«Добры пастыр не пакідае сваіх авечак: уцякаюць толькі найміты»

— так казаў кс. прэлат Гжэгаж Каласоўскі.

У сакавіку споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння гэтага легендарнага святара. 8 красавіка адбыўся таксама вельмі знамянальны момант у жыцці кс. Гжэгажа: 80 гадоў таму назад ён разам з аднакурснікам Казімірам Свёнткам прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Букрабы.


Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў сваёй гаміліі падчас святой Імшы ў нясвіжскім касцёле Божага Цела зазначыў, што «ксёндз Гжэгаж застаўся тут, у Нясвіжы, дзе чацвёртая частка духавенства, у тым ліку яго аднакурснікі, былі забітыя падчас вайны, а многія іншыя святары ў пасляваенны перыяд былі сасланыя на доўгія гады ў ГУЛАГ без абвінавачвання толькі за тое, што былі каталіцкімі святарамі. Ён застаўся, бо ведаў вартасць святарскай прысутнасці…»

Ксёндз прэлат Гжэгаж Каласоўскі ў парафіі Божага Цела нязменна праслужыў 52 гады, што ў святарскай практыцы бывае вельмі рэдка. У гады пераследу ён нястомна клапаціўся не толькі пра душпастырскія абавязкі, але і пра ўратаванне ўсяго, што мела гістарычную вартасць. Гэта дзякуючы яму, нягле­дзячы на пагрозу арышту і нават расстрэлу, былі ўратаваныя ад знішчэння не толькі саркафагі Радзівілаў, што знаходзіліся ў крыпце святыні, але і шматлікія касцёльныя рэчы, абразы і рэліквіі, арган і касцёльны звон, якія хацелі пераплавіць на зброю. Дзякуючы гэтаму мудраму святару таксама адноўлена Слуцкая брама, якую ён адстаяў, не даўшы ўзарваць яе. У 1988 г. нясвіжскі касцёл Божага Цела наведаў прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп. Да гэтай сустрэчы, як успамінае кс. Ігар Лашук, дэкан Стаўбцоўскага дэканата, кс. Гжэгаж, вельмі рыхтаваўся і вельмі чакаў яе.

 

Мы ўпершыню друкуем прывітальнае слова-прамову (з захаваннем стылю) ксяндза Гжэгажа Каласоўскага да прымаса Польшчы Юзафа Глемпа, у якой паўстаюць рэаліі таго няпростага для Каталіцкага Касцёла часу.

«Ваша Эксцэленцыя! Глыбокапаважаны ксёндз біскуп! Тут стаіць перад Вашай Эксцэленцыяй ксёндз Гжэгаж Каласоўскі, пробашч і дэкан Рымска-каталіцкага касцёла ў Нясвіжы Пінскай дыяцэзіі.

Фарны касцёл пад тытулам Божага Цела Пінскай дыяцэзіі зафундаваны ў 1589 г. Крыштафам Мікалаем Радзівілам (Сіроткам), кансэкраваны ў 1601 г. Клаўдзіем Рангоніем, князем і біскупам Рэгенскім, нунцыем Апостальскай Сталіцы. Я працую ў гэтым касцёле больш за 49 гадоў без перапынку.

Пасля святарскіх пасвячэнняў у 1939 г. быў накіраваны біскупам Казімірам Букрабам у Нясвіж як памочнік ксяндза дэкана Кубіка. Узрадаваўся вельмі, што буду працаваць у такім прыгожым касцёле пад кіраўніцтвам заслужанага і мудрага святара. На жаль, радасць нядоўга трывала. Немцы пасля акупавання гэтых тэрыторый арыштавалі ксяндза дэкана Кубіка, разам з іншымі вывезлі ў Баранавічы, дзе замардавалі. У 1942 г. я таксама быў арыштаваны за тое, што не кланяўся нямецкаму афіцэру на вуліцы. Сказалі, што я не люблю немцаў. (Сядзеў 6 тыдняў.) Пасля вызвалення з вязніцы быў вымушаны абслугоўваць 5 парафій, дзе не было святароў, бо іх знішчылі немцы.

Немцы аддалі загад здаваць у дзяржаву рэчы з каляровых металаў. Загадалі таксама здаць касцёльныя званы і пішчалкі ад аргана. Мне ўдалося атрымаць фальшывае пацвярджэнне, што гэтыя рэчы ўжо здадзены, а на самай справе я іх схаваў. Пагражала гэта расстрэлам.

Немцы, калі адыходзілі з Нясвіжа ў 1944 г., падпалілі касцёл запальнымі снарадамі. Увесь дах і маленькі купал згарэлі поўнасцю. Трэба было ратаваць касцёл, пакласці як мага хутчэй дах, бо восенню дождж мог размыць скляпенні, а зімою маразы знішчылі б фрэскі. Праца была вельмі цяжкая: не было людзей для працы, пайшлі ў армію, не было інжынера-будаўніка, не было тэхнічнай дакументацыі, каб адбудаваць спалены купал. Каб заплаціць работнікам, патрэбна было ездзіць па вёсках і збіраць прадукты. Марка ўжо не мела ніякай вартасці, а рубель не быў стабільны. Усе гэтыя праблемы трэба было як мага хутчэй вырашыць. Узяўся за работу. Некаторыя людзі смяяліся з гэтага, казалі, што кінуўся з матыкай на сонца і што нічога з гэтага не будзе — вайна ідзе. Аднак я, поўны энергіі, узяўся за работу, даверыўшыся Божай волі і апецы Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу трох месяцаў дах зноў быў на касцёле. Касцёл і прыгожыя фрэскі былі выратаваны. Казалі мне, калі б я не быў ксяндзом, то меў бы вялікую ўзнагароду, удзячнасць ад уладаў за выратаванне такога помніка архітэктуры, але шкада, што ты з’яўляешся святаром. Я падзякаваў за такую “ўдзячнасць”.

Распачалася рэпатрыяцыя. Адны выязджаюць, іншыя застаюцца. Ніхто не ведае, што, па сутнасці, рабіць. Некаторыя святары таксама вырашылі выехаць. Я і сам не ведаў, што рабіць. Нарэшце вырашыў застацца: што Бог дасць, тое і будзе. Не хацеў быць наёмнікам у аўчарні Хрыстовай, але пастырам.

Да сённяшняга дня працую ў гэтай парафіі і дзякую Пану Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі, што даюць мне сілы і энергію, каб выконваць гэтыя мае абавязкі. У цяперашні час і надалей абслугоўваю 5 парафій, дзе няма святароў.

У 1980 г. аднавілі абраз “Апошняй Вячэры — Вячэры Пана”. Аўтар Ю. Гескі (1752–1754). Абраз быў вельмі знішчаны з-за старасці (яму 240 год). Рэстаўратары былі з Масквы. Вельмі старанна зрабілі. Падклеены на новае палатно. Рэстаўрацыя вельмі шмат каштавала — 30 тысяч рублёў. Аплачана з ахвяраванняў парафіянаў. Зроблены абраз святога Францішка. Каштавала 3 тыс. руб. Павінны рабіць рэстаўрацыю сцен касцёла ўнутры. Не можам знайсці рэстаўратараў — баюся брацца за гэтую працу, патрэбна будзе шукаць спецыялістаў у Польшчы. У наступным годзе, калі дажыву, буду мець тры юбілеі: 50 год святарства, 50 год працы ў Нясвіжы, 80 год жыцця.

Цяпер — пра стан парафіі.

Колькі парафіянаў — дакладна акрэсліць цяжка. Калі вялікае свята, то і касцёл змясціць усіх не можа. Па прыкладных падліках — каля 10 тысяч. Стан духоўны парафіян не з’яўляецца трагічным, улічваючы нашу рэальнасць. Але не ўсё поўнасцю ў парадку. Шкада, што мала моладзі ўдзельнічае ў набажэнствах.

Некаторым падаецца, што не разумеюць польскай мовы. Але ёсць і такія, хто свядома не хрысціць сваіх дзяцей, жывуць без шлюбу, не адбываюць велікоднай споведзі, паміраюць без святых сакрамэнтаў, хоць святар ёсць на месцы і заўсёды спяшаецца з дапамогай, калі паклічуць.

Не думаю, што гэтыя людзі самі па сабе дрэнныя, але, хіба, атуманеныя, страцілі жыццёвую раўнавагу, не ведаюць, за што хапацца. У мінулым годзе да Першай святой Камуніі было каля 40 дзяцей. На святога Міхала, 29 верасня, было бежмаванне — каля 150 чалавек.

Гэта стан духоўны парафіі, хацеў бы, каб было лепей, каб было больш запалу ў службе Божай, большае разуменне патрэбы выканання рэлігійных абавязкаў.

Малюся аб гэтым да Пана Бога, да Найсвяцейшай Панны Марыі і да Цябе, Езус Хрыстус, Найшаноўнейшы архісвятар».

Пераклад з польскай мовы
ксяндза каноніка Пятра Шарко,
пробашча парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, дэкана Нясвіжскага дэканата.

Кс. Ігар Лашук: ён навучыў мяне любіць Беларусь...

Я вельмі добра ведаў ксяндза Гжэгажа, нават жыў у яго два гады пад адным дахам. Мне здаецца, яго заданнем было прыгледзецца, ці годны я да святарства, бо я тады ездзіў у Мядзведзічы да кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага на вучобу. Мы заўсёды вельмі цёпла размаўлялі на розныя тэмы — і духоўныя, і жыццёвыя. Ён часта казаў: «Беларуская мова такая прыгожая». Ён навучыў мяне любіць Беларусь, далікатна тлумачачы многія рэчы. Быў чалавекам канкрэтным і дысцыплінаваным, вельмі рана ўставаў, заўсёды маліўся на Брэвіярыі, разам мы маліліся Ружанец. Ксёндз Гжэгаж тлумачыў мне Біблію, у яго былі заўсёды вельмі глыбокія казанні. Ён заўсёды рыхтаваўся да казанняў — яны былі напісаныя дробным почыркам на яго лістках. Яго вельмі шанавала грамадскасць Нясвіжа, ксёндз быў абсалютным аўтарытэтам для людзей. Яму было пад 80 гадоў, але гэта быў крыштальна чысты чалавек у поўным сэнсе гэтага слова. Малітва і святарская паслуга былі самым галоўным для яго. Ён дбайна ажыццяўляў сваё душпастырства. Ён мала ўжо куды ездзіў, прыязджалі да яго ў Нясвіж са Слуцка, з Клецка, Стаўбцоў, Узды, Капыля, з усіх навакольных раёнаў і мясцінаў… 30 гадоў мінула з таго часу. Гэта былі гады маёй маладосці, я ўжо быў клерыкам, у сутане, так што прыязджаў зусім з іншымі думкамі — мае думкі ўжо былі больш свабоднымі, хоць быў яшчэ Савецкі Саюз, але пасля 1988 г. ужо было ўсё інакш. У 1988 г. на Вялікдзень ўлады яшчэ пільнавалі людзей каля касцёла, а ўжо на Божае Нараджэнне нікога з іх не было. Не было ў мяне ўжо страху, гнёту — усяго таго, што перажылі гэтыя святары, яны яшчэ жылі некалькі гадоў з гэтым страхам амаль што да самай смерці.

Ксёндз Каласоўскі выконваў ціхае служэнне. Ён пасылаў мяне, каб я катэхізаваў. З яго дазволу я адчыняў касцёл у Свержані, маліўся там. Ён сам ужо не мог ездзіць, то пасылаў мяне, каб я ехаў у тую ці іншую мясцовасць і маліўся там. Я першы раз трапіў у Капыль з яго дазволу: ён папрасіў мяне з’ездзіць туды ў 1989 г. на свята св. Роха, толькі сказаў, каб я ехаў без сутаны: «А раптам што табе зробяць?». Я паехаў на рэйсавым аўтобусе. Народу, памятаю, на могілках каля спаленай капліцы св. Роха шмат сабралася, чалавек 200–300. А пасля малітвы мы пастанавілі адбудаваць капліцу. І людзі сабралі тады некалькі тысяч рублёў і збудавалі невялічкую капліцу св. Роха, якая існуе да гэтага часу.

З дазволу кс. Гжэгажа я ездзіў на катэхізацыю ў Капыль, у Клецк, Вужанку, Гарадзею, Сноў, у Слабодку. Памятаю, уставаў у 5 гадзін раніцы, а дасыпаў ужо едучы ў аўтобусе. Будучы клерыкам, я катэхізаваў, хоць ён не прымушаў, але, бачачы маю ахвоту, дазваляў. У мяне мілыя ўспаміны пра тыя гады, бо цяпер, будучы святаром сам, больш разумею яго.

Мы разам слухалі «Радыё Свабода», ён вечарамі лавіў навіны на гэтай хвалі. Скажу шчыра: менавіта кс. Гжэгаж навучыў мяне глядзець крытычна на Савецкі Саюз. Я да яго прыйшоў, калі яшчэ быў Савецкі Саюз, і ён мне адкрыў вочы, я ж былы камсамолец, і вера ў Бога па-рознаму мне давалася. І ён мне вочы адкрыў па-іншаму глянуць на тое зло, якое чыніў Савецкі Саюз. Гэта была хвіліна духоўнага перавароту. Гэты святар змяніў мой погляд на жыццё. Ён меў гэты погляд і ўмеў знайсці падыход да тых людзей, якія мелі іншы погляд. Потым я быў клерыкам, пісаў да яго лісты, ён мне час ад часу адказваў. Гэта было цікавае жыццё клерыка ў тыя гады. Я памятаю, як кс. Каласоўскі вельмі рыхтаваўся да прыезду кардынала Глемпа ў Нясвіж. Ксёндз папрасіў мяне прыехаць і дапамагчы яму. Я прыехаў з семінарыі, дапамагаў яму прыбіраць у касцёле, а таксама дапамагаў у падрыхтоўцы да 50-годдзя яго святарства, і вяночкі рыхтаваў, і крэслы, і святыні.

30 гадоў мінула, а ўспаміны пра кс. Гжэгажа заўсёды цёплыя, успамінаю яго з вялікай удзячнасцю…

Кс. дэкан Пётр Шарко, пробашч нясвіжскай парафіі Божага Цела ўспамінае:
«Ксёндз Гжэгаж вызначаўся незвычайнаю дабрынёю…».

Нясвіжцы з пашанаю ўзгадваюць ксяндза Гжэгажа Каласоўскага, які вызначаўся незвычайнаю дабрынёю, шчырасцю, зычлівасцю і адкрытасцю да ўсіх людзей. Сваім самаахвярным служэннем гэты святар упісаў яскравую старонку ў слаўную гісторыю старажытнага Нясвіжа. Як удзячнасць гэтаму святару на 100-годдзе кс. Каласоўскага была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якая была ўрачыста асвячаная. Іменем ксяндза Гжэгажа Каласоўскага, ганаровага грамадзяніна горада, названа таксама адна з вуліцаў у новым мікрараёне Нясвіжа.

Фота з урачыстасці
Наталлі Ермашкевіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла