езус хацеў, каб гэтая справа была завершаная.

За месяц да ўрачыстасці ў Сакулцы, у ноч з 3 на 4 верасня 2011 года, пакліканы да хворага жыхара Сакулкі доктар вызначыў, што пацыент знаходзіцца ў стане агоніі і няма сэнсу забіраць яго ў шпіталь. Да паміраючага прыбыў ксёндз пробашч, які ўдзяліў яму сакрамэнт намашчэння. Калі святар адыходзіў і на завяршэнне візіту зноў удзяляў благаслаўленне, хворы расплюшчыў вочы, усміхнуўся і павітаўся з ім. Потым яго на кароткі час шпіталізавалі, ён выздаравеў і ўдзельнічаў ва ўрачыстасці перанясення часцінкі Цела Пана. Цяпер ён адчувае сябе нават лепш, чым да хваробы.


Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка
Паводле: sokolka.archibial.pl

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла