«Набірацца новай адвагі...», або Смерць і страх

З усіх страхаў, якія існуюць у нашым жыцці, самы моцны, як сцвярджаюць псіхолагі, — гэта страх смерці. Чалавек баіцца пакуты, баіцца пакінуць звыклы лад жыцця, баіцца невядомасці і, урэшце, баіцца Божага суда. Духоўныя айцы гавораць, што мы баімся смерці нашмат больш, чым яна гэтага заслугоўвае, і што страх смерці — гэта наша генетычная памяць пра страх нараджэння. Дзіця ва ўлонні маці таксама не хоча мяняць звыклае асяроддзе, баіцца невядомасці, холаду, болю, але праз пакуты нараджэння прыходзіць у гэты свет. Калі б дзіця адмовілася нарадзіцца, яно б непазбежна загінула.


У сённяшнім свеце большасць людзей стараецца пра смерць увогуле не думаць. Многім здаецца, што смерць можа здарыцца з некім, але не з імі. І гэта зноў жа — генетычная памяць пра тое, што чалавек жыве вечна. Іншая справа, як жыве? Памятаю маладую жанчыну, якая на маю спробу паразмаўляць з ёю пра веру адказала: «Пакіньце гэтыя байкі для іншых». Я спыталася: «А Вы што — на зямлі збіраецеся жыць вечна?» Яна адказала: «Так! Пакуль прыйдзе час мне памі­раць, вучоныя знойдуць сродкі, каб жыць бясконца». Вельмі шкада такіх людзей, якія надзею на вечнае жыццё давяраюць каму заўгодна, толькі не Богу, свайму Стварыцелю і Айцу, які з пяшчотаю і любоўю чакае кожнае сваё дзіця ў шчаслівай вечнасці. Ён нават Сына Свайго Адзінароднага Езуса Хрыста не пашкадаваў, а паслаў на зямлю, дазволіўшы жахлівае ўкрыжаванне, каб адкрыць нам рай, які страцілі Адам і Ева. Бог ніколі нікога не адкідае і робіць ўсё магчымае і немагчымае, каб адшукаць кожную заблуканую авечку. Пра гэта шмат гаворыцца ў Евангеллі, пра гэта сведчыць жыццё многіх святых. Увогуле, Божымі цудамі напоўнена жыццё кожнага чалавека, толькі трэба гэта бачыць. Сёння хочацца ўзгадаць пра адзін з такіх цудаў Божай міласэрнасці для «заблуканай авечкі», сведкай якога мне давялося быць.

Наталля нарадзілася ў інтэлігентнай сям’і мінчанаў ў 1950 годзе. Атрымала выдатную вышэйшую адукацыю. Працавала ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску, а таксама займалася перакладчыцкай працаю. У маладым узросце перанесла сур’ёзную хваробу, якая знявечыла яе твар. Замуж яна не выйшла і ўсе сілы аддавала працы і самаадукацыі — самастойна вывучыла некалькі замежных моваў. Як перакладчыца нейкі час супрацоўнічала і з рэдакцыяй каталіцкага часопіса «Наша вера». Сама ж ад веры ў Бога была вельмі далёкая і нават называла сябе атэісткай. У 2005 годзе Наталля сур’ёзна захварэла — аказалася, што ў яе ўжо апошняя стадыя рака. Супрацоўнікі часопіса «Наша вера» разам з легіянерамі Марыі ўзялі над ёю апеку. Аднаго разу вельмі далікатна прапанавалі ёй прыняць сакрамэнт хросту, аднак хворая адмовілася, сказаўшы, што яна да такога кроку не гатовая. Але нават не медыкам было відаць, што жыць ёй заставалася нядоўга. Мы шчыра маліліся за яе і вельмі цешыліся, калі яна згадзілася прыняць цудоўны медалік з выяваю Маці Божай, а таксама іконку Езуса Міласэрнага. Пасля гэтага, спаслаўшыся на стомленасць, Наталля папрасіла нас да яе пакуль не прыязджаць. Праз нейкі час мы вырашылі зноў яе наведаць, але паехалі ўжо са святаром, які застаўся сядзець у машыне, а быў гэта айцец капуцын Анатоль Ярошка. Пасля перапынку ў адносінах Наталля вельмі ўзрадавалася нашаму прыходу. У размове з ёю мы нібы незнарок узгадалі некалькі прыкладаў цудоўнага ацалення дзякуючы сакрамэнту хросту. І раптам яна кажа: «Шкада, што я такая слабая і да касцёла не даеду, каб ахрысціцца». Як жа Наталля ўсцешылася, калі мы сказалі, што не трэба нікуды ехаць, ксёндз сам прыехаў і толькі чакае яе запрашэння. Падчас хросту Наталля атрымала яшчэ адно імя — Марыя, яна сама аб гэтым папрасіла. Святар удзяліў ёй таксама святую Камунію і сакрамэнт намашчэння хворых.

Праз некалькі дзён нам патэлефанавала пляменніца Наталлі, якая яе даглядала, і сказала, што здарылася нешта незразумелае: некалькі гадзінаў Наталля ляжала нібы мёртвая. Дактары «хуткай дапамогі» сказалі, што яна жывая, зрабілі нейкі ўкол і паехалі. Калі ж Наталля апрытомнела, яе твар быў іншы, яна ўся свяцілася. Нам яна расказала, што была ў Небе, і тое, што там бачыла, не ў стане апісаць. Яе перапаўнялі любоў і радасць. Яшчэ яна сказала, што тое, што яна раней рабіла для часопіса «Наша вера», было несвядомым, без веры і без любові да Пана Бога. Цяпер жа яна хоча працаваць на жніве Пана па-іншаму — з вялікай удзячнасцю і любоўю да свайго Збавіцеля Езуса Хрыста. Яна спрабавала нешта перакладаць, але сілы было мала. Праз два тыдні ў спакоі, без асаблівага болю Наталля-Марыя адышла ў вечнасць. Верым, што ў шчаслівую вечнасць, бо міласэрны Бог зрабіў неверагодны цуд, каб падрыхтаваць да гэтага сваё дзіця, якое яшчэ зусім нядаўна было «заблуканай авечкай».

Свой страх смерці нават вельмі пабожныя і праведныя людзі часта апраўдваюць, гаворачы: «Я не гатовы да адыходу ў веч­насць», альбо: «Я не падрыхтаваны да сустрэчы з Панам». Адказ тут просты: без ласкі Божай мы ніколі самі не падрыхтуемся да шчаслівай вечнасці. У Святым Пісанні сказана, што Богам «жывём, рухаемся і існуём» (гл. Дз 17, 28). Па словах святых айцоў, страх смерці — гэта недавер да Пана Бога. Пра гэта шмат гаворыцца і ў «Дзённіку» святой Фаўстыны. Пра гэта таксама піша містычка з Францыі Габрыэла Боссі, сястра Марыя ад Сэрца Езуса з Трэцяга ордэну св. Францішка. Яе дзённікавыя нататкі апублікаваныя ў кнізе «Он и я». Вось некалькі фрагментаў з гэтай кнігі.

Езус да Габрыэлы: «Памятай, паміраюць так, як жылі. Калі ў хвіліны перад смерцю тваё сэрца напоўнена Мною, калі яго запаўняе клопат пра Маё Валадарства, калі ты прагнеш Маёй славы і ў такім стане цябе напаткае смерць, то і твой апошні ўздых будзе поўны любові. Ці ж Айцец пакіне ўзгалоўе той, якая любіць? А Я, які так любіць сваіх дзяцей, ці магу быць далёка, калі яны адыходзяць? Пераход — гэта нядоўга, гэта пакіданне зямнога свету, каб увайсці ў іншы свет. Гэта сапраўднае нараджэнне: нараджэнне для Жыцця, якое ніколі не скончыцца. Гэтым Жыццём ёсць Я» (22). «Моцна вер, што ў апошнія хвіліны свайго адыходу будзеш мець усе неабходныя ласкі, якія немагчыма нават уявіць. Я не пакідаю сваіх, Маё дзіця...» (42). «Магу цябе зрабіць святою ў адну хвіліну, аднак люблю тваю павольную і цярплівую працу, якая трымае цябе ў пакоры. Здабывай пакору ў любові, яна цябе ўздыме. Расчараванне ніколі не ўзняло ніводнай душы... Ідзі наперад. Я ішоў дарогаю Кальварыі і, нягледзячы на столькі цяжкасцяў, — дайшоў. Глядзі на Мяне. Набірайся новай адвагі...» (243).

Няхай жа міласэрны Бог дапаможа нам усім набірацца гэтай новай адвагі ў духоўнай барацьбе на дарозе, якая вядзе ў шчаслівую вечнасць.


Галіна Калевіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла