Усё пазнаецца па пладах, або Выйсці замуж за «некасцёльнага» хлопца

Ганна — маладая мама, жонка. Не так даўно, яшчэ да шлюбу, яна была вельмі актыўнаю дзяўчынаю сярод каталіцкай моладзі: наведвала рэкалекцыі, удзельнічала ў дабрачыннай працы. Калі Ганна выйшла замуж за «некасцёльнага» хлопца, многія здзівіліся, бо звычайна веруючай дзяўчыне цяжка будаваць адносіны з няверуючым чалавекам. Я сустрэлася з Ганнаю, каб запісаць яе ўласнае сведчанне.


Мы вучыліся з маім будучым мужам Арцёмам разам ва ўні­версітэце. Ужо пасля вучобы я зразумела, што мне не хапае адносінаў з ім, я камунікавала з хлопцамі католікамі, але шукала ў іх тое, што было ў Арцёме. Перад тым як будаваць сям’ю, я была ўжо свядомаю хрысціянкаю, ува мне былі глыбока сфармаваныя мае прынцыпы. Не без цяжкасцяў, але мой будучы муж пайшоў мне насустрач і папрасіў мяне дапамагчы яму будаваць адносіны да шлюбу ў чысціні, а таксама згадзіўся ўзяць са мною шлюб у касцёле. І цяпер, пражыўшы з ім тры гады, я захапляюся ім, бо мой муж — чалавек неверагоднай цярплівасці, і я шчаслівая з ім.

Я стараюся, каб у маёй сям’і ўсё было пабудавана так, каб не пакрыўдзіць адно аднаго сваім адрозненнем. Часта бывае, што каталіцкія кампаніі моладзі вельмі самадастатковыя, упэўненыя ў сабе. І няверуючы чалавек у такой кампаніі часта адчувае сябе некамфортна, цяпер я гэта вельмі заўважаю. А хацелася б, каб католікі выходзілі насустрач звычайным людзям і проста з імі сябравалі, сведчылі пра Хрыстовую любоў самімі сабою. Я аднойчы прачытала артыкул адной манашкі, якая казала: «Ты не павінна кроўю і потам прыводзіць да Бога чалавека, ты вер, але каб муж не адчуваў, што ён прыніжаны». Таму ў мяне няма мэты прывесці мужа ў касцёл, мне хочацца гэтага, але самае важнае — мне хочацца, каб муж убачыў Хрыста, уваскрослага Хрыста, каб ён пазнаёміўся з Ім, каб у яго былі жывыя адносіны з Ім. І ўжо сёння я не магу сказаць, што гэтых жывых адносінаў у яго няма...

Канешне, я не магу мужу расказаць пра свае духоўныя перажыванні, трывогі. Але гэта не самая вялікая праблема. Ці наогул каталіцкія сем’і размаўляюць на духоўныя тэмы? Бо, як паказвае практыка, вельмі рэдка. Я нават болей скажу: я з мужам не заўсёды магу абмеркаваць фільм, калі мяне перапаўня­юць нейкія эмоцыі, таму што ён, можа, і не разумее гэтых эмацыйных усплёскаў. Мой муж — чалавек факту. Ён не моліцца са мною, не ходзіць са мною на святую Імшу. Але я магу на яго спадзявацца, ён кахае мяне і прымае, ён мяне захапляе, праяўляе вялікую цярплівасць у спрэчных сітуацыях. У нас з мужам аднолькавае бачанне свету, будучыні, аднолькавыя планы. Мне вельмі хацелася б сказаць маладым дзяўчатам: шукайце добрага чалавека, якім вы бу­дзеце захапляцца, які будзе вас наўзаем кахаць. Тады ён будзе вас прымаць.

На сённяшні дзень у нас няма праблемаў у рэлігійным плане, калі няма патрабаванняў з майго боку. Ёсць праблемы паміж мужчынам і жанчынаю, пэўныя спрэчкі ці часам неразуменне, але, думаю, гэта ёсць абсалютна ва ўсіх. Я пашчуся ў пятніцу, але не акцэнтую на гэтым увагу мужа, у нас проста рыбны дзень. У нядзе­лю я знайшла мудрае рашэнне — хадзіць на Імшу раней, пакуль хатнія яшчэ марудна прачынаюцца, а потым у нас увесь дзень вольны, каб пабыць разам. Я стараюся заўсёды праяўляць мудрасць. Часам трэба настойваць на сваіх прынцыпах, але з любоўю, памятаючы пра волю бліжняга, бо патрабавальная пазіцыя можа нарадзіць варожасць.

Мой муж жа мяне таксама любіць, і ён бачыць, што на карысць мне. Напрыклад, служэнне бліжнім — гэта вялікая частка майго жыцця. Яно  пачыналася ў мяне яшчэ са школы. Я, напэўна, была ў 8-м класе, калі першы раз пайшла ў дом для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта маё жыццё, гэта тое, што мне патрэбна, і мяне «ламае», калі гэтага няма ў маім жыцці. Цяпер мы з маім сынам служым адной дзяўчынцы...

Я веру ў вялізную міласэрнасць Бога і ведаю, што для кожнага ў Яго свой план. Мне, праўда, вельмі падабаецца мой муж. Мне падабаюцца яго адносіны да жыцця. Мой муж мяне шмат хрысціянскаму вучыць. Я ведаю, што ў кожнага чалавека ёсць свая гісторыя, сваё дзяцінства, свае раны, перажыванні, якія шмат у чым уплываюць на духоўны шлях. Не асуджай... Я не ў сілах пазнаць Божую волю пра майго мужа або пра іншых людзей.

Так, са з’яўленнем сям’і ў мяне значна скараціўся час прабывання ў хрысціянскіх асяродках. Гэтага мне вельмі не хапае, таму хрысціянскія кнігі, інтэрнэт-парталы — гэта вялікая падтрымка для мяне. З нараджэннем дзіцяці нават у веруючых сем’яў моцна змяняецца жыццё і быт. Але я бачу моцнае Божае благаслаўленне ў нашым з мужам жыцці. У дробязях. Напрыклад, нам нехта аддае рэчы для дзіцяці, і гэта здзіўляе, але гэта сапраўднае сведчанне веры для майго мужа...  Хто такі веруючы чалавек? Усё пазнаецца па пладах. Цяпер я гэта, як ніколі, разумею...


Запісала і апрацавала
Вольга Качалка
(Імёны герояў артыкула змененыя.)

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла