Уменне казаць «не»

У большасці моваў свету слова «не» — адно з самых кароткіх. Але як толькі ў адносінах з іншым чалавекам нам трэба яго сказаць, тым самым адмовіўшы ў чымсьці, недзе там, унутры нас, гэтае маленькае «не» становіцца настолькі вялікім, што з сябе не выціснуць. Пра тое, з чым гэта звязана, што з гэтым рабіць і як навучыцца казаць «не», я паразмаўляла з каталічкай, псіхолагам, сямейным псіхатэрапеўтам і бізнес-трэнерам Таццянай Палхоўскай. 


— Не так даўно я чытала кнігу папулярнага псіхолага Міхаіла Лабкоўскага «Хачу і буду» і падумала, што, каб сказаць «не», вельмі важна ведаць, на што я гатова сказаць «так». На жаль, часта мы не разумеем, што2 мы любім, чаго хочам, што для нас сапраўды важна. Чаму? 

— Часцей за ўсё праблема ідзе з дзяцінства, таму што ў нас ніхто не пытаўся, чаго мы хочам. Памятаеш гэты «барадаты» анекдот: мама з балкона кліча сына, які гуляе на вуліцы. Той падымае галаву і пытае: «Мама, я прагаладаўся ці мне ўжо холадна?» То бок, ні­хто не пытаецца: «Ты хочаш есці?», а кажуць: «Пара есці». У пэўным узросце гэта, магчыма, і добра, але ёсць мноства пытанняў, якія гадавалыя, двухгадовыя дзеці могуць вырашаць самі і трэніравацца разумець свае жаданні. Напрыклад, можна паказаць некалькі параў шкарпэтак і спытаць, якія з іх дзіця хоча адзець. Робячы такі выбар, дзіця будзе разумець, што яго меркаванне і жаданне важнае, і будзе вучыцца разумець, што яму трэба. 

Яшчэ можа быць так, што бацькі загадзя абіраюць шлях для дзіцяці.  Прычым яны не кажуць яму наўпрост: «Мы хочам, каб ты быў доктарам», але выкарыстоўваюць абхадныя шляхі: «Ой, паглядзі, і ты такім будзеш», ці, напрыклад, маці кажа: «Вось як добра, я буду старая, у мяне будзе свой урач». Такім чынам, дзіця можа нават і не задумацца, а чаго ж хоча яно само.

— Калі чалавек вырастае з праблемай нявызначанасці, што яму рабіць, каб вырашыць яе?

— Калі я не разумею, чаго я хачу, я мушу сябе трэніраваць. У свой час я рабіла гэта так: прачыналася раніцаю, адкрывала шафу з кубкамі і стаяла, намагаючыся зразумець, з якога кубка я хачу сёння выпіць каву. Тое самае з марозівам: я прыходжу ў краму, стаю і не магу выбраць. Калі ты прысвячаеш час такім дробязям, то ў пэўны момант з радасцю ўсведамляеш, што вызначыўся. Спачатку такая трэніроўка складаная, нават праз сілу, а пасля пачынае атрымлівацца. 

— То бок, трэба пачынаць не з маштабных пытанняў, а з дробязяў? 

— Прынамсі са сваімі кліентамі я працую гэтак ці яшчэ прапаную такі метад: рабіць сабе ў дзень адну прыемнасць. Такім чынам, людзі пачынаюць кожны дзень рабіць хаця б штосьці адно, чаго яны сапраўды хочуць. 

— Чалавек, які не ўмее адмаўляць, часта адчувае сябе заложнікам сітуацыі, і адзінае выйсце, якое ён бачыць, гэта згадзіцца, часта наперакор уласным планам, жаданням ці нават сумленню. Чаму так адбываецца? 

— Вельмі часта людзі спадзя­юцца атрымаць палёгку, калі яны задаволяць чужую патрэбу. Напрыклад, многія думаюць так: «Я буду прыязджаць да мамы кожныя выходныя, тады яна будзе задаволеная, і дзякуючы гэтаму мае ўласныя ваганні, незадаволенасць ці страх быць „няправільным“ проста знікнуць». На жаль, гэта не так. Чым больш людзі намагаюцца задаволіць чужыя патрэбы, тым больш яны шкодзяць сабе і губляюць унутраны супакой. Пра радасць я нават і не кажу. 

Сказаць «не» нам можа перашкаджаць страх не атрымаць пэўных выгодаў: ад фінансавых да псіхалагічных. Напрыклад: «Калі я не буду на кожнае слова кіраўніка казаць „так“, то ў мяне не будзе прэміі», ці «Калі я не буду ўслужлівы, мяне не будуць любіць, у мяне не будзе сяброў”. Тут мы бачым страх адзіноты. 

А яшчэ мы можам сутыкнуцца з несвядомым шантажом: «Калі ты не будзеш да мяне прыязджаць, я памру». Але ж мы не можам узяць адказнасць за іншага чалавека і тым больш забіць родных толькі тым, што не будзем выконваць усе іх жаданні.

Здараецца і так, што праблема «завязана» ўжо не на іншым чалавеку, а на нас саміх. Мы можам задавальняць не патрэбы рэальнага чалавека, які ёсць у нашым жыцці, а ўласныя ўяўленні, што ад нас хтосьці чагосьці чакае: каб ты зрабіў кар’еру, каб ты была ідэальнаю жонкаю з ідэальным парадкам, у якой тры стравы на абед. Ад цябе ніхто гэтага не патрабуе, але ў цябе ёсць цвёрдае перакананне, што толькі так ты будзеш ідэальнаю.

Мы думаем, што чым больш будзем ад сябе патрабаваць, тым будзем больш патрэбнымі, больш цікавымі. Я б наогул сказала, што ў корані ўсіх пытанняў, на якія мы стараемся знайсці адказы, ляжыць любоў, патрэба быць любімым.  

— Нам лягчэй адмовіць, калі ў нас ёсць тэрміновыя справы, якія нельга адкласці. Але што рабіць, калі мне тэлефануе сябар, а я толькі села глядзець любімы фільм?  

— Мы жывём, быццам не маючы права на ўласныя жаданні, і можам адмаўляць толькі тады, калі ў нас катастрофа: мы спазняемся, у нас праца і гэтак далей. Гэта размова не пра шчырасць. Блізкім людзям мы звычайна можам адкрыта сказаць: «Мне цяпер не хочацца размаўляць, я стамілася, давай паразмаўляем заўтра». Калі ты пачнеш казаць, што планаваў інакш правесці час і пры гэтым стасункі не разбураюцца, твой суразмоўца пачынае разумець, што для цябе сказаць «не» — нармальна, ён вучыцца прымаць гэта і перастае крыў­дзіцца. 

Бывае і так, што трэба шчыра сказаць: «Я цябе вельмі люблю, але ў маім жыцці цяпер такі перыяд, што я не магу табе гэтага даць». Мы ж часта просім увагі, часу, эмоцый, а ў чалавека гэтага можа проста не быць.

— І гэта нармальна. Мы павінны прыняць, што можам чагосьці не даць іншаму чалавеку?

— Так, і ў католікаў з гэтым агромністая праблема. Многія з нас жывуць з велізарным пачуццём доўгу, нам падаецца, што мы ўсё мусім. Пасля мы пачынаем злавацца на сябе, адчуваць віну з-за таго, што не можам валанцёрыць з дзецьмі ці з хворымі. Тое самае з жанчынаю ў дэкрэце, якая не можа і дом трымаць, і яшчэ падпрацоўваць, і, як «сапраўдная маці», увесь час аддаваць дзіцёнку. Але калі ў цябе няма цяпер гэтай энергіі, цікавасці, сілаў, што ты «мусіш» даць? Трэба змірыцца з думкаю, што мы не можам даць таго, чаго ў нас няма. І мне падаецца, што ўсведамленне гэтага і ёсць пакораю.

— Добра, — скажуць  хрысціяне, — а вось у Бібліі напісана: «І калі хто цябе змусіць (змусіць!) ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве» (Мц 5, 41). Хіба гэта не прымус?

— Раскажу, як я гэта разумею, на адным прыкладзе. У мяне забралі брата ў войска. І я, па магчымасці, кожныя выходныя езджу да яго. Не магу сказаць, што мне хочацца траціць на гэта цэлы выходны: дарога, потым чакай яго гадзіну на марозе. Але мне вельмі хочацца, каб яму было там лягчэй. Любоў змушае мяне рабіць гэта. Ці, напрыклад, я не хачу маліцца. Але я памятаю, як было класна, калі я хацела маліцца, што і змушае мяне спрабаваць размаўляць з Богам. То бок, для мяне гэта не пра знешні прымус, а пра любоў, якая не заўсёды звязана з радасцю. 

— Калі мы ўсё ж такі даходзім да разумення таго, што варта і нават трэба адмовіць, то часта не ведаем, як гэта правільна зрабіць. Што б ты параіла такім людзям? 

— Першы крок — гэта вызна­чыць межы ў тых сітуацыях, дзе яны парушаны, у выніку чаго тваё жыццё набывае нізкую якасць. Напрыклад, я магу сказаць, што з гэтага дня я не буду выходзіць на працу ў нядзелю, нават калі мяне будуць прасіць. Далей гляджу, да якіх стратаў можа прывесці маё рашэнне. Напрыклад, мною будуць незадаволеныя, ці зусім ра­зарвуцца адносіны, ці мне менш грошай заплацяць. Вы­дзяляю са спісу тое, што я магу пера­жыць. Напрыклад, мне заплацяць менш, але вызвалены час я змагу правесці з сям’ёй, з Богам. Далей выбіраем, якім чынам мы будзем казаць гэтае самае «не». Па-першае, трэба сказаць так, каб не закрануць годнасць іншага чалавека, і па-другое, адказваць матывавана.  

— Сказаць «не хачу» — ці гэта дастатковы аргумент?

— За нашымі «хачу» або «не хачу» штосьці стаіць. Таму я б усё ж казала: «Я цяпер занятая». І маё «занятая» — неабавязкова нешта глабальнае. Я магу проста адпачываць! Галоўнае — каб чалавек разумеў, што ты яго ўсё роўна любіш, што ў цябе ёсць для яго час, але не цяпер. 

— Што мы набываем, калі вучымся казаць «не»? 

— Па-першае, мы набываем добрыя стасункі з людзьмі. Калі мы ўвесь час робім штосьці праз сілу, мы пачынаем горш ставіцца да тых, каму дагаджаем. А праўда збліжае. Свабода будзе на карысць. Яна дапамагае будаваць шчырыя, блізкія адносіны.

Па-другое, калі мы натрэніруемся казаць «не», мы зможам паклапаціцца пра сваё спакойнае, камфортнае жыццё. Нам не трэба будзе ўвесь час нешта прыдумваць, каб пазбавіцца непажаданай працы, задання, просьбы. Сітуацыі, у якіх нам трэба адмовіць, перастануць быць для нас момантам напружання. 

І калі нашае атачэнне будзе ве­даць, што мы можам сказаць «не», але стасункі пры гэтым не сапсуюцца, яно таксама будзе вучыцца адмаўляць. Гэта доўгі працэс, але ёсць шанец, што нашы блізкія стануць больш адкрытымі, а ў словах мы перастанем шукаць нейкага падтэксту. Мне здаецца, так нашмат лягчэй узаемадзейнічаць.

— Дзякуй вялікі, Таццяна.


Гутарыла Дар’я Ахламёнак

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла