Малітвы да Маці Божай

 Навэнна да Беззаганнага Сэрца Марыі

На працягу дзевяці дзён чытаюцца наступныя заклікі.

Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы Тваіх верных і запалі ў іх агонь Тваёй любові.

— Спашлі Духа Твайго, і будуць створаныя.
— І адновіш аблічча зямлі. 

Молімся: Божа, які асвяціў сэрцы сваіх верных святлом Духа Святога! Дапамажы нам у Духу Святым пазнаваць, што ёсць добрае, і заўсёды радавацца Яго суцяшэннем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. 

О Беззаганнае Сэрца Маці майго Бога, хвалебнае жыллё Найсвяцейшай Тройцы! З глыбокаю пакораю аддаю табе хвалу і пашану. О Марыя, прашу, распалі маё азяблае сэрца найчысцейшай палымянай любоўю, якою з першага імгнення жыцця палала Тваё Сэрца, і напоўні мяне гарачаю любоўю да Бога і людзей. Удзялі мне таксама ласку..., аб якой пакорна Цябе прашу.  

Вітай, Марыя…

О Маці Цудоўнай Любові, распалі маё сэрца жарам Сэрца свайго. О Беззаганнае Сэрца Маці майго Бога, невымоўная бездань пакоры, якая пасяліла Езуса ў Тваім улонні, знішчы пыху і ганарлівасць майго сэрца. Адары мяне цнотаю пакоры, без якой я не магу быць упадабаны Тваім найпакорнейшым Сынам. Удзялі мне таксама ласку..., аб якой моцна Цябе прашу.  

Вітай, Марыя…

О найчысцейшае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, выпрасі ў Сэрца Езуса чыстасць і пакору для майго сэрца. О Беззаганнае Сэрца Маці майго Бога, якое ўсё ззяеш чыстасцю і нявіннасцю, ачысці маё сэрца ад усіх грахоў і недасканаласцяў, ахоўвай мае думкі, каб ніколі мая найменшая дабравольная віна не засмучала Твайго Сына. Удзялі мне таксама ласку..., аб якой моцна Цябе прашу.  

Вітай, Марыя…

Святая Багародзіца, скараюся перад Табою, благаслаўляю Тваё імя, люблю Цябе і давяраю Табе, бо па волі Езуса Ты стала маёю дарагою Маці. З Цябе нарадзілася Збаўленне нашае, Хрыстус, які, паміраючы, аддаў нас у Тваю апеку, каб Ты любіла нас мацярынскаю любоўю. Я з даверам аддаюся Твайму Сэрцу і назаўсёды прысвячаю сябе яму. Ты ж, о добрая Маці, узглянь на мяне ласкава і далучы да кола сваіх слугаў. О Маці міласэрнасці, паяднай мяне са сваім Сынам і выпрасі ў Яго для мяне адпушчэнне ўсіх грахоў. Умацуй ува мне жывую веру, абудзі трывалую надзею і запалі гарачую любоў, каб ува мне праз Тваю ласку заўсёды жыў Езус, Твой Сын і наш Збаўца. Дапамажы мне на зямлі прабываць у благаслаўлёнай апецы і дабрыні Твайго Сэрца, дапамажы сустрэць Езуса ў Небе, каб разам з Табою любіць і праслаўляць Яго на вякі вечныя. Амэн.

Малітва маці ў інтэнцыі дзіцяці

Найсвяцейшая Дзева! Да Цябе ўзносім гэтую малітву. Аддаём Табе нашых дзяцей, просячы ўзяць іх пад Тваю апеку. Найсвяцейшая Дзева! Будзь для нас узорам, кіруй нашымі ўчынкамі, навучы даваць дзецям добры прыклад, учыні наш дом школаю цнотаў. Выпрасі кожнаму з нашых дзяцей ласку ў Бога, якая дапаможа аддаліць  усялякую небяспеку, што пагражае іх душам і целам. Даручаем Табе нашых дзяцей,  каб яны ўзрасталі ў здароўі і шчасці, а перадусім — у боязі Божай.

Ты — наша Гавань

Паводле Антонія з Падуі

Калі бура кідае нас,
да Цябе ўсклікаем —
о Маці, надзея наша!
Свяці нам, Зорка мора,
правядзі нас да гавані
і ахоўвай сваёй прысутнасцю
падчас вандроўкі да берага.

Каралева апосталаў

Паводле св. Максімільяна Марыя Кольбэ

Беззаганная Панна,
выбраная сярод жанчынаў, каб даць свету Збаўцу!
Верная Слуга таямніцы адкуплення!
Учыні, каб мы маглі адказаць на заклік Езуса
і ісці за Ім па дарозе жыцця, якая вядзе да Айца.
Каралева апосталаў, зрабі нас апосталамі!

Марыя, Маці ўбогіх

Паводле благаслаўлёнай Маці Тэрэзы

Марыя, Маці Езуса,
дай мне Тваё сэрца —
такое ж прыгожае, чыстае, беззаганнае,
поўнае любові і пакоры.
Учыні, каб я была годная
прымаць Езуса ў Хлебе Жыцця,
здольная любіць Яго так,
як Ты Яго любіла, і служыць Яму,
калі Ён прыходзіць у постаці
самага ўбогага з убогіх.

Маці міласэрнасці

Паводле Эфрэма Сірыйскага

О Марыя, Пасрэдніца наша!
Ты — паўната радасці роду людскога.
Ад Цябе чакае ён абароны
і толькі ў Табе знаходзіць прытулак.
Прыходжу да Цябе з даверам,
бо не хапае мне адвагі
самому стаць перад Тваім Сынам.
Прашу Твайго заступніцтва,
каб атрымаць збаўленне.
Ты — міласэрная,
Ты — Маці міласэрнага Бога,
змілуйся нада мною! 

Маці Нястомнай Дапамогі

Маці Нястомнай Дапамогі!
Колькі на свеце тых, хто падае на калені перад Тваёй святой выявай, просячы Твайго заступніцтва! Цябе называюць суцяшальніцаю засмучаных,
спазнаючы Тваю ласкавую апеку. Таму і я звяртаюся да Цябе ў сваім смутку... Маці, поўная міласэрнасці, Злітуйся нада мною і над маёю сям’ёю і дапамажы мне ў патрэбе. Вызвалі мяне ад усялякага зла, але калі ёсць Божая воля на пакуты, выпрасі мне ласку зносіць іх цярпліва і з любоўю. З надзеяй і даверам прашу аб гэтай ласцы, веру, што яна будзе ўдзеленая, бо Ты — Маці Нястомнай Дапамогі. Амэн.

Малітва паводле св. Яна Паўла ІІ

Прымі нас!
Глянь у нашыя сэрцы!
Прымі наш клопат і надзеі!
Падрыхтуй нас да прыйсця Твайго Сына!
Прымі нас са штодзённымі праблемамі,
са слабасцямі і недахопамі,
з асабістымі, сямейнымі
і грамадскімі крызісамі.
Не дазволь нам страціць добрую волю.
Не дазволь нам страціць шчырасць сумлення
і абачлівасць у паводзінах.
Сваёю малітваю выпрасі для нас справядлівасць.
Захавай мір ва ўсім свеце.

Амэн.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла