Культ Марыі: пакланенне ці ўшанаванне?

«Марыя — гэта „каралеўскі шлях“,
па якім Бог прыходзіць да нас
і па якім мы можам ісці да Яго».

Св. Бэрнард

«Шмат людзей маюць праблемы з Марыйнай пабожнасцю. Як, ушаноўваючы Марыю, не паставіць Яе вышэй за Бога?»


На пытанне  адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Даволі часта ад рэлігійна неадукаваных людзей можна пачуць памылковае меркаванне, што католікі пакланяюцца Дзеве Марыі. Такое меркаванне можа быць выклікана назіраннем за знешняй атрыбутыкай многіх касцёлаў з багата аздобленымі іконамі, абразамі, фігурамі Найсвяцейшай Панны, а таксама разбудаванымі папулярнымі набажэнствамі, малітвамі і спевамі да Маці Божай. Бясспрэчна, асоба Багародзіцы і Яе роля вельмі моцна падкрэсліваюцца ў пабожнасці вернікаў як Каталіцкага Касцёла, так і Праваслаўнай Царквы, але асабліва ў Марыйных санктуарыях некаторых можа здзівіць, што пілігрымы так моцна і шмат моляцца да Маці Божай, што, здаецца, забылі пра Пана Бога. Дзе ж тая мяжа паміж здаровай хрысціянскай Марыйнай пабожнасцю і грахом ідалапаклонства?

У першую чаргу варта падкрэ­сліць вучэнне Касцёла аб тым, што сапраўдны хрысціянін (католік) пакланяецца (гр. «latria») толькі Богу ў Тройцы Адзінаму. Усе іншыя асобы па-за Богам (г.зн. анёлы і святыя) могуць толькі ўшаноўвацца (гр. «dulia») (гл. ККК, 1172–1173; 2131–2132). Сярод усіх святых ад пачатку хрысціянства толькі адна асоба мае асаблівую пашану (гр. «hyperdulia») па прычыне Яе надзвычайнай ролі ў Божым плане збаўлення свету — гэта Найсвяцейшая Дзева Марыя, Багаро­дзіца, Маці нашага Пана Езуса Хрыста (гл. ККК, 971). Ужо на самым пачатку існавання Касцёл выразна адрознівае пакланенне Богу ад ушанавання святых (у тым ліку — Марыі). Гэта асабліва выразна разумее кожны католік, калі моліцца літаніяй. Да асобаў Божых (Айца, Сына, Духа Святога) мы звяртаемся з заклікам: «Змілуйся над намі!». Да Марыі і кожнага іншага святога ўсклікаем: «Маліся за нас».

Здаровая Марыйная пабож­насць — гэта адэкватнасць ва ўспрыманні Хрыста як Адзінага Пасрэдніка збаўлення, а Марыі — як Пасрэдніцы Божых ласкаў.

Менавіта ў тэме пасрэдніцтва можна пачуць закіды тыпу: «Навошта нам пасрэднікі ў кантакце з Богам?» Або: «Ці не дастаткова проста маліцца да Бога без пасрэдніцтва святых?» І наадварот: «Толькі праз Марыю Бог нас пачуе!» Як жа правільна разумець пасрэдніцтва?

Найчасцей крытыкі пасрэдніцтва Марыі і святых у нашых адносінах з Богам выкарыстоўва­юць вырваны з кантэксту біблійны фрагмент з Паслання апостала Паўла да Цімафея: «Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Езус Хрыстус» (1 Цім 2,5). Гэтым тэкстам некаторыя імкнуцца пацвердзіць, што Святое Пісанне гаворыць аб адзіным пасрэдніку і што не патрэбныя іншыя, а насамрэч дастаткова прачытаць узгаданы тэкст на некалькі сказаў раней, каб адкрылася ўся праўда: «Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей… Гэта добра і прыемна ў вачах Бога…» (гл. 1 Цім 2, 1.3). Як бачым, Апостал заахвочвае і хваліць заступніцтва ў малітве перад Богам, але пасля падкрэ­слівае, што гэтае малітоўнае пасрэдніцтва адрозніваецца ад збаўчага. Св. Павел завастрае ўвагу на тым, што існуе толькі адзін Пасрэднік-Збавіцель — Хрыстус, праз якога прыйшло наша адкупленне, памілаванне, збаўленне, атрыманне ўсіх Божых ласкаў і да т.п., бо толькі Ён быў здольны скласці Нябеснаму Айцу такую Ахвяру з самога сябе, якая стала расплатаю за ўсе грахі чалавецтва і стала Новым і Вечным Запаветам людзей з Богам у Ягонай Крыві (гл. Габр 9, 15; 12,24). Усведамляючы веліч такога адкупленчага і збаўчага пасрэдніцтва Езуса, зусім іншымі вачамі глядзім на малітоўнае пасрэдніцтва святых (у тым ліку — Марыі) як на праяву нашай салідарнасці з патрабуючымі падтрымкі і дапамогі ў іх слабасці. І такая заступніцкая малітва перад Богам нічым не змяншае ролю Хрыста — Адзінага Збаўцы свету (гл. Ян 10, 9; 14,6; Дз 4, 12). 

У кантэксце разумення розных і непараўнальных «узроўняў» пасрэдніцтва паміж Сынам Божым і святымі, становіцца ясна, што калі хрысціяне католікі (ці праваслаўныя) кажуць пра малітву «да святых», то яны разумеюць пад гэтым малітву «аб заступніцтве святых». Святых мы просім аб малітве, а Бога — аб літасці і ласцы. Асабліва ярка гэта засведчана ў самай старажытнай і папулярнай малітве да Маці Божай — «Вітай Марыя…», дзе гучыць просьба: «маліся за нас, грэшных…». Найсвяцейшая Дзева — гэта малітоўная Пасрэдніца, нястомная і асаблівая Заступніца.

У чым жа асаблівасць Марыі і адрозненне Яе заступніцтва ад іншых святых? Чаму мы ўшаноўваем Яе як Найсвяцейшую («hyperdulia»), а іншых — як святых («dulia»)? Гэтая розніца ва ўшанаванні заключаецца ў разуменні ролі і заслугаў Марыі дзеля збаўлення свету.

У першую чаргу, толькі Марыю мы ўшаноўваем як Багародзі­цу (гр. «Theotokos»), бо Яна нарадзіла не проста чалавека, Езуса (гр. «anthropotokos»), але Божага Сына. Гэтая праўда веры была афіцыйна пацверджаная Касцёлам на Паўсюдным Саборы ў Эфесе ў 431 годзе. Нягледзячы на тое, што дыскусія аб ролі і Боскім мацярынстве Марыі завяршылася ўжо больш за паўтары тысячы гадоў таму, у нашыя часы паўтараюцца тыя самыя скептычныя пытанні: «Ці не будзе перабольшаннем называць Яе «Багародзіцаю»? Яна ж нічога асаблівага не зрабіла — толькі нарадзіла». На гэтае пытанне добра адказаў знакаміты тэолаг Рэнэ Лаўрэнцін: «Марыя з’яўляецца Маці не толькі цела свайго Сына, але, не менш за кожную іншую маці, Яна — Маці свайго Сына: Маці Езуса, які ёсць Богам». Хлуснёю і маніпуляцыяй з’яўляецца меркаванне пра тое, што Марыя выканала ролю «сурагатнага нараджальнага апарату» (памылка біялагізму). Нават калі зрэдукаваць Яе ролю толькі справаю нараджэння Божага Сына, то, як слушна заўважыў Лаўрэнцін, Яна зачала, вынасіла, нарадзіла і выхавала сваё Дзіця — Асобу, Бога, а не кавалак біялагічнай масы. Таму Яна годная звацца Багародзіцаю.

Акрамя таго, нязменная двухтысячагадовая дактрынальная Традыцыя Касцёла ўжо ў самым пачатку, у першых пакаленнях хрысціянаў, разважаючы Пісанне і памятаючы сведкаў, убачыла ў Марыі новую Еву і новага Абрагама. Гэта пацвярджаюць казанні і тэалагічныя творы першых хрысціянскіх аўтараў, наступнага пакалення пасля Апосталаў з ІІ стагоддзя (напр., пасхальнае казанне Мелітона, «Traditio Apostolica» св. Іпаліта, творы св. Эфрэма, археалагічныя знаходкі (1938 г.) егіпецкіх папірусаў з ІІ ст. з малітваю «Тваёй абароне...» і інш.). Найсвяцейшая Панна стала супрацьлегласцю Евы — першай грэшніцы, маці ўсіх асуджаных на пагібель. Марыя — першая, якая безумоўна паверыла (як Абрагам) і дала пачатак новаму патомству, якое перамагло злога, перамагае і ідзе да Неба (гл. Быц 3, 14–15; Ап 12, 1–5). Евангелісты апісваюць наданне Ёй надзвычайнага Божага дару — «паўнаты ласкі» (гр. «keharytomene», гл. Лк 1, 28). Гэты дадзены і зададзены дар Марыя, маючы поўную свабоду і дабравольнасць чыніць што заўгодна, выбрала як шлях поўнага даверу і прысвячэння Богу: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Таму Евангелле называе Яе «благаслаўлёнай між жанчынамі» (гл. Лк 1, 42).

Марыя ў характэрнай для Яе манеры ўдзельнічала ў збаўчай місіі свайго Сына (гл. Лк 2,35; Ян 2, 1–5), не пакідаючы Яго ў кульмінацыйны момант Адкуплення: Крыжовай Мукі і Смерці як уміласціўлення за грахі свету і заключэння Новага Запавету (гл. Ян 19, 26–27). Ускосна мы можам зрабіць выснову, што Яна была адзінаю, хто не засумняваўся і чакаў Уваскрасення Хрыста. Марыя не пайшла ў нядзелю да грабніцы, хоць тыя, хто быў пад Крыжам, гэта зрабілі (гл. Ян 20, 1–9; Лк 24, 1–10). Яна нястомна трывала з вучнямі ў малітве ў дзень Спаслання Духа Святога (гл. Дз 1, 14). Гэтая глыбокая і ціхая пабожнасць Марыі была не толькі пацвярджэннем стара­запаветнага ідэалу святасці, але і стала ўзорам святасці Касцёла Новага Запавету. Захапляльны ўзор Яе веры і жыцця яшчэ больш пацвярджалі шматлікія знакі Яе заступніцтва пасля Унебаўзяцця.

Існуючыя ў розных краінах свету на працягу стагоддзяў шматлікія Марыйныя санктуарыі з’яўляюцца эмпірычнымі доказамі таго, што Яе ўшанаванне не перашка­джае сустрэчы з Богам.

Наадварот, наведвальнікі святых Марыйных месцаў прыходзяць туды, каб знайсці Езуса. Яскравым прыкладам таго, што пілігрымы знаходзяць Хрыста ў такіх месцах, з’яўляюцца доўгія чэргі да споведзі, дзе вернікі жадаюць паяднацца з Богам і атрымаць дар прабачэння і прымірэння ад Божага Сына.

Правераным доказам чысціні і моцы Марыйнай хрысціянскай веры з’яўляецца і тое, што ў асяроддзі, дзе моцна ўшаноўваецца Багародзіца і заклікаецца Яе заступніцкая малітва, асабліва дзейнічае моц Божай ласкі. Ці ж гэта не тыя бачныя пацвярджэнні вядомага са Святога Пісання прынцыпу: «Дрэва пазнаецца па пладах» (гл. Мц 7, 16–20). Важна толькі не забываць пера­сцярогу св. Амброзія Міланскага: «Марыя — гэта святыня Бога, а не бог святыні, і пакланяцца трэба Таму адзінаму, Хто дзейнічае ў святыні». Калі ж мы прыходзім да Марыі ў пошуках Хрыста, то ніхто лепш за Яе не дапаможа нам сустрэцца з Божым Сынам (пар. Ян 2, 1–11).


Ксёндз Андрэй Рылка

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней