Высокая радасць служэння. Біскупу Юзафу Станеўскаму споўнілася 50 гадоў

4 красавіка дапаможнаму біскупу Гродзенскай дыяцэзіі Юзафу Станеўскаму споўнілася 50 гадоў.

Evangelii gaudium — «Радасць Евангелля» — такі дэвіз абраў Яго Эксцэленцыя 5 гадоў таму, распачынаючы сваё пастырскае служэнне. Тады, 1 лютага 2014 г., падчас біскупскай сакры ў гро­дзенскай катэдры Францішка Ксавэрыя, шматгадовы рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прэлат Юзаф Станеўскі, так патлумачыў сэнс свайго біскупскага дэвізу: «Бог і Касцёл — гэта радасць. Галоўнае — прыняць любоў Хрыста, і тады адчуеш поўную радасць». І сапраўды, уся пастырская паслуга біскупа Юзафа прасякнута гэтаю Божаю, евангельскаю радасцю, гэтаксама, як і ягоны блог, у якім ён даходліва і жыццёва мудра, часам з добраю ўсмешкаю, тлумачыць не толькі Божыя запаведзі, але і многія падзеі і з’явы сучаснага жыцця.

Ваша Эксцэленцыя, шаноўны біскуп Юзаф! Сардэчна віншуем Вас з залатым юбілеем і зычым моцнага здароўя, шмат сілы, паўнаты евангельскай радасці і надзеі. Няхай уваскрослы Хрыстус шчодра адорвае Вас усімі неабходнымі Божымі ласкамі, няхай Дух Святы асыпае сваімі дарамі, а Маці Міласэрнасці заўсёды атуляе сваёю нястомнаю апекаю.

Плённага Вам, натхнёнага і радаснага пастырскага служэння на кожны дзень наступнага паўвеку!


З пашанаю і малітваю —
супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў
«Ave Maria», «Наша вера»
і выдавецтва «Про Хрысто»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла