«Радасці больш, чым клопату». Размова з братам Карнэліем, шэф-рэдактарам часопіса «Дыялог»

Заўсёды прыемна пісаць пра людзей, якіх асабіста амаль не ведаеш, але вестка пра іх добрыя справы ідзе наперадзе іх саміх. Вось і цяпер мне выдалася добрая магчымасць пазнаёміцца з братам Карнэліем Консэкам, вербістам з Баранавічаў. Ён з’яўляецца шэф-рэдактарам часопіса «Дыялог», які сёлета адзначае 25-годдзе заснавання, а таксама брата Корнэля ўсе ведаюць як майстра фотарэпартажаў і аўтара шматлікіх фотавыставаў. Пра яго дзейнасць, пра тое, што яго натхняе і чым ён жыве — нашая размова.


— Брат Корнэль, раскажыце пра Ваш звычайны дзень, у чым яго клопаты і радасці?

— Радасці больш, чым клопату. Дзень пачынаю дзесьці ў 6 га­дзін. А 7-й мы сустракаемся ўсёй нашай манаскай супольнасцю на малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, прыходзяць таксама на адарацыю і парафіяне, мы молімся з імі аб пакліканнях. Да 7:45 ёсць час для разважанняў над Божым словам. Потым сняданак і ў 8:30 — Ружанец. А 9-й — святая Імша, пасля якой пачынаецца праца. Мой асноўны занятак — гэта праца ў рэдакцыі часопіса «Дыялог». Таксама я гляджу за парадкам у Доме Святой Тройцы, гэта мая адказнасць. А 13-й гадзіне ў нас абед, пасля якога — супольная малітва. А ў канцы дня, дзесьці а 8-й вечара, мы сустракаемся ўсёй супольнасцю, молімся, абмяркоўваем навіны і ідзем спаць.

— Вы сказалі, што кожны дзень Вы разважаеце над Бібліяй. Раскажыце, калі ласка, якую ролю ў Вашым жыцці іграе Божае слова.

— Для мяне Святое Пісанне — як для машыны бензін. Без яго далёка не паедзеш. Гэта такі добры штуршок на ўвесь дзень. Калі ведаеш, якія справы цябе чакаюць на працягу дня, то можна перад Богам пра гэта ўсё падумаць, трошкі падрыхтаваць сябе і потым неяк лягчэй пачаць дзень.

— Свецкім вернікам, напэўна, цяжка гэтак арганізаваць свой дзень…

— Перад Божым Нараджэннем да нас падышла жанчына і прапанавала, каб у капліцу на адарацыю а 7-й раніцы прыхо­дзілі таксама і парафіяне. Як час дазваляе, прыходзяць дзесьці 3–4 чалавекі. Што ім дае гэты час цішыні? У гэты момант яны знаходзяцца сам-насам з Богам. Капліца адчынена, кожны ведае, што можа хоць на 10–15 хвілін прыйсці, памаліцца, напрыклад, перад працай.

Каля ўваходу ў кляштар стаяць такія драўляныя фігуры Марыі з малітваю

— Вы сказалі, што моліцеся аб пакліканнях. Успомніце, калі ласка, той момант у Вашым жыцці, калі Вы адгукнуліся на пакліканне.

— Гэта было вельмі даўно, каля 40 гадоў назад… У юнацкім узросце я часта прасіў у свайго пробашча нейкія кнігі, чытаў. Ну і аднойчы пробашч запытаўся, ці не думаў я пайсці ў святары. Але ісці я хацеў толькі да місіянераў… Потым пробашч адправіў мяне на моладзевыя рэкалекцыі, дапамог скантактавацца з маім будучым ордэнам — Місіянерамі Божага слова, або вербістамі. Жаданне пайсці ў кляштар ува мне расло паступова. Ну і ў 1980-я гады пачаў сваё манаскае жыццё.

— А чаму ўрэшце Вы сталі братам, а не святаром у ордэне вербістаў?

— Спачатку я падаў дакументы на святара, але потым, пасля вывучэння філасофіі, прыйшоў да высновы, што гэта не мой шлях. Гэта як з пакліканнем: на некаторыя пытанні няма канкрэтных адказаў.

— Брат Корнэль, як Вы патрапілі ў Беларусь і якія былі ўражанні, калі Вы сюды прыехалі? Што парадавала, а што, наадварот, засмуціла?

— Я  наогул не думаў, што сюды патраплю. Я ўжо паспеў папрацаваць у Польшчы ў нашай манаскай друкарні і нават завочна атрымаў адукацыю ў Варшаве ў гэтым кірунку. Потым, з 1994-га па 98-ы год, я служыў у Рыме. І вось раптам пазваніў айцец Ежы Мазур, якія цяпер ужо біскуп. Ён працаваў у Беларусі, заснаваў часопіс «Дыялог» і запрасіў мяне сюды, каб я дапамог у працы з часопісам, які ўжо 4 гады выдаваўся. Вось так я сюды патрапіў.

Уражанні ў мяне былі вельмі пазітыўныя. А тое, што засмучала… Хутчэй, я раней нават не ўсведамляў, што «жалезная заслона» ў савецкі час была настолькі густою. Я заўсёды думаў, што палякі і беларусы вельмі блізкія, і не чакаў, што камунізм зрабіў такую вялікую розніцу ў мысленні людзей. А наогул беларускі народ вельмі шчыры, я вельмі паважаю і люблю людзей, з якімі мы пастаянна сустракаемся. У Еўропе ці нават у Польшчы такой адкрытасці ўжо і няма. Тут, на жаль, гэтая якасць ужо таксама згасае. Гэта было нашым багаццем, якое мне сапраўды заўсёды давала дадатковы стымул. На жаль, гэта ўсё сыходзіць разам са старэйшым пакаленнем. А ў маладых ужо свае дарогі, свае думкі, свае мары... Іншае мышленне ў сваіх катэгорыях. Ну нічога страшнага, трэба вучыцца і з гэтым усім працаваць.

— Брат Корнэль, Вы ўзгадалі часопіс «Дыялог». Вербісты наогул як місіянеры займаюцца медыя. І ў незалежнай Беларусі, дарэчы, «Дыялог» стаў першым каталіцкім часопісам. Якія Вы ставілі перад сабою задачы, што Вы хацелі і хочаце сказаць лю­дзям праз гэты часопіс?

— Ёсць такая традыцыя ў нашым ордэне, каб па магчымасці распаўсюджваць слова Божае праз медыя. На той час гэта быў друкаваны часопіс. Сённня наш наклад — 4 тысячы. Канешне, хацелася б, каб было больш, але хвала Богу і за гэта. Канкрэтна я адказны за ўсе фатаграфіі ў часопісе. Думаю, што вельмі важна праз фатаграфіі перадаваць атмасферу, настрой таго, пра што пішуць, паказваць чалавека.

— А як Вы думаеце, што такое «хрысціянская журналістыка»?

— Калі я ездзіў на журналісцкія курсы, нам заўсёды казалі, што няма хрысціянскіх журналістаў і нехрысціянскіх. Ёсць проста журналісты, веруючыя ці няверуючыя. І ўжо ў залежнасці ад таго, якіх поглядаў чалавек, у такім кірунку ён і піша. Але журналіст ёсць журналіст. Часам, калі гаворыш з кімсьці і ўзгадваеш «хрысціянскіх журналістаў», чалавек далікатна ўсміхаецца, маўляў, а што гэты журналіст можа сказаць? А самая галоўная задача кожнага журналіста — казаць праўду. Хоць праўда часам складаная.

— Брат Корнэль, раскажыце пра свой шлях фотажурналіста. З чаго пачалася любоў да фатаграфіі?

— Першы фотаапарат у нас з’явіўся, калі мне было 10 ці 12 гадоў. Я зрабіў пару здымкаў, але потым патрэбныя былі грошы, каб праявіць плёнку і надрукаваць фота. Я дзесьці назбіраў тых грошай і зрабіў здымкі, боль­шасць фота, канешне, не атрымалася. Потым было шкада грошай... Але недзе ў душы я адчуваў, што гэта цікавы кірунак, у якім можна зрабіць нешта добрае. А потым, калі мяне запрасілі на працу ў друкарню, я працаваў на такім вялікім фотаапараце, як палова пакою.

У той час, у якім фармаце ты хацеў надрукаваць фота, такога памеру і мусіла быць плёнка, адпаведна і фотаапарат. Фатаграфаваць трэба было ў поўнай цемры. Я прайшоў курсы такой фатаграфіі і з цягам часу пачаў рэалізоўваць свае ідэі. Фатаграфія стала для мяне формай творчасці. І ад людзей чуў часам добрыя водгукі. Але па-сапраўднаму займацца фатаграфіяй я стаў ужо ў Беларусі, у «Дыялогу», гэта было тое поле, на якім можна было і трэба было працаваць. І толькі пасля прыйшла ідэя зрабіць выставу.

Уцёкі са школы. Докшыцы, 2003 г.
Фота бр. Карнэлія Консэка з фотавыставы «Пятае Евангелле».

— Дарэчы, наконт выставаў. Ведаю, што Вы выстаўлялі свае работы на кінафестывалі «Магніфікат». Раскажыце пра гэта крыху падрабязней.

— Справа ў тым, што, робячы выставы сваіх фатаграфій, я стараўся паказваць іх у розных кропках краіны, і «Магніфікат» быў адной з іх. Наогул я здымаў «Магніфікат» для архіва, з першага да апошняга фестываля. Шкада, што яго больш няма... Думаю, што фотавыставы — гэта таксама форма евангелізацыі. Самая першая выстава называлася «Каласы і зерне». Я паказваў яе на Дзень ісламу ў Польшчы ў 2006 годзе. Потым была выстава «Пятае Евангелле». Мне хацелася паказаць, што Бог піша Евангелле і сёння. Мы кожны дзень прахо­дзім каля розных рэчаў, людзей, сітуацый, якія нам дае Бог, і не заўважаем гэтага, мы праходзім міма… Варта трошкі спыніцца, дастаць навушнікі і ўбачыць, што ёсць другі чалавек побач са мною.

Практычна ўсе здымкі — з матэрыялаў, якія мы рабілі для «Дыялогу», калі ездзілі па ўсёй Беларусі. Напрыклад, на кадрах — розныя дзеткі з прытулкаў, дзеткі з нашай парафіі, з канікулаў з Богам.

Выстава «Ты не адзін» — пра дзяцей-інвалідаў. Падчас камунізму афіцыйна такіх дзяцей «не было», а цяпер яны ўсе «выплылі», і многія пытаюць: «Адкуль яны ўзяліся? Іх жа не было…» Я хацеў звярнуць увагу на тое, што такія людзі жывуць сярод нас і яны таксама маюць права жыць, як мы, як усе, толькі трэба даць ім на гэта шанц. 21 сакавіка – дзень людзей з сіндромам Даўна, і ў Мінску сустракаюцца сем’і з такімі дзеткамі. Мы для іх рабілі фотавыставу, каб яны ўбачылі сябе на здымках. Я шмат здымаю для «Карытаса», таму маю доступ да гэтых людзей. Я не баюся іх, бо практычна з імі вырас. Там, дзе я нарадзіўся, ёсць вялізная бальніца для людзей з асаблівасцямі развіцця, таму ў мяне быў пастаянны кантакт з гэтымі людзьмі. З імі вельмі лёгка, проста трэба падыходзіць да іх.

У каго яшчэ такія банцікі?..
Фота бр. Карнэлія Консэка з фотавыставы «Ты не адзін».

Былі яшчэ выставы «Крыніца жыцця і любові — сям’я», «Крыжы дарогі нашай», «Родам з дзяцінства», «…і ўпала з неба вялікая зорка… Палын». Я не выстаўляю фота ў касцёлах ці парафіяльных дамах. Мне здаецца, што касцёл — гэта не месца для выставаў. А па-другое, калі я выстаўлю фота ў Доме культуры ці бібліятэцы, то туды прыдуць і тыя, хто ў касцёл ходзіць, ды яшчэ прывядуць з сабою сваіх сяброў, знаёмых.

— А музей Бібліі ў баранавіцкім катэхетычным каледжы — гэта ж таксама Ваш праект? Чаму Вы ўзяліся за гэтую ідэю?

— Так, у нашым каледжы змяшчаецца пастаянная экспазіцыя «Дарогаю Бібліі». Аднойчы я ўбачыў перасоўную выставу на тэму Бібліі, якую рабіў адзін аўстрыйскі пастаральны цэнтр. Яна змяшчалася ў адным прычэпе, і яе вазілі па розных парафіях, даючы цікавыя звесткі пра свет Бібліі. Я падумаў: чаму б не зра­біць такую падобную выставу, але ў фармаце 3d. У нас у каледжы якраз  былі тры свабодныя пакоі, і я ўзяўся за працу. Уся падрыхтоўка заняла ў мяне прыкладна 3 гады, і адчынілася экспазіцыя ў 2014 годзе. Сюды прыходзяць розныя людзі, можа, для некаторых гэта адзінае месца, дзе яны возьмуць у рукі Біблію…

* * *

Для мяне гэта было вельмі яскравае заканчэнне нашай размовы з братам Корнэлем. Я нават не чакала, што мяне так уразіць гэты музей. Я ўбачыла тут гліняныя збаны, якія брат Корнэль спецыяльна заказваў у мясцовага майстра, намаляваўшы для яго эскізы. Тут можна разгарнуць вялізную імітацыю Бібліі, унутры якой – паліцы, а на паліцах — кнігі, з якіх складаецца ўсё Святое Пісанне. Праходзіш далей — і бачыш пакой звычайных жыхароў старажытнага Ізраэля, у якім сядзіць маці, бацька разбірае сетку, дзеткі займаюцца сваімі справамі. Аўдыёгід на прыкла­дзе гэтых манекенаў на добрай беларускай мове расказвае пра сямейныя звычаі біблійнага народа. На паліцах стаяць маленькія гліняныя пасудзіны, у якіх засыпаныя спецыі — іх можна панюхаць і акунуцца ў атмасферу тагачаснай кухні. У іншым пакоі — макет смакоўніцы, розных раслінаў таго рэгіёну. Брат Корнэль шукаў усё па крупінках, штосьці ў Польшчы, штосьці тут, каб як найлепш перадаць атмасферу біблійных лакацый. На сценах —здымкі брата Корнэля са Святой Зямлі, ён спецыяльна прасіў дазволу туды паехаць, каб сабраць фотаматэрыял для музея. У адным з куткоў можна паспрабаваць сябе ў ролі перапісчыка Бібліі, а побач нават ляжыць Біблія для сляпых.

Вось такім было маё знаёмства з чалавекам, плады жыцця якога ідуць наперадзе ўсякіх аповедаў. Хіба не ў гэтым прыгажосць і радасць супрацоўніцтва з Богам і Яго словам?


Вольга Качалка

Фота Віталія Палінеўскага (на вокладцы),
Вольгі Качалкі і бр. Карнэлія Консэка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла