Дзеля паўнавартаснага касцёльнага жыцця

Біскупскі суд Віцебскай дыяцэзіі існуе з 2004 года. Першым яго афіцыялам быў ксёндз Томаш Чарноцкі. Пасля яго гэтую пасаду займалі яшчэ некалькі асобаў. Са снежня 2017 года дыяцэзіяльным судом кіруе ксёндз Аляксей Ляшко. Пра функцыі Біскупскага суда, яго структуру і кірункі працы — наша размова.


 


— Ксёндз Аляксей, многія вер­нікі часам маюць вельмі прыблізнае ўяўленне пра Біскупскі суд. Распавядзіце, калі ласка, пра яго кампетэнцыю.

— Біскупскі суд — гэта перадусім суд касцёльны. Яго галоўная кампетэнцыя  — судовае разбіральніцтва ў сферы кананічнага права, якое, як вядома, наследуе юрыдычную сістэму Рымскага права. Біскупскі суд пераважна займаецца сужэнскімі справамі.

— Які парадак падачы просьбы аб судовым разбіральніцтве?

— Такі ж, як і ў судзе свецкім. Адзін з сужэнцаў ці абое падаюць у суд пазоўную скаргу аб сцверджанні несапраўднасці сужэнства. Да скаргі прыкладаюцца копіі пасведчанняў аб касцёльным шлюбе, хросце, копіі рашэння дзяржаўнага суда аб разводзе, перадшлюбнага пратакола (па месцы заключэння сужэнства), іншых істотных для справы дакументаў (напрыклад, даведкі аб лячэнні ў шпіталі, аб прысудзе паводле адміністрацыйнага ці крымінальнага Кодэкса і іншыя), а таксама апісанне акалічнасцяў сумеснага перадшлюбнага і пасляшлюбнага жыцця пазоўніка і адказчыка. І пачынаецца адпаведны працэс. 

— Вынікі такога працэсу мо­гуць стаць падставаю для разводу сужэнцаў?

— Так ставіць пытанне наогул нельга, бо ў Касцёле не існуе працэдуры разводу і Біскупскі суд адбываецца выключна пасля разводу ў ЗАГСе. А вось што істотна, дык гэта тое, што ў выпадку, калі будзе даказана несапраўднасць папярэдняга касцёльнага сужэнства, чалавек мае права на ўступленне ў новае.

— А калі несапраўднасць даказана не будзе?

— Тады разведзеныя ў ЗАГСе сужэнцы па заключэнні новых грамадзянскіх шлюбаў не змогуць уступіць у новы касцёльны шлюб. Адпаведна, яны не змогуць карыстацца з удзялення касцёльных сакрамэнтаў.

— А што можа стаць падставаю для сцверджання несапраўднасці сужэнства?

— Калі коратка, то гэта — няздатнасць асобы да прыняцця на сябе сужэнскіх абавязкаў паводле пэўных псіхічных, фізічных або нейкіх іншых прычынаў. Напрыклад, суд можа ўзяць пад увагу як асаблівасці характару і паво­дзінаў чалавека, так і акалічнасці заключэння шлюбу, напрыклад, наяўнасці пры яго заключэнні элементаў маральнага, псіхалагічнага ці нават фізічнага ціску, прымусу. Пералік падставаў для звароту ў Біскупскі суд падаецца ў так званым узоры пазоўнай скаргі аб сцверджанні несапраўднасці сужэнства.

— Што кажа статыстыка пра вынікі рагляду пазоўных скаргаў?

— Што толькі менш за чвэрць заяваў аб прызнанні несапраўднасці сужэнства не пацвярджаецца.

— І гэта ўжо прысуд канчатковы? Ці пазоўнік мае права на апеляцыю?

— Нязгодныя з прысудам маюць права падаць апеляцыю. Напрыклад, вернікі, не згодныя  з прысудам віцебскага Біскупскага суда, могуць  у 15-дзённы тэрмін звярнуцца з апеляцыяй у Біскупскі суд Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 

— Ці існуе ў Біскупскім судзе практыка прыцягнення сведкаў?

— Існуе. І пазоўнік, і адказчык павінны мець двое сведкаў з ліку членаў сям’і або проста знаёмых. Як правіла, гэта асобы, якія і добра ведаюць сітуацыю ў сям’і, і здольныя праўдзіва сведчыць на карысць справядлівага вердыкту.

— Раскажыце, калі ласка, пра склад суда.

— У нас ён такі: афіцыял, 5 суддзяў (усе святары), 2 натарыусы (з ліку свецкіх асобаў), 2 абаронцы сужэнскага саюзу, судовыя эксперты (псіхолагі, псіхіятры — свецкія людзі з медыцынскай адукацыяй). Усе члены суда абавязкова складаюць прысягу аб захаванні таямніцы разгляду справы. Ну і, канечне ж, гэта павінны быць людзі прыстойныя, аб’ектыўныя і разам з тым здольныя браць на сябе адказнасць за часам няпростыя калегіяльныя рашэнні.

— Зразумела, што асоба, якая ўзначальвае суд, мусіць мець кананічную юрыдычную падрыхтоўку. Раскажыце, калі ласка, пра сваю адукацыю.

— Спачатку быў юрыдычны факультэт Дзяржуніверсітэта імя Машэрава ў Віцебску. Затым — шэсць гадоў навучання ў вышэйшай духоўнай семінарыі ў П’ячэнцы (Італія). Потым — тэалагічны факультэт у Лугане (Швейцарыя) і факультэт кананічнага права Святога Пія Х у Венецыі. На сённяшні дзень з’яўляюся дактарантам і выкладчыкам кананічнага права праваслаўных цэркваў тэалагічнага факультэта ў Лугане.

— Грунтоўна. Але вернемся да тэмы суда. Напэўна, і самае станоўчае яго рашэнне аб прызнанні шлюбу несапраўдным — не тая падзея, якой можна адназначна радавацца.

— Зразумела. Таму, каб наогул было меней зваротаў да нас, каб не распадаліся сем’і ды не ламаліся лёсы, хочацца пажадаць маладым людзям, якія бяруцца шлюбам, сапраўднасці пачуццяў, духоўнай трываласці, сур’ёзнасці і адказнасці ў падыходзе да сямейнага жыцця. І тады для сцверджання права на паўнавартаснае касцёльнае жыццё, жыццё у Богу і з Богам, ніякі суд не будзе патрэбны.

— Ксёндз Аляксей, праца ў су­дзе ў якасці афіцыяла — гэта толькі адзін з бакоў Вашае дзейнасці, бо Вы ж яшчэ і святарскія абавязкі выконваеце.

— Так, з’яўляюся рэзідэнтам віцебскай парафіі святога Антонія, дзе пробашчам служыць ксёндз Вячаслаў Барок. Асаблівая ж мая радасць — душпастырская паслуга ў Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, куды я рэгулярна наведваюся разам з сястрой Антоніяй і валанцёрамі з ліку вернікаў розных парафій горада, дзе таксама радасць не завоблачная, але ж і не без удзяч­нае ўсмешкі, хай сабе і скрозь слёзы, нямоглага, пакінутага чалавека, якому ты хоць крыху, хоць нечым, але дапамог.


Францішак Дубраўскі
Фота з архіва кс. Аляксея Ляшко

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла