Беззаганны рэцэпт шчаслівага жыцця

Адзін з маіх сяброў раптоўна адкрыў у сабе кулінарны талент. Частуе мяне свежым булёнам і не можа стрымаць радасці і гонару: «Паглядзі, які наварысты, які залацісты! А ведаеш, як такі колер захаваць? Трэба цыбулю дадаваць абавязкова! Так у роліку на ютубе гаварылі…»


Добрыя рады, рэцэпты і лайфхакі ракою ільюцца, абяцаючы дапамагчы адкрыць, стварыць, захаваць, навучыць, змяніць, «пракачаць». Кніжныя паліцы ў крамах запоўненыя кнігамі, якія абяцаюць навучыць быць добрым працаўніком, быць шчаслівым ці проста быць. І гэта само па сабе не блага, бо навошта збіраць па крупіцах розныя звесткі, калі хтосьці за цябе ўжо гэта зрабіў і да таго ж у простай і захапляльнай форме. Іншая справа, што досвед — гэта «нікому не прыдатная ўласная форма мудрасці», якую не так проста перадаць. Ды і не кожнаму з «дасведчаных» так адразу паверыш. Але, на шчасце, Касцёл мае прафесіянала, якой можна даверыцца: Яна ўганараваная найвышэйшымі ўзнагародамі (Каралева неба і зямлі), Яна адначасова і тэарэтык (слухала Слова), і практык (выканала Яго), а самае важнае — Яе методыка складаецца ўсяго толькі з трох крокаў. Панове і дамы, рады вам прадставіць...

...Марыю і Яе беззаганны рэцэпт шчаслівага жыцця

А калі сур’ёзна, хто з нас не пытаў сябе, што найбольш істотнае ў нашым хрысціянскім жыцці і як споўніць Божую волю на практыцы. Хочаш не хочаш, але настае час прыгледзецца да той, якую Касцёл сам называе ўзорам хрысціянскага жыцця і якая сама з’яўляецца ўвасабленнем супольнасці Касцёла (Панна, Маці, Абранніца). Марыя, зазвычай нешматслоўная на старонках Святога Пісання, заўжды знаходзіцца ў ключавых момантах нашай гісторыі Збаўлення, адначасова спаўняючы Божы план і спаўняючыся як Асоба. Сярэднявечча — эпоха ўпарадкавання і сістэматызацыі — спрабавала акрэсліць ключавую для наследавання пазіцыю Марыі ў трох тэрмінах з Евангелля: fiat, magnificat, stabat. У гэтым артыкуле мы паспрабуем больш уважліва прыгледзецца да іх.

Fiat — паслухмянасць Божаму слову

Ва ўсім вядомай сцэне Звеставання Марыя — не проста слухачка, пастаўленая перад фактам выканання Божага загаду. Яна спрабуе зразумець, разважае словы Арханёла, прымае Божы план як кампаньёнка, разумеючы, аднак, хто Яна і хто Той, што звяртаецца да Яе праз пасланніка. Цікавыя тут нават паралелі паміж пасланнем Габрыэля і Старым Запаветам (найчасцей — кнігамі Сафоніі, Суддзяў, прарокаў Ісаі і Ераміі), што чыняць сцэну Звеставання натуральным працягам гісторыі паміж Богам і чалавецтвам, змяшчаюць асабістую гісторыю паклікання Марыі ў больш шырокі кантэкст. Ужо праз само прывітанне Габрыэля «Пан з Табою...» Бог ставіць Яе на ўзровень Майсея, Езуса Навіна, Гедэона, прарока Ераміі (пар. Зых 3, 12; Нав 1, 5–9; Суд 6, 12; Ер 1, 84 15, 20), вызначае Ёй місію і абяцае зрабіць усё магчымае, каб Яна яе выканала. Калі Дж.Р.Р. Толкіна запыталі, чаму ў яго трылогіі «Уладар пярсцёнкаў» свет ратуюць зусім не геройскія хобіты, ён выказаў думку, сугучную з біблійнай, пра тое, што часам усведамленне ўласнай слабасці — гэта добрае месца для развіцця сілы, не сапсаванай эгаізмам. Марыя называе сябе «слугою», Яе «так» (fiat) — гэта свядомы адказ на Божую прапанову. Нават пытанне «як гэта станецца?», пастаўленае Арханёлу, у гэтым выпадку не праява нявер’я, але прагненне веры разумнай, свядомай, бо толькі на фундаменце такой веры могуць вырасці сталы давер і асабістыя адносіны.

Magnificat — праслаўленне Бога

Марыя сама сталася слыхам, усё Яе жыццё — суцэльны пошук Божага слова і яго разважанне. Толькі адзін раз у Святым Пісанні Яна прамовіла словамі ўласнага гімну хвалы, і менавіта гэты гімн па сутнасці з’яўляецца сведчаннем Яе духоўнасці. Умоўна мы можам падзяліць яго на тры часткі: асабістая падзяка (Лк 1, 46–49), адносіны Бога да бедных і малых, з якімі атаясамлівае сябе Марыя (Лк 1, 50–53), рэалізацыя ў жыцці Марыі біблійнага абяцання, складзенага Богам Абрагаму і яго нашчадкам (Лк 1, 54–55). Цікавая рэч: у сучасным свеце рэалізацыя чалавека цесна звязаная з яго паспяховасцю, іміджам. Мноства людзей даво­дзяць сябе да адчаю тым, што не адпавядаюць сучасным патрабаванням, віртуальны свет вымушае трансляваць уяўнае жыццё нават пры яго адсутнасці, маскі шчыльна зрастаюцца са скураю. Марыя, як быццам працягваючы тэму, у цалкам свядомай і лагічна абгрунтаванай пакоры можа сцвярджаць адначасова і сваю «маласць», і сваю недастатко­васць і цешыцца веліччу Бога, які «ўзглянуў на Яе з міласэрнасцю». Яе зрок не засяроджваецца на самой сабе: Марыя — не аматарка сэлфі, а калі ўжо так, то аўтапартрэт, апісаны Ёю, верна працягвае кірунак, абраны падчас Звеставання («узглянуў на пакору слугі сваёй»). Праўда, якая кіруе жыццём Марыі, дазваляе Ёй быць вернаю свайму ўласнаму шляху.

Stabat — вернасць у цярпенні і выпрабаваннях

Крыж — гэта знак, які не пакідае абыякавым. З ім можна змагацца, спрачацца і ўцякаць ад яго, а можна прыняць яго і шанаваць. Марыя выбірае застацца разам са сваім паміраючым Сынам, застаецца больш вернаю, чым большасць Яго Апосталаў. Яе прысутнасць пад крыжам — гэта кульмінацыя Яе ўдзелу у Збаўчай місіі Езуса. Марыя прысутнічае каля Яго падчас пачатку публічнай дзейнасці ў Кане Галілейскай, застаецца трываць і тады, калі надыходзіць Яго гадзіна. Збаўленне пачынаецца з удзелу Марыі і спаўняецца з Яе ўдзелам. Па Яе просьбе Езус чыніць першы цуд, паддаўшыся руху Яе духоўнага мацярынства. Пад крыжам гэта мацярынства спаўняецца цалкам, калі ў асобе любімага вучня Хрыстус даручае Ёй у апеку увесь свой Касцёл. Тут здзяйсняецца прароцтва пра Жанчыну-Сіён, што будзе мець дзяцей, якіх не нараджала (пар. Іс 66, 7–8). Дастаткова толькі параўнаць паміж сабою фрагменты апісання вяселля ў Кане (Ян 2, 1. 4) і ўсынаўлення Яна (Ян 19, 25–27), як адразу заўважаеш паралелізм — аўтар пазначае тымі самымі тэрмінамі завязку і спаўненне той самай гісторыі, гісторыі, што мае свой пралог у райскім садзе ў якасці абяцання абсалютнай перамогі «патомства» таямнічай «жанчыны» над першасным злом.

Гісторыя Марыі, схаваная ва ўрыўках у чатырох Евангеллях, — гэта аповед пра тое, як блізка чалавек можа з’яднацца з Божым Словам, каб уцелавіць Яго ва ўласным жыцці, наколькі ён здольны суперажываць Яго марам і як насамрэч можа споўніцца ў такім зменлівым, але і такім прадказальным свеце і не згубіць сябе. Марыя прайшла гэты шлях, з Яе дапамогаю цяпер настала нашая чарга.


Айцец Яўген Голуб OFMConv

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла